Аўторак, 13 Май 2014 12:26

2014 г. – 180 гадоў з часу стварэння (1834) Брэсцкай метэаралагічнай станцыі

Рэгулярныя інструментальныя метэаралагічныя назіранні ў Брэсце пачаліся з 1 студзеня 1834 года пры Павятовым дваранскім вучылішчы па ўказанню Міністэрства асветы Расіі.

Назіранні праводзіліся настаўнікамі вучылішча на Кобрынскім фарштаце крэпасці Брэст-Літоўск. Спачатку яны былі даручаны настаўніку фізікі Феліксу Румбовічу. А потым на працягу многіх гадоў (з мая 1834 па ліпень 1952 гг.) імі займаўся настаўнік матэматыкі Фама Сямёнавіч Паўловіч. Правядзенне метэаназіранняў патрабавала цярпення, увагі і акуратнасці, таму многія выкладчыкі адмаўляліся іх праводзіць. Але Ф. С. Паўловіч сумленна выконваў даручаныя яму абавязкі.

За ўвесь перыяд назіранняў метэастанцыя неаднаразова мяняла сваё месцазнаходжанне: у 1850-х гадах назіранні праводзіліся пры павятовым вучылішчы, у раёне размяшчэння крэпасці Брэст-Літоўск, у канцы ХІХ ст. станцыя размяшчалася пры ваенным шпіталі, на тэрыторыі крэпасці.

Да Першай сусветнай вайны (з красавіка 1903 г. па верасень 1914 г.) станцыя знаходзілася пры прыгонным паветраплавальным аддзяленні. Разам з ім яна некалькі разоў пераносілася: і ў раён Цярэспальскага ўмацавання і на ўсход ад ракі Заходні Буг. Пасля вайны станцыя была арганізавана ў
г. Брэсце пры Бюро меліярацыі Палесся. Матэрыялы назіранняў былі апублікаваны ў польскіх штогодніках Дзяржаўнага метэаралагічнага інстытута ў Варшаве за 19251933 гады. У гэты перыяд станцыя знаходзілася на краі невялікага саду, які выходзіць на цяперашнія вуліцы Леніна і Леванеўскага.

Пасля ўзяднання Заходняй Беларусі з БССР (1939) праца станцыі была адноўлена на ранейшым месцы.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны назіранні былі спынены. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў назіранні зноў аднавіліся ў кастрычніку 1944 года на паўночнай ускраіне г. Брэста, у прадмесці Граеўскім, на адкрытым месцы. У кастрычніку 1945 года станцыя была перанесена на тэрыторыю аэрапорта на паўночна-заходнюю ўскраіну горада і названа Брэст АМСГ.

Праз два гады (1947) станцыя аднавіла працу ў Граеўскім прадмесці. З гэтага часу паралельна працуюць дзве станцыі: непасрэдна гідраметэаралагічная станцыя і Брэст АМСГ, размешчаная на тэрыторыі аэрапорта. У кастрычніку 1960 года станцыя была перанесена ў апошні раз на адлегласць 1 км ад ранейшага месца на тэрыторыю аэралагічнай станцыі, якая была ўтворана ў лістападзе 1950 года і знаходзілася таксама на паўночнай ўскраіне горада. Новая станцыя атрымала назву «Аэрагідраметэаралагічная станцыя «Брэст».

З 1970 года станцыя ўвайшла ў склад занальнай гідраметэаралагічнай абсерваторыі Брэст (ЗГМА Брэст), якая ў далейшым была перайменавана ў «Брэсцкі абласны цэнтр па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя”.

1 кастрычніка 1999 года была арганізавана Дзяржаўная ўстанова «Брэстаблгідрамет» са статусам самастойнай арганізацыі з правам юрыдычнай асобы. ДУ “Брэсцкі абласны цэнтр па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя” ажыццяўляе на тэрыторыі Брэсцкай вобласці гідраметэаралагічную дзейнасць, якая ўключае ў свой склад акрамя Брэсцкага цэнтра, Пінскі міжраённы цэнтр па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя, 6 метэастанцый, адну балотную станцыю, 24 гідралагічных пасты, тры аграметпасты.

У розны час гідраметслужбы Брэсцкай вобласці ўзначальвалі: Катляроў Андрэй Андрэевіч (1979–1980), Дубовік Сцяпан Сцяпанавіч (1981–1997), Дубовік Настасся Іванаўна (1997–2010), Дашкевіч Ігар Васільевіч (2010–2011), Абрамчук Валянцін Уладзіміравіч (2011), Ваўрынюк Сяргей Іванавіч (з лістапада 2011 г.).

