Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 08 Май 2013 10:56

7 мая 2013 г. – 145 гадоў з дня нараджэння Рамана Аляксандравіча Скірмунта (1868–1939), палітычнага і грамадскага дзеяча

Раман Мар’ян Аляксандравіч Скірмунт нарадзіўся 7 мая 1868 года ў вёсцы Парэчча Пінскага павета (цяпер Пiнскi раён Брэсцкай вобласцi) і належаў да шляхецкага роду Скірмунтаў, вядомага ад пачатку XVI ст.

{gcontent}Адукацыю атрымаў у Рыжскай класічнай гімназіі. Пасля вучобы ўзначаліў Таварыства па распрацоўцы сельскагаспадарчых і эканамічных патрэб Палесся. Услед за бацькам Раман Скірмунт стаў і адным з актыўных кіраўнікоў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Менавіта пры Александры і Рамане Скірмунтах пры таварыстве стварылі бюро па ўпарадкаванню лясной гаспадаркі і ляснога гандлю.

Першая руская рэвалюцыя (1905) актывізавала беларускі нацыянальны рух. На той час Раман Скірмунт зрабіўся адным з асноўных ідэолагаў краёўцаў-кансерватараў. У лістападзе 1905 года газета “Кур’ер літоўскі”, змясціла зварот “Краёвай партыі Літвы і Беларусі”, аўтарам якога быў
Р. Скірмунт. У звароце патрабаваліся дэмакратычныя свабоды – нацыянальнага жыцця, роўнасці нацыянальнасцей, магчымасці атрымліваць адукацыю на роднай мове, недатыкальнасці прыватнай уласнасці і ўвядзення краёвага самакіравання.

Атрымаўшы адзін з дзевяці дэпутацкіх мандатаў ад Менскай губерні,
Р. Скірмунт стаў ініцыятарам стварэння Групы заходніх губерній і ўвайшоў у склад аграрнай камісіі. Восенню 1910 года Р. Скірмунт абіраецца членам Дзяржаўнага савета Расійскай імперыі, а ў наступным годзе становіцца гласным Мінскага губернскага земства. У 1914 годзе ён прызначаецца членам Мінскага губернскага камітэта Усерасійскага земскага саюза.

3 пачаткам Першай сусветнай вайны Раман Скірмунт становіцца намеснікам старшыні губернскага камітэта, у абавязкі якога ўваходзілі забеспячэнне насельніцтва прадуктамі харчавання, атрыманне рэчаў першай неабходнасці, стварэнне рэзервовых запасаў, арганізацыя і размеркаванне прадуктаў сярод насельніцтва.

У студзені 1917 года Р. Скірмунт узначаліў Мінскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Але ўжо ў лютым ў Петраградзе адбылася рэвалюцыя. У новых гістарычных варунках Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны ператварылася ў Беларускі нацыянальны камітэт (Белнацкам). З сакавіка да ліпеня 1917 года – старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта.У красавіку 1917 года ўзначальваў беларускую дэлегацыю да Часовага ўрада з патрабаваннем аўтаноміі Беларусі. У Петраградзе сустрэўся з князем Львовым і перадаў яму дакладную запіску з патрабаваннем абвяшчэння Расіі федэратыўнай рэспублікай, дэмакратызацыі органаў мясцовага самакіравання, увядзення ў школах беларускай мовы навучання, гісторыі Беларусі і іншых краязнаўчых прадметаў, а таксама кампенсацыі насельніцтву страт, прынесеных вайной.

Узначаліў “Менскае беларускае прадстаўніцтва”,ад якога ў красавіку 1918 года ўвайшоў у Раду Беларускай Народнай Рэспублікі.У маі 1918 года яму было даручана фарміраванне новага складу Народнага сакратарыята Беларусі,у праграмнай дэкларацыі якога выказаўся за здабыццё дзяржаўнымі органамі БНР рэальнай улады, збіранне вакол яе ўсёй этнічнай тэрыторыі беларусаў, памяркоўную аграрную рэформу шляхам выкупу сялянамі памешчыцкай зямлі праз парцэляцыйны банк, за развіццё беларускай культуры. 20 ліпеня 1918 года пайшоў у адстаўку з пасады старшыні ўрада.

Пасля Р. Скірмунт працаваў у міжнароднай камісіі Рады БНР, у лістападе 1918 года ў складзе надзвычайнай беларускай дэлегацыі быў у Германіі і Швейцарыі з мэтай дамагчыся міжнароднага прызнання незалежнасці Беларусі. Але пачатак савецка-польскай вайны перакрэсліў планы Р. Скірмунта.

У 1930 годзе Раман Скірмунт быў абраны сенатарам Рэчы Паспалітай, далучыўся да беспартыйнага блока супрацоўніцтва з урадам, які выступаў супраць асіміляцыі этнічных меншасцяў.

У сваім радавым маёнтку Раман Аляксандравіч надзяляў сялян зямлёй, дазваляў карыстацца сенакосамі, даваў будаўнічы лес на жыллё тым, хто стварыў новую сям’ю.

Асабістае жыццё Р. Скірмунта склалася не зусім удала, ён так і застаўся старым кавалерам. Аднак высокае сардэчнае пачуццё не абмінула і яго.
Р. Скірмунт упадабаў чарнабровую паляшучку Кацярыну Цярэшка, якой не было роўні па прыгажосці і прывабнасці на ўсю ваколіцу. Кацярына была ўдавой. Парэчанскія старажылы памятаюць таемную каханку пана, якой ён прысвячаў лірычныя вершы на беларускай мове. Пазней Кацярына пасялілася ў маёнтку і нарадзіла чатырох сыноў.

