Чацвер, 01 Жнівень 2013 13:47

20 верасня 2013 г. – 70 гадоў з дня нараджэння Нiны Iосiфаўны Мацяш (1943, Бярозаўскi р-н – 2008), пiсьменнiцы, перакладчыцы, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусi, лаўрэата Лiтаратурнай прэмii iмя А. Куляшова (1984)

Ніна Іосіфаўна Мацяш нарадзілася 20 верасня 1943 года ў в. Нівы Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і.

{gcontent}Была восьмым дзiцём у сям’і. Бацька, Іосіф (Язэп) Мікалаевіч Мацяш, быў самаадукаваным чалавекам, прывіў дзецям, асабліва Ніне, цікавасць да вучобы, да чытання. Дзякуючы яму, у хаце заўсёды былі кнігі. Маці, Алена Сымонаўна (у дзявоцтве Сеч), была вельмі працавітай, добрай.

Вучылася Ніна ў Ніўскай сямігодцы, у 1960 годзе закончыла Бярозаўскую сярэднюю школу і паступіла ў Мінскі педагагічны інстытут замежных моў на факультэт французскай мовы, марыла стаць перакладчыцай. На трэцім курсе цяжка захварэла, вымушана была ўзяць акадэмічны водпуск, закончыла ВНУ ў 1966 годзе. Нягледзячы на цяжкае фізічнае становішча выкладала нямецкую мову ў Белаазёрскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы (1973–1977).

Пісаць вершы пачала ў студэнцкія гады. Першая публікацыя вершаў (на рускай мове) з’явілася ў 1962 годзе ў бярозаўскай раённай газеце “Маяк коммунизма”. З 1967 года пачала пісаць па-беларуску.

У 1970 годзе выйшла першая кніга Ніны Мацяш “Агонь”, у якой паэтэса акрэсліла кола праблем, як духоўных, маральных, так і будзённа-бытавых, якія абазначылі яе творчы шлях. Аўтар зборнікаў вершаў “Удзячнасць” (1973), “Ралля суровая” (1976), “Прыручэнне вясны” (1979), “Поўны келіх” (1982), “Жнівень” (1985), “Шчаслівай долю назаві…” (1990), “Паміж успешкай і слязой” (1993), “Я вас люблю” (1998), “Богава дрэва” (2004) i iнш. Сябар Саюза пісьменнікаў БССР з 1971 года.

У сваіх вершах яна асэнсоўвае розныя бакі чалавечага быцця. Творы ўдала сумяшчаюць філасофскую разважлівасць, дасціпнасць, аптымізм, што перакрываюць адчуванне болю і смутку. Як вядома, пераадольваць маральныя і фізічныя пакуты Ніне Іосіфаўне даводзілася амаль усё жыццё. Але складаны лёс толькі расшырыў яе паэтычны талент.

Паэзія Н. Мацяш перакладзена на рускую, англійскую, французскую, польскую, украінскую і іншыя мовы. Вершы паэтэсы пакладзены на музыку беларускімі кампазітарамі В. Перапёлкіным, М. Марозавым, С. Куксай,
Л. Міхайлоўскім, А. Марозавым. У 2004 годзе выйшла аўдыякасета “Бэзавая завіруха”, якая змяшчае вершы ў выкананні Н. Мацяш, песні на яе творы.

Пісала для дзяцей казкі, п’есы для тэатра лялек, тэлесцэнарыі. Актыўна выступала як крытык і літаратуразнавец. Актыўна займалася мастацкімі перакладамі з французскай, нямецкай, польскай, украінскай моў кніг
Ж. Аліўе, Ж. Сіменона, А. Сент-Экзюперы, Л. Кастэка, В. Барны,
В. Шымборскай і іншых, асобных твораў П. Беранжэ, П. Мерымэ, Ф. Шылера, Ю. Славацкага, Т. Хрусцялеўскага, А. Гаўрылюка, П. Маха,
Л. Кастэнка і іншых.

