Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 14 Сакавік 2013 12:04

21 сакавіка 2013 г. – 75 гадоў з дня нараджэння Георгія Канстанцінавіча Недзьведзя (1938), вучонага ў галіне неўрапаталогіі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі

Георгій Канстанцінавіч Недзьведзь нарадзіўся 21 сакавіка 1938 года ў сям’i служачага ў горадзе Пінску Брэсцкай вобласцi.

{gcontent}У 1945–1952 гадах вучыўся ў сярэдняй школе № 3 г. Пінска. Скончыў Пінскае медыцынскае вучылішча ў 1955 годзе, Мінскі медыцынскі інстытут у 1961 годзе, клінічную ардынатуру па неўралогіі ў Беларускім інстытуце ўдасканальвання ўрачоў у 1966 годзе.

Георгій Канстанцінавіч з 1 жніўня 1961 года працаваў загадчыкам Бродніцкага сельскага ўрачэбнага ўчастка Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці, з 1962 года быў неўрапатолагам Іванаўскай цэнтральнай раённай бальніцы.

У 1964 годзе Г. К. Недзьведзь паступіў у клінічную ардынатуру па неўралогіі. І ўжо з 1 верасня 1966 года працаваў неўрапатолагам у Мінскай абласной клінічнай бальніцы. Затым была праца ў неўралагічным аддзеле НІІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі з 1 студзеня 1967 года – малодшым, а з 1974 года – старэйшым навуковым супрацоўнікам. А з 1977 года Георгій Канстанцінавіч стаў кіраўніком неўралагічнага аддзела інстытута, створанага пры яго непасрэдным удзеле. Ён з’явiўся iнiцыятарам арганiзацыi паэтапнага лячэння хворых з неўралагiчнымi праяўленнямi паяснiчнага астэахандроза. Актыўна ўдзельнiчаў у распрацоўцы новых метадаў дыягностыкi, дыферэнцыраванага патагенiчнага лячэння i прафiлактыкi перыферычнай нярвовай сiстэмы.

У 1976 годзе Г. К. Недзьведзь абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Структура и функции метохондрий головного мозга при экстримальном аллергическом энцефаломиелите”, а ў 1991 годзе – доктарскую дысертацыю на тэму “Некоторые вопросы этиологии, патогенеза и лечения неврологических проявлений поясничного остеохондроза (клинико-генетическое, иммуногенетическое исследование)”. 15 кастрычнiка 1997 года Георгiю Канстанцiнавiчу прысвоена вучонае званне прафесара.

Г. К. Недзьведзь узнагароджаны знакам “Отличник здравоохранения СССР” (1986), Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1994). За цыкл навуковых прац “Патогенез, клиника и диагностика неврологических проявлений остеохондроза” Георгій Канстанцінавіч атрымаў з сааўтарамі ў 1995 годзе Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь у вобласці навукі і тэхнікі.

Урач-неўрапатолаг вышэйшай кваліфікацыі, выдатнік аховы здароўя, доктар медыцынскіх навук, прафесар. З 2001 года – кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра рассеянага склероза. У 2003–2006 гадах быў старшынёй Рэспублiканскага навуковага таварыства неўролагаў, член рэдкалегii часопiса “Неврологии и хирургия. Восточная Европа”.

Георгій Канстанцінавіч Недзьведзь з’яўляецца сааўтарам метабалічнай гіпотэзы дэміелінізацыі. Ён прапанаваў канцэпцыю клінічнага палімарфізма остэахандроза пазваночніка, сістэму этапнага аказання медыцынскай дапамогі хворым з гэтай паталогіяй, новыя падыходы да традыцыйнага лячэння і наладжванне для яго рэалізацыі, выкарыстаў нізкаінтэнсіўнае лазернае выпраменьванне для рэабілітацыі неўралагічных хворых. З’яўляецца адказным за падрыхтоўку клінічных ардынатараў.

Г. К. Недзьведзь апублікаваў каля 400 работ, у тым ліку манаграфію “Лазерная гемотерапия в лечении заболеваний периферической нервной системы” (у сааўтарстве, 2004). Акрамя гэтага, на рахунку таленавітага ўрача-неўрапатолага 23 вынаходніцтвы (патэнты), 31 рацыяналiзатарская прапанова.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Пінскай цэнтральнай гарадской бібліятэкай. Багатовіч Таццяна Канстанцінаўна, гал. бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі

{/gcontent}

Працы Г. К. Недзьведзя

  1. Демиелинизация как одна из основных патологических реакций в нервной системе / Г. К. Недзьведь, М. К. Недзьведь // Теория и практика медицины. 2000. Вып. 21.
  2. Алкоголь и нервная система / Г. К. Недзьведь. Минск : Беларусь, 30 с. (Санитарные знания – в массы).

Аб жыцці і дзейнасці Г. К. Недзведзя

  1. Георгий Константинович Недзьведь : (к 70-летию со дня рождепния) // Здравоохранение. 2008. № 4. С. 80.
  2. Недзьведь Георгий Константинович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2007. Т. 5. С. 403.
  3. Недзьведзь Георгій Канстанцінавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мiнск, 2000. Т. 11. С. 268.
  4. Недзьведзь Г. К. // Учёные Пинщины / авт.-сост. И. А. Кибак, П. Н. Синкевич. Минск : Экономика и право, 2003. 160 с.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2173 разоў Апошняя змена Панядзелак, 19 Красавік 2021 12:25