Аўторак, 30 Верасень 2014 15:38

28 ліпеня 2014 г. – 70 гадоў з часу вызвалення г. Брэста ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (1944)

Горад Брэст быў вызвалены ў выніку Люблін-Брэсцкай аперацыі – заключнай стадыі Беларускай наступальнай аперацыі “Баграціён” (23 чэрвеня – 29 жніўня 1944 г.). Люблін-Брэсцкую аперацыю (18 ліпеня – 2 жніўня 1944 г.) правялі войскі 1-га Беларускага фронту пад камандаваннем Маршала Савецкага Саюза К. К. Ракасоўскага, яе план быў зацверджаны Вярхоўным Галоўнакамандуючым 7 ліпеня 1944 года.

 Правае крыло 1-га Беларускага фронту складалася з 48-й, 65-й, 28-й армій і конна-механізаванай групы. Цэнтр фронту складала 61-я армія. Левае крыло складалася з 70-й, 47-й, 8-й гвардзейскай, 69-й, 2-й танкавай, 6-й і 16-й паветраных армій, 7-га гвардзейскага і 2-га гвардзейскага кавалерыйскіх карпусоў, 1-й арміі Войска Польскага.

 У перыяд з 5 па 28 ліпеня 1944 года часткамі 70-й, 28-й, 61-й, 65-й, 16-й паветранай армій, конна-механізаванай групай, Дняпроўскай флатыліяй былі вызвалены раённыя цэнтры Брэстчыны: Баранавічы (8 ліпеня), Лунінец (10 ліпеня), Івацэвічы (12 ліпеня), Пінск (14 ліпеня), Бяроза (15 ліпеня), Пружаны (16 ліпеня), Драгічын (17 ліпеня), Жабінка (18 ліпеня), Кобрын, Маларыта (20 ліпеня), Камянец (22 ліпеня). 

Галоўны ўдар наносілі войскі левага крыла 1-га Беларускага фронту на Ковельскага-Люблінскім кірунку. 70-я армія генерал-палкоўніка В. С. Папова, 47-я армія генерал-лейтэнанта М. І. Гусева, 8-я гвардзейская армія генерал-палкоўніка У. І. Чуйкова, 69-я армія генерал-лейтэнанта У. Я. Калпакчы пры падтрымцы 6-й паветранай арміі генерал-лейтэнанта авіяцыі Ф. П. Палыніна прарвалі варожую абарону па захаду ад Ковеля на фронце 30 км і на працягу двух дзён прасунуліся на 13 км. 

70-я армія, павярнула на поўнач з мэтай адрэзаць шляхі адыходу нямецкім войскам з Брэста, выйшла праз г. Бяла-Падляску да ракі Заходні Буг на паўночны захад ад Брэста, тым самым ахапіла Брэст з паўднёвага захаду, захаду і паўночнага захаду. У другім эшалоне прасоўвалася 1-я армія Войска Польскага пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Зыгмунта Берлінга. 

На правым флангу баі вялі 48-я, 65-я, 28-я арміі, конна-механізаваная група. 28-я і 65-я арміі правага крыла фронту ў гэты ж час выйшлі на поўнач ад Брэста. 28-я армія з цяжкімі баямі прарвала мяжу нямецкай абароны і выйшла праз гарады Камянец і Высока-Літоўск на паўночны ўсход ад Брэста да ракі Заходні Буг, дзе злучылася з часцямі 70-й арміі. 

З усходу да Брэста падышлі часткі 9-га гвардзейскага стралковага корпуса і 61-га. З выхадам войскаў правага крыла на рубеж Свіслачы, Пружан і на подступах да Брэста былі створаны ўмовы да акружэння Брэсцкай групоўкі праціўніка. У хуткім часе акружэнне горада было завершана. 

Гітлераўцы стварылі ў раёне Брэста магутны глыбока эшалянаваны і ўмацаваны раён, насычаны вялікай колькасцю дотаў, дзотаў, мінных палёў і іншых ўмацаванняў доўгачасовай і палявой фартыфікацыі, звязаных паміж сабой хадамі. У сістэму абароны былі ўключаны фарты Брэсцкай крэпасці. З нямецкага боку акружэнню горада супрацьдзейнічалі з раёна Бяла-Падляскі 55-ы армейскі корпус: 4-я танкавая дывізія, 28-я пяхотная дывізія і 129-я дывізіён-група; з раёна Высока-Літоўска – 23-і армейскі корпус: 5-я танкавая дывізія СС “Вікінг”, 35-я пяхотная дывізія і 216-я дывізіён-група.На ўсходняй мяжы Брэста адступалі з усходу рэшткі 7-й, 102-й і 292-й пяхотных нямецкіх дывізій, 5-й і 23-й пяхотных вянгерскіх дывізій, кавалерыйскі корпус. З нямецкага боку ў “абароне” горада прымалі ўдзел часткі корпуснай групы “Е” генерал-лейтэнанта Шэлера: 86-я, 137-я, 251-я дывізіён-групы, 203-я ахоўная дывізія, 186-ы сапёрны батальён, 186-ы фузілерны батальён, 22-і зенітна-артылерыйскі полк, 930-ы ахоўны полк, 251-ы батальён сувязі, зводны батальён з адпускнікоў. На гэты час у горадзе заставалася каля 15 тысяч жыхароў. 