Пісьменніца вяла актыўную грамадскую дзейнасць, праводзіла творчыя сустрэчы і пасяджэнні, была частым госцем у школах i бібліятэках, прымала ўдзел у пісьменніцкіх з’ездах. Была старшынёй абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў (2006–2008), ініцыятарам і складальнікам абласнога літаратурнага альманаха “Жырандоля” (выдаецца з 2008 г.).

Н. І. Мацяш – заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублiкi Беларусь (1994), лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова (1984), ганаровага звання “Берасцейская зорка – 1998” у намінацыі “Літаратура”, Літаратурнай прэміі Брэсцкага аблвыканкама імя У. Калесніка (2009), Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Р. Скаварады, прэміі Усебеларускага фестывалю моладзі, прысвечанага 50-годдзю ЛКСМБ (1970), ганаровы грамадзянін г. Белаазёрска (1988). Узнагароджана медалём “За доблестный труд”.

Ніна Іосіфаўна Мацяш заўчасна памерла 19 снежня 2008 года.

На доме, дзе жыла пісьменніца, устаноўлена мемарыяльная дошка (вул. Леніна, 48). У в. Нівы яе імянем названа вуліца. У 2010 годзе яе імя дадзена Белаазёрскай гарадской бібліятэцы Бярозаўскай РЦБС, ва ўстанове створана музейная экспазіцыя. Да дня нараджэння пісьменніцы бібліятэка ладзіць паэтычныя чытанні “Бабіна лета з Нінай Мацяш”.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

{/gcontent}

 

Творы Н. Мацяш

  1. У прыгаршчах ветру : вершы, пераклады, эсэ / Ніна Мацяш ; прадмова Г. Праневіча. Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2009. 143 с.
  2. Ступай у мае сляды : [вершы] / Ніна Мацяш // Дзеяслоў. 2009. № 1 (38). С. 89–94.
  3. “Жыццё стамляе…” : [вершы] / Нiна Мацяш (1943–2009) // Жырандоля – 2 : літаратурны альманах. Мінск : Кнігазбор, 2009. С. 3–14.
  4. Вічний корiнь душi : поезiї / Нiна Мацяш ; пер. на ўкр. мову. Тернопiль : Лiлея, 2005. 90 с.
  5. Шымбарска, В. Хвіля : [на бел. і пол. мовах] / Віслава Шымбарска ; пер. з пол. і ўступ. арт. Ніны Мацяш. Мінск : Беларускі кнігазбор, 2005. 67 с.
  6. Жакмэн, Ф. Поры году / Франсуаза Жакмэн ; пер. з фр. Ніны Мацяш. Мінск : Беларускі кнігазбор, 2003. 115 с. : іл.
  7. Богава дрэва : вершы / Ніна Мацяш. Мінск : Про Хрысто, 2004. 67 с. (Бібліятэка часопіса “Наша вера”).
  8. Багаславі сустрэчу мне… : выбраная лірыка Плеяды / пер. з фр. Ніны Мацяш. Берасьце, 2001. 166 с. (Паэзія народаў свету).
  9. Душою з небам гаварыць : выбраная лірыка / Ніна Мацяш. Мінск : Мастацкая літаратура, 1999. 462 с. (Беларуская паэзія ХХ стагоддзя).
  10. Я вас люблю… : вершы-прысвячэнні / Ніна Мацяш. Брэст : Упраўленне па друку аблвыканкама, 1998. 61 с.
  11. Барна, В. Мелодыя срэбнае ночы : вершы / Валадзімір Барна ; пер. з укр. Ніны Мацяш. Брэст : Лаўроў, 1998. 69 с.
  12. Паміж успешкай і слязой : вершы і паэмы (1962–1992) / Ніна Мацяш ; прадмова У. Калесніка. Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. 301 с.
  13. Шчаслівай долю назаві… : лірыка / Ніна Мацяш. Мінск : Мастацкая літаратура, 1990. 110 с.
  14. Паварот на лета : вершы, паэмы / Ніна Мацяш. Мінск : Мастацкая літаратура, 1986. 158 с. (Бібліятэка беларускай паэзіі).

