Панядзелак, 24 Сакавік 2014 12:54

2014 г. – 450 гадоў з часу выдання “Размовы паляка з літвінам” (“Rozmowa Polaka z Litwinem”), каштоўнага помніка сацыялагічнай і палітычнай думкі Беларусі ХVІ ст., аднаго з першых друкаваных свецкіх твораў на тэрыторыі Беларусі (Брэст; 1564)

Твор “Размова паляка з лiтвiнам” (“RozmowaPolakazLitwinem”) выдадзены на польскай мове ў Брэсце ў 1564 годзе.

Аўтар невядомы. Некаторыя даследчыкi лiчаць аўтарам палiтычнага твора вiленскага войта Аўгусціна Ратундуса (1520–1582), а іншыя, што трактат з’яўляецца плёнам калектыўнай творчасці.

Складаны працэс узаемазбліжэння Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага знайшоў адлюстраванне ў шматлікіх творах ХVI ст. Найбольшы розгалас выклікаў трактат Станіслава Ажахоўскага “Quincunx, гэта значыць узор Кароны Польскай” (Кракаў, 1564). Як палемічны адказ на гэты трактат у брэсцкай друкарні выйшла кніга “Размова паляка з літвінам аб вольнасці і аб няволі”.

Адзін з першых свецкіх твораў, выдадзеных на Беларусі, пабудаваны ў форме дыялогу i структурна падзяляецца на дзве часткi, памiж якімі змешчаны верш “Да Палякаў і Літвы”, напісаны, паводле меркаванняў даследчыкаў, палiтычным дзеячам i фiлосафам Андрэем Валянам (1530–1610). Гэта літаратурны дэбют А. Валяна, адзіны вядомы нам польскамоўны паэтычны твор пісьменніка (ён пісаў на лацінскай мове), і першы палітычны верш ў гісторыі беларускай літаратуры.

Аналітыка-публітыстычны трактат быў напісаны напярэдадні Сойма 1564 года, дзе павінна было ў чарговы раз разглядацца пытанне аб уніі Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай. У спрэчцы са сваім палітычным апанентам Палякам Літвін пераканаўча перамагае, паспяхова бароніць уласную грамадзянскую годнасць і суверэнітэт княства: “Мы хочам разам з вамі быць, хочам вольнасці, якую з ласкі Божай даўно маем, ужываць, але сваёй дзяржавы паспалітай, здаўна ўтворанай і ўпарадкаванай, да вашай далучаючы, страціць не хочам…”

Твор “Размова паляка з лiтвiнам” вызначаецца патрыятычнасцю і выкрывае захопніцкія планы польскіх феадалаў у адносінах да Вялікага Княства Літоўскага. Крытыкуюцца погляды рэакцыйных польскіх шляхецкіх ідэолагаў на чалавечую асобу, дзяржаву і грамадства. Аўтар выступае супраць “шляхецкай распуты”, гвалту, самавольства феадалаў, абараняе гуманістычныя ідэалы: свабоду, роўнасць людзей перад законам, імкненне да агульнай карысці. Падкрэсліваюцца гістарычныя здабыткі беларусаў і ўкраінцаў, даюцца цікавыя звесткі з гісторыі і культуры ВКЛ.

Твор як гістарычная крыніца быў перавыдадзены ў Кракаве ў 1890 годзе, і цяпер вывучаецца польскімі і беларускімі гісторыкамі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай
iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

1.     «Размова паляка з лiтвiнам» // Беларускаяэнцыклапедыя : у 18 т. Брэст, 2001. Т. 13. С. 262.

2.     «Размова паляка з лiтвiнам» // Энцыклапедыя лiтаратуры i мастацтва Беларусi : у 5 т. Мiнск, 1987. Т. 4. С. 471.

3.     Ратундус Аўгусцін // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2007. Т. 2. С. 510.

4.     Бортнік, І. Праблема дзяржаўна-палітычнага ўладкавання ў ананімнай працы “Размова Паляка з Літвінам” / Ігар Бортнік // Гістарычны альманах : вып. 16. Гародня, 2010. С. 24–36.

5.     Бортнік, І. А. Сацыяльна-палітычныя ідэі ў ананімным творы “Размова Паляка з Літвінам” / І. А. Бортнік // StadiaHistoricaEuropaeOrientalis: исследования по истории Восточной Европы : научный сборник : вып. 2. Минск : БГУ, 2009. С. 223–243.

6.     Сокал, С. Ф.«Размова паляка з лiтвiнам» / С. Ф. Сокал // Помнiкi гiсторыi i культуры Беларусi. 1972. № 1. С. 29–31.

7.     Iванова, Л. С. Роля Берасцейскай друкарнi ў распаўсюджваннi Рэфармацыi ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм / Л. С. Iванова // Берасцейскiя кнiгазборы : матэрыялы мiжнар. навук.-практыч. канф. “Берасцейскiя кнiгазборы: праблемы i перспектывы даследавання”. Брэст, 30–31 кастр. 2008 г. Брэст, 2010. С. 260–267.

8.     Кавалёў, С. Першы ўзор палітычнай паэзіі / Сяргей Кавалёў // Спадчына. 1998. № 3. С. 107–115.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1306 разоў Апошняя змена Панядзелак, 30 Лістапад 2020 09:56