Аўторак, 24 Студзень 2023 12:23

24 студзеня 2023 г. – 70 гадоў з дня нараджэння Уладзiмiра Iванaвiча Дзехцерука (1953), літаратара, паэта, дзеяча беларускай дыяспары ў Эстоніі

Уладзiмiр Iванaвiч Дзехцярук нарадзіўся 24 студзеня 1953 г. у в. Павіцце Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці ў сям'і настаўнікаў.Цёплыя бацькоўскія адносіны, разнастайнасць інтарэсаў бацькі Івана Аляксандравіча – даследчыка, мовазнаўца, і яго патрабавальнасць у выхаванні дзяцей з’явіліся добрым падмуркам для развіцця творчай натуры будучага паэта.

Пасля заканчэння Павіццеўскай сярэдняй школы Уладзiмiр Дзехцярук паступіў у Брэсцкі чыгуначны тэхнікум, які скончыў у 1972 г. На першае працоўнае месцабыў накіраваны ў Казахстан. Працаваў электрамеханікам і начальнікам маленькай чыгуначнай станцыі ў Сары-Шаганскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі. Вясной 1973 г. прызваны на службу на Ціхаакіянскі флот. Ва Уладзівастоку скончыў курс вучэбнага атрада падводнага плавання, служыў на атамнай падводнай лодцы.

Пасля дэмабілізацыі Уладзiмiр Дзехцярук вярнуўся ў Беларусь, у 1976 г. стаў студэнтам факультэта «Аўтаматыка, тэлемеханіка і сувязь» Беларускага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту. У час вучобы ўдзельнічаў у пяці студэнцкіх будаўнічых атрадах, якія працавалі ў Беларусі, Карэліі, Комі, Сібіры.

Па размеркаванні накіраваны ў Эстонскую ССР, дзе працаваў у пагрузачна-транспартным упраўленні вытворчага аб’яднання «Эстонсланец». За пяць гадоў работы на аб’яднанні прайшоў шлях ад электрамеханіка да начальніка ўчастка. З першых месяцаў жыцця ў Эстоніі ён актыўны ўдзельнік культурных мерапрыемстваў на сваім прадпрыемстве і г. Кохтла-Ярве. Ён капітан каманды ў конкурсе «А ну-ка, шахцёры!». На старонках мясцовай газеты з’яўляліся яго артыкулы і вершы, якія заўсёды адрозніваліся актуальнасцю, добрым веданнем справы.

У 1988 г. разам з А. Лапышавым, С. Сотчанка, Л. Валуём і К. Станкевічам Уладзімір Дзехцярук распачаў беларускі рух у Эстоніі, быў абраны ў раду Беларускага культурнага згуртавання г. Таліна. Праз год стварыў у г. Кохтла-Ярве Беларуска-эстонскае згуртаванне (БЭЗ), быў яго старшынёй да 1992 г. У 1998 г. добраахвотна выйшаў з БЭЗа і пачаў супрацоўнічаць са згуртаваннем беларусаў «Спадчына» ў г. Нарва. Доўгі час дапамагаў рабіць радыёперадачы на хвалях «Бацькаўшчыны» для беларусаў Эстоніі, быў дэлегатам З'езда беларусаў бліжняга замежжа.

Інтарэсы нашага земляка шматгранныя: аматар веласіпедных падарожжаў, гістарычны даследчык, захапляецца краязнаўствам, геаграфіяй і гісторыяй Эстоніі. Арганізаваў паездку эстонскага камернага хору ў Гомель, веласіпедныя вандроўкі з Эстоніі ў Беларусь. Для гасцей з Беларусі наш зямляк заўсёды гатовы правесці на беларускай мове экскурсію ў любы куток Эстоніі.

