Аўторак, 28 Сакавік 2023 08:40

8 сакавіка 2023 г. — 115 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Іванавіча Самуйліка (1908–1989), партызанскага камандзіра, Ганаровага грамадзяніна г. Камянца (1974)

Аляксандр Іванавіч Самуйлік нарадзіўся 8 сакавіка 1908 г. у в. Махро Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у шматдзетнай сялянскай сям’і, быў трынаццатым дзіцём. Толькі ў пятнаццаць гадоў змог сын селяніна пайсці вучыцца грамаце. Але нядоўга працягвалася вучоба, хоць і быў Аляксандр адным з самых здольных вучняў – выключылі за нядобранадзейнасць.

 

Аляксандр Самуйлік стаў актыўным памочнікам членаў КПЗБ, выконваў заданні падпольнай партячэйкі, з 1929 г. член КПЗБ. Польскі суд прыгаварыў яго да шасці гадоў пазбаўлення волі. Гады зняволення правёў у турмах Пінска, Гродна, Седлеца. Чырвоная армія, якая вызваліла ў 1939 г. Заходнюю Беларусь, прынесла свабоду палітвязню. Аляксандр Самуйлік актыўна ўключыўся ў працу па ўсталяванні савецкай улады, узначаліўшы Махроўскі сельскі Савет.Скончыў Брэсцкую абласную школу Савецкіх работнікаў (1940).

29 чэрвеня 1941 г. Аляксандр Самуйлік развітаўся з жонкай і сынам і добраахвотнікам пайшоў на фронт.Пад Баранавічамі трапіў у палон. Збег з цягніка, які перавозіў палонных, ішоў без дакументаў, быў затрыманы мясцовай паліцыяй, зноў збег... У маі 1942 г. з невялікай групай былых ваеннапалонных далучыўся да атрада імя Г. Дзімітрова. У жніўні 1942 г. назначаны камандзірам аддзялення, а з лютага 1943-га – камандзірам узвода. У ліпені – камандзірам роты, а праз месяц узначаліў атрад імя С. М. Кірава брыгады імя П. К. Панамарэнкі.

Шокам для захопнікаў стаў партызанскі «Чырвоны дэсант». Гэтая ўнікальная партызанская аперацыя стала сапраўднай баявой легендай. Восенню 1942 г. група народных мсціўцаў атрада імя Г. Дзімітрава ў кароткім жорсткім баі з фашыстамі захапіла варожы эшалон з нарабаваным у мясцовага насельніцтва дабром і з баямі прайшла па чыгунцы па акупаванай ворагам тэрыторыі.

Вось як апісвае гэты эпізод журналіст Міхаіл Рылка ў кнізе «Чырвоны цягнік» (1984), выдадзенай да 40-годдзя вызвалення Беларусі: «...група смельчакоў на чале са сваім камандзірам, якога партызаны называлі паміж сабой палескім Чапаем, праз багны і балоты прабралася да чыгуначнай галінцы і стаілася ў засадзе. У кароткім, але жорсткім баі з аховай захапілі цягнік. У рэверсу паравоза стаў партызан Юрый Логінаў...». Цягнік рухаўся пад чырвоным сцягам ад станцыі да станцыі. На кароткіх прыпынках, перастраляўшы ахову, партызаны раздавалі мясцоваму насельніцтву прадукты, збожжа, прыгатаванае фашыстамі для адпраўкі ў Германію. Дзёрзкі рэйд доўжыўся 40 км па Палескай галінцы, праз родную вёску Мохро да станцыі Вулька. Затым цягнік падпалілі і пусцілі ў раку Піну. У кароткай прамове на канцавым прыпынку Аляксандр Самуйлік заклікаў жыхароў змагацца з фашыстамі ўсімі спосабамі, помсціць ворагу за загінулых таварышаў.

Партызанскі флаг з «Чырвонага цягніка» атрад збярог да канца вайны, цяпер ён знаходзіцца ў музеі ў г. Мінску. У Падмаскоўі да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ўзведзены музейна-храмавы комплекс Узброеных Сіл Расіі для ўвекавечання подзвігу салдат, афіцэраў, партызан, працаўнікоў тылу. У фотагалерэі комплексу «Дарога памяці» ёсць партрэт нашага земляка – Аляксандра Іванавіча Самуйліка.

