Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 10 Снежань 2014 10:06

22 верасня 2014 г. – 70 гадоў з часу заснавання (1944) у г. Брэсце чыгуначнага вучылішча

Брэсцкае вучылішча чыгуначнага транспарту было створана ў сістэме Працоўных рэзерваў у 1944 годзе. Яно адно з найстарэйшых прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў Беларусі. На падставе загаду Брэсцкага абласнога ўпраўлення працоўных рэзерваў № 1 ад 16 жніўня 1944 года з’явілася чыгуначнае вучылішча № 7. Яно размясцілася ў будынку былой Тэхнічнай чыгуначнай школы, побач з чыгуначным тэхнікумам, створаным у 1940 годзе. Заняткі пачаліся 22 верасня 1944 года.

Вучылішча рыхтавала спецыялістаў па прафесіях: памочнік машыніста паравозаў, слесар па рамонце вагонаў і аўтатармазоў, дзяжурны па станцыі, слесар па рамонце паравозаў. Кантынгент ўстановы складалі выхаванцы дзіцячых дамоў і моладзь вольнага прыёму з 4–7 класамі адукацыі. Тэрмін навучання складаў два гады. Усяго Брэсцкае ЧВ-7 выпусціла ў жыццё 1685 рабочых.

У 1955 годзе ЧВ-7 пераўтворана ў тэхнічнае вучылішча № 10 з тэрмінам навучання ад дзесяці месяцаў да двух гадоў. ТВ-10 рыхтавала рабочых па спецыяльнасцях: дарожны майстар, брыгадзір шляху, электраманцёр СЦБ, дзяжурны па станцыі, каваль свабоднага кавання. Усяго было выпушчана 1045 рабочых.

У 1961 годзе ТВ-10 рэарганізавана ў ДПТВ-27, якое падрыхтавала з 1962 па 1970 гады 2848 спецыялістаў па прафесіях: праваднік, манцёр, аўтаслесар, памочнік машыніста цеплавоза, каваль, слесар, мантажнік.

У 1969 годзе ДПТВ-27 пераўтворана ў сярэдняе прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 27 (СПТВ-27) з 3-х і 4-х гадовым тэрмінам навучання па падрыхтоўцы высокакваліфікаваных працоўных з агульнай сярэдняй адукацыяй па спецыяльнасцях: дзяжурны па станцыі, аўтаслесар, электраманцёр кантактнай сеткі, памочнік машыніста цеплавоза, электраманцёр СЦБ, аглядчык-рамонтнік вагонаў, брыгадзір шляху. У той жа час у вучылішчы ішла падрыхтоўка спецыялістаў на базе сярэдняй адукацыі.

У 1984 годзе Брэсцкае СПТВ-27 чыгуначнага транспарту рэарганізавана ў Брэсцкае ПТВ-27 чыгуначнага транспарту з падрыхтоўкай кадраў на базе няпоўнай сярэдняй адукацыі (9 класаў) і поўнай сярэдняй адукацыі. У 2000 годзе ПТВ-27 перайменавана ў вучэбна-адукацыйную ўстанову «Брэсцкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 27 чыгуначнага транспарту». 17 лістапада 2003 года перайменавана ва ўстанову адукацыі «Брэсцкае дзяржаўнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 27 чыгуначнага транспарту».

8 лютага 2008 года УА «Брэсцкае дзяржаўнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 27 чыгуначнага транспарту» перайменавана ў УА «Брэсцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй чыгуначнага транспарту».

Усяго за сваю гісторыю ліцэй выпусціў больш за 18 тысяч спецыялістаў. Сярод выпускнікоў ёсць узнагароджаныя ордэнамі «Знак Пашаны»: Павел Іосіфавіч Піліпчук – выпускнік 1948 года; Васіль Рамановіч Гілеціч, Мікалай Генадзевіч Забельскі – выпускнікі 1951 года; «Ордэнам Леніна»: Іван Іванавіч Маркавіч – выпускнік 1947 года.

