Аўторак, 13 Май 2014 12:20

2 студзеня 2014 г. – 70 гадоў з дня нараджэння (1944) Яўгена Васільевіча Малашэвіча, вучонага-біёлага, журналіста, кнігавыдаўца, аўтара-складальніка шэрагу энцыклапедычных і даведачных выданняў, заслужанага работніка культуры Беларусі

Малашэвіч Яўген Васільевіч нарадзіўся 2 студзеня 1944 года ў вёсцы Блізная Ружанскага раёна (цяпер у Пружанскім раёне) Брэсцкай вобласці.

Бацькі – Васіль Іванавіч Малашэвіч і Вольга Антонаўна – былі простымі сялянамі.

Вучыўся ў Ружанскай сярэдняй школе, якую закончыў у 1960 годзе. У школьныя гады Яўген Малашэвіч быў пазаштатным селькорам ружанскай раённай газеты “Запаветы Леніна”. Паступіў на біялагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які закончыў з адзнакай у 1965 годзе. Затым закончыў аспірантуру Інстытута фізіялогіі НАН (1969). Абараніўшы кандыдацкую дысертацыю па ўздзеянню на арганізм малых доз іанізіруючай радыяцыі, быў пераведзены на пасаду малодшага навуковага супрацоўніка Інстытута фізіялогіі. Да 1974 года апублікаваў больш за 20 навуковых прац, прымаў удзел у стварэнні першай універсальнай 12-томнай “Беларускай Савецкай Энцыклапедыі” як аўтар, навуковы кансультант, а затым член рэдакцыйнага савета.

У канцы 1974 года па запрашэнню кіраўніка галоўнай рэдакцыяй БСЭ Пятра Усцінавіча Броўкі, народнага паэта Беларусі, перайшоў на працу ў выдавецтва загадчыкам галіновай рэдакцыі. У 1976 годзе Я. В. Малашэвіч назначаны адказным сакратаром-намеснікам галоўнага рэдактара. У 1995–1996 гадах выконваў абавязкі кіраўніка галоўнага рэдактара Беларускай Савецкай Энцыклапедыі і адначасова старшыні яе рэдакцыйнай калегіі.

У перыяд працы ў выдавецтве, пры супрацоўніцтве з галоўнымі рэдактарамі, навукоўцамі, спецыялістамі народнай адукацыі, культуры і гаспадаркі Беларусі, Я. В. Малашэвіч удзельнічаў ў распрацоўцы навуковых канцэпцый, падрыхтоўцы як член рэдкалегіі, адзін з намеснікаў старшыні навукова-рэдакцыйнага савета і аўтар асноўных беларускіх фундаментальных энцыклапедый, энцыклапедычных даведнікаў і слоўнікаў: “Белорусская ССР: краткая энциклопедия” (у 5 т.), “Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі” (у 5 т.), “Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі” (у 6 т.), “Энцыклапедыя прыроды Беларусі” (у 5 т.), “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі” (у 6 т.), “Археалогія і нумізматыка Беларусі”, “Этнаграфія Беларусі”, “Архітэктура Беларусі” і інш.

Па ініцыятыве Я. В. Малашэвіча і пры яго непасрэдным удзеле былі выдадзены многатыражныя навукова-папулярныя і вытворча-практычныя выданні энцыклапедычнага і даведачнага характару: «Энциклопедия сельского хозяина», «Энциклопедия молодой семьи», «Природа Беларуси», «Мелиорация», «Бульба», «Радиотехника», «Энциклопедия бытовой смекалки», «Культура питания», «Красная книга Белорусской ССР” і інш.

За перыяд працы ў БелСЭ надрукаваў больш за 500 навуковых артыкулаў, выдаў аўтарскі “Краткий словарь-справочник по охране природы и природопользованию”, надрукаваў шэраг публіцыстычных матэрыялаў у СМІ.