 

Аб жыцці і творчасці Н. Мацяш

  1. Матяш Нина Иосифовна // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 2. С. 82.
  2. Матяш Нина Иосифовна // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2007. Т. 4. С. 678.
  3. Матяш Нина Иосифовна // Кто есть кто в Республике Беларусь. Минск : Энциклопедикс, 2004. С. 188.
  4. Мацяш Ніна Іосіфаўна // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2000. Т. 10. С. 233.
  5. Мацяш Ніна // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у
    6 т. Мінск, 1994. Т. 4. С. 265–269.
  6. 20 верасня – 70 гадоў з дня нараджэння Н. І. Мацяш (1943–2008), пісьменніцы, перакладчыцы // Даты беларускага календара 2013 : дадатак да бюлетэня “Новыя кнігі: па старонках беларускага друку”, 2013. № 5. С. 15–18.
  7. Мацяш, Н. Трымаючыся на любові / Ніна Мацяш ; размаўляла
    А. Усцілоўская // Дыялог. 2007. № 4. С. 22–23.
  8. З сямейнага альбома пісьменніцы-зямлячкі Ніны Мацяш / Мікола Жуковіч, Вольга Аляксеева, Мікіта Воўк, Аляксандр Пазняк : [пра бацькоў і дзіцячыя гады Н. Мацяш] // Жырандоля № 4 : літаратурны альманах. Брэст : Брэсцкая друкарня, 2012. С. 12–34.
  9. Валасюк, Л. Мы яе вельмi любiм… : Памяцi пра Нiну Мацяш / Леанiд Валасюк // Брестский курьер. 2012. 4 окт. (№ 40). С. 32.
  10. Дасаева, Т. М. Пяром самоты і агню (Ніна Мацяш) / Т. М. Дасаева // Беларуская літаратура ў кантэксце часу : літаратуразнаўчыя артыкулы, рэцэнзіі, эсэ : вучебна-метадычны дапаможнік / Т. М. Дасаева. Мінск, 2011. С. 94–108.
  11. Жуковіч, М. З сямейнага альбома Ніны Мацяш / Мікола Жуковіч, Вольга Аляксеева // Маладосць. 2011. № 8. С. 111–115.
  12. Новік, М. “Гадаванка палескае глебы…” : жывое народнае слвоа ў кантэксце твораў Ніны Мацяш / Марыя Новік // Роднае слова. 2011. № 9. С. 46–50.
  13. Аб прысваенні Белаазёрская гарадской бібліятэцы імя Ніны Мацяш : [рашэнне Брэсцкага аблвыканкама № 43 ад 22 студз. 2010 г.] // Заря. 2010. 26 янв. С. 3.
  14. Макарэвіч, К. Т. Філасофскія матывы ў лірыцы Ніны Мацяш /
    К. Т. Макарэвіч // Сёмыя Танкаўскія чытанні : да 95-годдзя Беларус. дзярж. пед. ун-та імя М. Танка : зборнік навуковых артыкулаў. Мінск, 2010. С. 109–111.
  15. Новік, М. Самацветы Ніны Мацяш / Марыя Новік // Роднае слова. 2010. № 5. С. 52–55.
  16. Падаляк, У. Бабіна лета разам з Нінай Мацяш / Уладзімір Падаляк // ЛiМ. 2010. 15 кастр. (№ 41). С. 1.
  17. Багамолава, А. “Пражыла жыццё, як птушка…” : семантыка-стылістычная характарыстыка паэтычных тропаў Ніны Мацяш / Алена Багамолава // Роднае слова. 2010. № 5. С. 48–51.
  18. Каско, А. Цяжкі камень, важкі колас : [памяці Н. Мацяш] / Алесь Каско // Жырандоля – 2 : літаратурны альманах. Мінск : Кнігазбор, 2009. С. 20–26.
  19. Бічэль, Д. У краіне промняў ясных… / Данута Бічэль // Наша вера. 2009. № 1. С. 58–60.
  20. Паплаўскі, А. Душа не бачыць дна свайго / Алесь Паплаўскі. Быць музею Ніны Мацяш! / Мікола Берлеж // ЛіМ. 2009. 4 снеж. (№ 46).
