Чацвер, 01 Жнівень 2013 10:49

12 жніўня 2013 г. – 70 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Станіслававіча Кавальчыка (1943), рэжысёра, заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі

Нарадзіўся Міхаіл Станіслававіч Кавальчык 12 жніўня 1943 года ў вёсцы Падлясейкі Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласцi з сялянскай сям’і. Бацька Міхаіла, Станіслаў Іванавіч, быў у партызанах, а маці, Марыя, жыла з дзяцьмі ў вёсцы.

{gcontent}У Міхаіла яшчэ ёсць брат і сястра. У памяць аб нараджэнні сына Міхаіла, восенню 43-га бацька пасадзіў сад з 43-х яблынь, груш i вішняў, сад той і цяпер расце. Станіслаў Іванавіч быў свядомым ў тэхніцы чалавекам, добрым вадзіцелем, гэтыя навыкі ён атрымаў пад час службы ў польскім войску.

У 1971 годзе Міхаіл Кавальчык скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Вучыўся на курсе народнай артысткі Расіі В. П. Рэйдліх. Стажыраваўся ў Вялікім дзяржаўным тэатры ў Ленінградзе. У 1971–1988 гадах працаваў у тэатрах: Брэсцкім абласным драматычным (1971–1975), Дзяржаўным рускім драматычным БССР (1976–1982), галоўным рэжысёрам Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі ў Бабруйску (1982–1988). З 1988 года працаваў у тэатрах Расіі (Краянаярск, Стаўрапаль, Пяцігорск, Валгаград).

Пастаноўкі Міхаіла Кавальчыка і сёння паспяхова ідуць у Валгаградзе, Стаўрапалі, Пяцігорску, Мінску. Ён аднолькава шчодра дзеліцца сваім талентам і з расійскімі студэнтамі ў Валгаградскім дзяржаўным інстытуце мастацтваў і культуры, і з беларускімі – у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. З 2003 года выкладае майстэрства акцёра і рэжысуру музычнага тэатра ў БДАМ. Таму вялікая частка жыцця рэжысёра прыпадае на дарогу з адной радзімы ў іншую, прычым якую з іх пісаць з вялікай літары, а якую з маленькай, Міхаіл Станіслававіч сказаць з ходу нават не можа, аддаючы перавагу называць сябе грамадзянінам Саюзнай дзяржавы.

Радзіму М. Кавальчык пакінуў у 1989 годзе, калi быў галоўным рэжысёрам Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра ў Бабруйску, бо лічыў, што сваю творчую праграму ў ім вычарпаў. Хацелася ставіць больш музычных спектакляў. Таму, калі запрасілі на пастаноўку ў Краснаярскі музычны тэатр і далі нават больш, чым прасіў, – 56 чалавек аркестра, 30 чалавек балета, 40 – хору, ён, натуральна, адмовіцца не мог.

А пасля таго, як праявіў сябе ў Краснаярску, сталі запрашаць ўжо як рэжысёра музычнага тэатра на пастаноўкі ў іншыя гарады. Напрыклад, пераход з Пяцігорска ў Валгаград ініцыяваў дырэктар Валгаградскага муніцыпальнага музычнага тэатра. Ён аднойчы паглядзеў спектакль
М. Кавальчыка і зрабіў яму сваю прапанову – стаць рэжысёрам тэатра.

Калі Міхаіл Станіслававіч ужо працаваў у Валгаградскім музычным тэатры, дырэктар мясцовага дзяржаўнага опернага тэатра “Царицынская опера” стаў клікаць яго да сябе галоўным рэжысёрам. І ён зноў жа з велізарным задавальненнем пагадзіўся, таму што асвоіць яшчэ адзін тэатральны жанр – мара кожнага рэжысёра.

У 2001 годзе М. Кавальчыку прысвоена званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі”.

Найбольш значныя спектаклі, пастаўленыя М. Кавальчыкам:

  • «Дама-невидимка» П. Кальдэрона;
  • «Коварство и любовь» Ф. Шылера;
  • «Баня» У. Маякоўскага;
  • «Фантазии Фарятьева» А. Сакаловай;
  • «Вишнёвый сад» А. Чэхава;
  • «Бременские музыканты» па бр. Грым;
  • «Венские встречи» І. Штрауса;
  • «Граф Люксембург» Ф. Легара;
  • «За двумя зайцами» па М. Старыцкаму;
  • «Любовный напиток» Г. Даніцэці;
  • «Мистер Икс» І. Кальмана;
  • «Прекрасная Елена» Ж. Оффенбаха;
  • «Свадьба Фигаро» В. Моцарта;
  • «Сильва» І. Кальмана;
  • «Скрипач на крыше» Дж. Бока і Дж. Стайна;
  • «Травиата» Дж. Вердзі і інш.

Творчую прафесію тэатральнага рэжысёра працягвае сын

М. Кавальчыка, Сяргей Міхайлавіч, які з 2008 годы быў галоўным рэжысёрам, а ў 2013 годзе назначаны мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Вялеська Таццяна Славаўна, гал. бібліёграф

{/gcontent}

  1. Кавальчык Міхаіл Станіслававіч // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2002. Т. 1. С. 464–465.
  2. Кавальчык Міхаіл Станіслававіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск : БелЭН, 1998. Т. 7. С. 398.
  3. Марціновіч, Д. Ніжэй або вышэй за ватэрлінію? : [камедыя А. Сухаво-Кабыліна “Вяселле Крачынскага” ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага, рэжысёр Міхаіл Кавальчык] / Дзяніс Марціновіч // Настаўніцкая газета. 2011. 12 сак. С. 8.
  4. Ковальчик, М. Жизнь на две родины : [беседа с театральным режиссёром из Волгограда] / Михаил Ковальчик ; беседовал Владимир Николайчук // Народная газета. 2011. 14 апр. С. 7.
  5. Пепеляев, В. Свадебный переполох : [о спектакле «Свадьба Кречинского» в Национальном академическом драм. театре им. М. Горького] / Валентин Пепеляев // СБ. Беларусь сегодня. 2011. 17 февр. С. 12.
  6. Кавальчык, М. “…Куды вяртацца пасля прэм’еры?” : [інтэрв’ю з гал. рэжысёрам тэатра музычнай камедыі г. Краснаярска] / Міхаіл Кавальчык ; інтэрв’ю ўзяла Жанна Лашкевіч // ЛіМ. 1991. 1 лют. (№ 5). С. 10–11.
  7. http://www.bdam.by/teachers/692.html
  8. http://bdam.by/teachers/668.html
  9. http://www.rosbalt.ru/main/2008/09/01/519314.html

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1789 разоў Апошняя змена Аўторак, 19 Май 2020 14:54