Аўторак, 18 Чэрвень 2013 10:28

12 ліпеня 2013 г. – 120 гадоў з дня нараджэння Паўла Мартынавіча Гулава (1893–1972), удзельніка Першай і Другой сусветных войн, Ганаровага грамадзяніна г. Брэста

Павел Мартынавіч Гулаў нарадзіўся 12 ліпеня 1893 года ў вёсцы Жураўлёва Рузскага раёна Маскоўскай вобласці ў сям’і беднага селяніна.

{gcontent}З 1912 года ўдзельнічаў у рэвалюцыйным руху. У 1914 годзе быў мабілізаваны ў царскую армію. У час Першай сусветнай вайны Павел Мартынавіч ўдзельнічаў у баях на Заходнім фронце.

Гэта чалавек, які быў у ліку тых, хто ў 1917 годзе усталёўваў Савецкую ўладу ў Расіі. Удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі. Член КПСС з 1917 года.

Удзельнік аднаўлення Савецкай улады ў г. Вязьме. У сакавіку 1917 года Павел Мартынавіч стаў намеснікам старшыні палкавога камітэта і членам Савета салдацкіх дэпутатаў Вяземскага гарнізона. У студзені 1918 года быў камандзіраваны з Вязьмы ў Петраград за грашыма і інструкцыямі аб рабоце Саветаў. У Петраградзе яго прыняў сам У. І. Ленін. Уся наступная праца
П. М. Гулава ў Вяземскім Савеце грунтавалася на ўказах і парадах Уладзіміра Ільіча.

Дэлегат ІІ Усерасійскага з’езда Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Да 1920 года П. М. Гулаў працаваў старшынёй павятовага выканкама Саветаў і рэвалюцыйнага трыбунала г. Вязьмы. У чэрвенi 1920 года накіраваны на Паўднёвы фронт, быў камісарам палка. Удзельнічаў у баях з войскам П. М. Врангеля, фарсіраваў Сіваш, вызваляў Крым. У 1923 годзе дэмабілізаваўся з Чырвонай Арміі, працаваў на кіруючых партыйных і савецкіх пастах у Крыме. Са жніўня 1941 года Павел Мартынавіч стаў ваенным пракурорам стралковай дывізіі ў Чырвонай Арміі.

З 1946 года і да апошніх сваіх дзён П. М. Гулаў жыў у Брэсце, куды быў накiраваны на працу ў пракуратуру. Да выхаду на пенсію ў 1960 годзе ён працаваў намеснікам пракурора вобласці, быў членам гаркама КПБ, дэпутатам гарадскога Савета працоўных. Але і на заслужаным адпачынку яму не сядзелася дома. Школьнiкм i студэнтам даводзілася не раз чуць з вуснаў Павла Мартынавіча споведзь пра тыя падзеі, сведкам і ўдзельнікам якіх быў. Гаварыў ён пра перажытае без пафасу. На грамадскіх пачатках дапамагаў журналістам абласной газеты “Заря” разбірацца са скаргамі, загадваў грамадскай прыёмнай газеты. Час ад часу па матэрыялах праверак пісаў артыкулы, i гэта ў яго няблага атрымлівалася. Ён быў прыняты ў Саюз журналiстаў СССР.

Яшчэ пры жыцці старога камуніста аб ім, яго лёсе пісалі газеты, часопісы. У выдавецтве палітычнай літаратуры выйшла ў свет кніга “К вождю за советом”. Аўтар – маскоўскі журналіст І. Б. Брайнін распавядае ў ёй пра людзей, якія сустракаліся ў свой час з У. І. Леніным. Адным з іх быў П. М. Гулаў. Яму прысвечана ў кнізе асобная глава, якая напісана цалкам на дакументальнай аснове. Як аказалася, Смаленскі архіў захаваў нямала дакументаў аб дзейнасці Вяземскага Савета, дзе працаваў П. М. Гулаў.

Павел Мартынавіч узнагароджаны ардэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, шматлікімі медалямі. Быў персанальным пенсiянерам саюзнага значэння, Ганаровым камсамольцам СШ № 1 г. Брэста. 1 ліпеня 1969 года П. М. Гулаву было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Брэста».

Павел Мартынавіч Гулаў пасля цяжкай працяглай хваробы памёр 19 снежня 1972 года. Пахаваны на Гарнізонных могілках г. Брэста.

У 1973 годзе на магіле быў пастаўлены абеліск. На доме, дзе жыў П. М. Гулаў, у 1974 годзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка (вул. Маякоўскага, 6). У музеі славы гімназіі № 1 (былая СШ № 1) г. Брэста захоўваюцца дакументальныя матэрыялы аб дзейнасці П. М. Гулава. Да 66-годдзя Вялікага Кастрычніка вуліца Двайная слабада ў г. Вязьме была перайменаваная ў вуліцу Паўла Гулава.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, загадчыца інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела

{/gcontent}

  1. Гулов Павел Мартынович // Долготович, Б. Д. Почетные граждане белорусских городов : биограф. справочник / Б. Д. Долготович. Минск, 2008. С. 7–8.
  2. Гулаў Павел Мартынавіч // Памяць : Брэст : гісторыка-дакументальная хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 640.
  3. Гулов Павел Мартынович // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 191.
  4. Павел Мартынович Гулов : [некролог] // Заря. 1972. 21 дек.
  5. Могила Гулова Павла Мартыновича ; Мемориальная доска Гулову Павлу Мартыновичу // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 60, 73.
  6. Брайнин, И. Б. «Буржуазия у вас есть, обложите её контрибуцией…» : [о встрече П. М. Гулова с В. И. Лениным] // Брайнин, И. Б. К вождю за советом / И. Б. Брайнин. Москва : Издательство политической литературы, 1989. С. 68–77.
  7. Ильевский, З. Определяющее начало : [о встрече П. М. Гулова с В. И. Лениным] / З. Ильевский // Советская Белоруссия. 1980. 19 апр.
  8. Малашевский, В. Пятнадцать минут и вся жизнь : Революции лично известен : [о встрече П. М. Гулова с В. И. Лениным] / В. Малашевский // Заря. 1977. 8 нояб.
  9. Малашевский, В. 15 минут и вся жизнь : [вышла в свет книга И. Б. Брайнина “К вождю за советом”. Одна из её глав посвящена П. М. Гулову – почетному гражданину г. Бреста] / В. Малашевский // Товарищ. 2001. 30 марта.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2215 разоў Апошняя змена Панядзелак, 06 Красавік 2020 15:04