Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 01 Жнівень 2013 10:51

24 снежня 2013 г. – 215 гадоў з дня нараджэння Адама Бярнарда Мiцкевiча (1798, Баранавiцкi р-н цi Навагрудчына – 1855), паэта, грамадскага дзеяча, публiцыста, асветнiка

Адам Міцкевіч нарадзіўся 24 снежня 1798 года на хутары Завоссе Навагрудскага павета (цяпер вёска Завоссе Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і збяднелага шляхціца.

{gcontent}Бацька, Мікалай Міцкевіч, быў адвакатам. Маці, Барбара, паходзіла з Маеўскіх. Міцкевічы былі паланізаванымі беларусамі.

Скончыў Навагрудскую дамініканскую школу ў 1815 годзе і гісторыка-філалагічны факультэт Віленскага ўніверсітэта ў 1819 годзе. Удзельнічаў у тайным студэнцкім таварыстве філаматаў (сяброў навукі), што зрабіла ўплыў на ўсё далейшае жыццё. Першыя паэтычныя творы А. Міцкевіч напісаў пад уплывам філамацкіх ідэй: паэма “Мешка, князь Навагрудскі” (1822), апавяданне “Жывіла” і іншыя.

Настаўнічаў у павятовай школе ў Коўне (1819–1823, Літва). Працягваў кіраваць дзейнасцю філаматаў, якія ў 1821 годзе ператварыліся ў таварыства філарэтаў. У перыяд настаўніцтва ў Коўне А. Міцкевіч пакахаў прыгажуню Марылю Верашчаку. Самыя пяшчотныя лірычныя вершы А. Міцкевіч прысвяціў свайму першаму каханню.

Па стану здароўя быў вымушаны ўзяць адпачынак, жыў у Вільні. Тут ён стварыў паэму “Гражына” (1823), у якой ажывае старажытная гісторыя Літвы-Беларусі, распачаў сваю шматгадовую працу над філасофскім творам “Дзяды”.

Следчая камісія, створаная з мэтай спыніць патрыятычны рух “польскай моладзі ў Літве”, зацікавілася А. Міцкевічам. Ён быў арыштаваны, з кастрычніка 1823 года знаходзіўся ў ссылцы. Жыў у Пецярбургу, Маскве, Адэсе. Сышоўся з дзекабрыстамі К. Рылеевым і А. Бястужавым, удзельнчаў у так званых “руска-польскіх перагаворах”. У Крыму напісаў паэтычны цыкл “Крымскіх санетаў” і шэраг вершаў. Вясной 1826 года ўвайшоў у маскоўскае літаратурнае асяроддзе, зблізіўся з Я. Баратынскім, А. Грыбаедавым,
П. Вяземскім, М. Пагодзіным i iншымі. Пазнаёміўся з А. С. Пушкіным, так пачалося іх сяброўства. Пераклады твораў А. Міцкевіча на рускую мову з’явіліся ў “Московском телеграфе” і мелі вялікі поспех.

Каля пяцi гадоў Адам Міцкевіч пражыў у Расіі. З мая 1829 года ў эміграцыі. Вандраваў па Еўропе, пабываў у многіх гарадах Германіі, Чэхіі, Швейцарыі, пакуль не асеў у Парыжы. У час падарожжа пазнаёміўся з І. Гётэ. У Рыме пасябраваў з рускім мастаком К. Бруловым, амерыканскім пісьменнікам Ф. Куперам. У гэты час А. Міцкевіч распачаў працу над сваім галоўным творам – паэмай “Пан Тадэвуш”. Гэта велічная песня роднай Беларусі, яе першародным пушчам і затуманеным палеткам, расквечаным лугам і салаўіным рэхам. У паэме паэт ўжывае шмат тапонімаў сваёй малой радзімы: Наваградак, Мыш, Ляхавічы, Крашын, Карэлічы, Мір, Дзятлава, Нёман і іншыя.

У 1834 годзе А. Міцкевіч ажаніўся з Цалінай Шыманоўскай, якая нарадзіла шасцёра дзяцей. Каб палепшыць матэрыяльнае становішча, чытаў курс лекцый па лацінскай літаратуры ў Лазанскай акадэміі (1839) і па гісторыі славянскіх літаратур у Калеж дэ Франс у Парыжы (1840–1844).