    С. 12.
  21. Сяленя, Я. Была і засталася творцам і асобай / Яўген Сяленя // Маладосць. 2009. № 2. С. 133–135.
  22. Жуковіч, В. У вянок памяці : [успаміны аб Ніне Мацяш] / В. Жуковіч // Настаўніцкая газета. 2009. 6 студз. С. 4.
  23. Крэёдзіч, А. Яна пакінула нам запававет – быць адзінымі : у вянок памяці Ніны Мацяш / Анатоль Крэйдзіч // Заря. 2008. 23 дек. С. 4.
  24. Валасюк, Л. Незабыўная сустрэча : [успаміны мастака аб Ніне Мацяш] / Лявон Валасюк // ЛiМ. 2008. 19 верас. (№ 38). С. 6.
  25. Аляхновіч, Н. Роднае слова ў кантэксце дабрыні : паэтычныя пошукі Ніны Мацяш / Ніна Аляхновіч // Роднае слова. 2008. № 9. С. 56–57.
  26. Королевич, С. А. Вербально-смысловое пространство лермонтовского текста в интерпретации Нины Матяш / С. А. Королевич // Имя и слово : (проблемы семантико-прагматического взаимодействия в славянских языках) : материалы межд. науч. конференции, 19–20 апр. 2007 г. : в
    2 ч. Брест : БрГУ, 2007. Ч. 1. С. 212–216.
  27. Праневіч, Г. Дарога духу, альбо Жыццё святой Ніны : [аб хрысціянскіх традыцыях у паэзіі Ніны Мацяш] / Генадзь Праневіч // Имя и слово : (проблемы семантико-прагматического взаимодействия в славянских языках) : материалы межд. науч. конференции, 19–20 апр. 2007 г. : в 2 ч. Брест : БрГУ, 2007. Ч. 2. С. 217–226.
  28. Абрамова, Е. Метафора в творчестве Нины Матяш / Е. Абрамова // Веснік Брэсцкага ўніверсітэта. Серыя філалагічных навук. 2007. № 2.
    С. 72–77.
  29. Шматкова, І. Тэма Радзімы ў творчасці Еўдакіі Лось і Ніны Мацяш /
    І. Шматкова // Роднае слова. 2007. № 5. С. 27–30.
  30. Новік, М. Давермася найлепшаму ў сабе : Афарыстычныя словы Ніны Мацяш / Марыя Новік // Роднае слова. 2006. № 9. С. 38–40.
  31. Тварановіч, Г. Вернасць жыццю і лёсу : [пра кнігу Н. Мацяш “Богава дрэва”] / Галіна Тварановіч // Тэрмапілы. 2005. № 9. С. 249–252.
  32. Смаль, В. Метафізіка кахання ў паэзіі Ніны Мацяш / В. Смаль // V Рэспубліканскія Калеснікаўскія чытанні : матэрыялы рэсп. навук. канферэнцыі, 24–26 лют. 2005 г. Брэст : Академия, 2005. С. 272–274.
  33. Матусевіч, Т. “Той час, які прассякнуты табою…” : лірыка кахання Ніны Мацяш / Таццяна Матусевіч // Роднае слова. 2005. № 9. С. 17–20.
  34. Смаль, В. “Шукайце мяне ў маіх творах…” : пераклады Ніны Мацяш / Вячаслаў Смаль // Роднае слова. 2004. № 8. С. 23–26.
  35. Праневіч, Г. Душы свячэнне : [творчасць паэтэсы Н. Мацяш] / Генадзь Праневіч // ЛіМ. 2004. 9 ліп. (№ 28). С. 6.
  36. Калядка, С. Вернасць радасці. Лірыка Ніны Мацяш / Святлана Калядка // Роднае слова. 2002. № 3. С. 13–17.
  37. Смаль, В. Сістэма колеравызначэнняў у паэтычным слове Ніны Мацяш / В. Смаль // ІІ Научно-методическая конференция молодых ученых (17–19 мая 2000 г.) : сборник материалов. Брест : БрГУ, 2000. С. 141–142.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 3217 разоў Апошняя змена Панядзелак, 06 Красавік 2020 15:48