У канцы вайны на Палессі дзейнічалі банды ўкраінскіх нацыяналістаў. Лічачы рашэнне нямецкага кіраўніцтва ўключыць Палессе ў рэйхкамісарыят «Україна» правільным, яны працягвалі палітыку генацыду нашага народа, забіваючы савецкіх актывістаў і іх сваякоў.

З успамінаў пляменніцы Вольгі Прокопьеўны Самуйлік: «Сястру Аляксандра Іванавіча Вольгу ў сакавіку 1945 года павесілі ў цэнтры вёскі, а яго брата Пракопа ўтапілі ў найбліжэйшай возеры на тэрыторыі Украіны, паблізу вёскі Дольск. Перад гэтым яго катавалі, жывога чвартавалі, пілой адрэзалі ногі, рукі, адрэзалі мову, каб не прасіў прыстрэліць яго. Іх дом быў спалены немцамі, а маці хавалася ў чужых людзей, ратуючыся ад бандэраўскіх нелюдзяў».

Пасля вайны А. І. Самуйлік дапамагаў сем’ям і дзецям партызан свайго атрада. Заўсёды памятаў, як шмат давялося перажыць іх родным. На свае сродкі ў 1964 г. усталяваў на могілках у в. Мохро помнік сваім родным, землякам, якія загінулі ад рук украінскіх нацыяналістаў, за якім сёння даглядаюць школа і мясцовыя органы ўлады.

Трыццаць тры гады А. І. Самуйлік працаваў на розных пасадах у Камянецкім раёне. Вучыўся ў Вышэйшай партыйнай школе пры ЦК КПБ. За баявыя і працоўныя подзвігі ўзнагароджаны ордэнам Леніна, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 1 ступені, «Знак Пашаны», шматлікімі медалямі.

Рашэннем Камянецкага пасялковага Савета дэпутатаў працоўных ад 26 чэрвеня 1974 г. за актыўны ўдзел у развіцці партызанскага руху ў Брэсцкай вобласці, праяўленую мужнасць у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, за заслугі ў аднаўленні народнай гаспадаркі і вялікую працу па ваенна-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення А. І. Самуйліку прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін гарадскога пасёлка Камянец».Яго імем названа вуліца ў Камянцы.

Аляксандр Іванавіч любіў гумар, паэзію. Складаў вершы і байкі, чытаў класікаў, а тое, што падабалася, выпісваў у сшытак. Рабіў замалёўкі ў альбоме. Быў рознабаковым чалавекам. Шмат дзе бываў, выступаў перад школьнікамі. 9 мая 1980 г. удзельнічаў у парадзе ў Маскве. Беларускі паэт, франтавік Аляксей Зарыцкі прысвяціў А. І. Самуйліку паэму «Таварыш Саша», маскоўскі паэт Леў Шчаглоў напісаў пра яго «Балладу о наразорвавшейся бомбе».

А. І. Самуйлік памёр у 1989 г., пахаваны ў Камянцы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

1.    Самуйлик Александр Иванович // Долготович, Б. Почётные граждане белорусских городов : биограф. справочник / Б. Долготович. Минск, 2008. С. 29.

2.    Самуйлик Александр Иванович // Кто есть кто в Республике Беларусь. 2005. Минск. Т. 2. С. 305.

3.    Яфімовіч, У. Беларускі Чапай : [А. І. Самуйлік] / У. Яфімовіч // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 248–249.

4.    Васілеўскі, М. Аляксандр Самуйлік: падрыўнік і камандзір / М. Васілеўскі // Памяць. Івацэвіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 225–172.

5.    Васілеўскі, М. Аляксандр Самуйлік: падрыўнік і камандзір / М. Васілеўскі // Памяць. Пружанскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1992. С. 171–226.

6.    Самуйлик Александр Иванович, 1908 г. р. // Памятники Ивановщины рассказывают… / сост. И. С. Шпак, Л. А. Добродей. Иваново, 2018. С. 290.

7.    Івацэвіцкі раён : [згадваецца А. І. Самуйлік] // Памяць Беларусі : рэспубліканская кніга. Мінск, 2005. С. 110–113.

8.    Чырвоны цягнік: [А. І. Самуйлік] // Памяць. Іванаўскі раен : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 231–235.

