Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 24 Лістапад 2022 15:02

23 лістапада 2022 г. — 130 гадоў з дня нараджэння Платона Фёдаравіча Равінскага (1892–1940), партыйнага і дзяржаўнага дзеяча

Платон Фёдаравіч Равінскі нарадзіўся 23 лістапада 1892 г. у в. Краглі Навагрудскага павета Мінскай губерні (цяпер Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у шматдзетнай сялянскай сям’і. З дзяцінства ён шмат працаваў. У 1909 г. у пошуках работы выехаў у ЗША, нейкі час працаваў на заводах Форда, наведваў вячэрнюю школу для рабочых. У 1912–1917 гг. быў членам саюза анарха-сіндыкалістаў.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. Платон Равінскі вярнуўся ў Расію, нейкі час працаваў токарам на заводзе. Уступіў у партыю бальшавікоў. Разам з Міцкявічусам-Капсукасам, Мясніковым і іншымі бальшавікамі арганізаваў бюро ЦК Літвы і Беларусі.

З вясны 1918 г. на падпольнай рабоце ў акупіраваным кайзераўскімі войскамі Бабруйску. У маі быў створаны Бабруйскі падпольны камітэт РКП(б), яго старшынёй абралі Платона Равінскага. З лістапада пасля вызвалення ад нямецкіх акупантаў — член краявога камітэта камуністычных арганізацый Беларусі і Літвы, старшыня Бабруйскага павятовага рэўкома, потым выканкома, член павятовага камітэта партыі. Заклікаў суайчыннікаў на барацьбу з ворагам, арганізоўваў партызанскія атрады на тэрыторыі Бабруйскага павета.

З ліпеня 1919 г. Платон Равінскі быў членам Мінскага губернскага рэвалюцыйна-ваеннага савета 16-й арміі, са жніўня — начальнікам аддзела штаба 16-ай арміі. Удзельнічаў у баях з польскімі войскамі пад Барысавам. З чэрвеня 1920 г. — старшыня Барысаўскага павятовага рэвалюцыйнага камітэта, Бабруйскага павятовага камітэта партыі.

У 1921–1925 гг. П. Ф. Равінскі – начальнік упраўлення і член калегіі Наркамзема БССР. У 1925–1926 гг. быў партыйным работнікам у Бабруйску. Скончыў Камуністычны ўніверсітэт імя Я. Свярдлова ў Маскве (1930).

У 1930–1933гг. загадчык аддзела Цэнтральнай кантрольнай камііі і Народнага камісарыята рабоча-сялянскай інспекцыі БССР, а з 1933 г. сакратар Магілёўскага райкама КП(б)Б. З 1936 г. працуе ў Наркамаце лясной прамысловасці БССР. Член ЦКК і прэзідыума ЦКК у 1930–1934 гг., член ЦК КП(б)Б у 1934–1937 гг., член ЦВК БССР у 1920–1921 і 1931–1937 гг. Быў дэлегатам VII Усесаюзнага з’езда Саветаў (1935).

Платон Равінскі быў актыўным удзельнікам барацьбы за савецкую ўладу ў Беларусі, устанаўліваў рэвалюцыйны парадак і садзейнічаў аднаўленню савецкай улады. Кампетэнтнасць, цвёрдасць перакананняў, увага і дабразычлівасць у адносінах да людзей зрабілі яго папулярным чалавекам.

У перыяд масавых палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў («яжоўшчына») П. Ф. Равінскі быў арыштаваны 9 жніўня 1937 г., абвінавачаны ва «ўдзеле ў контрарэвалюцыйнай тэрарыстычнай і шкодніцкай  арганізацыі». 29 чэрвеня 1938 г. ён быў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, растрэляны 19 лістапада 1940 г. у мінскай турме НКУС.

