Аўторак, 15 Лістапад 2022 15:44

12 лютага 2022 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Івана Пятровіча Першукевіча (1912–1980), чыгуначніка, Героя Сацыялістычнай Працы (1943)

Іван Пятровіч Першукевіч нарадзіўся 12 лютага 1912 г. у в. Пятрэвічы Навагрудскага павета Мінскай губерні (цяпер Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. У Першую сусветную вайну сям’я Першукевічаў з бежанцамі падалася на ўсход і спыніліся ў г. Оршы. Тут прайшло дзяцінства Івана, тут ён пачаў працоўны шлях мулярам, узводзіў у Оршы дамы.

 

Скончыў школу фабрычна-заводскага навучання, паступіў слесарам у дэпо Орша. У 1934–1936 гг. праходзіў службу ў Чырвонай арміі. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў дэпо. У 1939 г. закончыў трохгадовую тэхнічную школу на станцыі Волхаўстрой пад Ленінградам, атрымаў размеркаванне ў паравознае дэпо Кем Кіраўскай чыгункі Карэла-Фінскай ССР. Машыніст Іван Першукевіч паспяхова вадзіў паравозы, 10 чэрвеня 1941 г. яму быў уручаны знак «Ударник Сталинского призыва».

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны варожая авіяцыя базіравалася на фінскіх аэрадромах. Фінскія войскі, захапіўшы Петразаводск, перарэзалі магістраль Мурманск — Волхаўстрой. У гэтых складаных прыфрантавых умовах машыніст Іван Першукевіч стаў ініцыятарам хуткаснага ваджэння франтавых эшалонаў.

Саставы вадзілі пад пастаянным агнём ворага. Так, восенню 1941 г. толькі дзякуючы ўмеламу манеўраванню ўдалося ўхіліцца ад прамога пападання бомбаў, яны ўзрываліся таго паперадзе, то ззаду эшалона з боепрыпасамі. Такая «дуэль» бывала амаль кожную паездку. Аднойчы снарадам знесла верх будкі, але брыгада адрамантавала пашкоджаны лакаматыў і працягвала весці цягнік. У другі раз асколкамі былі паранены ўсе трое членаў экапіжу, але ніхто не пакінуў свайго паста, рэйс працягваўся. У ліпені 1942 г. Іван Першукевіч быў узнагароджаны медалём «За трудовую доблесть».

У канцы 1942 г. Іван Першукевіч вёў наліўны састаў і быў атакаваны варожымі знішчальнікамі. З другога захаду варожым лётчыкам удалося прабіць кацёл паравоза і запаліць дзве цыстэрны. Хутка закрыўшы пашкоджанне нарыхтаванымі коркамі, з вялікай цяжкасцю пылаючыя цыстэрны машыністы адцягнулі ад саставу. У той час кожная кропля паліва была на вагу золата.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 5 лістапада 1943 г. за асобыя заслугі ў забеспячэнні перавозак для фронту і народнай гаспадаркі і выдатныя дасягненні ў аднаўленні чыгуначнай гаспадаркі ў цяжкіх умовах ваеннага часу І. П. Першукевичу прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Серп и Молот». Пасля ўручэння ўзнагарод у Маскве, І. П. Першукевіч быў накіраваны на курсы тэхнікаў у Саратаў. Там ён быў прыняты ў члены партыі (1944), сустрэў дзень Перамогі.

У 1946 г. І. П. Першукевіч вярнуўся ў родную Беларусь. Быў прызначаны на інжынерную пасаду ва ўпраўленні Брэст-Літоўскай чыгункі. Але ён ірваўся з кабінета ў будку паравоза і ў 1947 г. стаў машыністам-інструктарам дэпо станцыі Баранавічы. Ізноў узначаліў паравозную брыгаду, давёў прабег лакаматыва да 1,1 млн км. Вадзіў саставы да выхаду на пенсію ў 1969 г.

Іван Пятровіч вёў вялікую грамадскую работу. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР 2, 3 і 4 скліканняў (1947–1959). Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1957), медалямі, значком «Почётному железнодорожнику».

І. П. Першукевіч памёр 25 снежня 1980 г., пахаваны на гарадскіх могілках г. Баранавічы.