9.    Рожковец, С. А. Мохро глазами очевидца : летопись Мохровского сельсовета Ивановского района Брестской области / С. Рожковец. – Брест : Полиграфика, 2011. – 207 с.

10.Рылко, М. И. Красный поезд / Михаил Рылко ; [рецензент Р. Ф. Пепеляева]. – Минск : Беларусь, 1984. – 60, [2] с.

11.Зарыцкі, А. Таварыш Саша : паэма : А. І. Самуйліку / Аляксей Зарыцкі // Выбраныя творы : у 2 т. / Аляксей Зарыцкі. Мінск, 1981. С. 61–78.

12.Рожковец, А. Полесский Чапай : [о А. И. Самуйлике] / Александр Рожковец // Янаўскі край. Іванава, 2022. 11 лістапада (№ 45). С. 8.

13.Скуратова, Т. Его знали не только в Каменце : [о героизме партизана в годы Великой Отечественной войны, Почетного гражданина Каменца А. И. Самуйлика] / Таисия Скуратова // Навіны Камянеччыны. 2022. 23 красавіка (№ 17). С. 16–17.

14.Шаўчэнка, М. Як народныя мсціўцы захапілі цягнік і вярнулі нарабаванае дабро : [пра дзейнасць партызанскага атрада імя Г. Дзімітрава і ўнікальную дыверсійную аперацыю пад кіраўніцтвам А. І. Самуйліка.] / Мікалай Шаўчэнка // Звязда. 2019. 23 лістапада. С. 5.

15.Шаўчэнка, М. На захопленым цягніку – па тылах ворага : [пра партызанскае мінулае Аляксандра Самуйліка] / Мікалай Шаўчэнка // Звязда. 2017. 20 мая. С. 3.

16.Шевченко, Н. Партизанский огненный поезд : [об объединённых партизанских группах из отряда имени Георгия Димитрова, воевавших на территории Брестской области; 1942 г.] / Николай Шевченко, Валерий Пинчук // Сельская газета. 2017. 15 апреля. С. 31.

17.Васілеўскі, М. Жыццё выбранае часам : [біяграфія Аляксандра Іванавіча Самуйліка, Ганаровага грамадзяніна г. Камянца, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны] / М. Васілеўскі // Навiны Камянеччыны. 2010. 3 мая. С. 2.

18.Затирка, Е. Рейд под Красным знаменем : [о группе Александра Самуйлика в партизанском отряде Г. Димитрова освободивших местных жителей д. Мохро, 1942 г.] / Е. Затирка // Белорусская военная газета. 2010. 2 марта. С. 5.

19.Кавко, А. С любовью к Родине : [100 лет со дня рождения партизанского командира А. И. Самуйлика] / А. Кавко // Заря. 2008. 13 марта. С. 8.

20.Трибулева, Е. 100 лет белорусскому Чапаю / Е. Трибулева // Вечерний Брест. 2008. 7 марта. С. 3.

21.Васілеўскі, М. Жыццё, выпрабаванае часам / М. Васілеўскі // Навіны Камянеччыны. 2008. 7 сакавіка. С. 7.

22.Александров, В. Красный поезд / В. Александров // Белорусская нива. 2005. 11 июня. С. 5.

23.Кобяк, Э. Поезд под красным флагом / Э. Кобяк // Заря. 2005. 7 мая.

24.Кавко, А. Человек мужества : [о командире партизанского отряда им. Кирова А. И. Самуйлике] / А. Кавко // Заря. 2002. 16 ноября. С. 4.

25.Каўко, А. Рейд смелых : [пра гераічныя справы былога камандзіра партызанскага атрада ім. Кірава А.І. Самуйліка] / А. Каўко // Чырвоная звязда. Іванава, 2000. 19 верасня. С. 2.

26.Галяк, І. Іх памятаюць на Палессі : [аб сустрэчы партызан у Махроўскай сярэдняй школе] / І. Галяк // Чырвоная звязда. Іванава, 1982. 16кастрычніка.

27.Ігнатавец, Р. У былым партызанскім краі : [згадваецца А. І. Самуйлік] / Р. Ігнатавец // Чырвоная звязда. Іванава, 1982. 11 лютага.

28.Чалавек з легенды : [аб справах былога партызанскага камандзіра А. І. Самуйліка] // Чырвоная звязда. Іванава, 1979. 25 верасня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 161 разоў