Серада, 10 Снежань 2014 10:20

28 верасня 2014 г. – 60 гадоў з дня нараджэння (1954) Таццяны Аляксандраўны Грышко, спартсменкі (інваспорт, стральба з лука), чэмпіёнкі ІХ Паралімпійскіх гульняў (1992, Барселона)

Таццяна Аляксандраўна Грышко нарадзілася 28 верасня 1954 года ў в. Бакінічы Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. З васьмі гадоў у Таццяны ў выніку поліяміэліту паралізаваны ногі. Школьную праграму асвойвала ў асноўным на даму. Сярэднюю школу скончыла ў спецшколе-інтэрнаце.

У 1975 годзе закончыла Пінскі ўлікова-крэдытны тэхнікум. З 1976 года – вядучы спецыяліст гарадскога аддзела Дзяржбанка ў г. Брэсце, дзе працуе і зараз у банкаўскай сістэме.

Спартыўная біяграфія Таццяны Грышко пачалася ў 1989 годзе ў фізкультурна-спартыўным клубе таварыства інвалідаў “Шанс”, дзе яна стала займацца стральбой з лука. Удзельнічала ва ўсіх спаборніцтвах. У 1990 годзе ў Магілёве стала першай чэмпіёнкай СССР сярод інвалідаў. Спорт прынёс у яе жыццё новыя фарбы і эмоцыі, дазволіў адчуць сябе паўнавартым чалавекам. І няхай перамогі прыйдуць не адразу – не трэба баяцца цяжкасцей, бо галоўнае ў гэтай справе – перамога над сабой.

У 1990 годзе ў Нідэрландах на чэмпіянаце свету Таццяна Грышко стала бронзавым прызёрам (г. Асен). Праз год Таццяна выйшла замуж, мужам стаў яе трэнер Вячаслаў Міхайлавіч Іванчук.

У 1991 годзе на чэмпіянаце Еўропы ў Бельгіі заваявала бронзу ў асабістым заліку і золата ў камандным першынстве (г. Антверпен). Чэмпіёнка СССР (1989–1991) і СНД (1992, г. Чэбаксары, Расія). Таццяна Грышко – чэмпіёнка ІХ Паралімпійскіх гульняў 1992 года ў Іспаніі (Барселона). У Барселону ехала ў складзе зборнай каманды СНД, не думалася, што стане чэмпіёнкай, але ўвайшла ў гісторыю. Па-першае, гэта быў першы залаты медаль Беларусі на летніх Паралімпіядах. Па-другое, наша спартсменка стала адзінай з каманды СНД, каму пашчасціла падняцца на вышэйшую ступень п’едэстала.

Брэсцкая лучніца таксама мнагакратная чэмпіёнка Беларусі (1993–2004), рэкардсменка свету 1995 года (Францыя), уладальніца Кубка Францыі (1997), удзельніца Паралімпійскіх гульняў у Атланце (1996), Афінах (2004), бронзавы прызёр чэмпіянатаў Еўропы (2006).

Трэніравалася Таццяна Грышко ў Брэсцкім дзяржаўным абласным вучылішчы алімпіскага рэзерву ў настаўніка Міхаіла Уладзіміравіча Пузяка.

29 кастрычніка 2011 года побач з плошчай «Алімпійская слава Брэстчыны» г. Брэста (вул. Маскоўская) прайшла закладка алеі Алімпійскай славы з 16-ці серабрыстых клёнаў – па ліку брэсцкіх спартсменаў, якія заваявалі медалі Алімпійскіх і Параалімпійских гульняў. Сярод іх – чэмпіёнка Паралімпійскіх гульняў у Барселоне (1992), ураджэнка Піншчыны Таццяна Грышко. Яе лёс – узор чалавека, які стварыў сябе. Жывы прыклад, здольны прывесці на стадыён іншага чалавека, для каго прырода або няшчасны выпадак таксама паставілі, як яму пакуль прадстаўляецца, непераадольныя бар’еры.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Янішчыц. Людміла Яўгенаўна Казлова,
гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Гришко Татьяна Александровна // Регионы Беларуси: энциклопедия: в7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 1. С. 304.

  2. Гришко Татьяна Александровна / Т. В. Люкович //Спортивная энциклопедия Беларуси. Минск, 2005. С. 155.

  3. Верная рука. Татьяна Гришко // Брестчина олимпийская / текст А. М. Суворова. Брест, 2009. С. 136138. (Принимая вызов).

  4. Гришко Татьяна Александровна // Спортсмены Пинщины /авт.-сост. И. А. Кибак. Минск, 2004. С. 44.

  5. Сарычев, В. Преодоление барьеров : шипы и розы параолимпийской чемпионки Татьяны Гришко / Василий Сарычев // Вечерний Брест. 2009. 14 августа. С. 8. (Достоинство натуры).

  6. В Бресте заложена аллея Олимпийской славы // Навіны Камянеччыны. 2011. 1 лістапада. Режим доступа: http://www.kamenec.by/.

  7. В Бресте заложена аллея Олимпийской славы. Режим доступа: http://belsmi.by/ru/smi-news/v-breste-zalozhena-alleja-olimpijskoj-slavy.

  8. Гришко Татьяна Александровна. Режим доступа: http://www.sportbrest.by/sportivnye-uslugi/item/40-grishko-tatyana-aleksandrovna.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1319 разоў Апошняя змена Панядзелак, 13 Красавік 2020 11:42