Нягледзячы на супрацьдзеянне нямецкіх войскаў у выглядзе пастаянных контратак з месцаў засяроджвання, штурм горада ажыццяўляўся з раніцы 27 ліпеня сіламі частак 28-й арміі з поўначы горада; частак 70-й арміі – з поўдня, 12-я стралковая дывізія – з усходу. Надвор’е ў гэты дзень было надзвычай спякотным. Рашаючы штурм горада пачаўся а 21-й гадзіне. Да 2-й гадзіны ночы 28 ліпеня (1133 дзень вайны) часткамі 12-й гвардзейскай стралковай дывізіі (палкоўнік Д. К. Мальцаў), 212-й стралковай дывізіі (палкоўнік В. Г. Кучынёў), 415-й стралковай дывізіі (палкоўнік П. М. Машчалкаў) 9-га гвардзейскага Брэсцкага стралковага корпуса 61-й арміі, 48-й гвардзейскай стралковай дывізіі (генерал-маёр Г. М. Корчыкаў) 20-га Брэсцкага стралковага корпуса 28-й арміі, 160-й стралковай дывізіі (генерал-маёр М. С. Цімафееў) 114-га Брэсцкага стралковага корпуса 70-й арміі быў цалкам ачышчаны ад праціўніка. Пры адступленні фашысты ўзарвалі прадпрыемствы, электрастанцыі, майстэрні, лесапільні, хлебапякарні, мясакамбінат, дэпо, вадаправод і інш. Лепшыя будынкі былі ўзарваны і спалены, жылы фонд горада быў разбураны больш чым на 30 працэнтаў. 

28 ліпеня ў 22.00 па радыё быў зачытаны загад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага аб вызваленні горада Брэста (апублікаваны ў газеце “Правда” 29 ліпеня 1944 г.). 

За час Люблін-Брэсцкай аперацыі з 17 па 30 ліпеня 1944 года 160-я дывізія страціла 328 чалавек забітымі і 1429 параненымі. Прайшла з баямі 138 км, вызваліла 176 населеных пунктаў і ва ўзаемадзеянні з часткамі 9-га стралковага корпуса заняла г. Брэст. 31 жніўня 1944 года загадам Вярхоўнага галоўнакамандуючага І. Сталіна 160-й стралковай Чырванасцяжнай дывізіі было прысвоена найменне “Брэсцкая”. Званне Героя Савецкага Саюза за вызваленне г. Брэста атрымалі 19 чалавек: М. Я. Аляксандраў, І. І. Бувін, М. Ф. Валошын, П. І. Вінаградаў, Ю. М. Віннік, В. П. Газін і інш. 

Пагранічны Брэст першым у чэрвені 1941 года падвергся нападу ворага і адным з апошніх гарадоў СССР сустрэў сваіх вызваліцеляў. Асаблівай датай для горада з’яўляецца 28 ліпеня, у гэты дзень брэстаўчане адзначаюць Дзень горада. Адна з вуліц названа “28-га ліпеня”. На плошчы Свабоды ў 1965 годзе ўстаноўлены “Помнік Вызвалення” – мемарыял у гонар армiй i злучэнняў 1-га Беларускага фронту; на 9-ці стэлах назвы воінскіх частак, якія вызвалялі горад (архiтэктары А. Гарбачоў і М. Мікалаў, скульптар М. Альтшулер). У 2005 годзе побач устаноўлены памятны знак “60 лет освобождения города Бреста” (аўтар Р. Груша). 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 1. Люблин-Брестская операция 1944 // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск. 2009. Кн. 2. С. 51–52. 

2. Люблин-Брестская операция 1944 // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2007. Т. 4. С. 590–591. 

3. Люблін-Брэсцкая аперацыя 1944 // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 9. С. 397–398. 

4. Россихин, В. П. Июль сорок четвёртого. Освобождение : хронико-документальный очерк / Валентин Павлович Россихин. 3-е изд., доп. Брест : Академия, 2004. 79 с. 

5. Данильчук, Н. В. Освобождение Бреста в июле 1944 г. / Н. В. Данильчук, А. Н. Сердюк // Успешен тот, кто творит / УО «Брестский государственный политехнический колледж». Т. 2. Брест, 2012. С. 77–82. 