Уладзімір Дзехцярук таксама таленавіты літаратар. Адзіны беларускі паэт на ўсю вялікую Эстонію, ён патрабавальны да сваёй музы, пра што сведчыць і яго творчасць. Друкаваўся ў газетах «Беларус» (ЗША), «Эстония», «Молодёжь Эстонии», «Северное побережье», «Боевая вахта», «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена», «Кобрынскі веснік» і інш. У 1995 г. у талінскім выдавецтве «Інгры» выдаў першую кніжку вершаў і апавяданняў «Сярод белых эстонскіх начэй», якая змяшчае вершы аб Эстоніі і Беларусі, замалёўкі, роздумы. Простыя, але шчырыя і пранізлівыя радкі гавораць больш, чым многія гучныя выказванні і сведчаць аб сапраўдным таленце.

У 1999 г. У. І. Дзехцярук надрукаваў другую кніжку вершаў «Трылабітавы бераг», у 2000 г. – кнігу прозы «Кроплі лёсу». У гэтых кнігах вершы розных гадоў, невялікія апавяданні, апісанні сустрэч з цікавымі людзьмі, выпадкаў з жыцця, успаміны аб студэнцкіх гадах і будаўнічых атрадах, замалёўкі аб маляўнічых месцах Эстоніі.

Чацвёртую кнігу «Повіць, абшары, людзі, час» (2005) Уладзімір Іванавіч цалкам прысвяціў роднай вёсцы. У ёй аўтар выкарыстаў багаты матэрыял, які быў сабраны некалі бацькам. Гэта запісы аб шматлікіх падзеях, што ў розныя часы адбываліся на тэрыторыі вёскі і паблізу яе, аб людзях з незвычайным лёсам, старыя фотаздымкі і г. д. Уладзімір Дзехцярук дапоўніў звесткі бацькі ўласнымі цікавымі знаходкамі не толькі ў межах роднага кутка, але і ў іншых месцах і асабліва ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.

Праз усю лірыку Уладзіміра Дзехцерука праходзяць вобразы роднай Беларусі. Шчырая любоў да Бацькаўшчыны, боль за яе мінулае, трывога за будучыню, за пакутлівы лёс роднай мовы, заклік да беларусаў адрадзіць пачуццё нацыянальнай годнасці – усё гэта ў шматлікіх вершах і апавяданнях аўтара. А яшчэ тонкі гумар і глыбокі роздум аб агульначалавечых праблемах і каштоўнасцях.

Разумны, талерантны беларус шануе народ Эстоніі, дзе наканавана жыць, і любіць Беларусь. Час ад часу Уладзімір Іванавіч наведвае родныя мясціны, бывае не толькі ў родным Павіцці, але і ў адметных куточках рэспублікі.Улетку ён звычайна сядае на веласіпед і едзе цераз усю Прыбалтыку ў Беларусь, на родную Кобрыншчыну (1300 км!). Паводле слоў Уладзіміра Дзехцерука, адной з важных мэт яго велатураў з’яўляецца наладжванне адносін паміж народамі. «Ведаць сваю мінуўшчыну, памятаць пра свае карані – гэта, на мой погляд, галоўнае. Таму што, куды б ні закінуў нас лёс, у душы мы ўсё роўна назаўсёды застанемся беларусамі...», – лічыць Уладзімір Дзехцярук.

Лёс Уладзіміра Іванавіча Дзехцерука – гэта лёс сотняў і тысяч беларусаў, якія апынуліся за межамі Радзімы, але не здрадзілі ёй сэрцам і думкамі. У іх, як і ў паэта, не раз сціскаецца сэрца ад думкі:

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, бібліёграф I кат.аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Творы У. І. Дзехцерука

  1. Сярод белых эстонскіх начэй / Уладзімер Дзехцярук ; укладальнік i рэдактар Маргарыта Астраумава. – Талін : ІНГРІ, Згуртаванне беларускай культуры (БЭЗ), 1995. – 208 с.
  2. Крыніцы : прызнанне ў любові / Уладзімір Дзехцярук //Земля и люди Повитья. Минск, 2014. С. 44.
  3. Беларусам ; Прыкметы ; Набалелае ; Малітва : [вершы] / Уладзімір Дзяхцярук // Кобрынскі веснік. 2005. 3 верасня. С. 8.
  4. Начныя вершы. 1989 год / Уладзімір Дзяхцярук // Кобрынскі веснік. 2005. 17 жніўня. С. 3.

