Аўторак, 13 Май 2014 12:29

2014 г. – 120 гадоў з дня нараджэння Ізраіля Майсевіча Ляплеўскага (1894–1938), дзяржаўнага дзеяча, удзельніка Першай сусветнай вайны, Народнага камісара ўнутраных спраў БССР (1934–1936)

Ізраіль Майсеевіч Ляплеўскі нарадзіўся ў 1894 (па іншых звестках 1896) годзе ў г. Брэст-Літоўску Гродзенскай губерніі (цяпер горад Брэст) ў яўрэйскай шматдзетнай (9 дзяцей) сям’і.

Бацька быў рэзчыкам на тытунёвай фабрыцы, жылі вельмі бедна. Маці была энергічнай, прадпрымальнай, калі бацька паехаў у Варшаву на заробкі, ёй давялося дабываць сродкі да існавання дробным гандлем.

Пачатковую адукацыю Ізраіль атрымаў у хедэры. У пятнаццацігадовым узросце ўступіў у яўрэйскую сацыялістычную партыю “Бунд”. Працаваў у шапачнай майстэрні, на аптэчным складзе. З пачаткам Першай сусветнай вайны і наступленнем германскіх войск насельніцтва Брэст-Літоўска было выселена, сям’я Ляплеўскіх апынулася ў Растове-на-Доне.

У 1914 годзе Ізраіль Ляплеўскі быў мабілізаваны ў Расійскую армію. Служыў радавым на Турэцкім фронце (кастрычнік 1914 – чэрвень 1917 гг.). У сакавіку 1917 года ўступіў у Тыфлісе ў партыю бальшавікоў. З ліпеня 1917 года ў Екацерынаславе – член камітэта Ваеннай арганізацыі РСДРП(б). Прымаў удзел у ліквідацыі паўстання гайдамакаў.

С лютага 1918 года І. Ляплеўскі працаваў у органах ВЧК – рэгістратар зброі Саратаўскай ЧК. З чэрвеня 1918 года працаваў у бальшавіцкім падполлі ў занятай белачэхамі Самары – член падпольнага Самарскага камітэта РСДРП(б). З кастрычніка 1918 года ў Екацерынаславе – член Цэнтральнага бюро фракцыі КП(б)У, пасля заняцця горада дзенікінцамі – на падпольнай рабоце. Пасля вызвалення горада Чырвонай Арміяй зноў працаваў у ЧК на розных пасадах. З мая 1922 года – начальнік Екацерынаслаўскага губаддзела ГПУ УССР, з лютага 1923 года – начальнік Падольскага губаддзела ГПУ, адначасова ў 1923–1924 гадах – адказны сакратар Падольскага губкома КП(б)У. З кастрычніка 1925 года – начальнік Адэскага акруговага аддзела ГПУ, адначасова начальнік і ваенком 26-га пагранатрада ОГПУ, член калегіі ГПУ УССР. З ліпеня 1929 года працаваў у Харкаве – намеснік начальніка (са снежня 1929 г. – начальнік) СОУ ГПУ УССР, адначасова з 1930 года – начальнік Асобага аддзела Украінскай ваеннай акругі. Адзін з арганізатараў аперацыі “Вясна” (рэпрэсіі супраць былых афіцэраў царскай арміі, якія служылі ў РККА). Са жніўня 1931 года – у цэнтральным апараце ОГПУ у Маскве. З 17 лістапада 1931 года – начальнік ОО ОГПУ СССР. З 20 лютага 1933 года – у Харкаве. У студзені 1931 года пераведзены ў Саратаў.

Са снежня 1934 года – нарком унутраных спраў БССР. У 1935 годзе яму прысвоена званне камісара дзяржбяспекі 2-га рангу. Пры ім 3 лістапада 1936 года распачаліся масавыя арышты па гучнай справе, сфабрыкаванай супраць беларускай інтэлігенцыі (былі арыштаваны 70 чалавек). НКУС тады “выкрыла” кантррэвалюцыйную арганізацыю на чале з пісьменнікамі Міхасём Зарэцкім (1901–1937), Анатолем Вольным (1902–1937), Тодарам Кляшторным (1903–137), Валерыем Мараковым (1909–1937). Як адзначалі энкавэдысты, мэтай гэтых масавых арыштаў, папярэдне ўзгодненых у ЦК КП(б)Б, было выкараненне іншадумства сярод пісьменнікаў, журналістаў, выкладчыкаў і студэнтаў.

