Панядзелак, 05 Жнівень 2013 11:07

24 мая 2013 г. – 95 гадоў з дня нараджэння Мікалая Іосіфавіча Шошчыца (1918–1996), заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь, мастацкага кіраўніка і дырыжора харавых калектываў

Мікалай Іосіфавіч Шошчыц нарадзіўся 24 мая 1918 года ў вёсцы Гальчынцы Тэафіпальскага раёна Хмяльніцкай вобласці (Украіна).

{gcontent}З 1920 года жыў у Брэсце. Пасля заканчэння ў 1939 годзе юрыдычнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта стаў начальнікам планавага аддзела Брэсцкай міжраённай гандлёвай арганізацыі. У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у антыфашысцкім падполлі, перажыў здрадніцтва, турмы і лагеры. Пасля вызвалення Беларусі працаваў начальнікам планава-фінансавага аддзела Брэсцкага аблспажыўсаюза, затым – аддзела Брэсцкай мэблевай фабрыкі.

Заўсёды захапляўся музыкай і спевамі. Яшчэ ў 15-гадовым узросце стварыў свой першы хор у гімназіі. У 35-гадовым узросце вырашыў памяняць свае жыццё, не пасаромеўся сесці за парту з сямнадцацiгадовымi і паступіў у Брэсцкае музычнае вучылішча, у 1955 годзе скончыў яго. У 1954–1980 гадах Мікалай Іосіфавіч – выкладчык музыкі і спеваў Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна. Адначасова ў 1954–1974 гадах арганізатар і мастацкі кіраўнік Брэсцкай харавой капэлы Дома культуры чыгуначнікаў. З 1960 года капэла мае званне народнай. У рэпертуары рускія і беларускія народныя песні, руская і замежная класіка, творы савецкіх кампазітараў, у т. л. А. Мдывані, С. Пракоф’ева, Г. Свірыдава, Р. Шчадрына. Калектыў на чале з М. Шошчыцам гастраліраваў па БССР, РСФСР, выступаў у Маскве (1962, 1964), быў у Польшчы.

З 1986 года Мікалай Іосіфавіч узначальваў хор ветэранаў вайны і працы Брэсцкага Дома афіцэраў (з 1989 года – пры ГДК). Дзейнасць М. Шошчыца ў самадзейных калектывах вылучалася ўвагай да гісторыка-патрыятычнай тэматыкі, беларускага песеннага фальклору, розных харавых жанраў.

Званне заслужанага артыста БССР М. Шошчыц атрымаў у 1963 годзе. Узнагароджаны Сярэбраным медалём ВДНГ СССР (1963).

Мікалай Іосіфавіч Шошчыц памёр 21 снежня 1996 года. Пахаваны на гарадскіх могілках “Плоска”.

Яго імем названы хор ветэранаў вайны і працы Брэсцкага гарадскога Дома культуры. На будынку Цэнтра харавога спявання (вул. Пушкінская, 42) у лiпенi 2007 года адкрыта мемарыяльная дошка з тэкстам: “В нашем городе жил и работал в 1920–1996 гг. художественный руководитель и дирижёр хоровых коллективов, заслуженный артист Республики Беларусь Николай Иосифович Шощиц (1918–1996)”.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

{/gcontent}

  1. Шощиц Николай Иосифович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 2. С. 471–472.
  2. Шошчыц Мікалай Іосіфавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 17. С. 454.
  3. Шошчыц Мікалай Іосіфавіч // Энцыклапедыя культуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 584.
  4. Брэсцкая народная харавая капэла // Энцыклапедыя культуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 487.
  5. Прощание с маэстро : [М. И. Шощиц (1918–1996). Некролог] / Овечкин А. А., Лемешевский Л. А., Гетманчук В. Н., Венцель И. Б. и др. // Заря. 1996. 24 дек.
  6. Гармель, Е. Посвятил себя музыке : [об открытии мемориальной доски художественному руководителю хоровых коллективов Н. И. Шощицу (1918–1996) на здании Центра хорового пения] / Елена Гармель // Заря. 2007. 14 июля. С. 3.
  7. Петровский, В. Горит его звезда : [об открытии мемориальной доски Н. И. Шощицу (1918–1996)] / Владимир Петровский // Брестский вестник. 2007. 19 июля. С. 14.
  8. Стасюк, Т. Горит, горит его звезда : В Бресте открыта мемориальная доска Николаю Шощицу / Татьяна Стасюк // Вечерний Брест. 2007. 13 июля. С. 8.
  9. Волкович, А. Звезда по имени “Шощиц” не погаснет на брестском небосклоне : [об открытии мемориальной доски Н. И. Шощицу (1918–1996)] / Александр Волкович // Брестский курьер. 2007. 19 июля (№ 29). С. 9.
  10. Валынчук, Л. Нават ад адной свечкі… : [пра народны хор ветэранаў Брэсцкага ГДК. Кіраўнік М. І. Шошчыц] / Ларыса Валынчук // Народная трыбуна. 1994. 5 лют.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1589 разоў Апошняя змена Серада, 08 Красавік 2020 12:21