Чацвер, 05 Верасень 2013 16:24

12 ліпеня 2013 г. – 480 гадоў з дня нараджэння Антоніа Пасевіны (Пасевіна; 1533–1611), дыпламата, тэолага, педагога, аднаго з ініцыятараў падрыхтоўкі Брэсцкай уніі 1596 г.

Пасевіна (Possevino) Антоніо (італ. Antonio Possevino, лат. Antonius Possevinus; у рускай дарэвалюцыйнай гістарыяграфіі Пасевін) – дыпламат, тэолаг, педагог.

{gcontent}Нарадзіўся 12 ліпеня 1533 года ў г. Мантуя (Італія) у сям’і залатых спраў майстра. Духоўную адукацыю атрымаў у Рыме. Быў сакратаром кардынала Гонзага, выхавацелем яго пляменiкаў.

З 1559 года Антоніо Пасевіна становiцца членам ордэна іезуітаў. Прычым праходзіць двухгадовы тэрмін выпрабавання за шэсць месяцаў. Амаль адразу яму даюць адказныя даручэнні. У 1568 годзе А. Пасевiна выдае кнігу “Хрысціянскі воін”, дзе піша, што кожны салдат, які змагаецца з ерэтыкамі – герой, а малейшая літасць да іх – злачынства. Жыхары Тулузы ў вялікай ступені ад гэтай кнігі, а таксама пропаведзей А. Пасевіна перабілі больш за 5000 пратэстантаў.

З 1572 па 1578 год Пасевіна з’яўляўся сакратаром генерала ордэна.

У 1578 годзе папа Рыгор XIII, які пільна сачыў за падзеямі на поўначы, адпраўляе Антоніо Пасевіна ў Швецыю, дзе ў гэты час узмацнілася партыя рэфарматараў.

Падчас Лівонскай вайны рускi цар Іван IV, занепакоены поспехамі польскага караля Стэфана Баторыя, робіць спробу да мірных перамоваў, для чаго 25 жніўня 1580 года вырашае звярнуцца да Папы Рымскага Рыгора XIII за пасрэдніцтвам. Рымская курыя выкарыстала сітуацыю ў якасці падставы для новага візіту папскага прадстаўніка ў Маскву. Для гэтай місіі быў абраны Антоніо Пасевіна.

У 1581 годзе ў якасці папскага легата ён быў накіраваны ў Маскву, каб паспрыяць спыненню працяглай Лівонскай вайны 1558–1583 гадоў.
А. Пасевіна спрабаваў схіліць Івана IV да уніі з каталіцызмам: ідэя адраджэння Фларэнтыйскай уніі належала папе Рыгору XIII, які спадзяваўся, што Іван Грозны ў вельмі цяжкіх абставінах не толькі ўступіць у кааліцыю супраць туркаў, але і пойдзе на сур’ёзныя ўступкі ў пытаннях веры.

А. Пасевіна прыехаў да Івана IV ў г. Старыц у жніўні 1581 года, дзе быў сустрэты з надзвычайнай пышнасцю і гасціннасцю. Цар першапачаткова не адпрэчваў планаў папы, але толькі да заключэння Ям-Запольскага перамір’я ў лютым 1582 года. Пасля гэтага ўсе прапановы папы былі адхіленыя. 14 лютага 1582 года А. Пасевіна прыбыў у Маскву, дзе з дазволу Івана Грознага правёў публічныя дыспуты аб веры. У парыве лютасці Іван Грозны ледзь было не забіў Пасевіна. Вынікам місіі А. Пасевіна было тое, што цар адправіў у Рым пасольства, якое павінна было перадаць папе грамату з агульнымі словамі аб любві і брацтве.

З актыўным удзелам Антоніо Пасевіна быў заключаны Ям-Запольскі мірны дагавор 1582 года паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай.

Пасля вайны Антоніо Пасевіна стаў дарадцам караля Стэфана Баторыя, спрыяў умацаванню ў краіне пазіцый іезуітаў, у т. л. на землях Вялікага княства Літоўскага, пашырэнню контррэфармыцыі. Абмяркоўваў з каралём праект стварэння Лігі еўрапейскіх дзяржаў, накіраваных супраць Турцыі.

Антоніо Пасевіна – адзін з ініцыятараў падрыхтоўкі Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 года, ён спрабаваў пераканаць у яе неабходнасці галоўнага апекуна праваслаўя ў Вялікім княстве Літоўскім Канстанціна Іванавіча Астрожскага. Па даручэнню караля Антоніо Пасевіна ў 1586 годзе ездзіў у Рым да папы Сікста V, каб атрымаць субсідыю для заваявання Масковіі. Толькі нечаканая смерць Стэфана Баторыя перашкодзіла пачатку ваенных дзеянняў.

Пасля абрання ў 1587 годзе каралём Жыгімонта ІІІ Антоніо Пасевіна вярнуўся ў Італію і прысвяціў сябе педагагічнай і літаратурнай дзейнасці. Яго назначаюць рэктарам падуанскай акадэміі. Ён аўтар кнігі “Масковія” (Вільна, 1586 г. на лацінскай мове; Кёльн, 1587 г. i iнш. выданні), у якой выклаў гісторыю, звычаі і рэлігійную сітуацыю ў Расіі, што робіць твор каштоўнай гістарычнай крыніцай.

Памёр Антоніо Пасевіна 26 лютага 1611 года ў г. Ферара (Італія).

Дзейнасць А. Пасевіно ў Расіі дастаткова поўна адлюстравана ў рускай і замежнай гістарыяграфіі. Сачыненнi А. Пасевiна пра Расiю былi часткова перакладзены на рускую мову i выдадзены ў ХIХ ст. Поўнае і даступнае для шырокага кола аматараў гiсторыi выданне з’явiлася ў 1983 годзе.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, загадчыца інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела

 {/gcontent}

  1. Пасевіна (Possevino) Антоніо // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. : 2 выд. Мінск, 2007. Т. 2. С. 403–404.
  2. Пасевіна (Possevino) Антоніо // Энцыклапедыя гісторыіі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 427.
  3. Пасевіна (Possevino) Антоніо // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 12. С. 160.
  4. Иван Грозный и иезуиты : Миссия Антонио Поссевино в Москве : [сборник] / перевод с нем., лат. ; составление и предисловие И. В. Курукина. Москва : Аграф, 2005. 256 с.
  5. Поссевино, А. Исторические сочинения о России ХVI в. / Антонио Поссевино / перевод, вступ. статья и коммент. Л. Н. Годовиковой. Москва : Издательство МГУ, 1983. 272 с. : ил.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1414 разоў Апошняя змена Серада, 14 Красавік 2021 15:23