Серада, 02 Лістапад 2022 11:08

2022 г. — 295 гадоў з часу першага ўспаміну Свята-Мікалаеўскай царквы ў в. Вялікія Сяхновічы (Жабінкаўскі р-н; 1727), помніка драўлянага дойлідства

Храм свяціцеля Мікалая Цудатворца размешчаны ў цэнтры в. Вялікія Сяхновічы Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Першае дакументальнае пасведчанне аб існаванні Свята-Мікалаеўскай царквы ў сяле Сяхновічы адносіцца да снежня 1727 г., калі згадваецца фундуш (ахвяраванне) для абнаўлення старой царквы ад пісара гарадскога брэсцкага суда Брэсцкага ваяводы Паўла Касцюшкі-Сяхнавіцкага і яго жонкі Цэцыліі. З фундушнага запісу вядома, што першая царква была ўзведзена продкамі Паўла Касцюшкі ў радавым маёнтку Сяхновічы, будавалася як уніяцкая і па каталіцкіх канонах, з часам прыйшла ў поўнае запусценне і пачала разбурацца.

 

Пасля абнаўлення царквы ў 1727 г. святаром прызначаны Васіль Бялевіч. У яго карыстанне прадстаўлены царкоўны дом з усімі пабудовамі і навакольнымі землямі. Доўгі час тут здзяйсняла пастырскае служэнне дынастыя Жалязоўскіх: у 1761 г. настаяцелям прыхода з'яўляўся Фёдар Жалязоўскі, у 1798–1823 гг. гэтае месца да самай смерці займаў яго сын Лявонцій (1760–1823), з 1823 па 1843 гг. служыў Тэадор Лявонцьевіч Жалязоўскі. У сям’і уніяцкага святара Лявонція Жалязоўскага 20 студзеня 1802 г. нарадзіўся малодшы сын Якаў (1802–1872), будучы праваслаўныепіскап Брэсцкі Ігнацій. У 1837 г. у царкве праведзены капітальны рамонт.

Пасля адмены Уніі (1839) Свята-Мікалаеўская царква стала праваслаўнай. 1 лістапада 1857 г. епіскап Брэсцкі, вікарый Літоўскай епархіі Ігнацій (Жалязоўскі) асвяціў прастол храма ў гонар свяціцеля Мікалая Цудатворца. У 1860 г. праведзена частковая рэканструкцыя царквы з устаноўкай двух купалоў. У 1862 г. святыня поўнасцю адрамантавана. Захаваліся звесткі, што епіскапам Брэсцкім Ігнаціем царква была забяспечана «вельмі добрым іканастасам і абсалютна перабудавана ўнутры». У 1865 г. пры царкве пабудаваны прычтавы дом. У 1867 г. храм перабудоўваўся, але ў цэлым захаваў гармонію аўтэнтычных форм.

У 1842–1870 гг. настаяцелем у Сяхнавіцкім храме служыў Іаан Рыгоравіч Лявіцкі (1806–1894), які быў жанаты на пляменніцы епіскапа Брэсцкага Ігнацыя Паўле (Паўліне), у далейшым ён стаў адным з заснавальнікаў іменнай стыпендыі епіскапа Ігнація для дзяцей-сірот, якія навучаліся ў Віленскім духоўным вучылішчы. Пры Іаане Лявіцкім у Сяхновічах адкрылася народнае вучылішча для сялянскіх дзяцей. Ён узнагароджаны бронзавым крыжом на Уладзімірскай і медалём на Андрэеўскай стужках у памяць аб Крымскай вайне, медалём «За ўціхамірванне польскага мецяжу 1863–1864 гадоў», а таксама заахвочаны набедранікам, скуф’ей і наперсным крыжом.

Іаан Рыгоравіч выхаваў трох сыноў: Уладзіміра, Паўла і Аляксандра. Старэйшы, Уладзімір (1843–1923), атрымаў вядомасць у гісторыі праваслаўя, стаўшы заснавальнікам праваслаўнай царквы Раства Хрыстова і Мікалая Цудатворца ў Фларэнцыі (Італія). Малодшы, Аляксандр (1847–1877), змяніў на пасадзе бацьку з 1870 па 1877 гг. Айцец Іаан, які пражыў доўгае жыццё, і айцец Аляксандр, які памёр ад сухот у трыццацігадовым узросце, пахаваны на царкоўным цвінтары паблізу свайго храма. Тут жа пахаваная Паўла Лявіцкая — жонка Іаана і маці Аляксандра.

