Аўторак, 13 Май 2014 12:10

4 лютага 2014 г. – 25 гадоў з часу адкрыцця музея “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці” (1989), філіяла Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея

Музей “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці” адкрыты 4 лютага 1989 года.

Экспануюцца творы мастацтва і прадметы антыкварыяту, канфіскаваныя брэсцкімі мытнікамі пры спробе незаконнага вывазу іх за мяжу.

Пачатак стварэнню музея быў пакладзены ў 1953 годзе, калі Брэсцкі абласны краязнаўчы музей атрымаў з мытні некалькі абразоў. У 1970–1980-я гады музей сістэматычна папаўняўся новымі паступленнямі з мытні, якія спачатку знаходзіліся ў запасніках. У 1976 годзе ў выставачнай зале краязнаўчага музея была аформлена выстава найбольш цікавых экспанатаў, галоўным чынам жывапісных палотнаў. У 1987 годзе была арганізавана новая выстава, якая выклікала ў грамадскасці значны інтарэс. Улічваючы вялікую каштоўнасць і ўнікальны характар калекцыі, было вырашана стварыць музей “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці” – філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Рашэннем Брэсцкага аблвыканкама ад 20 мая 1985 года і гарвыканкама ад 17 красавіка 1986 года абласному краязнаўчаму музею быў перададзены будынак – помнік архітэктуры пачатку ХХ ст. (вул. Леніна, 39). Дом быў узведзены па праекту польскага архітэктара Юліяна Лісецкага ў 1925–1927 гадах, адрэстаўраваны спецыялістамі аб’яднання “Белрэстаўрацыя”. Аўтар канцэпцыі і экспазіцыі музея – мастацтвазнаўца І. М. Тарыма. Над стварэннем музея таксама працавалі архітэктар Ю. Ю. Шчарбакоў, мастакі М. К. Канькоў і Б. М. Малахаў.

У дзесяці залах мастацкага музея размясціліся каля 400 экспанатаў. Экспазіцыя першай залы апавядае аб ахове культурнай спадчыны ў Беларусі. У наступных залах размешчана калекцыя абразоў ХVІ – пачатку ХХ стст., якія складаюць пераважную большасць сярод кантрабанды мастацкіх каштоўнасцей за мяжу. Менавіта іконы – асаблівы гонар музейнага фонду. Пасля 1994 года частка збораў абразоў і іншых культавых прадметаў (каля 6000) была перададзена ў праваслаўныя храмы Беларусі.

У асобнай зале прадстаўлены абразы ў сярэбраных акладах, вырабы вядучых ювелірных фірмаў Расійскай імперыі, у тым ліку Фабержэ. У зале мастацтва Усходу – традыцыйны японскі жывапіс на шоўку, кітайскія і японскія вазы, будыйская скульптура. Большасць твораў рускага і заходнееўрапейскага жывапісу размешчана ў асобных залах. Гэта карціны
І. Айвазоўскага, С. Вінаградава, Р. Мясаедава, Ю. Клевера, А. Кіўшанкі,
П. Леўчанкі, Р. Судкоўскага, А. Гараўскага i iнш. Перлінай залы графікі з’яўляецца эскіз Мiхаiла Урубеля да яго карціны “Дэман зрынуты”, а таксама работа Фернана Лежэ. Завяршае экспазіцыю выставачная зала, у якой рэгулярна адбываюцца мастацкія выставы і вернісажы, музычныя імпрэзы, літаратурныя сустрэчы.

У фондах музея налічваецца каля 4 000 адзінак захоўвання. Супрацоўнікі музея вядуць вялікую навукова-даследчыцкую работу, праводзяць экскурсійнае абслугоўванне, выступаюць з лекцыямі ў навучальных установах. Распрацавана музейна-педагагiчная праграма па праваслаўным мастацтве, распрацоўваецца аналагiчная праграма па дэкаратыўным i выяўленчым мастацтве.Арганізоўваюць выставы выратаваных каштоўнасцей у іншых музеях Беларусі, а таксама ў Расіі, Украіне і Польшчы. У жніўнi 2013 года была наладжана выстава ікон, гравюр, прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Выратаваныя каштоўнасці” ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі.