З 1985 г. у дэпо Баранавічы праводзіцца агляд-конкурс па бяспецы руху, пераможцам уручаецца прэмія імя І. П. Першукевіча і спецыяльны дыплом. У 1987 г. імем героя названа вуліца ў Баранавічах. 4 лістапада 2022 г. на перасячэнні вуліц Першукевіча і Фралянкова, на будынку вытворчага ўчастка Баранавіцкай дыстанцыі абаронных лесанасаджэнняў аддзялення чыгункі, урачыста адкрылі памятную дошку ў яго гонар.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Чачота. Філіпава Яна Уладзіміраўна, бібліёграф

 

  1. Першукевич Иван Петрович // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биографический справочник. Минск, 2014. С. 174.
  2. Першукевич Иван Петрович //Герои Социалистического Труда, 1941–1945. Москва : Профиздат, 2001. С. 218.
  3. Першукевіч Іван Пятровіч // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 594.
  4. Першукевіч Іван Пятровіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945. Мінск, 1990. С. 493.
  5. Першукевич Иван Петрович// Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 487.
  6. Першукевіч Іван Пятровіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 479–480.
  7. Першукевіч Іван Пятровіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1975. С. Т. 8. С. 406.
  8. Полонский, А. Водил поезда машинист / А. Полонский // Земные звезды : [очерки о Героях Социалистического Труда Брестской области / сост.: П. П. Сутько и др.]. Мінск : Беларусь, 1978. С. 255–259.
  9. Юркевич, Е. Чтобы помнили : [об открытии информационной доски Герою Социалистического Труда И. П. Першукевичу в Барановичах] / Елена Юркевич // Заря. 2022. 12 ноября. С. 7.
  10. Цель таких встреч – память беречь : [об открытии информационной доски Герою Социалистического Труда И. П. Першукевичу в Барановичах] // Железнодорожник Белоруссии. 2022. 9 ноября. С. 2.
  11. Бакач, А. Вуліца Першукевіча : [у г. Баранавічы] / Алесь Бакач // Железнодорожник Белоруссии. 2021. 30 июня (№ 49). С. 10.
  12. Чтить память героев: [об участниках Великой Отечественной войны машинистах локомотивного депо Барановичи Иване Першукевиче и Петре Иванове] // Железнодорожник Белоруссии. 2021. 27 апреля. С. 5.
  13. Бакач, А. Лёс адной вуліцы : [вуліца Івана Першукевіча ў г. Баранавічы] / Алесь Бакач // Літаратура і мастацтва. 2020. 16 кастрычніка (№ 39). С. 15.
  14. Литвинович, А. [Першукевич Иван Петрович] : даты истории / Александр Литвинович // Наш край. Барановичи, 2012. 12 июня. С. 2.
  15. Пустовитовский, А. Их именами названы улицы : [улица имени И. П. Першукевича] / Алексей Пустовитовский // Наш край. Барановичи, 2011. 5 июля. C. 5.
  16. Бацков, Ю. Водил поезда машинист : [о И. П. Першукевиче] / Ю. Бацков // Знамя коомунизма. Барановичи, 1988. 17 февраля.
  17. Артемов, А. Улица его имени : [предложено назвать в Барановичах улицу именем Героя Социалистического Труда И. П. Першукевича] / А. Артемов // Заря. 1987. 24 октября.
  18. Першукевич И. П. : [некролог] // Знамя коммунизма. Барановичи, 1980. 27 декабря. С. 4.
  19. Полонский, А. Водил поезда машинист : [о И. П. Першукевиче] / А. Полонский // Знамя коммунизма. Барановичи, 1978. 11 ноября.
  20. Палонскі, А. Вадзіў цягнікі машыніст : [пра І. П. Першукевіча] / А. Палонскі // Чырвоная змена. 1977. 6 верасня.
  21. Алешко, В. Идут поезда : [о ветеране Барановичского депо И. П. Першукевиче] / В. Алешко // Знамя юности. 1971. 26 ноября.
  22. Якушкін, У. Герой Сацыялістычнай Працы : [І. П. Першукевіч] / У. Якушкін // Зара. 1958. 1 мая.
  23. Коласаў, А. Герой Сацыялістычнай Працы : [І. П. Першукевіч] / А. Коласаў // Звязда. 1957. 14 ліпеня.

 

Чытаць 241 разоў Апошняя змена Пятніца, 18 Лістапад 2022 09:46