З 1881 па 1887 гг. настаяцелем Свята-Мікалаеўскай царквы з'яўляўся Васіль Лявонцьевіч Любінскі, з 1888 па 1914 гг. — протаіерэй Павел Пятроўскі, узнагароджаны за гады службы ордэнам Святой Ганны ІІІ ступені, камілаўкай, наперсным крыжом і медалём «За ўціхамірванне польскага мецяжу 1863–1864 гадоў».

З Гродзенскага праваслаўнага календара за 1899 г. вядома, што прыход Свята-Мікалаеўскага храма, які ўваходзіў у Чаравачыцкае благачынне, складаўся з 13 паселішчаў: Сяхновічы-сяло, Багны, Бародзічы, Грыцэвічы, Малая Жабінка, Карды, Курпічы, Маціевічы, Пуцішчы, Сямёнаўцы, Сяхновічы-вёска, Сенькавічы, Ханькі, меў прыпісную царкву Іаана Прадцечы ў Маціевічах, брацтва, царкоўна-прыходскае папячыцельства, царкоўную школу ў Кардах, у якой навучаліся 17 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі, народнае вучылішча ў Сяхновічах. Прыхаджан налічвалася 1017 мужчынскага полу і 949 жаночага полу. Прычт складаўся з дзвюх асоб: святара і псаломшчыка. Зямлі царкоўнай у карыстанні кліра 68 дзесяцін 985 сажняў.

З 20 ліпеня 1914 г. прыходскім свяшчэннікам служыў Канстанцін Ігнатавіч Канчэўскі. У жніўні 1915 г. падчас набліжэння кайзераўскіх войскаў па загадзе ваеннага камандавання айцец Канстанцін ажыццяўляў эвакуацыюў Расію царкоўнай маёмасці, лёс якой застаўся невядомым да гэтага часу. У перыяд нямецкай акупацыі (1915–1918) амаль усе царкоўныя прыходы Жабінкаўшчыны былі зачыненыя. Сяхновіцкі прыход пачаў адраджацца ў 1919 г. Гродзенскай епархіяй.

Захаваная кліравая ведамасць Сяхновіцкай Свята-Мікалаеўскай царквы Кобрынскага павета і благачыння за 1921 г. дазваляе даведацца, што царква пабудавана невядома кім і калі, вельмі бедная, цалкам трухлявая, значна пашкоджаная падчас баёў.

У перыяд з 1921 па 1923 гг. у Вялікіх Сяхновічах служыў іерэй Іаан Самайловіч.У 1922 г. выканана шкленне вокнаў, часткова адрамантаваны дах з гонтаў і дом святара. У 1923 г. выпраўлена царкоўная агароджа, выраблена драўлянае точанае з клёну панікадзіла. Наступным настаяцелем храма стаў 45-гадовы іерэй Іаан Стасюк, які вёў службы з 1925 па 1935 гг. З красавіка па кастрычнік 1935 г. у царкве служыць іерэй Максім Сакрацюк, затым з лістапада па снежань — Іаан Міцішук, з 1936 па 1937 гг. — іерэй Іаан Якаўлевіч Жыцінец.

У 1937 г. на прыход прызначаецца Ігар Дзмітрыевіч Зелязняк (1913–1986), які праслужыў да 1943 г. За ваенны перыяд 1941–1944 гг. царкоўная дакументацыя не захавалася. У Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці маецца дакумент, дзе пазначана, што «настаяцель Сяхновіцкага прыхода святар Ігар Зелязняк прызначаецца благачынным Жабінкаўскай акругі». Пасля непрыняцця айцом Ігарам гэтай пасады, ён пераведзены другім святаром у Свята-Сімяонаўскі кафедральны сабор г. Брэста, дзе служыў да 26 жніўня 1945 г. За ўдзел у антысавецкай нацыяналістычнай арганізацыі арыштаваны 27 жніўня 1945 г., прыгавораны да 10 гадоў лагераў, вызвалены і рэабілітаваны ў лютым 1947 г.

