Серада, 10 Снежань 2014 10:37

27 жніўня 2014 г. – 110 гадоў з дня нараджэння Сцяпана Піліпавіча Пацярухі (1904–1982), дзеяча рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, аднаго з арганізатараў і кіраўнікоў падполля і партызанскага руху ў Брэсцкай вобласці ў Вялікую Айчынную вайну

Сцяпан Піліпавіч Пацяруха нарадзіўся 27 жніўня 1904 года ў в. Калядзічы Пружанскага павета Гродзенскай губерні (цяпер у Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. З дзяцінства зведаў цяжкую сялянскую працу. У час Першай сусветнай вайны сям’я была ў эвакуацыі, Пацярухі аселі ў Самарскай губерні. На радзіму вярнуліся ў 1920 годзе.

Працяглы час Сцяпан Пацяруха працаваў лесарубам у Ружанскай і Белавежскай пушчах. Ведаў цяжкасці і турботы рабочага люду, таму без ваганняў пачаў выконваць даручэнні рэвалюцыянераў-падпольшчыкаў Заходняй Беларусі. Па рэкамендацыі Веры Харужай, якая знаходзілася ў 1924 годзе на Пружаншчыне, Сцяпан Пацяруха ўступіў у рады КПЗБ. Разам з паплечнікамі па КПЗБ і КСМЗБ праводзіў вялікую работу на Пружаншчыне за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне Заходняй Беларусі і за ўз’яднанне з БССР.

У 1920-я гады ствараў арганізацыі КПЗБ у Палескім ваяводстве, за што ў 1925–1927 гадах быў заключаны ў турму ў Брэсце-над-Бугам. У 1928 годзе Сцяпан Пацяруха ўзначальваў Пружанскі падпольны райкам КПЗБ.

У 1932 годзе арганізаваў забастоўку рабочых лясных промыслаў у Белавежскай і Ружанскай пушчах, у якой прынялі ўдзел больш за 4000 лесарубаў з 56 вёсак пушчанскага краю. Забастоўка закончылася частковай перамогай лесарубаў. У памяць аб гэтых падзеях у в. Крыніца на будынку школы ўсталявана мемарыяльная дошка. У 1932–1939 гадах С. П. Пацяруха зноў знаходзіўся ў турме, паўгода – у польскім канцлагеры Бяроза-Картузская.

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у 1939 годзе Сцяпан Піліпавіч становіцца намеснікам старшыні Пружанскага, старшынёй Поразаўскага райвыканкамаў. С. П. Пацяруха – першы дэпутат Вярхоўнага Савета СССР ад Пружаншчыны (1940–1946).

У гады Вялікай Айчыннай вайны быў арганізатарам падпольнага і партызанскага руху ў Белавежскай і Ружанскай пушчах. Разам з Міронам Крыштафовічам, Іосіфам Урбановічам, Мікалаем Клімцом, Аляксеем Дурэйка, Аляксандрам Самуйлікам і іншымі былымі членамі КПЗБ ІКСМЗБ арганізаваў антыфашысцкае падполле ў Пружанскім, Шарашоўскім і Ружанскім раёнах.

З 1943 года – памочнік упаўнаважанага ЦК КПБ па Брэсцкай вобласці, затым – член Брэсцкага падпольнага абкама КПБ, сакратар Пружанскага падпольнага райкама КПБ, камісар партызанскай брыгады імя П. К. Панамарэнкі.

Пасля вайны С. П. Пацяруха доўгі час працаваў сакратаром Шарашоўскага і Пружанскага райкама партыі. Закончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ (1953). З’яўляўся старшынёй Савета ветэранаў – былых членаў КПЗБ і КСМЗБ Пружанскага раёна. Ганаровы грамадзянін г. Пружаны з 1978 года.

Свае ўспаміны аб падзеях 1920–1930-х гадоў Сцяпан Піліпавіч пакінуў у кнізе «У суровыя гады падполля» (1958) – нарыс “У Пружанскім павеце” (суаўтар М. Е. Крыштафовіч).

Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны І ступені, Чырвонага Сцяга, Знак Пашаны, пятнаццацю медалямі, ордэнам Польскай Народнай Рэспублікі.

Сцяпан Піліпавіч Пацяруха памёр 7 сакавiка 1982 года.

Яго іменем названа адна з вуліц г. Пружаны.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Берднік Валянціна Іванаўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Пацяруха, С. П. У Пружанскім павеце / С. П. Пацяруха, М. Е. Крыштафовiч. // У суровыя гады падполля : Успаміны былых членаў КПЗБ – актыўных удзельнікаў рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі. Мінск, 1958. С. 190–198.

  2. Потеруха Степан Филиппович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 2. С. 260.

  3. Потеруха Степан Филиппович / Республика Беларусь : энциклопедия. Минск. 2008. Т. 6. С. 227.

  4. Потеруха Степан Филиппович // Долготович, Б. Д. Почетные граждане белорусских городов / Б. Д. Долготович. Минск : Беларусь, 2008. С. 48.

  5. Потеруха Степан Филиппович // Кто есть кто в Республике Беларусь. Минск, 2004. С. 213–214.

  6. Пацяруха Сцяпан Піліпавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 12. С. 244.

  7. Потеруха Степан Филиппович // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Пружанскага раёна. Мiнск, 1992. С. 163.

  8. Могила Потерухи Степана Филипповича // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 353.

  9. Потеруха Степан Филиппович (27.8.19047.3.1982) // Их именами названы… : энциклопед. справочник. Минск, 1987. С. 496.

  10. Мемориальная доска в память о забастовке 1932–33 гг. : [д. Криница Пружанского р-на] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 360.

  11. Климец, М. Один из «западников» / Михаил Климец // Заря. 2006. 16 сентября. С. 6.

  12. Марціновіч, А. Школа мужнасці : дакументальная аповесць [пра С. П. Пацяруху] / А. Марціновіч // Зара камунізму (Пружаны). 1978. 26 жніўня; 2 верасня; 7 верасня; 14 верасня; 19 верасня; 23 верасня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1286 разоў Апошняя змена Панядзелак, 13 Красавік 2020 12:03