Панядзелак, 05 Жнівень 2013 11:01

23 кастрычніка 2012 г. – 70 гадоў з дня нараджэння Івана Піліпавіча Супрунчыка (1942), народнага майстра Беларусі, разьбяра па дрэве, мастака, этнографа

Іван Піліпавіч Супрунчык нарадзіўся 23 кастрычніка 1942 года ў вёсцы Цераблічы Столінскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і.

{gcontent}У Піліпа Фядотавіча (1910–1944) і Аксінні Сцяпанаўны Супрунчык (1913–2000) ён быў чацвёртым. Бацька загінуў на фронце ў час вызвалення Польшчы. Дзяцінства Івана было асвечана пяшчотнай любоўю маці і яе асаблівым клопатам пра меншага з дзяцей. Ад маці Іван атрымаў неацэнны скарб гістарычнай памяці аб зямлі, на якой нарадзіўся, і пакаленнях людзей, якія тут жылі. Вельмі значную ролю ў духоўным станаўленні мастака мела яго хросная маці Арына Васільеўна Паўловіч (1913–2010).

Маляваць Івана ніхто не вучыў, сам маляваў гадоў з десяці. У Цераблічах да 1956 года не было нават электрычнасці, а ў юнака было гарачае жаданне ведаў, пешшу хадзіў за 18 км у Давыд-Гарадок у бібліятэку, браў кнігі пра мастакоў і мастацтва.

У 1961–1964 гадах Іван Супрунчык служыў у Савецкай Арміі (Магілёўская вобл.), дзе яму даручалі афармляць насценгазеты. Потым працаваў мастаком-афарміцелем у калгасе “Праўда”, маляваў транспаранты, лозунгі. У 1965 годзе ажаніўся з Марыяй Іванаўнай Сімончык, настаўніцай пачатковых класаў. Уладкаваўся працаваць бібліятэкарам ў Церабліцкую сельскую бібліятэку, якую тады адкрылі. У 1980 годзе завочна скончыў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Адпрацаваў у бібліятэцы 36 гадоў, да выхаду на пенсію.

У 1966–1970 гадах завочна вучыўся ва Усесаюзным народным універсітэце мастацтва імя Н. Крупскай (Масква) на факультэце малюнка і жывапісу. Працуе ў станкавай і манументальна-дэкаратыўнай скульптуры. Аўтар жанравых кампазіцый на тэмы Вялікай Айчыннай вайны, беларускага фальклору, твораў Я. Купалы і Я. Коласа. Іван Супрунчык паставіў у Цераблічах сем помнікаў загінуўшым у апошнюю вайну аднавяскоўцам.

Удзельнік мастацкіх выстаў з 1967 года, пленэраў і семінараў з 1980 года (Гродна, Навагрудак, Стоўбцы, Баранавічы, Іванава, Русіна Баранавіцкага раёна, Кобрын, Брэст, Гарадная Столінскага раёна). Беларускім разьбярам пленэры давалі магчымасць творча рэалізаваць сябе. Калектыўная праца і нефармальныя зносіны ўтварылі сяброўскае кола таленавітых разьбяроў з розных месц Беларусі: Іван Супрунчык, Уладзімір Чыквін, Аляксандр Лазерка, Ірына Кушнярук, Міхаіл Корабаў, Анатоль Маголін, Анатоль Туркоў і іншыя.

З цягам часу разьбярская манера майстра змянілася. Ён адмовіўся ад дапрацоўкі скульптуры разцамі і цяпер працуе выключна сякерай. Нават маленькіх каляднікаў высякае толькі адной сякерай. Пластыка яго скульптур зрабілася больш напружанай, вобразы страцілі статыку. Здаецца, што майстар спяшаецца ўвасобіць вобразы, якія нарадзіліся ў яго ўяўленні і патрабуюць для сябе волі. Валоданне інструментам – сякерай даведзена Іванам Супрунчыкам да віртуознасці. У апошнія гады часцей звяртаецца да алоўкаў і пэндзля, паявіліся серыі графічных твораў, прысвечаных беларускім абрадам і традыцыям.

У 1989 годзе праведзена персанальная выстава І. Супрунчыка “Партрэт з сякерай” у рамках ІІІ Усерасійскага фестывалю народнай творчасці на ВДНГ (Масква). Персанальныя выставы былі наладжаны таксама ў Століне, Пінску, Брэсце, Мінску, Кіеве, Галандыі і Польшчы.