Рэабілітаваны 22 кастрычніка 1955 г. Імем П. Ф. Равінскага названы вуліцы ў Бабруйску і Ляхавічах. Вобраз рэвалюцыйнага дзеяча Платона Равінскага выпісаны ў дакументальнай аповесці Сяргея Грахоўскага «Рудабельская рэспубліка» (1968) — так называлі частку Бабруйскага павета, дзе ў час нямецкай (1918) і польскай (1919–1920) акупацыі захоўвалася савецкая ўлада.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы. Зелянко Таццяна Уладзіміраўна заг. сектара аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў

 

  1. Равінскі Платон Фёдаравіч / Я. С. Фалей // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 13. С. 192–193.
  2. Ревинский Платон Фёдорович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2021. Т. 6, кн. 2. С. 266.
  3. Равінскі Платон Фёдаравіч / Яўгенія Фалей // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т. 6, кн. 1. С. 38.
  4. Ревинский Платон Фёдорович // Корнилович, Э. А. Беларусь: созвездие политических имён : историко-биографический справочник / Э. А. Корнилович. Минск, 2010. С. 114–115.
  5. Равінскі Платон Фёдаравіч // Памяць. Бабруйскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 85.
  6. Платон Фёдаравіч Равінскі // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. Мінск, 1989. С. 155.
  7. Ревинский Платон Фёдорович // Их именами названы... : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 512–513.
  8. Ревинский Платон Фёдорович // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 527.
  9. Равінскі Платон Фёдаравіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 502.
  10. Равінскі Платон Фёдаравіч / В. П. Марутка // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1973. Т. 9. С. 14–15.
  11. Дулебо, А. И. Родина Ревинского Платона Фёдоровича : [д. Крегли] / А. И. Дулебо // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 285–286.
  12. Дулеба, Г. I. РадзімаРавінскага Платона Фёдаравіча : [в. Краглi] / Г. І. Дулеба // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 258.
  13. Казак, А. Руководители исполнительной власти Бобруйска в разные годы / Александр Казак // Казак, А. К. Бобруйск в переплетении столетий / Александр Казак. Минск, 2020.С. 105110.
  14. Казак, А. Их имена носят бобруйские улицы / Александр Казак // Казак, А. К. Бобруйск в переплетении столетий / Александр Казак. Минск, 2020. С. 140153.
  15. Дробинский, Я. И. Хроника одного следствия (август 1937 – декабрь 1939 гг.) : [воспоминания] / Яков Израилевич Дробинский. Ганновер : Epubli, 2012.  298 с. – Из содерж.: [П. Ф. Ревинский]. С. 242–244.
  16. Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии / Ин-т истории партии при ЦК КПБ. – Минск, 1961. – Ч. 1. – 399 с. – Из содерж.: [П. Ф. Ревинский]. С. 334, 341, 342.
  17. Почанин, С. В. В грозном восемнадцатом / С. В. Почанин. – Минск : Беларусь, 1969. – 352 с. – Из содерж.: [П. Ф. Ревинский]. С. 101, 117, 118, 166, 281.
  18. Граховский, С. И. Рудобельская республика : документальная повесть / Сергей Граховский ; авторизованный перевод с белорусского В. Севрука. – Москва : Советский писатель, 1969. – 360 с.
  19. Грахоўскі, С. І. Рудабельская рэспубліка : дакументальная аповесць / Сяргей Грахоўскі. Мінск : Беларусь, 1968. 322 с.
  20. Казак, А. Бобруйский ревком в лицах : кто осуществлял власть в городе 100 лет назад / Александр Казак // Бабруйскае жыццё. 2018. 8 лістапада (№ 45). С. 29.
  21. Первые секретари Могилевского райкома КПБ : [упомянут П. Ф. Ревинский] // Прыдняпроўская ніва. Магілёў, 2009. 27 чэрвеня.
  22. Іх імёнамі названы... : Равінскі Платон Фёдаравіч // Ляхавіцкі веснік. 1992. 3 ліпеня. С. 1.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 254 разоў Апошняя змена Чацвер, 24 Лістапад 2022 15:05