Музей вельмі папулярны сярод брэстаўчан і гасцей горада, штогод яго наведваюць каля 30 000 чалавек. З 2011 года гэты музей першым у Брэсце пачаў удзельнічаць у міжнароднай культурнай акцыі “Ноч музеяў”.

З першых дзён стварэння ўстанову ўзначальвае мастацтвазнаўца Ірына Мікалаеўна Тарыма. У 2011 годзе яна ўдастоена звання “Чалавек года” Брэсцкай вобласці.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай

iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

1.     Музей “Спасённые художественные ценности” : филиал УК “Брестский областной краеведческий музей” / составление и текст И. Н. Таримы ; фото С. М. Плыткевич. Минск : РИФТУР, 2009. 13 с. : ил.

2.     Брэсцкі музей “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці” / І. М. Тарыма // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2011. Т. 2. С. 76–77.

3.     Брэсцкі музей “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці”/ І. М. Тарыма ; Брестский музей “Спасённые художественные ценности”/ И. Н. Тарима // Музеі Беларусі = Музеи Беларуси : энцыклапедыя. Мінск : БелЭн, 2008. С. 141–145.

4.     Музей “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці” / І. М. Тарыма // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Брэста : у 2 кн. Мінск : БЕЛТА, 2001. Кн. 2. С. 612–613.

5.     Тарима Ирина Николаевна // Кто есть Кто в Республике Беларусь. 2009. Минск : Энциклопедикс, 2009. С. 230.

6.     Павлова, Л. Мы жили по соседству – навек сроднились сердцем : [в музее спасённых ценностей прошла встреча брестчан – бывших жителей этого особняка] / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2013. 15 авг. (№ 33). С. 10.

7.     Буйко, Ю. Полесье на всех одно : Фотовыставка Ирины Шепелевич открылась в “Спасёнке” / Юлия Буйко // Вечерний Брест. 2014. 15 янв. С. 6.

8.     Анатановіч, К. Легенды канфіскатаў, якіх мы не ведаем / Кастусь Антановіч // Культура. 2012. 13 кастр. (№ 41). С. 13.

9.     Мороз, Е. Путешествие на два века назад : [об акции “Гроза двенадцатого года” в рамках международной акции “Ночь музеев” в музее “Спасённые художественные ценности”] / Евгений Мороз // Заря. 2012. 22 мая. С. 4.

10.                       Тарима, И. “Праздничного настроения не бывает много” : [заведующая музеем “Спасённые художественные ценности” об уходящем 2011 г.] / Ирина Тарима ; записала Елена Гармель // Заря. 2011. 31 дек. С. 4.

11.                       Тарима, И. Влюблена по собственному желанию: [заведующая музеем “Спасённые художественные ценности” о своей работе] / Ирина Тарима // Вечерний Брест. 2009. 6 февр. С. 4.

12.                       Малаев, С. Спасённые сокровища / Сергей Малаев // Таможня и ВЭД. 2009. № 3. С. 20–21.

13.                       Козлович, В. Спасли. Теперь надо сохранить : Штрихи к портрету уникального музея / Валентина Козлович // Советская Белоруссия. 2008. 24 янв.

14.                       Козлович, В. В поисках утраченного : [о работе Брестской таможни] / Валентина Козлович // Советская Белоруссия. 2007. 30 нояб.

15.                       Гурин, А. Если всё по-честному – вернём!: [о музее “Спасённые художественные ценности”] / Анатолий Гурин // Российская газета. 2004. 7 окт. Союз Беларусь – Россия. № 38. С. 3.

16.                       Волкович, А. Навестит тебя Спас : [о музее “Спасённые художественные ценности”] / Александр Волкович // Брестский курьер. 2004. № 6. С. 7.

17.                       Сутько, Ю. Спасаем славянские ценности : [о деятельности музея “Спасённые художественные ценности”] / Юрий Сутько // Заря. 2003. 23 сент.

18.                       Малицкая, И. Уникальный конфискат : [о музее “Спасённые художественные ценности”] / И. Малицкая // Брестская газета. 2003. № 17. С. 15.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1266 разоў Апошняя змена Панядзелак, 24 Май 2021 11:27