У 1993–1995 гадах Я. В. Малашэвіч непасрэдна ўдзельнічаў у навуковай абгрунтоўцы і падрыхтоўцы да выхаду новай універсальнай 18-томнай “Беларускай энцыклапедыі”.

Сярод іншых пасад Яўгена Васільевіча трэба адзначыць: начальнік інфармацыйна-выдавецкага аддзела ЗАО “Мінскі першы інстытут нерухомасці” (1996–1997); дырэктар ООО “Інфармацыйная служба нерухомасці”, галоўны рэдактар газеты “Нерухомасць Беларусі” (1997–1998); дырэктар Рэспубліканскага выдавецтва УП “Ураджай” (1998–2002), а пасля яго рэарганізацыі у 2002–2004 гадах – дырэктар РУП “Выдавецтва “Беларусь”.

З 2004-га па красавік 2013 года Я. В. Малашэвіч працаваў галоўным рэдактарам Мінскай фабрыкі каляровага друку.

Я. В. Малашэвіч прымаў удзел ў выдавецкай падрыхтоўцы і выпуску фундаментальных альбомаў і кніг па духоўнай і гісторыка-культурнай спадчыне рэспублікі: “Спадчына Беларусі”, “Сокровища Беларуси”, “Геральдика Беларуси”, “Память Афгана” і інш.

Яўген Васільевіч Малашэвіч – член Саюза журналістаў РБ (1971), заслужаны дзеяч культуры Беларусі (1987), узнагароджаны ганаровым знакам “Выдатнік друку Беларусі” (2003). Вылучаўся на атрыманне Дзяржаўнай прэміі БССР за стварэнне “Энцыклапедыі прыроды Беларусі”, узнагароджваўся залатым медалём і ганаровымі дыпломамі ВДНГ СССР, Дзяржкамдруку, АН БССР.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Берднік Валянціна Іванаўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

1.     Малашевич Евгений Васильевич // Кто есть Кто в Республике Беларусь. Люди дела. Минск : Энциклопедикс, 1999. С. 126.

2.     Малашевич, Е. В.Духовное наследие. Минские храмы = Spiritual Heritage. Temples of Minsk / Евгений Малашевич.Минск. 2013. 301 с.

3.     Беларусь православная : фотоальбом / ред. Е. В. Малашевич, А. П. Костелецкая. Минск. 2007. 317 с.

4.     Малашевич, Е. В.Минск. Книга жизни = Minsk. Book of life : 4500 событий и фактов из истории города : к 940-летию Минска / Евгений Малашевич ; [фото : К. В. Хотяновский и др.]. Минск. 2006. 367 с.

5.     1418 дней Великой Отечественной войны: хронология событий / составление Е. В. Малашевича. Минск. 2005. 421 с.

6.     Калюжный, В. В.И хлещусь я березовым веничком... / В. В. Калюжный ; Под общ. ред. Е. В. Малашевича. Мн. 2001. 445 с.

7.     Справочная книжка дачника овощевода : Рекомендации. Справочные сведения. Полезные советы. Рабочие страницы / авт.-сост. : Е. В. Малашевич и др. Минск, 2000. 191 с.

8.     Продукты питания и кухня / авт.-сост. Н. П. Ракицкая, Е. В. Малашевич. Минск. 1997. 222 с.

9.     Малашевич, Е. В. Краткий словарь-справочник по охране природы / Евгений Васильевич Малашевич. Минск. 1987. 223 с.

10.                       2000 профессий, специальностей, должностей : энциклопедический справочник : справочное пособие / ред. коллегия И. П. Шамякин, А. Л. Петрашкевич, Е. В. Малашевич. Минск. 1986. 460 с.

11.                       Малашевич, Е. В.Сиаловые кислоты как показатель радиационных и нейроэндокринных нарушений в организме : автореф. дис. на соиск. учен. степ. канд. биол. наук : (093) / Ин-т физиологии Акад. наук БССР. Минск, 1970. 26 с.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1719 разоў Апошняя змена Чацвер, 19 Сакавік 2020 12:28