Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 08 Кастрычнік 2014 11:08

Снежань 2014 г. – 75 гадоў з часу заснавання ў г. Брэсце абласнога дома народнай творчасці (1939), з 1996 г. – абласнога грамадска-культурнага цэнтра

Брэсцкі абласны Дом народнай творчасці быў заснаваны ў снежні 1939 года, пачаў сваю дзейнасць са студзеня 1940 года. Даваенны перыяд у гістарыяграфіі не адлюстраваны. У гады Вялікай Айчыннай вайны не дзейнічаў, аднавіў сваю работу ў красавіку 1945 года.

У пасляваенны перыяд задачы ў галіне культурнага будаўніцтва перш за ўсё заключаліся ў аднаўленні разбураных у час вайны асяродкаў культуры, пашырэнні сеткі культурна-асветных устаноў. Дом народнай творчасці аказваў навукова-метадычную дапамогу культурна-асветным установам і калектывам мастацкай самадзейнасці незалежна ад ведамаснай прыналежнасці.

У 1979 годзе паводле загаду Савета Міністраў БССР стаў называцца Брэсцкім абласным навукова-метадычным цэнтрам народнай торчасці і культурна-асветнай работы. Размяшчаўся на вул. Савецкай, 53.

У 1980–1998 гадах дзейнасцю Цэнтра кіравала Святлана Іосіфаўна Гуляева, заслужаны работнік культуры БССР (1980). У 1990-я гады ў АНМЦ працавалі: намеснік дырэктара Васіль Васільевіч Гуляеў, спецыялісты: па інструментальнай музыцы Віктар Аляксеевіч Парыцкі, па эстраднай музыцы Барыс Ісакавіч Левінсон, па аматарскай творчасці Эдуард Мікалаевіч Завалаў, па інфармацыйна-аналітычнай рабоце Святлана Васільеўна Несцярэнка, па рабоце з дзецьмі Зоя Аляксандраўна Нічык, балетмайстар Людміла Рыгораўна Бярней і інш.

Па ініцыятыве ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Цэнтр стаў арганізатарам стварэння школ народнай творчасці, Дамоў фальклору і рамёстваў. Ужо традыцыйнымі сталі абласныя пленэры мастакоў, разьбяроў драўлянай манументальнай скульптуры. У вёсцы Гарадная Столінскага раёна створаны Цэнтр ганчарства, дзе ладзяцца міжнародныя пленэры ганчароў і керамістаў. У фестывальнай палітры Цэнтра прадстаўлены розныя жанры самадзейнай мастацкай творчасці: абласныя фестывалі творчасці ветэранаў “Неспакойныя сэрцы”, эстраднага мастацтва “Рытмы маладосці”, аматарскага тэатральнага мастацтва “Тэатральнае Палессе”, вакальна-харавога мастацтва “Ляці, наша песня!”, свята-конкурс духавой музыкі “Фанфара” і інш.

У 1996 годзе АНМЦ пераўтвораны ў абласны грамадска-культурны цэнтр. Цэнтру быў перададзены будынак былога абласнога Дома палітычнай асветы (вул. Камуністычная, 1). Некалькі гадоў працягвалася яго рэканструкцыя, якая была завершана ў 2009 годзе. Жыхары горада і вобласці атрымалі цудоўную канцэртную залу на 596 месцаў, дзе ладзяцца выступленні не толькі мясцовых калектываў і артыстаў, але і шматлікіх гасцей Брэста, адбываюцца абласныя і міжнародныя мерапрыемствы. 20 лістапада 2009 года ў гэтай зале адбылося святкаванне 70-годдзя с часу ўтварэння Цэнтра.

Пры АГКЦ з 2001 года дзейнічае выставачная зала (вул. Савецкая, 54), дзе на працягу кожнага года афармляюцца каля 20-ці мастацкіх выстаў. У 2013 годзе была праведзена рэканструкцыя гэтай залы. У 2006 годзе пры Цэнтры створаны мастацкі салон-магазін “Скарбніца”, дзе выстаўлены работы прафесійных і самадзейных мастакоў і майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Брэсцкай вобласці.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

1. Нам 70 гадоў. ДзУК “Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр” / склад. А. А. Клуніна. Брэст, 2009. 25 с.: іл.

2. Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2011. Т. 2. С. 67–68.

3. Научно-методический центр народного творчества и культурно-просветительной работы областной // Брест : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 280–281.

4. Брэсцкі абласны навукова-метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы // Энцыклапедыя культуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 493.

5. Культурнае жыццё ў 1945–1990-я гады / Л. П. Нікіценкава, У. І. Нікіценкаў // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Брэста : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 572–578.

6. Новаковская, А. Чтоб вы с улыбкой встречали новый день : [о праздновании 70-летия областного ОКЦ] / Анна Новаковская // Брестский вестник. 2009. 26 нояб. С. 3.

7. Капачова, А. Сэрца культуры : [пра свята да 70-годдзя абласнога ГКЦ] / Алена Капачова // Народная трыбуна. 2009. 28 ліст. С. 2.

8. Мошчык, С. Культуры жыватворнае святло : абласны грамадска-культурны цэнтр адзначыў 70-годдзе / Сяргей Мошчык // Вечерний Брест. 2009. 25 нояб. С. 9.

9. Клуніна, А. Юбілей як доказ жыццяздольнасці : абласному грамадска-культурнаму цэнтру – 70 год / Аксана Клуніна / Аксана Клуніна // Вечерний Брест. 2009. 20 нояб. С. 8.

10. Клуніна, А. Усё толькі пачынаецца… : [да 70-годдзя Брэсцкага абласнога ГКЦ] / Аксана Клуніна // Заря. 2009. 19 нояб. С. 4. 

Чытаць 1122 разоў Апошняя змена Панядзелак, 13 Красавік 2020 11:02