Чацвер, 17 Лістапад 2022 09:39

2022 г. — 25 гадоў з часу пабудовы царквы Раства Прасвятой Багародзіцы ў в. Індычы (Камянецкі р-н; 1997)

У ХІХ ст. Індычы — сяло ў Жыцінскай воласці Брэсцкага павета Гродзенскай губерні, адносілася да маёнтка Пелішча, уласнасці Лышчынскіх. У 1800 г. у Індычах мясцовым землеўласнікам Фамой Кашыеўскім была пабудавана невялікая драўляная ўніяцкая царква Пакрова Багародзіцы са званіцай. Пасля скасавання Уніі (1839) храм стаў праваслаўным.

 

 

 

Царква Пакрова Багародзіцы прастаяла сто гадоў, але здарылася бяда — ад маланкі загарэлася і цалкам згарэла. Праз некалькі гадоў непадалёк ад гэтага месца сяляне пабудавалі невялікую царкву Раства Прасвятой Багародзіцы, якая перажыла дзве сусветныя вайны, выратавала душы многіх пакаленняў вернікаў. У сярэдзіне ХХ ст. храм у Індычах Пелішчанскага сельсавета Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці, згодна з даўняй традыцыяй, заставаўся прыпісным да царквы ў Арэпічах.

У пачатку 1960-х гг. распачаўся працэс закрыцця прыпісных цэркваў і было прынята рашэнне аб зняцці помніка з уліку дзеючых. У 1964 г. храм у Індычах быў разбураны і вывезены па бервяну на будаўніцтва клуба ў г. Высокае Камянецкага раёна. Больш за трыццаць гадоў у праваслаўных в. Індычы не было свайго храма. Яны хадзілі на малітву ў Свята-Пакроўскую царкву ў сяле Арэпічы Жабінкаўскага раёна, размешчаную за 3 км.

У 1991 г. прыхаджане падалі прашэнне ў Брэсцкую епархію аб дазволе будаўніцтва храма ў Індычах. 15 снежня 1991 г. выйшла рэзалюцыя епіскапа Брэсцкага Канстанціна: «Бог блаславіць добры намер прыхаджан сёл Індычы — Пелішча ў будаўніцтве святога храма ў гонар Раства Прасвятой Багародзіцы».

Будаваць новую царкву вырашылі на месцы, дзе раней стаяў драўляны храм. 23 мая 1992 г. епіскап Брэсцкі Канстанцін асвяціў падмурак новага храма і пачалося яго будаўніцтва, якое доўжылася шэсць гадоў, вялося на сродкі вернікаў і арганізацый. Вялікі ўклад у будаўніцтва царквы ўнёс старшыня калгаса «40 гадоў Кастрычніка» Валянцін Іванавіч Змееў, галоўны бухгалтар участка № 23 Галіна Канстанцінаўна Кавальчук, кіраўнікі аўтабазы і будаўнічага ўпраўлення № 15.

Арганізатарамі дастаўкі матэрыялыў і будаўніцтва былі стараста прыходу Іван Анісімавіч Рыжкоўскі і касір Надзея Міхайлаўна Кулік. Блокі вязлі з Гродна. Кіраўніцтва калгаса выдзеліла балкі для фундамента, слупы і перакрыцці. Цэглу прывезлі з Жабінкі, вокны — з Камянца. Транспартам дапамагалі калгас і аўтабаза.

Сцены муравалі пад кіраўніцтвам Міхаіла Лісічыка. Вадзяное ацяпленне правёў Уладзімір Захараў.. Заўзята працаваў стараста Іван Лявонцьевіч Барма. Актыўны ўдзел на ўнутраных работах прымалі Андрэй Зубаў, Святлана Джэрш, Раіса Касіхіна, Пётр Хоміч, Трафім Дзенісюк і інш. Уваходныя дзверы зрабілі майстры БУ-15 Уладзімір Засімук, Мікалай Канановіч, Мікалай Карнелюк. Будаўнічае смецце прыбіралі Надзея Кавальчук і Людміла Давідовіч.

Арыгінальную падстаўку пад плашчаніцу і «Святы прастол» змайстраваў Віталь Валер’евіч Рагулін. Ганна Васільеўна Замулка ахвяравала дзве вялікія іконы: Мікалая Цудатворца і Маці Божай. Шмат прадметаў для служэння (Евангелле ў залатой аправе, запрастольны крыж, пазалочаныя лампады, кадзільніцу і інш.) ахвяраваў Мікалай Мікалаевіч Алексяйчук.

18 лістапада 1997 г. храм Раства Прасвятой Багародзіцы быў асвечаны архіепіскапам Брэсцкім і Кобрынскім Канстанцінам у саслужэнні святароў Жабінкаўскага і Камянецкага благачынняў. В. І. Змееву і І. Л. Барме былі ўручаны граматы архіерэя.

Аднапрастольная мураваная аднакупальная царква пабудавана ў выглядзе карабля. Прамавугольны ў плане аб’ём пад 2-схільным дахам з вальмай над алтарнай часткай, завершаны цыбулепадобным купалам на гранёным барабане. Над галоўным фасадам надбудавана 2-ярусная 8-гранная шатровая званіца з макаўкай. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі.

Гонарам царквы Раства Прасвятой Багародзіцы з’яўляецца 3-ярусны, аздоблены разьбой па дрэве з пазалотай, іканастас. Пасярэдзіне храма падвешана панікадзіла на 90 свечак. Шануюць вернікі абраз Прасвятой Багародзіцы, прывезены паломнікамі-прыхаджанамі ў 1933 г. з Пачаеўскай Лаўры. Асабліва ўшаноўваюць вернікі абраз святой велікамучаніцы Варвары. Дзень памяці святой (17 снежня) лічыца першапрастольным святам царквы — у гэты дзень пачалося будаўніцтва колішняга драўлянага храма.

Храм у гонар Раства Прасвятой Багародзіцы быў пабудаваны пры настаяцелю протаіерэю Андрэю Тачыліну (1960–2020). З 2012 г. настаяцелем з’яўляецца іерэй Васіль Валер’евіч Ішчанка. Пры храме ёсць бібліятэка, у якой налічваецца каля 400 экз. кніг, створаны царкоўны хор. У склад прыхода ўваходзяць пяць вёсак: Індычы, Пелішча, Сосны, Стралі, Якубовічы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна, бібліёграф 1 кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

 

  1. Свята-Раства Багародзіцы царква, в. Індычы (в. Пелішча) // Праваслаўныя храмы Камянеччыны. Брест : РИА «Вечерний Брест», 2013. С. 44–45.
  2. Царква ў гонар Ражджаства Прасвятой Багародзіцы : [в. Індзічы] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 183.
  3. Індычы // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С. 49–50.
  4. Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 511 с., [40] л. іл. – Са зместу: Індычы. С. 255.
  5. Назарук, М. З радасцю на тварах і ў душах : [пра асвячэнне храма Раства Прасвятой Багародзіцы ў в. Індычы] / Мікалай Назарук // Навіны Камянеччыны. 1997. 29 лістапада. С. 1.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 228 разоў Апошняя змена Панядзелак, 17 Ліпень 2023 09:15