У 1848 годзе на падтрымку руху карбанарыяў у Італіі арганізаваў Польскі легіён, які, уліўшыся ў армію Гарыбальдзі, да канца змагаўся супраць Аўстрыйскай імперыі. У 1849 годзе рэдагаваў у Парыжы інтэрнацыянальную газету “La Tribune des Peuples” (“Трыбуна народаў”). Вызваленне Польшчы звязваў з нацыянальна-вызваленчай і сацыяльнай барацьбой іншых народаў Еўропы.

Адам Міцкевіч памёр у Канстанцінопалі ад халеры 26 лістапада 1855 года. Цела было перавезена ў Францыю і пахавана на парыжскіх могілках у Манмарансі. У 1890 годзе астанкі перавезены ў Кракаў і пахаваны ў Вавельскім кафедральным саборы.

Творчасць Адама Міцкевіча зрабіла вялікі ўплыў на развіццё беларускай літаратуры. Тыпалагічна блізкая да “Пана Тадэвуша” паэма Якуба Коласа “Новая зямля”. Міцкевічаўскія традыцыі народнасці, рэалізму і рамантызму развівалі М. Танк, А. Куляшоў, В. Таўлай, П. Пестрак,
М. Лужанін, П. Панчанка, Я. Семяжон і іншыя.

Яго імем названы вуліцы ў Навагрудку, Брэсце (з 1922 г.), Гродне і іншых гарадах Беларусі. У Навагрудку працуе дом-музей А. Міцкевіча (адноўлены ў 1955 г.). У Брэсце ў 1965 годзе ўстаноўлены бюст А. Міцкевіча (скульптар А. Шмакаў). У Завоссі Баранавіцкага раёна 8 верасня 1998 года адкрыты музей-сядзіба Міцкевічаў. Нашы гісторыкі, будаўнікі, рэстаўратары ўзнавілі дом і ўсе гаспадарчыя пабудовы.

У Беларусі шырока адзначалася 200-годдзе з дня нараджэння Адама Міцкевіча. Адбыліся навуковыя канферэнцыі, літаратурныя святы і вечарыны. У Брэсце прайшла навукова-практычная канферэнцыя “Асоба і творчасць Адама Міцкевіча ў кантэксце сусветнай культуры” (11–12 сак. 1998 г.).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

{/gcontent}

Творы А. Міцкевіча

  1. Гражына : [урыўкі] ; Пан Тадэвуш : [урыўкі] ; Да Нёмана : [варыянты перакладу] ; Пра Беларусь і беларускую мову / Адам Міцкевіч // Беларуская літаратурная спадчына : анталогія : у 2 кн. Мінск : Беларуская навука, 2011. Кн. 1. С. 280–295.
  2. Пілігрым / Адам Міцкевіч ; пер. на бел. мову, улад., маст. афармленне Г. Шэўмера. Мінск : Кнігазбор, 2010. 15 с.: іл.
  3. Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве / Адам Міцкевіч ; прадмова К. Цвіркі. Мінск : Мастацкая літаратура, 2010. 438 с.: іл. (Школьная бібліятэка).
  4. Пан Тадэвуш (зачын) ; Гражына ; Свіцязь ; Свіцязянка ; Рыбка ; Люблю я ; Лілеі ; Да Нёмана / Адам Міцкевіч // Мае браты, мае суседзі : творы пісьменнікаў блізкага замежжа / уклад., уступ. арт. Т. Кабржыцкай. Мінск : Мастацкая літаратура, 2008. (Бібліятэка школьніка). С. 332–400.
  5. Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве / Адам Міцкевіч ; пер. з пол. мовы і камент. Я. Семяжона; прадмова К. Цвіркі. Мінск : Мастацкая літаратура, 2007. 415 с.: іл. (Бібліятэка школьніка).
  6. Две баллады : [“Свитязь” ; “Тукай”] / Адам Мицкевич ; пер. С. Свяцкий // Новая Польша. 2006. № 4. С. 36–41.
  7. Пан Тадэвуш : (урывак з быліцы першай) / Адам Міцкевіч ; пер. Б. Тарашкевіча // Я тут бачу свой край… : Маладзечаншчына літаратурная : проза, паэзія, публіцыстыка, драматургія. Мінск : Мастцакая літаратура, 2005. С. 91–95.
  8. Сон ; Да*** ; У альбоме Цаліне Ш. ; У альбом С. Б. ; І. Да Лауры ; ХVІ. Дабранач / Адам Міцкевіч // Яна і Я: вершы і песні пра каханне. Мінск : Радыёла-прлюс, 2005. С. 78–84.
  9. Выбраныя творы / Адам Міцкевіч; уклад., прадм. і камент. К. Цвіркі. Мінск : Беларускі кнігазбор, 2003. 640 с., 8 с. іл.
  10. Дзяды : паэма / Адам Міцкевіч ; пер. і ўступ. арт. К. Цвіркі. Мінск : Беллітфонд, 2001. 302 с. : іл.
  11. Вершы і паэмы / Адам Міцкевіч ; прадмова А. Лойкі. Мінск : Мастацкая літаратура, 2000. 279 с.