Многія выпускнікі ўзнагароджаны медалём «За працоўную доблесць»: Аляксей Рыгоравіч Ніканюк, Анатоль Аляксандравіч Паўлючук, Васіль Васільевіч Пракапюк, Іван Сямёнавіч Ліпко; медалём «За доблесную працу»: Васіль Сямёнавіч Шацілавіч – выпускнік 1946 года, Анатоль Мікітавіч Мышленік, Уладзімір Яфімавіч Кавалеўскі – выпускнікі 1950 года, Уладзімір Аляксеевіч Сідарук – выпускнік 1956 года. Некаторыя выпускнікі ўдастоены звання «Ганаровы чыгуначнік»: Г. Ф. Ільяшэвіч, М. В. Круглей, Н. М. Грыцук, В. Р. Гілеціч, М. А. Храпун.

Трэба адзначыць, што у Брэсцкім чыгуначным каледжы ў якасці выкладчыкаў працуе шмат былых выпускнікоў ліцэя. У Брэсцкім аддзяленні Беларускай чыгункі амаль 80 % работнікаў – гэта выпускнікі ліцэя.

На працягу многіх гадоў існавання ліцэя ў яго руля стаялі выдатныя людзі: Э. М. Сідлер (1944), Ф. П. Пятроўскі (1944–1951), С. М. Чмыхуноў (1951–1954), А. С. Даніловіч (1954–1960), Л. М. Абаротаў (1960–1977), А. А. Камялькоў (1977–1984), В. М. Меліхаў (1984–1989), П. Н. Нярода (1989–1995), А. П. Прымак (1995–2005), В. П. Захарчук (2005–2007). З 2007 года і па цяперашні час УА «Брэсцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй чыгуначнага транспарту» ўзначальвае Фёдар Гаўрылавіч Сілюк, кандыдат гістарычных навук.

Сёння ліцэй рыхтуе кваліфікаваных спецыялістаў для патрэб чыгуначнага транспарту па розных спецыяльнасцях: праваднікоў, касіраў, электрыкаў, манцёраў шляху, рамонтнікаў і іншых. Для навучэнцаў створана база для заняткаў спортам і адпачынку: спартыўная зала, цір, дыскаклуб. Працуюць гурткі тэхнічнай творчасці, мастацкай самадзейнасці, студыя эстраднай песні. Кожны год вясной мемарыяльны атрад вучылішча нясе Ганаровую вахту Памяці ля вечнага агню Славы ў Брэсцкай крэпасці-герой.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, загадчыца інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела

 

  1. Силюк, Ф. Г. Своя колея для лицея железнодорожников / Фёдор Гаврилович Силюк ; расспрашивал Сергей Мощик // Вечерний Брест. 2014. 28 нояб. С. 6.

  2. Гринчик, Т. Пассажиры – желанные гости : [о выпускниках Брестского лицея железнодорожного транспорта] / Тамара Гринчик // Брестский вестник. 2013. 27 июня (№ 26). С. 19.

  3. Альшова, И. От школы до лицея : [об училище № 27] / Ирина Альшова // Брестский вестник. 2008. 7 февр. С. 1.

  4. Силюк, Ф. Призвание – не последняя скрипка : [беседа с директором ПТУ № 27 железнодорожного транспорта] / Фёдор Силюк ; беседовала З. Лазарева ; Гринчик, Т. Не хлебом единым : [об училище № 27 железнодорожного транспорта] / Тамара Гринчик // Брестский вестник. 2007. 28 июня. С. 6.

  5. Волкович, А. Возраст свершений: училищу железнодорожников – 60 / Александр Волкович // Брестский курьер. 2004. 9 дек. ( 50). С. 7.

  6. Кисель, Е. Не гордись званием, а гордись знанием : [о праздновании 60-летия Брестского училища железнодорожного транспорта] / Е. Кисель // Железнодорожник Белоруссии. 2004. 4 дек.

  7. Четырнадцать шкатулок с секретом : [о конкурсе профессионального мастерства «Учитель года» в Брестском ПТУ № 27] // Железнодорожник Белоруссии. 2000. 11 янв.

  8. Постоялко, Т. «Вечным законом да будет…» : [о преподавателе Брестского ПТУ-27 железнодорожного транспорта Екатерине Терентьевне Городник] / Татьяна Постоялко // Заря. 1998. 3 дек.

  9. Шаповал, В. Звучала на вечере песня : [о вечере песни в Брестском училище железнодорожного транспорта, организованном руководителем эстрадной студии «Фортуна» Геннадием Ковалевским] / Вера Шаповал // Заря. 1996. 5 дек.

Чытаць 1247 разоў Апошняя змена Панядзелак, 13 Красавік 2020 10:27