Серада, 14 Студзень 2015 13:15

28 снежня 2014 г. – 100 гадоў з дня нараджэння Васіля Кірылавіча Шыкіна (1914–1998), мастака

Васіль Кірылавіч Шыкін нарадзіўся 28 снежня 1914 года ў вёсцы Царкоўнікі Брэсцкага павета (з 1964 г. – в. Зарачаны Войскага сельсавета Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці) у вялікай (шасцёра дзяцей) сялянскай сям’і.

Васіль з маленства марыў стаць мастаком. Задаткі да малявання разглядзеў бацька, які аддаў хлопчыка на вучобу ў Брэст. Для дванаццацігадовага Васіля ўвесь навакольны свет сышоўся ў майстэрні. На жаль, вучоба працягнулася нядоўга з-за цяжкага матэрыяльнага становішча. Але знайшоўся багаты чалавек, які ўладкаваў Васіля ў сёмы клас вячэрняй школы, купіў яму алейныя фарбы. Таленавітага вучня заўважылі і запрасілі займацца ў Варшаўскую мастацкую школу, але неўзабаве ён быў адлічаны з-за палітычных абставін. Васіля Шыкіна прызвалі ў польскае войска, ён удзельнічаў у баявых дзеяннях на польска-германскім фронце.

У 1939 годзе Васіль Шыкін паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча. Вучыўся ў жывапісца Валянціна Канстанцінавіча Дзежыца (1904–1964).

Вялікая Айчынная вайна застала В. Шыкіна ў роднай вёсцы, куды прыехаў на канікулы. Васіль пайшоў у партызаны, быў членам антыфашысцкай арганізацыі Брэсцкай вобласці. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ваяваў у Чырвонай Арміі, прайшоў Польшчу, Усходнюю Германію. Пасля баёў за Берлін атрымаў высокую ўзнагароду – ордэн Славы III ступені.

З 1946 года В. К. Шыкін жыў і працаваў у Брэсце. Разам з Мікалаем Чурабай, Іванам Фяцісавым, Іванам Рудчыкам, Пятром Данелія быў заснавальнікам Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў (1946) і ўпаўнаважаным па Брэсцкай вобласці. Член БСМ з 1960 года. У 1980-я некалькі гадоў быў старшынёй абласнога аддзялення БСМ.

Мастак В. К. Шыкін працаваў у станковым жывапісе ў жанрах карціны і пейзажа. З 1949 года пачаў удзельнічаць у мастацкіх выставах абласнога, рэспубліканскага і ўсесаюзнага ўзроўняў. Творы мастака прасякнуты цёплым лірычным настроем. Па ягоных палотнах відаць, з якой любоўю, натхненнем працаваў мастак, з якой цікавасцю ставіўся да натуры. Сярод твораў «Кобрынскі мост» (1947), «Адпачынак на сенажаці» (1947), «У выхадны дзень» (1948), «Лясная прагулка» (1954), «На возеры. Лета» (1976), «Двое ў лодцы» (1980), «Збор яблыкаў» (1985), «Белавежская пушча».

Сярод жывапісных твораў вылучаюцца: «Арганізацыя калгаса» (1949), «Вайна» (1971), «Падпольшчыкі» (1950), «Вясна 1945 года. Сустрэча ў полі» (1983). Гэтыя палотны адлюстроўваюць як вехі жыцця самога мастака, так і выпрабаванні, трагічныя падзеі, да якіх мастак ставіўся з трывогай і болем. Адным з самых цікавых з’яўляецца палатно «Заходняя Беларусь. 1939 год» (1955), якое захоўваецца ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі.

Серыя пейзажаў, якая адлюстроўвае мірнае будаўніцтва, прасякнута больш лірычнымі ноткамі: «Бярозаўская ДРЭС» (1953), «Каля цагельні» (1959), «Хлебныя палі» (1973). “Вячэрні Брэст” (1974), “Збор яблыкаў” (1985).

Жывапісныя творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, Музеі Беларускага Палесся ў Пінску, у фондах Беларускага саюза мастакоў.

В. К. Шыкін пабудаваў шмат творчых майстэрняў, пастаянна прапагандаваў творчасць землякоў, быў арганізатарам персанальных мастацкіх выстаў І. Д. Рудчыка, Э. С. Куфко і інш. У жыцці ён быў энергічным, добразычлівым і вельмі сціплым чалавекам. Апошнія гады, калі не стала жонкі, а сын з дачкою пакінулі межы Беларусі, побач з Васілём Кірылавічам да апошніх яго дзён была ўнучка.

Васіль Кірылавіч Шыкін памёр 23 лютага 1998 года. Пахаваны на гарадскіх могілках “Плоска”.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага.
Табольчык Ларыса Мікалаеўна, гал. бібліёграф

 

  1. Васіль Шыкін // Мастакі Брэстчыны : альбом-каталог / склад.: М. П. Кузьміч. Брэст : Брэсцкая друкарня, 2010. С. 152–153.

  2. Шикин Василий Кириллович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 2. С. 470.

  3. Шикин Василий Кириллович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 7. С. 588.

  4. Шыкін Васіль Кірылавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2004. Т. 18, кн. 1. С. 9.

  5. Шыкін Васіль Кірылавіч // Беларускі саюз мастакоў. 1938–1998. Мінск, 1998. С. 629.

  6. Василий Шикин // Художники Брестчины. 50 лет : альбом-каталог / авт.-сост. Б. Репак, А. Грищук, М. Коньков. Минск : Хелмон, 1997. С. 112–113.

  7. Шыкін Васіль Кірылавіч // Памяць : Камянецкі раён : гісторыка-дакументальная хроніка. Мінск : Ураджай, 1997. С. 513.

  8. Шыкін Васіль Кірылавіч / В. А. Трыгубовіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 604.

  9. Валасюк, Л. Мастак з добразычлівай усмешкай : [пра В. Шыкіна] / Лявон Валасюк // Валасюк, Л. Непрыдуманыя партрэты : Мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны / Лявон Валасюк. Брэст : ААТ «Брэсцкая друкарня», 2014. С. 70–71.

  10. Шикин Василий Кириллович // Художники Советской Белоруссии. Минск : Беларусь, 1986. С. 381.

  11. Шыкін Васіль // Майстры пейзажу Камянеччыны : электронная энцыклапедыя [Электронны рэсурс] / Камянецкая цэнтральная раённая бібліятэка імя У. М. Ігнатоўскага ; склад.: І. У. Лось, Г. П. Жэдзік. Камянец, 2013. 1 электронны аптычны дыск.

  12. Валасюк, Л. Мастак з добразычлівай усмешкай… : [пра В. Шыкіна] / Леанід Валасюк // Народная трыбуна. 2010. 9 студзеня. С. 11.

  13. Эдуард Станиславович Куфко : каталог выставки / [сост.: Т. А. Николаева, В. К. Шикин]. Брест, 1981.

  14. И. Д. Рудчик : юбилейная выставка : каталог / [сост.: Т. А. Николаева, В. К. Шикин]. Брест, 1979.

  15. 60 лет  БССР и Компартии Белоруссии : областная художественная выставка : каталог / Брестская областная организация Союза художников БССР ; [сост.: Т. Л. Николаева, В. К. Шикин]. Брест, 1978.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1484 разоў Апошняя змена Панядзелак, 06 Красавік 2020 11:44