Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 24 Сакавік 2014 10:49

12 лістапада 2013 г. – 55 гадоў з дня нараджэння Леаніда Іванавіча Пранчака (1958), паэта, публіцыста

Леанід Іванавіч Пранчак нарадзіўся 12 лістапада 1958 года ў вёсцы Пранчакі Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і.

Творчы шлях Леаніда пачаўся з супрацоўніцтва з раённай газетай “Будаўнік камунізму”, дзе публікаваліся яго заметкі. У газеце “Піянер Беларусі” у 1973 годзе быў змешчаны яго першы верш.

Скончыўшы сярэднюю школу, Леанід Пранчак паступіў на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Падчас вучобы ва ўніверсітэце быў сябрам літаб’яднання ”Узлёт”, удзельнічаў у падрыхтоўцы калектыўнага зборніка вершаў “Вёсны”. Пасля заканчэння БДУ (1981) працаваў на Магілёўскім абласным радыё і адначасова быў вядучым праграм “Вецер вандраванняў” і “Крок” на беларускім тэлебачанні. Потым працаваў у Рэспубліканскім штабе студэнцкіх атрадаў, вучыўся ў аспірантуры Інстытута сусветнай літаратуры Акадэміі навук СССР (1988–1991). У 1999 годзе пачаў вывучаць англійскую мову ў Дзяржаўным лінгвістычным універсітэце.

У 1992 годзе аб’ектам зацікаўлення Леаніда Пранчака стала беларуская літаратурная эміграцыя, вынікам чаго стала кніга “Беларуская Амерыка” (1994). Цікавасць да Амерыкі ў Леаніда Пранчака існавала з маленства, калі яшчэ малому сябры далі мянушку “амерыканец”. Леанід Пранчак пачынае збіраць выразкі з газет і часопісаў, якія тычыліся Амерыкі. Вялікае ўражанне зрабілі на паэта нататкі Алеся Барскага “Якая ты, Амерыка?”, надрукаваныя ў 1988 годзе ў тыднёвіку “Ніва”. Тады, як успамінае паэт, яны для яго былі як глыток свежага паветра ў савецкай атмасферы ідэалагічнай затхласці, зашоранасці, нацыянальнага нігілізму. У той жа час з’яўляюцца першыя публікацыі пра беларускую эміграцыю ў беларускім савецкім друку. Паэту ўдалося адшукаць амаль усіх пісьменнікаў, якія жылі і працавалі на чужыне. Ён накіроўваецца ў Амерыку, каб ўзяць інтэрв’ю з суайчыннікамі замяжой.

На амерыканскім кантыненце Л. Пранчак прадстаўляў інтарэсы газеты “Рэспубліка”. За час, праведзены ў ЗША, паэт змог не толькі пазнаёміцца з нашымі суайчыннікамі, але і прыняць удзел у 20-й сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі. З падарожжа Леанід Пранчак прывёз не толькі мноства настальгічных вершаў пра Беларусь, але і матэрыял для кнігі “Беларуская Амерыка”, у якой змясціў вытрымкі ўспамінаў і біяграфій беларусаў, якія ў сілу розных жыццёвых абставін апынуліся далёка за межамі нашай радзімы.

У 1988 годзе, пасля публікацый у перыёдыцы, Леанід Пранчак стаў аўтарам калектыўнага зборніка “Лагодны промень раніцы” і ўласнай кнігі “Першапутак”. У 1989 годзе прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Паэтам былі выдадзены кнігі вершаў “Ясак любові” (1988), “Дзяўчына беларуска” (1993), “Вольны птах” (1998), “Біблія для каханай” (1998), “Пра дзядулю, пра бабулю і пра іх унучку Юлю” (1999), “Цік-так, ходзікі!” (2001), “Цар-царэвіч з Івацэвіч” (2001), “Мама, тата і Агата” (2004).

Творчасці Леаніда Пранчака ўласцівы свежасць бачання сучаснага жыцця, частыя спасылкі на ўласны вопыт, даверліва-спавядальныя інтанацыі. Ён і пясняр прыроды, ён і пясняр чалавечага настрою. Усёй сваёй творчасцю паэт прапаведуе рамантычна-шляхетны тып кахання, у якім журбы часам болей, чым светлых хвілін. Леанід Пранчак аднолькава таленавіта піша творы як для дарослых чытачоў, так і для дзяцей. На вершы паэта напісаны сапраўдныя шлягеры беларускай эстрады “Даставай, Язэп, гармонік!”, “Сумны саксафон”, “Паклонніца”, “Каля Чырвонага касцёла”, “Каханая”, “Цёмнавокая пані”.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы. Скрыпнік Наталля Уладзіміраўна, бібліёграф

 

Творы Л. Пранчака

1.     Першапутак : вершы : для ст. шк. узросту / Леанід Пранчак. Мінск : Юнацтва, 1988. 78 с. : іл.

2.     Дзяўчынка беларуска : вершы : для дашк. узросту // Леанід Пранчак. Мінск : Юнацтва, 1993. 31 с. : іл.

3.     Беларуская Амерыка / Леанід Пранчак. Мінск : Полымя, 1994. 415 с. : іл.

4.     Вольны птах : вершы і песні / Леанід Пранчак. Мінск : Дом прэсы, 1998. 63 с. (Бібліятэка часопіса “Маладосць”; № 8).

5.     Біблія для каханай : кніга паэзіі / Леанід Пранчак. Мінск, 1998. 302 с.

6.     Пра дзядулю, пра бабулю і пра іх унучку Юлю : вершы, песні і казкі : для дзяцей дашк. узросту / Леанід Пранчак. Мінск : Юнацтва, 1999. 128 с. : іл.

7.     Цар-царэвіч з Івацэвіч : жарты, песні, небыліцы : для дзяцей мал. І сярэд. шк. узросту / Леанід Пранчак. Мінск : Вожык, 2001. 47 с. : іл. (Бібліятэка “Вожыка”; вып. 1).

8.     Цік-так, ходзікі! : вершы, песні, казкі, жарты, небыліцы / Ланід Пранчак. Мінск : Юнацтва, 2001. 335 с. (Школьная бібліятэка).

9.     Мама, тата і Агата : вершы і песні : для дашк. і малод. Шк. узросту / Леанід Пранчак. Мінск : Мастацкая літаратура, 2002. 128 с. : іл.

 

Аб жыцці і творчасці Л. Пранчака

1.     Леанід Пранчак // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 377–379.

2.     Пранчак Леанід // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 5. С. 655.

3.     Андруковіч, А. “…Пачуццяў шчырых схова” : вершы і песні Леаніда Пранчака / А. Андруковіч // Роднае слова. 1998. № 9. С. 44–54.

4.     Гардзей, В. Вербы ля чыстай ракі : літаратурна-біяграфічны нарыс [пра Леаніда Пранчака] / Віктар Гардзей // Ляхавіцкі веснік. 1999. 10 сак.; 13 сак.; 17 сак.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2683 разоў Апошняя змена Серада, 08 Красавік 2020 15:16