Захапленне этнаграфіяй вылілася ў калекцыю прадметаў сялянскога побыту, якая знайшла прытулак пры бібліятэцы. У 1996 годзе ўрачыста адкрыта бібліятэка-музей у Цераблічах, у 2001 годзе Церабліцкаму грамадскаму музею этнаграфіі прысвоена званне “народны”. Музейная прастора – асобны маштабны твор мастака. Іван Піліпавіч – аўтар канцэпцыі музейнай экспазіцыі і яе дызайнер. У экспазіцыі музея дакументальныя і рэчавыя помнікі гісторыі Цераблічаў злучаны разам з драўлянымі і графічнымі творамі мастака, у якіх увасоблены яго роздум пра лёс чалавека ад нараджэння да смерці і повязь з продкамі. Кожнай рэчы і кожнаму твору знойдзена тут адпаведнае іерархіі жыццёвых каштоўнасцей месца.

Творы майстра знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага музея РБ, Музея старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі, Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, Столінскага раённага краязнаўчага музея, Мотальскага музея народнай творчасці і інш.

Узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта РБ дзеячам культуры і мастацтва “За духоўнае адраджэнне” за 2000 год у намінацыі “народная творчасць” за пластычнае ўвасабленне ў традыцыйнай разьбе па дрэве беларускіх фальклорных матываў. У 2001 годзе І. П. Супрынчык прыняты ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці. Узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры РБ за значны асабісты ўклад у развіццё бібліятэчнай справы (2002). У 2003 годзе ўдастоены звання “Народны майстар Беларусі”. У 2005 годзе атрымаў Гран-пры ХІV Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” ў рамках кірмашу-конкурсу народных рамёстваў і промыслаў.

У 2008 годзе І. П. Супрунчык стаў Ганаровым грамадзянінам Столінскага раёна.

Да 70-годдзя народнага майстра ў выставачнай зале Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра была адкрыта выстава скульптур і графікі “Палеская Атлантыда”, адбыўся творчы вечар і прэзентацыя альбома “Палескія былі ў творах Івана Супрунчыка”.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