6. Вызваленне ; Пазбегнуць разгрому не ўдалося… ; 28-я армія ў баях за Брэст ; Загад Радзімы выкананы ; Даражыць жыццём кожнага ; Не колькасцю, а розумам ; Танкісты ў баях ; 70–я армія ў баях за Брэст ; У баях 1-я стралковая дывізія ; “Город был взят…” ; Пад абстрэлам кожны метр зямлі… ; Паведамілі партызаны ; Дакументы сведчаць // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Брэста : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 129–150. 

7. Вызваленне ; Удзельнікі былых баёў расказваюць пра вызваленне Брэстчыны // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Брэсцкага раёна. Мінск, 1998. С. 237–243. 

8. Званне героя за вызваленне Брэста ; Героі Савецкага Саюза, якія пахаваны ў Брэсце ў парку 1 Мая // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Брэста : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 150–156. 

9. Брестская крепость. Война и мир / автор концепции и текста А. Суворов. Брест : Полиграфика, 2010. 256 с. : ил. Из содерж.: [Освобождение Бреста]. С. 229–232. 

10. Операция «Багратион». Освобождение Белоруссии. Москва : ОЛМА-ПРЕСС, 2004. 488 с.; [16 л.] ил. (Архив). 

11. Амяльковіч, Д. “Ну вось мы і прыйшлі…” : [вызваленне Брэста паводле матэрыялаў абласнога краязнаўчага музея] / Дар’я Амяльковіч // Культура. 2009. 25–31 ліп. (№ 30). С. 23. 

12. Гарматны, В. Беларуская наступальная аперацыя “Баграціён” / Віталь Гарматны // Гісторыя: праблемы выкладання. Серыя “У дапамогу педагогу”. 2009. № 5. С. 37–44. 

13. Волкович, А. М. Письма войны: хрестоматия патриотизма / Александр Михайлович Волкович. Брест, 2010. 226 с. : ил. 

14. Памятник освобождения // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 78. 

15. Барысюк, У. Будзем помніць усіх пайменна : [удзельнік вызвалення г. Брэста М. С. Пасякін] / У. Барысюк // Брестский вестник. 2011. 24 нояб. С. 14. 

16. Пыльцин, А. Правда о штрафбатах / Александр Пыльцин. 3-е изд., испр., доп. Москва : Яуза; Эксмо, 2008. 510 с. : ил. Из содерж.: Глава 6. Операция Багратион. С. 170–210. 

17. Волкович, А. За овладение городом Брест : Приказом Верховного Главнокомандующего лейтенанту Николаю Десятову была объявлена благодарность / Александр Волкович // Заря. 2011. 28 июля. С. 4. 

18. Слединская, В. З. Костры памяти никогда не погаснут : [воспоминания ветерана Великой Отечественной войны, брестчанки об освобождении г. Бреста] / В. З. Слединская ; подготовил А. Волкович // Заря. 2010. 27 июня. С. 4. 

19.  Мороз, С. Они не думали про геройство : [о подвиге гв. капитана Василия Ивановича Загороднева (1919–1944), Героя Советского Союза] / Сергей Мороз // Заря над Бугом (Брест). 2010. 27 февр. С. 4. 

20.  Мороз, С. Навеки остался в Прибужье : [о Герое Советского Союза Пантелее Борисовиче Лактионове (1922–1944), погибшем при освобождении Бреста] / Сергей Мороз // Заря над Бугом (Брест). 2010. 30 янв. С. 4. 

21. Кабяк, Э. Вукулі – беларускі партызан : [з ваеннай біяграфіі ўдзельніка вызвалення Брэста грузіна Вукулі Кодуа] / Э. Кабяк // Народная трыбуна. 2009. 3 ліп. С. 3. 

22. Гурин, А. Через годы, через расстоянье… : [о Михаиле Ивановиче Сидорцеве, погибшем при освобождении Бреста] / А. Гурин // Советская Белоруссия. 2005. 7 мая. С. 15. 

23. Илларионова, Л. Ведь в жизни солдаты мы…” : [об участниках освобождения Бреста от немецко-фашистских захватчиков] / Лара Илларионова // Вечерний Брест. 2004. 28 июля. С. 4–5. 

24. Копачева, Е. Подвиг, овеянный славой : [об освобождении Бреста] / Елена Копачева // Брестская газета. 2003. 28 июля. С. 13. 

25. Лисюк, С. Операция Багратион : Разгром фашистов на подступах к границе : [освобождение г. Бреста] / Сергей Лисюк, Сергей Ломовцев // Заря. 2004. 1 июля. С. 1–2. 

26. Муха, Ф. Как брали Брест / Фёдор Муха // Рэспублiка. 2004. 28 ліп. С. 1, 4. 

27. Первыми входили в Брест : [об освобождении Бреста от немецко-фашистских захватчиков] ; Коркотадзе, А. Земли родной освободитель : [о выставке «Земли родной освободитель» в Музее обороны Брестской крепости] / АКоркотадзе, АМитюков // Заря. 2004. 27 июля. С. 2. 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1632 разоў Апошняя змена Пятніца, 10 Красавік 2020 15:27