Некаторыя вопытныя спецыялісты-гідраметэаролагі прымалі ўдзел у рабоце савецкіх арктычных і антарктычных экспедыцый, сярод іх Фёдар Фёдаравіч Кабот (1921–1999). Ён быў начальнікам аэралагічнай станцыі Брэст з 1950 года, дырэктар Брэсцкай ГМА ў 1970–1978 гадах. У час Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Фёдаравіч служыў радыстам на падводнай лодцы С-13, якой камандаваў легендарны Аляксандр Марынеска (1913–1963), субмарына пусціла на дно плавучую базу “Вільгельм Густлофф”. Ф. Ф. Кабот – марак-падводнік на Паўночным і Балтыйскім марах, заслужаны палярнік СССР, у 1957–1958 гадах як аэролаг удзельнічаў у экспедыцыі на дрэйфуючай станцыі “Паўночны полюс–7”. Удзельнік 6-й Антарктычнай экспедыцыі (1960–1962) і 12-й экспедыцыі (1967), спецыяліст па радыялакацыі антарктычных станцый “Лазарава” і “Мірны”.

У цяперашні час на Брэсцкай метэастанцыі робяць метэаралагічныя назіранні, якія ўключаюць у сябе назіранні за: атмасферным ціскам; хуткасцю і кірункам ветру; тэмпературай паветра; вільготнасцю паветра; працягласцю сонечнага ззяння; станам падсцілаючай паверхні (глебы, снегу); тэмпературай падсцілаючай паверхні (глебы, снежнага покрыва); тэмпературай глебы на розных глыбінях (20, 40, 80, 120, 280, 320 см); атмасфернымі ападкамі; снежным покрывам; атмасфернымі з’явамі; галалёдна-шэраневымі адкладамі; аблокамі; дальнасцю бачання; небяспечнымі метэаралагічнымі з’явамі. Праводзіць кругласутачныя назіранні за станам навакольнага прыроднага асяроддзя (метэаралагічныя і аэралагічныя назіранні), назіранні за выпарэннем з воднай паверхні, ажыццяўляе маніторынг асобных элементаў забруджвання навакольнага прыроднага асяроддзя і гідраметэаралагічнае забеспячэнне.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Цэнтральнай гарадской бібліятэкай

 імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, загадчыца інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела

 

1.     Жогальская, С. Востребована при любой погоде : [о гидрометеорологической деятельности в Брестской области] / Светлана Жогальская // Заря. 2013. 23 марта. С. 9.

2.     Богданова, К. Весна вне расписания : [об изменении климата в Брестской области в последние годы] / Катерина Богданова // Вечерний Брест. 2013. 3 апр. С. 2.

3.     Васильева, Е. Включите солнце! : [о работе Брестского метеоцентра] / Е. Васильева // Вечерний Брест. 2009. 16 сент. С. 7.

4.     Данилова, Е. Кто и как делает погоду? : Накануне Всемирного метеорологического дня журналисты «Зари» побывали в Брестоблгидромет / Елена Данилова // Заря. 2009. 21 марта.

5.     Лосич, П. Они «делают» погоду… : [о работе Брестского гидрометеорологического центра] / Павел Лосич // Заря. 2006. 23 марта. С. 5.

6.     Ковалёва, А. Глоток чистого воздуха : [о контроле за загрязнением воздуха в Бресте] / А. Ковалёва // Заря. 2006. 20 апр. С. 8, 17.

7.     Сванссен, О. У природы нет плохой погоды: 23 марта отмечается как Всемирный день метеорологии. А знаете ли вы, сколько лет Брестской метеорологической службе? / Ольга Сванссен // Брестский курьер. 2004. 25 марта (№ 13). С. 2.

8.     Артёмов, А. Радист оперировал хирурга : [о полярнике-радисте Фёдоре Фёдоровиче Каботе, уроженце Климовичского р-на, который прооперировал аппендицит] / Анатолий Артёмов // Родная нiва (Клiмавiчы). 2011. 13 лiп.

9.     Муха, Ф. “Откуда, морячок?” – “Из Бреста, вестимо” : [о моряках Брестчины, в т.ч. о подводнике Ф. Ф. Каботе] / Фёдор Муха // Рэспублiка. 2006. 13 мая.

10.                       Брестский областной центр по гидрометеорологии и мониторингу окружающей среды: http://www.pogoda.brest.by/history.php

11.                       История метеонаблюдений в Бресте - geoversum.by: http://www.geoversum.by/blogs/tapan-m-ka/istorija-meteonablyuden

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1238 разоў Апошняя змена Пятніца, 10 Красавік 2020 12:30