Чацвер, 05 Верасень 2013 16:20

25 мая 2013 г. – 65 гадоў з часу правядзення ў г. Брэсце І з’езда калгаснікаў-перадавікоў Брэсцкай вобласці (1948)

У гады Вялікай Айчыннай вайны сельская гаспадарка Беларусі была разрабавана.

{gcontent}Аднаўляць яе дапамагалі усе рэспублікі СССР. У 1946–1950 гадах у сельскую гаспадарку БССР дзяржавай і калгасамі ўкладзена 130 млн. рублёў. У 1947 годзе ў краіне была адменена картачная сістэма размяркавання харчовых прадукатаў. Толькi буйныя сельскія гаспадаркі маглі забяспечыць вытворчасць харчавання з выкарыстаннем сучасных агратэхналогій, трактарнай тэхнікі і пераапрацоўкі. Для далучэння калгаснiкаў да кіраўнiцтва справамi сельскагаспадарчай вытворчасцi ў СССР праводзiлi з’зды калгаснiкаў-ударнiкаў.

Першы з’езд калгаснікаў-перадавікоў Брэсцкай вобласці адбыўся 25 мая 1948 года ў памяшканні Брэсцкага драматычнага тэатра. Прысутнічалі больш за 400 дэлегатаў: старшыні, брыгадзіры, звеннявыя калгасаў, механізатары, сакратары пярвічных партарганізацый, спецыялісты сельскай гаспадаркі, старшыні райвыканкамаў. На сцэне – патрэты У. І. Леніна і І. В. Сталіна, над прэзідыўмам лозунг: “Колхозники и колхозницы! Всемерно развивайте общественное хозяйство колхозов, укрепляйте дисциплину труда! Свято соблюдайте Устав сельскохозяйственной артели – основной закон колхозной жизни!” У прэзідыўм былі абраны 33 чалавекі.

З дакладам “О мерах по дальнейшему организационно-хозяйственному укреплению колхозов и задачах по выполнению обязательств, принятых в письме к товарищу Сталину” выступіў старшыня аблвыканкама Ф. П. Сіляеў. У спрэчках па дакладу выступілі 25 чалавек. Напрыканцы выступіў сакратар ЦК КП(б) Беларусі М. I. Гусараў. Калгаснікаў вітала дэлегацыя піянераў горада. Быў прыняты зварот да калгаснікаў і калгасніц, работнікаў МТС, спецыялістаў сельскай гаспадаркі вобласці.

За тры пасляваенныя гады ў вобласці адноўлены ўсе калгасы, якія былі разбураны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, арганізаваны новыя. На час з’езда ў вобласці меліся 102 калгасы, у якія аб’ядналіся 3789 сялянскіх гаспадарак. У 1947 годзе перадавыя калгасы атрымалі ўраджай: зернавых – 11,6 цэнтнераў з гектара (сярэдні паказчык па вобласці: 5,7 ц/га), аўсу – 12,4, ячменю – 18, бульбы – 300 цэнтнераў з гектара (сярэдні: 104,3 ц/га). На працадзень у 1947 годзе было выдадзена ў лепшым выпадку да 2,5 кг збожжа, іншыя прадукты, а грошай у сярэднім па 97 капеек.

Калектыўныя гаспадаркі адчувалі востры недахоп інвентару, насення, угнаенняў. Нездавальняючы характар насіла арганізацыя працы, нізкая працоўная і выканальніцкая дысцыпліна. У работнікаў адсутнічалі эканамічныя стымулы да працы, аплата ў форме працадзён нагадвала паншчыну. Сяляне былі абмежаваны ў сацыяльных правах, амаль нічога не атрымлівалі за сваю працу. Асноўны цяжар васляваеннага аднаўлення вёскі вынеслі на сваіх плячах жанчыны, старыя і падлеткі. Эфектыўнасць калгасаў і саўгасаў працягвала заставацца нізкай.

З’езд калгаснікаў – важная палітычная падзея жыцця вобласці. У канцы 1940-х гадоў сялянская Беларусь перажыла “вялікі пералом”. Калектывізацыя ў Заходняй Беларусі вылілася ў сур’ёзны сацыяльны катаклізм, які суправаджаўся масавымі рэпрэсіямі. Пасля ХІХ з’езда КПБ (люты 1949 г.) пачаўся новы віток калектывізацыі, якая завяршылася да канца 1952 года. Адначасова праводзілася ссяленне з хутароў на цэнтральныя сядзібы калгасаў. У 1949 годзе Савет міністраў СССР прыняў пастанову “Аб мерах дапамогі сельскай гаспадарцы заходніх абласцей Беларусі”, паводле якой гэтым абласцям выдзелена шмат тэхнікі, мінеральных угнаенняў, будаўнічых матэрыялаў, грашовыя крэдыты. Адказам на фарсіраванне калгаснага будаўніцтва стала рэзкае павялічэнне ліку нападаў на сельскія магазіны, сельсаветы, дамы партыйных і калгасных функцыянераў. Назіралася зніжэнне паказчыкаў сальскагаспадарчай вытворчасці.

