Чацвер, 21 Жнівень 2014 00:00

21 жніўня 2014 г. – 65 гадоў з дня нараджэння Сцяпана Сцяпанавіча Пясецкага (1949), вучонага ў галіне матэрыялазнаўства

Сцяпан Сцяпанавіч Пясецкі нарадзіўся 21 жніўня 1949 года ў вёсцы Аляксейкі Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У 1966 годзе скончыў Стайкаўскую сярэднюю школу. У 1971 годзе – выпускнік кафедры тэхналогіі нафтахімічнага сінтэзу і перапрацоўкі палімерных матэрыялаў Беларускага тэхналагічнага інстытута.

З 1971 года С. С. Пясецкі працуе ў Інстытуце механікі металапалімерных сістэм НАН Беларусі імя В. А. Белага. Вучоны ў галіне матэрыялазнаўства, Сцяпан Сцяпанавіч у 1992 годзе стаў доктарам тэнічных навук. З таго ж года назначаны загадчыкам лабараторыі № 52 «Хімічная тэхналогія палімерных матэрыялаў» ІММС НАН Беларусі. Званне прафесара яму было прысвоена ў 2000 годзе.

С. С. Пясецкі выканаў навуковыя працы па тэхналогіі і матэрыялазнаўству палімераў і кампазітаў. Распрацаваў тэхналогію атрымання новых кампазітных матэрыялаў на аснове палімераў, якія знайшлі выкарыстанне ў машынабудаванні. Аўтар больш за 250 навуковых прац, 5-ці манаграфій, больш за 100 вынаходстваў і патэнтаў. Падрыхтаваў 8 кандыдатаў навук.

У 1975 годзе Сцяпан Сцяпанавіч атрымаў прэмію Ленінскага камсамола Беларусі. Лаўрэат прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2008) за цыкл работ «Хімічная тэхналогія імпартазамяшчальных і перспектыўных палімерных матэрыялаў тэхнічнага прызначэння».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Івацэвіцкай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака. Джэжора Людміла Сяргееўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

1. Пясецкі Сцяпан Сцяпанавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 13. С. 161.

2. Пясецкі Сцяпан Сцяпанавіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Івацэвіцкага раёна. Мінск, 1997. С. 459.

3. https://tnsippm.belstu.by/abiturientu/nasha-gordost-nashi-vypuskniki.html

4. http://mpri.org.by/departments/dep5/personal-pages/dep5-pesetskii.htm

5. http://science.basnet.by/project/PROJECTS_MainRU461authors

6. http://nasb.gov.by/docs/prizes/nasbprizes2008.html

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1826 разоў Апошняя змена Пятніца, 10 Красавік 2020 15:06