17 верасня 1939 года ён застаўся ў сваім радавым маёнтку. Р. Скірмунт быў упэўнены, што яму нічога не пагражае, бо народ, якому ён зрабіў столькі дабра, абавязкова заступіцца за яго перад новай уладай.

Але народ не заступіўся. Узяты пад варту, Раман Скірмунт быў расстраляны 7 кастрычніка 1939 года на вачах вяскоўцаў разам з Балеславам, мужам сястры. Без суда і следства па загаду камісара Холадава. Старыя жыхары Парэчча і цяпер, згадваючы жудасную расправу з імі, не здольныя хаваць слёзы.

У 1992 годзе страчаная магiла Р. Скірмунта на краю парка была адноўлена. 3 кастрычнiка 2008 года ў в. Парэчча Пiнскага раёна ўрачыста адкрыта мемарыяльная дошка, прысвечаная Раману Аляксандравiчу Скірмунту. 11 кастрычнiка 2008 года ў Чырвоным касцёле г. Мінска адкрыта памятная шыльда ў гонар Р. Скірмунта. 31 кастрычнiка 2009 года ў Iвацэвiчах на доме грэка-каталіцкай парафіі адкрыта мемарыяльная табліца з тэкстам: “Раман Скірмунт (1868–1939). Патрыёт беларуска-літоўскага краю, кіраўнік ураду БНР (1918)”.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Янішчыц. Станкевіч Клаўдзія Аляксандраўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

{/gcontent}

 

  1. Скірмунт Раман Аляксандравіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 14. С. 457.
  2. Скірмунт Раман Аляксандравіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т. 6, кн. 1. С. 321.
  3. Скірмунты, шляхецкі род // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Пінскага раёна. Мінск, 2003. С. 131.
  4. Скирмунт Роман Александрович (1868–1939) // Мелешко, Е. Н. Путешествие по Беларуси. В краю Нёмана, Западного Буга и Припяти : путеводитель / Е. Н. Мелешко. Брест, 2012. С. 222.
  5. [Последний хозяин Поречья Роман Скирмунт] // Жемчужина Полесья. Пинский район : справочник туриста / текст Т. А. Хвагиной. Минск, 2006. С. 41–43.
  6. Кіштымаў, А. Аляксандр Скірмунт : [Раман Скірмунт – сын А. Скірмунта] / Андрэй Кіштымаў // Славутыя імёны Бацькаўшчыны : зборнік. Вып. 2 / уклад. У. Гілеп і інш. Мінск, 2003. С. 374–380.
  7. Парк “Поречье” (д. Поречье Пинского р-на) : [создание Романом Скирмунтом парка] // Памятники природы Белоруссии / В. М. Бельков и др. Минск, 1986. С. 100–102.
  8. Лабадзенка, Г. “Не страляйце так, я ад людзей ніколі не адварочваўся…” : 70 гадоў таму ў в. Парэчча забілі адраджэнца Палесся Рамана Скірмунта / Глеб Лабадзенка // Звязда. 2009. 7 кастр. С. 7.
  9. Ильенков, В. Долгий путь к сердцам потомков : [открыта мемориальная доска Р. А. Скирмунту в д. Поречье] / Вячеслав Ильенков // Пінскі веснік. 2008. 10 кастр. С. 3.
  10. Века, А. Трагічны пошук Радзімы. Раман Скірмунт (1868–1939) / Алесь Века // Настаўніцкая газета. 2004. 17 крас. С. 6.
  11. Пінчук, В. Слова пра Рамана Скірмунта / В. Пінчук // Мясцовы час (Пінск). 2006. 28 верас.; 5 кастр.; 12 кастр.
  12. Сідарэвіч, А. Урады БНР і кабінет Рамана Скірмунта / Анатоль Сідарэвіч // Arche. Мінск, 2008. № 4. С. 108–126.
  13. Куницкий, П. Вспоминая Скирмунтов : Тереза Скирмунт продолжает восстанавливать на Полесье память о своих предках : [упоминается Роман Скирмунт] / Павел Куницкий // Пинская неделя. 2003. 5 июня.
  14. Кучынскі, В. Раман Скірмунт – удзельнік беларускага Адраджэння / В. Кучынскi // Наша слова. 2001. 21 сакав.
  15. Смалянчук, А. Успамін пра Рамана Скірмунта : штрыхі да партрэту [з матэрыялаў экспэдыцыі ў в. Парэчча Пінскага р-на] / Алесь Смалянчук // Наша Ніва. 2000. 18 снеж.
  16. Рудовіч, С. “...Беларускі дзеяч з вялікіх паноў” : эпізоды палітычнай біяграфii Рамана Скірмунта / Станіслаў Рудовіч // Гістарычны альманах. Гародня, 1999. Т. 2.
  17. Гадлеўскі, В. Зь беларускага палітычнага жыцьця ў Менску ў 1917–18 гг. : [сяродглаў: “Роля Рамана Аляксандравіча Скірмунта ў тагачасным беларускім жыцьці і ягоныя спробы залажыць бел. абшарніц. партыю”, “Абліскамзап. і разгон Усебеларускага Кангрэсу [1917]”] : рэферат прачытаны ў 1934 г. / В. Гадлеўскі // Спадчына. 1997. № 5. С. 18–39.
  18. Цішук, П. Ён быў патрыётам Радзімы, але памёр “ворагам народа” : Лёс на зломе часу : [Раман Скірмунт] / Пётр Цішук // Народная газета. 1997. 29 жн.
  19. Смалянчук, А. Раман Скірмунт: шлях да Беларусі / Алесь Смалянчук // Спадчына. 1994. № 6. С. 6–10.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2466 разоў Апошняя змена Панядзелак, 06 Красавік 2020 14:36