У 1943 г. у Сяхновіцкую царкву настаяцелем прызначаны Уладзімір Аляксандравіч Рункевіч (1902–1969), які служыў тут да 1954 г. У 1954–1960 гг.службы праводзіў протаіерэй Міхаіл Іаанавіч Лісіцкі. У чэрвені 1957 г. выканана электраасвятленне царквы і заменены гонты даху. У пачатку 1970-х гг. гонтавае пакрыццё абноўлена, а ў пачатку 1980-х яно заменена бляшаным дахам.

У 1953–1963 гг. цэрквы знаходзіліся пад пагрозай закрыцця. Свята-Мікалаеўская выстаяла, а прыпісную Іаана-Прадцечынскую ў Маціевічах у 1960 г. зачынілі. З 1962 па 1982 гг. у Сяхновіцкім храме службы вёў протаіерэй Фёдар Міхайлавіч Пашкевіч (1900–1982), у 1983–1987 гг. — протаіерэй Васіль Серадзін (1941–2016).

З 26 снежня 1987 г. настаяцелем храма з'яўляецца мітрафорны протаіерэй (цяпер іераманах) Алексій Петрусевіч, пры якім праведзены рамонт царквы і добраўпарадкавана царкоўная тэрыторыя. З 2014 г. ацяпленне ажыццяўляецца прыродным газам. З 24 студзеня 2004 г. пры царкве дзейнічае нядзельная школа.

У архітэктуры Вялікасяхновіцкага храма спалучаюцца традыцыйныя прыёмы неакласіцызму, драўлянага дойлідства XVIII ст. і эклектыка XIX і XX стст. У храме вылучаюцца тры часткі: асноўны аб’ём, трохсценная апсіда з дзвюма рызніцамі па баках і бабінец з вежай-званіцай на другім ярусе, завершаны фігурнай глаўкай з крыжам. Галоўны фасад храма вылучае квадратная ў плане двух’ярусная званіца. Асноўны аб’ём храма – прамавугольны ў плане зруб, накрыты высокім двухсхільным дахам. Над алтарнай часткай дах трохскатны з невысокай фігурнай глаўкай з крыжам. Сцены вертыкальна ашаляваныя, без дэкаратыўных элементаў. Вокны – арачнага тыпу са стральчатым афармленнем завяршэнняў, раней мелі вітражы з каляровага шкла ў выглядзе крыжоў, у 2009 г. заменены шклопакетамі. Паміж аконнымі праёмамі сцены ўмацаваныя вертыкальнымі сцяжкамі.

У інтэр’еры часткова захаваўся стары роспіс. Зальная прастора падзелена чатырма калонамі на тры нефы і перакрыты плоскай столлю. Над уваходам на чатырох круглых калонах з падкосамі размешчаны хоры ў выглядзе арачнай галерэі. Апсіду аддзяляе драўляны іканастас, на тыльным баку якога тэмперны роспіс XVIII ст. «Свяціцелі». Захоўвалася ікона «Раство Іаана Хрысціцеля» XVIII ст., выкананая Янам Вышынскім на палатне алеем, якая ў цяперашні час знаходзіцца ў калекцыі Музея старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі ў Мінску.

За храмам знаходзяцца закінутыя каталіцкія і ўніяцкія могілкі, дзе можна знайсці пахаванні ўладальніка мясцовай сядзібы Клеменса Пржыборы і саветніка Караля Чарнецкага.

У цяперашні час храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў в. Вялікія Сяхновічы ўваходзіць у склад Жабінкаўскага благачыння Брэсцкай епархіі. Прастольнае свята адзначаецца 22 мая і 19 снежня. Храм уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

19 снежня 2012 г. епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан, здзейсніў Божую літургію ў храме свяціцеля Мікалая Цудатворца з нагоды прастольнага свята, 285-годдзя храма і 155 гадоў з дня асвячэння. 19 снежня 2017 г. архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан у саслужэнні благачыннага цэркваў Брэсцкай раённай акругі протаіерэя Уладзіміра Карнелюка, благачыннага цэркваў Жабінкаўскай акругі протаіерэя Сергія Петрусевіча, настаяцеля храма протаіерэя Алексія Петрусевіча здзейсніў Божую літургію ў храме свяціцеля Мікалая Цудатворца з нагоды прастольнага свята і 290-годдзя першага згадвання храма.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Карпішчук Марына Віктараўна, бібліёграф