28 лістапада 1936 года І. Ляплеўскі пераведзены ў цэнтральны апарат НКУС. Быў адным з бліжэйшых супрацоўнікаў Мікалая Іванавіча Яжова (1895–1940) ў арганізацыі масавых рэпрэсій, кіраваў чысткамі ў Чырвонай Арміі на першым этапе “вялікага тэрору”. Адзін з кіраўнікоў следства па справе М. М. Тухачэўскага (1893–1996) і іншых ваеначальнікаў. Уваходзіў у групу кіраўнікоў НКУС, якія арганізавалі працэс над Р. Я. Зіноўевым (1883–1936) і Л. Б. Каменевым (1983–1936). Адзін з галоўных арганізатараў працэсу над М. Н. Руміным і Другога Маскоўскага працэсу над Радэкам (сапраўднае Караль Сабельсон (1885–1939)), Трэцяга Маскоўскага працэсу і іншых.

З 14 чэрвеня 1937 года – нарком унутраных спраў УССР. Кіраваў масавымі рэпрэсіямі на Украіне. Былы супрацоўнік НКУС В. М. Казакевіч у 1955 годзе ўспамінаў: “З прыездам на Украіну на пасаду наркома ўнутраных спраў УССР Ляплеўскага ў апараце НКУС УССР усталявалася практыка жорсткага збівання арыштаваных. Гэты праклад паказваў сам асабіста Ляплеўскі. Падражаючы Ляплеўскаму біць арыштаваных сталі і іншыя супрацоўнікі НКУС. Да прыезда на Украіну Ляплеўскага аб фактах збівання арыштаваных у НКУС УССР я не чуў”.

У студзені 1938 года зноў пераведзены ў Маскву, кіраваў транспартным аддзелам НКУС СССР.

Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР 1-га сазыву. Узнагароджаны ордэнам Леніна, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Чырвонай Зоркі, двума знакамі “Почетный работник ВЧК–ГПУ”, медалём “ХХ лет РККА”. Член ЦВК СССР у 1935–1937 гадах.

Ізраіль Майсеевіч Ляплеўскі быў арыштаваны 26 красавіка 1938 года як “участник фашистского заговора в НКВД”. Па прыгавору Ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР расстраляны 28 ліпеня 1938 года на палігоне “Камунарка”.

Яго старэйшы брат Рыгор Майсеевіч (Гірш Моўшавіч) Ляплеўскі (1889–1938) у юнацтве таксама быў актыўным членам “Бунда”. Вучыўся на эканамічным аддзяленні Кіеўскага камерцыйнага інстытута. З сакавіка 1917 года – член партыі бальшавікоў. Працаваў на кіруючых пастах у Гомелі і Самары, у Малым Савнаркоме РСФСР і Пракуратуры СССР, з 1934 года – намеснік пракурора СССР. Арыштаваны ў сакавіку 1938 года, расстраляны 27 ліпеня 1938 года. Рэабілітаваны 3 снежня 1957 года.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай
iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

1.     Леплевский Израиль Моисеевич // Корнилович, Э. А. Беларусь: созвездие политических имён : историко-биографический справочник / Э. А. Корнилович. Минск, 2009. С. 256.

2.     Ляплеўскі Ізраіль Майсеевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 425.

3.     Наумов, Л. Борьба в руководстве НКВД в 1936–1938 гг. : (“Опричный двор Иосифа Грозного”) / Леонид Наумов. Москва : Модерн-А, 2006. 128 с.

4.     Абрамов, В. Евреи в КГБ. Палачи и жертвы / В. Абрамов. Москва : Яуза – Эксмо, 2005.

5.     Полянский, А. Ежов : История “железного” сталинского наркома / Алексей Полянский. Москва : Вече, 2001. 400 с.

6.     Протько, Т. С. Усиление влияния НКВД во второй половине 1930-х гг. / Т. С. Протько // Протько, Т. С. Становление советской тоталитарной системы в Беларуси (1917–1941 гг.) / Т. С. Протько. Минск, 2002. С. 189–200.

7.     Петров, Н. В. Кто руководил НКВД. 1934–1941 : справочник / Н. В. Петров, К. В. Скоркин. Москва, 1999. 502 с. Из содерж.: Леплевский Израиль Моисеевич. С. 223.

8.     Палуян, У.А. Фарміраванне беларускай інтэлігенцыі і рэпрэсіі супраць яе : [1930-я гг.] / У. А. Палуян // Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 3. Мінск, 1995. С. 183–184.

9.     Антонович, Т. О репрессиях 1937–1938 годов в Белоруссии / Т. Антонович // Правда истории : память и боль. Минск, 1991. С. 81–90.

10.                       Жаворонков, Б. Тридцать седьмой : из хроники одного года жизни республики / Б. Жаворонков // Правда истории : память и боль. Минск, 1991. С. 67–80.

11.                       Ляшко, М. Террор : [в Белоруссии 1936–1937 гг.] / М. Ляшко // Политический собеседник. 1990. № 5. С. 46–48.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1400 разоў Апошняя змена Чацвер, 22 Красавік 2021 09:44