Пятніца, 08 Жнівень 2014 00:00

8 жніўня 2014 г. – 140 гадоў з дня нараджэння Барыса Мікалаевіча Жуковіча (1874–1938), гісторыка, архівіста

Барыс Мікалаевіч Жуковіч нарадзіўся 8 жніўня 1874 года ў сям’і патомнага свяшчэнніка ў г. Пружаны Гродзенскай губерні (цяпер у Брэсцкай вобласці)  Яго бацька Мікалай Міхайлавіч Жуковіч (1827–1906) служыў пратаіерэем Аляксандра-Неўскага сабора, быў чалавекам шырока адукаваным. Старэйшы брат Барыса – Платон Мікалаевіч Жуковіч (1857–1919) – прафесар Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі, даследчык царкоўнай і грамадзянскай гісторыі Беларусі.

Б. М. Жуковіч атрымаў адукацыю ў Літоўскай духоўнай семінарыі, Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі (1895–1899). Быў вольным слухачом у Санкт-Пецярбургскім універсітэце на гісторыка-філалагічным факультэце (1899–1901) і ў Санкт-Пецярбургскім археалагічным інстытуце. Пасля заканчэння духоўнай акадэміі прылічаны да канцэлярыі обер-пракурора Святога Сінода звыш штата з адкамандзіраваннем для заняткаў ў сінадальным архіве. Прымаў удзел у складанні вялікай працы «Описание Архива Александро-Невской Лавры за время царствования Императора Петра Великого» (I том. 1903; ІІ том. 1911).

Займаў розныя пасады: з 1905 года – член камісіі па разбору і навядзенню парадку у справах, якія захоўваюцца ў архіве; з 1906 года – выкладчык гісторыі ў Васільеваастраўской гімназіі Ведамства ўстаноў імператрыцы Марыі; з 1908 года – памочнік начальніка архіва і бібліятэкі Святога Сінода. У 1920-я гады член камісіі па апісанню спраў і дакументаў Другога Аддзялення IV секцыі Адзінага дзяржаўнага архіўнага фонду ў Петраградзе.

Б. М. Жуковіч склаў частку апісанняў другога і поўнасцю трэцяга тома «Описания архива западнорусских униатских митрополитов». У трэці том, ўваходзілі:

1) візіты, ведамасці, табелі, люстрацыі, інвентары і інш. дакументы з 1684 па 1824 гады;

2) «кнігі», альбо зборнікі дакументаў, размешчаныя то ў сістэматычным, то без усялякага парадку, пераважна ХVІІІ ст.

На жаль, далейшы лёс трэцяга тома «Описания архива западнорусских униатских митрополитов», складзенага Б. М. Жуковічам, застаецца невядомым.

Аўтар выдання “Сообщение об архиве западнорусских униатских митрополитов” (Петраград, 1915).

Б. М. Жуковіч удзельнічаў у складанні біяграфій некаторых заходнерускіх духоўных асоб для «Русского биографического словаря».

У 1933 годзе Б. М. Жуковіч быў арыштаваны ў Ленінградзе па справе «евлогиевцев», па якой былі прыцягнуты 175 чалавек. У 1934 годзе асуджаны да заключэння ў канцлагер. Пасля жыў у Ноўгарадзе, працаваў вартаўніком арцелі. 19 сакавіка 1938 года быў зноў арыштаваны.

11 чэрвеня 1938 года Барыс Мікалаевіч Жуковіч прысуджаны па артыкуле 58-1а УК РСФСР да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны ў г. Ленінградзе 28 чэрвеня 1938 года. Рэабілітаваны.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Пружанскай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Берднік Валянціна Іванаўна, галоўны бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

1. Пракаповіч, Н. Царкоўны гісторык з Пружаншчыны : [пра Платона Мікалаевіча Жуковіча і яго брата Барыса] / Наталля Пракаповіч // Брестские епархиальные ведомости. 2012. № 4. С. 59–61.
2. Нікалаеў, М. В. Беларускі Пецярбург / Мікалай Васільевіч Нікалаеў. Санкт-Пецярбург : Агенство “ВиТ-принт», 2009. 535 с.: іл. Са зместу: Платон Мікалаевіч Жуковіч. С. 48.
3. Арсяновіч, А. Царкоўны гісторык і грамадскі дзеяч Платон Жуковіч / А. Арсяновіч // Раённыя будні (Пружаны). 2007. 10 кастр. С. 6.
4. Теплова, В. Платон Николаевич Жукович / В. Теплова // Брестские епархиальные ведомости. 2007. № 4. С. 44–45.
5. Носко, М. Протоиерей Николай Жукович / М. Носко // Брестские епархиальные ведомости. 2007. № 2. С. 50–52.
6. Головин, К. В. Дело «евлогиевцев» / К. В. Головин // Санкт-Петербургские епархиальные ведомости 2001. Вып. 24. С. 136–146.
7. Архив Александро-Невской Лавры и работы по его описанию: http://lavra.spb.ru/about/history/897-lavra-archive-description.html

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1302 разоў Апошняя змена Панядзелак, 13 Красавік 2020 10:02