 

 

  1. Вялікасяхновіцкая Мікалаеўская царква // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2011. Т. 2. С. 449.
  2. Большесехновичская Николаевская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 116–117.
  3. Мікалаеўская царква // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. Мінск : Белта, 2009. С. 37.
  4. Царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца : [в. Вялікія Сяхновічы] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагiн. Мінск, 2007. С. 104.
  5. Свята-Мікалаеўская царква : [в. Вялікія Сяхновічы] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 50.
  6. Вялікасяхновіцкая Мікалаеўская царква / Т. І. Чарняўская // Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1993. С. 138.
  7. Николаевская церковь : [д. Большие Сехновичи] / Т. И. Чернявская // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 180.
  8. Вялікасяхновіцкая Мікалаеўская царква / Т. І. Чарняўская // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 715.
  9. Мікалаеўская царква : [в. Вялікія Сяхновічы] / Т. І. Чарняўская // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць Мінск, 1984. С. 161.
  10. Мароз, В. Свята-Мікалаеўская царква (XVII ст.) у Вялікіх Сяхновічах / В. Мароз // Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. Мароз. Мінск, 2018. С. 197–199.
  11. Ян Вышынскі. Нараджэнне Яна Хрысціцеля : палатно, алей. ХVIII ст. З царквы Св. Мікалая в. Вялікія Сяхновічы Жабінкаўскага района Брэсцкай вобл. : [рэпрадукцыя] // Флікоп-Світа, Г. А. Беларускі іканапіс XVI – першай паловы XX ст. : [альбом] / Г. А. Флікоп-Світа ; НАН Беларусі, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, Музей старажытнабеларускай культуры. Мінск : Беларуская навука, 2019. С. 151.
  12. Вялікія Сяхновічы // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3. С. 323–324.
  13. Федорук, А. Т. Большие Сехновичи / А. Т. Федорук // Старинные усадьбы Берестейщины / А. Т. Федорук. Минск, 2004. С. 152–154.
  14. Несцярчук, Л. М. Вялікія Сяхновічы / Л. М. Несцярчук // Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны X–XX стст. (гісторыя, стан, перспектывы) / Л. М. Несцярчук. Мінск, 2002. С. 123.
  15. Бензярук, А. Р. Сяхновічы Вялікія / А. Р. Бензярук // Памяць. Жабінкаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск : Ураджай, 1999. С. 502.
  16. Бензярук, А. Сяхновічы Вялікія (Сехновичи Большие) / Анатоль Бензярук // Наш край – Жабінкаўшчына : дапаможнік па гісторыі Беларусі / Анатоль Бензярук. Брэст : [б. и.], 1996. С. 106–107.
  17. Бензярук, А. Ігнацій – абаронца веры : [Ігнацій Жалязоўскі (Якаў Лявонцьевіч Жалязоўскі) – епіскап Брэсцкі і вікарый Літоўскі, ўраджэнец в. Вялікія Сяхновічы] / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 2022. 10 сакавіка. С. 4.
  18. Бензярук, А. Жамчужына Фларэнцыі : [пра праваслаўнага дзеяча Уладзіміра Лявіцкага, нараджэнца в. Вялікія Сяхновічы Жабінкаўскага раёна, які з’яўляецца заснавальнікам Фларэнційскага храма] / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 2021. 10 лютага. С. 5.
  19. Ростаў, А. Жалязоўскі і Лявіцкі / Анатоль Ростаў // Сельская праўда. Жабінка, 2019. 14 жніўня. С. 5.
  20. Габрусь, Т. Сапраўднае – па-за часам / Тамара Габрусь // Роднае слова. 2019. № 2. С. 76–79. Са зместу: [пра Мікалаеўскую царкву ў в. Вялікія Сяхновічы]. С. 77–78.
  21. Бензерук, Р. 290-летие храма Святителя Николая Чудотворца в д. Большие Сехновичи / Р. Бензерук, М. Кузич // Брестские епархиальные ведомости. 2017. № 4. С. 58.
  22. Ролич, О. Церковь святителя Николая в Сехновичах / Ольга Ролич // Царкоўнае слова. 2012. 21 снежня. С. 5.

 

 

Чытаць 257 разоў Апошняя змена Панядзелак, 17 Ліпень 2023 09:14