 

Аб жыцці і дзейнасці У. І. Дзехцерука

  1. Дзехцярук Уладзiмiр Iванaвiч // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 433.
  2. Земля и люди Повитья / автор текста Н. С Васюк ; ред. П. Н. Тишук. – Минск, 2014. – 44 с. : фот.
  3. Вядомыя землякі. Дзехцярук Уладзiмiр Iванaвiч // Малой радзімы прыцяжэнне : інфармацыйна-бібліяграфічны паказальнік да 475-годдзя з часу першага згадвання ў пісьмовых крыніцах вёсак Павіцце і Лелікава Кобрынскага раёна / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. Кобрын, 2021. С. 20–22. (Серыя «Па вёсках нашага краю»).
  4. 70 гадоў з дня нараджэння У. І. Дзехцерука (1953) // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 84.
  5. Марціновіч, Д. Беларуская Эстонія : суайчыннікі ў свеце : [у Эстоніі жыве беларускамоўны пісьменнік У. Дзехцярук, аўтар кнігі вершаў і апавяданняў «Сярод белых эстонскіх начэй»] / Дзяніс Марціновіч // Літаратура і мастацтва. 2012. 20 студзеня (№ 3). С. 20.
  6. Пянко, А. Песня не ведае межаў : [У. Дзехцярук наведаў Беларусь у цудоўнай кампаніі эстонскага харавога калектыву «Поолкуу»] / Аляксей Пянко // Кобрынскі веснік. 2010. 4 верасня. С. 9.
  7. Бялоў, Д. Ад Эстоніі – да Беларусі : [восем гадоў падарожнічае У. Дзехцярук, ураджэнец в. Павіцце, на веласіпедзе па такому маршруту] / Дзмітрый Бялоў // Кобрынскі веснік. 2009. 5 жніўня. С. 2.
  8. Аляксандраў, А. Тысячы кіламетраў на веласіпедзе : [падобныя паездкі на веласіпедзе з Эстоніі ў Павіцце здзяйсняе У. Дзехцярук] / Аляксей Аляксандраў // Кобрынскі веснік. 2006. 12 ліпеня.
  9. Хільчук, М. Чатыры кнігі земляка : [аб творчасці У. Дзехцерука] / Марыя Хільчук // Кобрынскі веснік. 2005. 17 жніўня. С. 3.
  10. Ратман, Р. Увлеченный человек : Владимир Дехтярук – историк-любитель, краевед-велосипедист и двуязыкий стихотворец / Рауль Ратман // Шахтер Эстонии. 2003. 4 апреля.
  11. Скобла, М. Уладзімір Дзехцярук / Міхась Скобла // Звязда. 2002. 6 красавіка. С. 4.
  12. Базылюк, А. Сустрэча з паэтам-земляком : [пра сустрэчу з беларускiм паэтам У. I. Дзехцеруком (Эстонiя) у Павiцьеўскiм СДК] / А. Базылюк // Кобрынскі веснік. 1999. 29 верасня.
  13. Хільчук, М. Доўгі шлях дадому : Кнігі нашых землякоў : [лёс і творчасць У. Дзехцерука] / М. Хільчук // Кобрынскі веснік. 1999. 2 кастрычніка. С. 4.
  14. Остроумова, М. «Сярод белых эстонскіх начэй» : нашы землякі : [упершыню ў Эстоніі выйшла кніга на беларускай мове – зборнік У. Дзехцерука «Сярод белых эстонскіхначэй»] / Маргарита Остроумова // Кобрынскі веснік. 1996. 10 студзеня. С. 2.
  15. Вечар, А. Жыве ў Эстоніі беларус… : слова пра земляка / Алесь Вечар // Камуністычная праца. Кобрын, 1990. 11 жніўня. С. 4.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 257 разоў Апошняя змена Пятніца, 27 Студзень 2023 09:04