 

Аб жыцці і творчасці А. Міцкевіча

  1. Адам Міцкевіч // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч. Брэст : Брэсцкая друкарня, 2008. С. 94–99.
  2. Мицкевич Адам // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2007. Т. 5. С. 125–126.
  3. Міцкевіч Адам // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2000. Т. 10. С. 488–489.
  4. Міцкевіч Адам // Мысліцелі і асветнікі Беларусі. Х–ХІХ стагоддзі : энцыклапедычны даведнік / склад. Г. А. Маслыка. Мінск : БелЭн, 1995. С. 498–505.
  5. Вонтрубский, Л. Музей Адама Мицкевича в Новогрудке / Лешек Вонтрубский // Новая Польша. 2010. № 1. С. 69–70.
  6. Булыга, А. Беларусізмы ў мове паэзіі Адама Міцкевіча / Аляксандр Булыга // Роднае слова. 2010. № 3. С. 40–42.
  7. Праневіч, Г. М. А. Міцкевіч па-беларуску, альбо Пераклад як фактар нацыянальна-культурнай самаідэнтыфікацыі ў беларускім рамантызме ХІХ–ХХ стст. / Г. М. Праневіч // Весці Брэсцкага ўніверсітэта. Серыя філалагічных навук. 2009. № 2. С. 76–87.
  8. Брусевіч, А. Адам Міцкевіч і беларускі рамантызм / Анатоль Брусевіч // Актуальныя праблемы паланістыкі : зб. арт. Мінск : Права і эканоміка, 2009. С. 45–53.
  9. Міцкевіча Адама дом-музей ; МицкевичаАдама дом-музей : [г. Новогрудок] ; Мицкевичей музей-усадьба “Заосье” ; Міцкевічаў музей-сядзіба “Завоссе” ; // Музеi Беларусi. Музеи Беларуси. Мiнск : БелЭн, 2008. С. 391–397.
  10. Міцкевіч Адам // 250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур. Мінск, 2008. С. 194–198.
  11. Ляшук, В. Я. Адам Міцкевіч // Ляшук, В. Я. Літаратурная Берасцейшчына : краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. Мінск : Литература и Искусство, 2008. С. 101–108.
  12. Ліхадзееў, У. Адам Міцкевіч на паштоўках канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя / Уладзмір Ліхадзееў ; уступ. арт. А. Мальдзіса. Мінск : Тэхналогія, 2008. 223 с.: іл. (У пошуках страчанага).
  13. Янушкевіч, Я. “Ты – скала…”, або Незапатрабаваная вяршыня – Адам Міцкевіч / Язэп Янушкевіч // Роднае слова. 2008. № 12. С. 3–6.
  14. Белявец, А. Адметнасці погляду : [пра пленэр фатографаў “Па мясцінах А. Міцкевіча”] / А. Белявец // Мастацтва. 2008. № 10. С. 20.
  15. Рыбчонак, С. А. З гісторыі Завосся Міцкевічаў / С. А. Рыбчонак, У. М. Пярвышын // Архіварыус : зб. навук. паведамленняў і артыкулаў. Мінск, 2007. Вып. 5. С. 203–214.
  16. Мальдзіс, А. І. У якім Завоссі нарадзіўся Адам Міцкевіч ; “Малая”, “сярэдняя” і “вялікая” Радзімы Адама Міцкевіча // Мальдзіс, А. І. Выбранае / Адам Іосіфавіч Мальдзіс ; уклад. В. Грышкевіч. Мінск : Кнігазбор, 2007. С. 427–430, 437–442. (Беларускі кнігазбор. Сер. ІІ. Гісторыка-літаратурныя помнікі).