{/gcontent}

  1. Палескія былі ў творах Івана Супрунчыка / аўтар тэксту і ўклад. В. Лабачэўская, фотамастак Г. Ліхтаровіч. Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2012. 247 с.: іл.
  2. Супрунчик Иван Филиппович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 2. С. 393.
  3. Супрунчик Иван Филиппович // Кто есть кто в Республике Беларусь. 2009. Минск : Энциклопедикс, 2009. С. 224–225.
  4. Мастацкія скарбы Івана Супрунчыка : легенды і паданні ў скульптурах і замалёўках / аўт. тэксту і ўклад. Л. Быцко, С. Несцярэнка. Брэст, 2007. 24 с.: іл.
  5. Супрунчык Іван Піліпавіч // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Столінскага раёна. Мінск : БЕЛТА, 2003. С. 520–521.
  6. Жыцця імгненні Івана Супрунчыка / Брэсцкі абл. грам.-культ. цэнтр ; склад. Л. М. Быцко. Брэст, 2002. 12 с.: іл.
  7. Супрунчык Іван Піліпавіч // Энцыклапедыя культуры і мастацтва Беларусі. : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 193.
  8. Лазоўскі, К. Як надзяляюцца людзі талентам : [творчасць І. П. Супрунчыка] / Кастусь Лазоўскі // ЛіМ. 2012. 30 лістап. (№ 48). С. 24.
  9. Сеген, Т. Усё геніяльнае проста : [да 70-годдзя народнага майстра І. П. Супрунчыка] / Таццяна Сеген // Навіны Палесся (Столін). 2012. 23 кастр. С. 1–2.
  10. Сеген, Т. Нізка пакланюся мастаку : [пра вечар-ушанаванне народнага майстра І. П. Супрунчыка ў Цераблічах] / Таццяна Сеген // Навіны Палесся (Столін). 2012. 26 кастр. С. 5.
  11. Гармель, Е. «Полесская Атлантида» Ивана Супрунчика : [об открытии выставки И. Супрунчика в выставочном зале Брестского ОКЦ (26 окт.)] / Елена Гармель // Заря. 2012. 1 нояб. С. 13.
  12. Валасюк, Л. Палескiя былі Івана Супрунчыка : [пра адкрыццё выставы І. Супрунчыка ў выставачнай зале Брэсцкага ГКЦ (26 кастр.)] / Л. Валасюк // Брестский курьер. 2012. 1 нояб. (№ 44). С. 10.
  13. Багданава, К. “Я Беларусь на сметніках збіраю…” : [пра адкрыццё выставы І. П. Супрунчыка ў выставачнай зале Брэсцкага ГКЦ (26 кастр.)] / Кацярына Багданава // Вечерний Брест. 2012. 31 окт. С. 7.
  14. Куницкий, П. «Сокровище» старой хаты : [о музее этнографии и быта, который создал И. Супрунчик в д. Теребличи Столинского р-на / Павел Куницкий // Вечерний Брест. 2011. 11 февр. С. 7.
  15. Кудласевіч, А. Скарбы Палесся / А. Кудласевіч // Народная трыбуна. 2011. 16 ліп. С. 11.
  16. Сергуч, Н. “Навучаць дзяцей шанаваць продкаў – і самі будзем у пашане” / Н. Сергуч // Белорусская нива. 2010. 6 окт. С. 9.
  17. Юрчук, І. Сваё балота цягне / І. Юрчук // Рэспубліка. 2009. 15 верас. С. 5.
  18. Куницкий, П. Художник с топором / Павел Куницкий // Вечерний Брест. 2008. 27 февр. С. 18.
  19. Пракаповіч, М. Скарбы з берагоў Моўствы / Мікола Пракаповіч // Вечерний Брест. 2007. 7 дек. С. 8.
  20. Иринич, И. Топорная работа / И. Иринич // Обозреватель. 2007. 7 дек. С. 8.
  21. Кобяк, Э. Легенды живут… в библиотеке : [о Теребличской библиотеке-музее и народном мастере И. Супрунчике] / Эдуард Кобяк // Заря. 2007. 3 мая. С. 24.
  22. Гашчук, Г. Экскурсія ў бібліятэку-музей : [пра Церабліцкую сельскую бібліятэку-музей, дзе працуе І. П. Супрунчык] / Галіна Гашчук // Навіны Палесся (Столін). 2007. 6 крас. С. 5.
  23. Жылевіч, У. Шлях да Коласа: Цераблічы – Альбуць : [аб работах І. Супрунчыка ў мемарыяльным комплексе “Шлях да Коласа”] / У. Жылевіч // Навіны Палесся (Столін). 2007. 27 сак. С. 3.
  24. Русак, Н. “Хто не быў у Супрунчыка…” / Наталля Русак // Культура. 2006. № 24. С. 13.
  25. Лысова, Т. “Прабягу, абальюся калодзежнай вадой – і за працу” / Т. Лысова // Рэспубліка. 2006. 11 ліп. С. 5
  26. Капачова, А. Песняр дрэва : [пра адкрыццё выстаўкі народнага майстра І. Супрунчыка ў Мастацкім музеі] / Алена Капачова // Народная трыбуна. 2003. 6 верас.
  27. Багданава, Г. Індывідуалізацыя калектыўных традыцый і светапогляду ў творчасці народных майстроў (на прыкладзе дзейнасці разьбяра Івана Супрунчыка) / Г. Багданава // Інсітнае мастацтва Беларусі. Віцебск, 2003. С. 80–85.
  28. Раманенка, Л. Не з гліны, дык з дрэва / Леанід Раманенка // Народная трыбуна. 2002. 9 ліст.
  29. Завадская, И. Топорная работа / И. Завадская // Советская Белоруссия. 2002. 5 июля. Союз. С. 4.
  30. Жылевіч, У. Бескарыслівы падзвіжнік / У. Жылевіч // Навіны Палесся (Столін). 2002. 23 кастр.
  31. Беразенская, М. Іван ды Мар’я : Пакуль ён высякае скульптуры, яна глядзіць на яго закаханымі вачыма / М. Беразенская // Звязда. 2002. 9 жн. С. 5.
  32. Страццеў, Л. Зорка Івана Супрунчыка // Народная творчасць. 1997. № 1. С. 23–25.
  33. Памятник в честь 40-летия освобождения Белоруссии от немецко-фашистских захватчиков : [Столин. Автор И. Ф. Супрунчик] ; Памятник землякам : [Теребличи. Автор И. Ф. Супрунчик] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 381, 396–397.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2315 разоў Апошняя змена Панядзелак, 06 Красавік 2020 15:27