Чацвер, 01 Жнівень 2013 09:14

5 верасня 2013 г. – 95 гадоў з часу адкрыцця ў г. Брэсце Польскай дзяржаўнай гімназіі імя Р. Траўгута (1918)

31 сакавіка 1921 года горад Брэст-над-Бугам стаў цэнтрам Палескага ваяводства ў складзе Польшчы.

{gcontent}У будынку былой мужчынскай гімназіі размясцілася найбольш прэстыжная сярэдняя навучальная ўстанова Палескага краю – дзяржаўная гімназія імя Р. Траўгута. Рамуальд Людвікавіч Траўгут (1826–1864) – ураджэнец Брэсцкага павета, удзельнік Крымскай вайны 1853–1856 гадоў, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гадоў у Польшчы, на Беларусі і ў Літве.

Будынак мужчынскай гімназіі – адна з важнейшых архітэктурных пабудоў г. Брэста пачатку ХХ ст. Пабудаваны ў 1904–1905 гадах у “цагляным” стылі і займаў цэлы квартал, абмежаваны вуліцамі Дваранскай (Міцкевіча), Мільённай (Савецкая), Мікалаеўскай (Куйбышава) і гімназічным завулкам (вуліца 9 студзеня). Будынак, узведзены па праекце ваеннага інжынера А. Трэццякова, быў двухпавярховым, П-падобны ў плане. У знешнім дэкоры будынка асабліва прыцягвае ўвагу магутны карніз, які завяршае другі паверх. Унутраная планіроўка калідорная, класныя пакоі арыентаваны на поўдзень.

У Польскай дзяржаўнай гімназіі імя Р. Траўгута вучыліся галоўным чынам дзеці служачых дзяржаўных устаноў, у тым ліку дзеці асоб высокапастаўленых: дачкі суддзі і камандзіра Акругі Корпуса ХІХ генерала Траяноўскага, сын ваяводы Крахэльскага. Напачатку гiмназія была мужчынскай, а потым сталі прымаць і дзяўчынак. Вучоба каштавала 11 злотых у месяц, а пры адсутнасці нездавальняючых адзнак у навучальнай чвэрці плата скарачалася напалову. Некаторыя арганізацыі, у прыватнасці паддырэкцыя аддзялення чыгункі, цалкам пакрывалі сваім работнікам гэты расход.

У кожным класе займаліся пара-тройка дзяцей з праваслаўных і яўрэяў. Па дадзеных на 1929–1930 вучэбны год з 504 навучэнцаў 429 былі польскай нацыянальнасці, 49 – яўрэйскай, 23 – рускай, 2 – украінскай, 1 – беларускай. 249 былі з сямей чыноўнікаў розных ведамстваў, 55 – рабочых, 33 – гандляроў, 31 – прамыслоўцаў, 28 – вольных прафесій, 22 – настаўнікаў, 19 – памешчыкаў, 16 – сялян і г. д.

Гімназія адрознівалася ад іншых вучэбных устаноў строгай дысцыплінай. Дзяўчынкам было пакладзена насіць цёмна-сінія сукенкі школьнага крою з белым каўнерыкам, а спадніца павінна быць у шырокую зморшчыну, панчохі карычневага колеру. Хлопчыкі хадзілі ў форменных касцюмах з гальштукам. Размаўляць дазвалялася толькі па-польску, нават на перапынках, у сценах установы не павінна была гучаць “расейская мова”, інакш маглі прапанаваць перайсці ў рускую гімназію. Выхаваўчыя гутаркі вяліся асобна з дзяўчынкамі і асобна з хлопчыкамі. На перапынках было не чуваць тлуму, размаўлялі напаўголаса.

У канцы 1920-х гадоў у гімназіі быў уведзены эксперымент – Гімназічная Рэч Паспаліта (Рэспубліка). Быў абраны прэзідэнт – вучань 7-га класа, урад, савет міністраў і парламент, а таксама па два дэпутаты ад кожнага класа. Сейм збіраўся два разы на месяц. Пастановы, якія тычыліся жыцця і паводзін навучэнцаў, прымаліся пасля трох чытанняў і зацвярджаліся прэзідэнтам.

Высокая якасць выкладання, дысцыпліна, узровень матэрыяльных магчымасцяў рабілі гэту навучальную ўстанову першую з роўных. Пачаткоўцы, трапляючы ў гэтыя сцены, адчувалі шок: да бляску нацёрты масцікай мазаічны паркет, сцены, якія здаваліся заўсёды свежапафарбаванымі, кветкі, элегантныя плафоны па ўсёй даўжыні калідораў, і ідэальная чысціня... На лесвіцы, якая вяла на другі паверх, ляжала аксамітная дарожка. Прасторныя, добра абсталяваныя класы, прыгожая мэбля, выкладчыцкія сталы – кафедры, з трох бакоў агароджаныя ад цікавых поглядаў панэлькай.

Цесных адносін з іншымі навучальнымі ўстановамі не было, за выключэннем спартыўных спаборніцтваў. У гімназіі працавалі гурткі: навучэнцы маглі займацца гімнастыкай, танцамі, ставілі да святаў міні-спектаклі. Танцавальныя і ўрачыстыя вечары праходзілі ў зале на другім паверсе.

Дырэктарам гімназіі ў той час быў Леон Наноўскі. Выкладчыкам у гімназіі за іх працу плацілі высокую аплату, а ў яе сценах быў сабраны самы моцны ў горадзе педагагічны калектыў.

З найбольш вядомых выпускнікоў гімназіі быў Менахем Бегін (1913–1992), палітычны дзеяч Ізраіля, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру (1978). Гімназію імя Р. Траўгута ён закончыў у 1931 годзе.

З верасня 1939 года польская гімназія перастала дзейнічаць у сувязі з пачаткам II Сусветнай вайны. Да лета 1941 года ў будынку размяшчалася савецкая школа, у 1941–1946 ваенных гадах – шпіталь. Потым там знаходзіўся настаўніцкі інстытут. У 1955–1960 гадах быў надбудаваны трэці паверх – у такім выглядзе будынак былой гімназіі можна ўбачыць і сёння, цяпер у ім размешчаны некаторыя факультэты Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, заг. інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела

{/gcontent}

  1. Сарычев, В. Гимназия им. Траугутта ; Пане профессоже;Вечеринка 1937 года // Сарычев, В. В поисках утраченного времени. Кн. 1 / Василий Сарычев. Брест, 2007. С. 230–237.
  2. Сарычев, В. В.Гимназия им. Траугутта / ВасилийСарычев // Вечерний Брест. 2005. 11 февр. С. 8.
  3. Ващукувна-Каменецка, Д. Брест – город незабываемый / Данута Ващукувна-Каменецка ; пер. с пол. В. Линевич. Брест : издательство С. Лаврова, 2000. 283 с. Из содерж.: [гимназия им. Р. Траугутта]. – С. 108–109, 138.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1876 разоў Апошняя змена Панядзелак, 06 Красавік 2020 15:32