  17. Беспамятных, Н. “Малая Родина»: от литературной метафоры к научной категории / Н. Беспамятных // Мастацкая адукацыя і культура. 2007. № 2. С. 18–22.
  18. Адам Мицкевич и польский романтизм в русской культуре : сб. статей. Москва : Наука, 2007. 283 с.
  19. Чаропка, В. Пясняр Літвы. Адам Міцкевіч // Чаропка, В. Лёсы ў гісторыіі / Вітаўт Чаропка. Мінск : Беларусь, 2005. С. 425–441.
  20. Малахоўскі-Лэмпіцкі, С. Міцкевіч і вольнае мулярства / Станіслаў Малахоўскі-Лэмпіцкі // Вольныя муляры ў беларускай гісторыі / Бел. гіст. таварыства. Вільня : Gudas, 2005. С. 148–156.
  21. Еўмянькоў, В. І. Гісторыя “славянскасці” ў творчасці Адама Міцкевіча / В. І. Еўмянькоў // Весці Бел. дзярж. пед. ун-та імя М. Танка. Серыя 1. 2005. № 2.
  22. Адам Міцкенвіч – “геній памежжа культур” : матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі // Народная асвета. 2005. № 11. С. 67–77.
  23. Ляшук, В. Я. Вывучэнне творчасці Адама Міцкевіча ў школе : дапам. для настаўнікаў / Вера Якаўлеўна Ляшук. Мінск : Аверсэв, 2003. 110 с.
  24. Климчук, В. Чей поэт А. Мицкевич? / Виталий Климчук ; вступ. ст. М. А. Багдановiча. 2 изд., доп. Брест : Лавров, 2003. 90 с., 8 л. ил.
  25. Климец, М. Младший брат Адама Мицкевича : [об Александре Мицкевиче (1801–1871), историке, этнографе, юристе, похороненном в Кобрине] / Михаил Климец // Заря. 2002. 9 апр.
  26. Хай на зямлі яго не згасне след : Да 200-годдзя з дня нараджэння Адама Міцкевіча : бібліяграфічны паказальнік / Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага. Брэст : Выд-ва С. Лаўрова, 1998. 96 с.
  27. Мархель, У. І. “Ты як здароўе…” : Адам Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння беларускай літаратуры / У. І. Мархель. Мінск : Беларуская навука, 1998. 125 с.
  28. Друшчыц, С. “І колькі там роднага сэрцу майму…” : [пра музей-сядзібу А. Міцкевіча ў Завоссі] / С. Друшчыц // Роднае слова. 1998. № 10. С. 166–174.
  29. Барысюк, У. Адам Міцкевіч у беларускім гучанні : [пра міжнар. навук.-практ. канферэнцыю “Асоба і творчасць А. Міцкевіча ў кантэксце сусветнай культуры”] / У. Барысюк // Народная трыбуна. 1998. 14 сак.
  30. Адам Міцкевіч / Расціслаў Пратасевіч, Станіслаў Рачэўскі // Берасцейскія карані ‘98 : гіст.-краязн. і літ. зб. Брэст, 1998. С. 31–39.
  31. Адам Міцкевіч і Беларусь. Adam Mickiewicz a Bialorus / укл. В. Грышкевіч. Мінск : ННАЦ імя Ф. Скарыны, 1997. 318 с.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2036 разоў Апошняя змена Панядзелак, 06 Красавік 2020 15:45