Аўторак, 13 Май 2014 12:17

10 жніўня 2014 г. – 135 гадоў з дня нараджэння Якава Пінкусавіча Громера (1879–1933), вучонага-матэматыка, асістэнта А. Эйнштэйна ў Берліне (1915–1928) і сааўтара некаторых яго прац

Якаў Пінкусавіч Громер нарадзіўся 10 жніўня 1879 года ў горадзе Брэст-Літоўску Гродзенскай губерніі (цяпер Брэст) у веруючай яўрэйскай сям’і.

З ранняга дзяцінства Якаў займаўся Талмудам, яго рыхтавалі, каб стаў равінам. Яшчэ дзіцям яго ведалі як вундэркінда, ён валодаў фенаменальнай памяццю. Але Якаў быў хворы на акрамегалію (гігантантызм, або “слановая хвароба”), равінам стаць не атрымалася. У яго былі вялікая галава і доўгія рукі, з-за хваробы ён пазбягаў фатаграфавацца (зараз вядомы толькі два фотаздымкі), усё жыццё заставаўся адзінокім.

У 1905 годзе, у 26-гадовым узросце Якаў Громер паехаў вучыцца ў Германію. Фармальна ў яго не было сярэдняй адукацыі, ён быў самародкам, але вучыўся ў Бернскім і Марбургскім універсітэтах. З 1907 па 1913 гады вывучаў матэматыку, фізіку і філасофію ў адным са старэйшых універсітэтаў Еўропы – Гётынгенскім. У 1912 годзе Якаў Громер падрыхтаваў дысертацыю па тэорыі цэлых і трансцедзентных функцый, быў дапушчаны да доктарскага экзамену, хоць не меў атэстата сталасці. Па садзейнічанню Давіда Гільберта, аднаго з лепшых матэматыкаў таго часу, яму было прысвоена званне доктара матэматычных навук. З гэтага часу пачынаецца дзейнасць Якава Громера як вучонага.

У 1915 годзе Якаў Пінкусавіч пераязджае ў Берлін, тут лёс звёў яго з фізікам-тэарэтыкам Альбертам Эйнштэйнам (1879–1955). У час Першай сусветнай вайны Якаву Громеру прыйшлося цяжка. Як падданаму Расійскай імперыіі яму даводзілася тройчы ў дзень адзначацца ў паліцэйскім участку. Жыў на невялікую дапамогу і гранты, якія ўдавалася атрымаць. На працягу трынаццаці гадоў Я. Громер працаваў асістэнтам вялікага вучонага. Разам з А. Эйнштэйнам Якаў Громер апублікаваў шмат прац, якія ўбачылі свет у 1920–1927 гадах. Доктар Я. Громер быў адным з самых вопытных вучоных па аналітычнай матэматыцы і рэлятывісцкай тэорыі. Многія даследчыкі ўпэўнены, што матэматычны апарат тэорыі адноснасці стварыў менавіта Якаў Громер. Першыя работы, якія тычыліся гэтай навуковай тэорыі, з’явіліся за двума подпісамі: Эйнштэйна і Громера.

У 1953 годзе Альберт Эйнштэйн успамінаў: “Доктар Громер быў не толькі сапраўдным мысліцелем, ён быў чалавекам з рознабаковымі інтарэсамі, які з захапленнем прымаў удзел у спрэчках па пытаннях іудаізму і заўсёды быў гатовы прыйсці на дапамогу”.

У гэты час у Беларусі не хапала вучоных, іх запрашалі з-за межаў рэспублікі. У верасні 1928 года Якаў Громер быў афіцыйна запрошаны на працу ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Тут ён заняў пасаду прафесара матэматыкі педагагічнага факультэта, на якой працаваў да 1930 года. Ён быў вялікі вучоны, але як педагог зусім слабы. На першую лекцыю берлінскай знакамітасці прыйшлі шмат студэнтаў, аўдыторыя была перапоўнена, але ўсе засталіся расчараванымі. Рускую мову Якаў Пінкусавіч ведаў кепска, гаварыў неразборліва з заплятаючымся языком. Механіку чытаў па невядомай для студэнтаў праграме, падручнікаў не было. Калі прымаў іспыты ад стуэнтаў, дык больш расказваў сам, чым адказвалі студэнты.

З 1 кастрычніка 1930 года Я. Громер працаваў на кафедры фізікі Фізіка-тэхнічнага інстытута Акадэміі навук БССР.

Якаў Пінкусавіч Громер заўчасна памёр 11 красавіка 1933 года. Свае цела і мозг дазволіў выкарыстоўваць для медыцынскіх даследаванняў у медыцынскім інстытуце, збор кніг, які прывёз з Германіі, завяшчаў акадэмічнай бібліятэцы. У 1937 годзе яго імя аказалася пад забаронай.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай
iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

1.     Башчук, А. В. Доктар Громер. Громер Якаў Пінкусавіч / А. В. Башчук // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Брэста : у 2 кн. Мінск : БЕЛТА, 2001. Кн. 2. С. 646–647.

2.     Громмер Яков Пинхусович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 3. С. 263.

3.     Громер Якаў Пінкусавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 5. С. 447.

4.     Рубашевский, Ю. Брестчанин – соавтор Эйнштейна / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2013. 26 июня. С. 9.

5.     Шыферштэйн, Д. Распрацоўваць тэорыю адноснасці вялікаму вучонаму дапамагаў берасцеец Якаў Громер / Дзмітрый Шыферштэйн // Народная трыбуна. 2011. 23 верас. Землякі.

6.     Глазов, В. Яков Громер, соавтор теории относительности / Владимир Глазов // Брестский курьер. 2010. 12 авг. (№ 33). С. 32.

7.     Забытый гений : [Яков Громер] // Курков, И. Н. Брестчина: легенды, события, люди / И. Н. Курков. Минск, 2005. С. 183–185.

8.     Дзюрич, Г. Земляки : [об Якове Громере] / Г. Дзюрич // Брестский вестник. 2007. 25 янв. С. 12.

9.     Довнар-Запольский, А. Эйнштейн просился в БГУ : [о Я. Громере и А. Эйштейне] / Алексей Довнар-Запольский, Раиса Мурашкина // Комсомольская правда в Белоруссии. 2004. 29 окт. С. 14.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1968 разоў Апошняя змена Чацвер, 22 Красавік 2021 09:43