Вытворчасць асабістых гаспадарак стрымлівалася наяўнасцю жорсткой падаткавай сістэмы (абкладваліся кожны кусцік, дрэўца, кожная галава жывёлы), якая не толькі забірала ўсе прыбыткі, але часам прымушала красці, каб не памерці з голаду.

Па сутнасці сельскагаспадарчая палітыка, якая праводзілася на Беларусі ў першыя пасляваенныя гады, завяршылася банкруцтвам. Паказчыкі 1951 года былі ніжэйшымі за першы пасляваенны 1946 год.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 {/gcontent}

  1. Первый областной съезд колхозников : [к началу съезда] // Заря. 1948. 25 мая.
  2. Первый областной съезд колхозников : [о состоявшемся съезде] // Заря. 1948. 26 мая.
  3. За новые успехи сельского хозяйства области ; Обращение Первого областного съезда колхозников ко всем колхозникам и колхозницам, работникам МТС и специалистам сельского хозяйства Брестской области ; Первый областной съезд передовиков колхозников : [материалы съезда] // Заря. 1948. 28 мая.
  4. Корнеў, П. І. Сельская гаспадарка Брэсцкай вобласці ў першыя гады пасля вызвалення ад германскіх акупантаў (1944–1947 гг.) / П. І. Корнеў // Веснік Брэсцкага ўніверсітэта. Серыя гуманітарных і грамадскіх навук. 2009. № 4. С. 134–140.
  5. Корнеў, П. І. Сельская гаспадарка Брэсцкай вобласці ў 1944 – пач. 1950-х гг. / П. І. Корнеў // Веснік Брэсцкага ўніверсітэта. Серыя гуманітарных і грамадскіх навук. 2009. № 3.
  6. Дайлід, П. К. Масавая калектывізацыя ў Ганцавіцкім раёне ў 1949–1952 гг. як прыклад сістэмнай трансфармацыі тагачаснай гаспадаркі / П. К. Дайлід // Системная трансформация общества : историрический опыт, современность и перспективы : сборник. Брест, 2008. Вып. V. С. 43–47.
  7. Балазаровіч, В. На пераломе : беларуская вёска ў канцы 1940-х – 1950-я гады / Віктар Белазаровіч // ARCHE. Пачатак. 2011. № 10. С. 133–168 : іл.
  8. Белозорович, В. А. Западнобелорусская деревня в 1939–1953 годах : монография / В. А. Белозорович. Гродно, 2004. 148 с.
  9. Белоус, Н. Ф. Некоторые аспекты экономического и социально-культурного развития западнополесской деревни (второй половины 40-х – 50-х гг. ХХ в.) / Н. Ф. Белоус // Берасцейскi хранограф : зб. навук. прац. Брэст, 2004. Вып. 4. С. 67–71. Библиогр.: 17 назв.
  10. Бондаренко, О. Колхозное строительство на Ивановщине : [1949–2004] / О. Бондаренко // Чырвоная звязда (Iванава). 2009. 22 снеж. С. 3.
  11. Гісторыя калгаса “Савецкая Беларусь” (1949–1980) // Ёсць край такі… : гіст.-літ. хроніка. Баранавічы, 2003. С. 181–212.
  12. Конышев, Д. “Один исход – украсть” : Указы 1947 года аб охране собственности : [о тяжелом положении советского крестьянства в первые годы после Великой Отечественной войны] / Денис Конышев // Родина. 2010. № 6. С. 111–121.
  13. Белозорович, В. А. Аграрное развитие западного региона Беларуси в середине 40 – 90-е гг. ХХ ст. / В. А. Белозорович // Заходні рэгіён Беларусі вачыма гісторыкаў і краязнаўцаў : зб. навук. артыкулаў. Гродна, 2006. С. 76–86.
  14. Рыбак, Н. А. Беларускіе антысавецкае падполле ў заходніх абласцях БССР у пасляваенныя гады / Н. А. Рыбак // Заходні рэгіён Беларусі вачыма гісторыкаў і краязнаўцаў : зб. навук. артыкулаў. Гродна, 2006. С. 131–135.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1295 разоў Апошняя змена Серада, 11 Лістапад 2020 15:51