Аўторак, 13 Май 2014 12:32

1 мая 2014 г. – 125 гадоў з дня нараджэння Рыгора Майсеевіча Ляплеўскага (1889–1938), рэвалюцыянера, дзяржаўнага дзеяча, удзельніка ўстанаўлення савецкай улады ў Гомелі

Рыгор Майсеевіч (сапраўднае Гірш Моўшавіч) Ляплеўскі нарадзіўся 1 мая 1889 года ў г. Брэст-Літоўску Гродзенскай губерніі (цяпер горад Брэст) ў яўрэйскай шматдзетнай (9 дзяцей) сям’і.

Бацька быў рэзчыкам на тытунёвай фабрыцы, жылі вельмі бедна. Маці была энергічнай, прадпрымальнай, калі бацька быў без працы, ёй даводзілася дабываць сродкі да існавання дробным гандлем.

Да дзевяці год Рыгор, як усе яўрэйскія дзеці таго часу, вучыўся ў хедэры, потым па настаянню бацькі – у 4-класным гарадскім вучылішчы. У 1905 годзе за прамову на мітынгу і прыналежнасць да яўрэйскай сацыялістычнай партыі “Бунд” быў выключаны з вучылішча. З радоў “Бунда” выйшаў у 1909 годзе. Працаваў на розных работах, вучыўся ў прыватным камерцыйным вучылішчы, у Кіеўскім камерцыйным інстытуце на эканамічным аддзяленні (закончыў у 1915 г.). З пачаткам Першай сусветнай вайны і наступленнем германскіх войск насельніцтва Брэст-Літоўска было выселена, сям’я Ляплеўскіх апынулася ў Растове-на-Доне.

З першага месяца Лютаўскай рэвалюцыі Рыгор Ляплеўскі ўступіў у партыю бальшавікоў у Гомелі, быў членам Палескага камітэта РСДРП(б). Вёў актыўную агітацыйную работу ў Магілёўскай губерніі, прапагандаваў сярод салдат гомельскага гарнізона. Быў членам выканкама Гомельскага савета, а з Кастрычніцкай рэвалюцыі – старшынёй савета і рэвалюцыйнага камітэта. Делегаваны Выканкамам Саветаў Заходняй вобласці на вераснёўскую Усерасійскую дэмакратычную нараду. Быў абраны дэпутатам Усерасійскага Устаноўчага Сабрання ў Петраградзе. Прымаў удзел у ІІ і ІІІ Усерасійскіх з’ездах Саветаў.

Пасля акупацыі Палесся кайзераўскімі войскамі Рыгор Ляплеўскі пераехаў у Самару. З сакавіка 1918 года працаваў у якасці намесніка старшыні Самарскага губернскага выканкама (старшынёй быў Валер’ян Уладзіміравіч Куйбышаў (1888–1935)) і гарадскога Савета. Пры заняцці Самары белачэхамі быў у падполлі.

У маі 1920 года пераехаў у Маскву, працаваў загадчыкам арганізацыйна-інструктарскага аддзела НКУС РСФСР. Затым – член Калегіі НКУС, выкончаючы абавязкі намесніка наркома. З 1923 года – старшыня адміністрацыйна-фінансавай камісіі СНК СССР. Адначасова ў 1931–1932 гадах – член, а затым і старшыня Малога Савета народных камісараў. З 1934 года – першы намеснік пракурора СССР.

Напісаў успаміны “О работе В. И. Ленина в Совнаркоме в 1921–1923 гг.”, якія выйшлі асобнай брашурай у 1930-я гады, перавыдадзены ў 1971 і 1976 гадах.

Рыгор Ляплеўскі быў арыштаваны 10 сакавіка 1938 года. Следства лічыла яго адным з кіраўнікоў праватрацкісцкай арганізацыі ў сістэме пракуратуры. Ён быццам атрымліваў “террористические директивы заговорщицкого центра”. Першы і адзіны допыт адбыўся 23 мая 1938 года, на ім Р. Ляплеўскі прызнаў сваю прыналежнасць да антысавецкай арганізацыі. Справа па абвінавачванню Р. Ляплеўскага разглядалася Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда 29 ліпеня 1938 года. Абвінавачаны быў расстраляны ў той жа дзень на палігоне “Камунарка”.

Рыгор Майсеевіч Ляплеўскі рэабілітаваны 3 снежня 1957 года.

Яго малодшы брат Ізраіль Майсеевіч Ляплеўскі (1894/1896–1938) у юнацтве таксама быў актыўным членам “Бунда”. Служыў у Расійскай арміі на Турэцкім фронце. З сакавіка 1917 года – член партыі бальшавікоў. Працаваў на кіруючых пастах НКУС БССР (нарком унутраных спраў БССР у 1934–1936 гг.), УССР і СССР. Расстраляны 27 ліпеня 1938 года.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай
iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

1.     Леплевский Григорий Моисеевич // Корнилович, Э. А. Беларусь: созвездие политических имён : историко-биографический справочник / Э. А. Корнилович. Минск, 2010. С. 287.

2.     Ляплеўскі Рыгор Майсеевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 9. С. 427.

3.     Ляплеўскі Рыгор Майсеевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 425.

4.     Наумов, Л. Борьба в руководстве НКВД в 1936–1938 гг. : (“Опричный двор Иосифа Грозного”) / Леонид Наумов. Москва : Модерн-А, 2006. 128 с.

5.     Абрамов, В. Евреи в КГБ. Палачи и жертвы / В. Абрамов. Москва : Яуза–Эксмо, 2005.

6.     Полянский, А. Ежов : История “железного” сталинского наркома / Алексей Полянский. Москва : Вече, 2001. 400 с.

7.     Звягинцев, А. Прокуроры двух эпох : Андрей Вышинский и Роман Руденко / Александр Звягинцев. Москва : ОЛМА-Прісс, 2001. 382 с. Из содерж.: [Григорий Леплевский]. С. 24.

8.     Корнилович, Э. А. Председатель Малого Совнаркома : [Г. М. Леплевский] / Э. А. Корнилович// Корнилович, Э. А. Революцией призванные / Э. А. Корнилович. Минск : Беларусь, 1980. С. 198–205.

9.     Протасов, Л. Г. Люди Учредительного собрания: портрет в интерьере эпохи / Л. Г. Протасов. Москва : РОСПЭН, 2008. 464 с.

10.                       Леплевский, Г. О работе В. И. Ленина в Совнаркоме в 1921–1922 гг. / Григорий Леплевский. Москва : Политиздат, 1976. 35 с.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1388 разоў Апошняя змена Чацвер, 22 Красавік 2021 09:46