Серада, 14 Студзень 2015 13:17

4 студзеня 2015 г. – 75 гадоў з дня адкрыцця Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага, цэнтра бібліятэчнай справы Брэсцкай вобласці (зараз УК “Абласная бібліятэка імя М. Горкага”; 1940)

Брэсцкая абласная бібліятэка была адкрыта на падставе рашэння Брэсцкага аблвыканкама 4 студзеня 1940 года. Яе першым дырэктарам быў Барыс Маркавіч Сінягоў (1914–1941), які разам з дванаццацю штатнымі супрацоўнікамі правёў вялікую работу па адборы літаратуры з кніжных фондаў бібліятэк горада і камплектаванні ядра фонду рускамоўнымі кнігамі, атрыманымі з Гомельскай вобласці, Расіі і іншых рэспублік СССР. На пачатак 1941 года кніжны фонд установы складаў 35 тысяч экземпляраў.

Пасля вызвалення Брэста ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў абласная бібліятэка ўзнавіла сваю дзейнасць 15 верасня 1944 года ў тым жа невялікім асабняку на вул. Пушкінскай, 42. Першым пасляваенным дырэктарам была Надзея Сямёнаўна Бабкова (1918–1998). Працаваў толькі абанемент для дарослага і дзіцячага чытача з кніжным фондам каля 4 тысяч экземпляраў. У 1945 годзе ў бібліятэцы адкрылі чытальную залу, а на базе абанемента сфарміравалі два аддзелы – для дарослага і дзіцячага чытача. З гэтага часу бібліятэка стала насіць імя рускага пралетарскага пісьменніка Максіма Горкага. З 1946 года бібліятэка пачала атрымліваць бясплатны абавязковы экземпляр з Дзяржфонду, абласнога калектара, а з 1950-га – з Рэспубліканскага бібкалектара.

У 1947 годзе бібліятэка пачала збіраць і выдзеляць краязнаўчую літаратуру, а з 1949 года стаў стварацца краязнаўчы каталог. Да 1948 года на ўсю літаратуру былі складзены алфавітны і сістэматычны каталогі. У 1950-я гады пры бібліятэцы дзейнічалі курсы па падрыхтоўцы бібліятэкараў, пасведчанне аб заканчэнні якіх прыраўнівалася да бібліятэчнага тэхнікума.

У 1954 годзе дырэктарам бібліятэкі стаў Мікалай Маркавіч Унукаў (1915–1958), а з 1958 года – Уладзімір Мікалаевіч Васільеў (1921–2005).

У 1961 годзе на базе аддзела абслугоўвання дзяцей была створана абласная дзіцячая бібліятэка, якая атрымала памяшканне на вуліцы Куйбышава, 32. Яе дырэктарам стала Лізавета Карпаўна Кухарава (1916–2009), заслужаны дзеяч культуры БССР (1967). Ёй удалося да 1969 года зрабіць рэканструкцыю старога аднапавярховага з пячным ацяпленнем будынка ў двухпавярховы з выгодамі. У 1987 годзе дзіцячая бібліятэка была аб’яднана з абласной бібліятэкай імя М. Горкага.

Першае значнае выданне абласной бібліятэкі – рэкамендацыйны паказальнік літаратуры “Крепость-герой” – убачыла свет у 1966 годзе.

1 жніўня 1969 года ўстанова афіцыйна пераехала ў новы тыпавы тропавярховы будынак на бульвары Касманаўтаў, 48. Былі створаны новыя аддзелы: кнігазахоўвання, даведачна-бібліяграфічны, тэхнічнай і сельскагаспадарчай літаратуры, беларускай літаратуры і краязнаўства. У лекцыйнай зале пачалі праводзіцца сустрэчы з пісьменнікамі. З гэтага часу і да студзеня 1985 года бібліятэку ўзначальвала Зінаіда Мікалаеўна Потлава (1928–2010). Яе змяніла Аляксандра Васільеўна Яцэвіч, якая раней працавала дырэктарам абласной дзіцячай бібліятэкі.

З 1989 года вялося супрацоўніцтва з Бяла-Падляскай ваяводскай (цяпер гарадской) публічнай бібліятэкай з мэтай папаўнення фондаў, абмену інфармацыяй, арганізацыі сумесных канферэнцый і семінараў. У больш шырокім дыяпазоне супрацоўніцтва ахапіла краязнаўчую праблематыку, сапраўдным сябрам бібліятэкі стаў Гжэгаж Міхалоўскі, загадчык аддзела рэгіяналій Бяла-Падляскай бібліятэкі.

У сярэдзіне 1990-х гадоў адбыліся змяненні прыярытэтных кірункаў развіцця ўстановы, якімі сталі камплектаванне фондаў і аўтаматызацыя бібліятэчных працэсаў. З 1997 года бібліятэку ўзначальвае Тамара Паўлаўна Данілюк. Паўстала вострая неабходнасць рамонту і рэканструкцыі асноўнага будынка бібліятэкі.

Дакументныя фонды ўстановы налічваюць больш за 872 тысяч адзінак захоўвання. Мэтанакіравана вядзецца работа па фарміраванні кніжных калекцый: рэдкіх выданняў, беларускай мастацкай літаратуры, праваслаўнай калекцыі і інш. За работу па фарміраванні кніжных фондаў бібліятэка была ўзнагароджана дыпломам у намінацыі “Бібліятэчная справа” і спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2002). У 2014 годзе ў фондзе паявіўся няпоўны экземпляр Брэсцкай Бібліі – помнік культуры ХVI ст.

Дзяржаўная ўстанова культуры – рэгіянальны цэнтр па зборы, захаванні і папулярызацыі дасягненняў мясцовай культуры ва ўсёй яе шматграннасці. Займаецца навуковай і выдавецкай дзейнасцю, з’яўляецца навукова-метадычным і каардынацыйным цэнтрам для бібліятэк вобласці. Друкуецца інфармацыйна-аналітычны альманах “Бібліяпанарама”, выдадзены бібліяграфічныя паказальнікі. Да 70-годдзя ўстановы выйшла кніга з успамінамі ветэранаў бібліятэкі “Листая памяти страницы…”: Лідзіі Андрэеўны Жыгалавай, Галіны Андрыянаўны Сарокінай, Ліяны Раманаўны Сацэвіч, Зінаіды Мікалаеўны Потлавай, Марыі Філіпаўны Марчык, Ядзвігі Станіславаўны Гіліцкай, Ніны Аляксееўны Гурскай і інш.

Бібліятэка з’яўляецца ініцыятарам і ўдзельнікам доўгатэрміновых праектаў: “Берасцейскія кнігазборы”; “Берасцейскае вогнішча”; “Русский проект”, у рамках якога праводзяцца “Горьковские чтения”; “Диалог культур: популяризация немецкого языка, литературы и культуры” і “Книги для Бреста” ў партнёрстве з Інстытутам імя Гётэ ў Мінску; “Дзеці – бацькі – бібліятэка: крокі насустрач”. Літаратурныя вечарыны і прэзентацыі кніг, аўтарскія чытанні і фестывалі паэзіі, выязныя выстаўкі для абласных і гарадскіх семінараў, навукова-практычныя канферэнцыі, якія арганізуе бібліятэка, прыцягваюць да сябе ўвагу спецыялістаў і шырокай грамадскасці. Бібліятэкай карыстаюцца 35 тысяч чытачоў, якія таксама атрымліваюць карысную інфармацыю на сайце бібліятэкі http://www.brl.by/, дзе разам з субдаменам “Краязнаўства Берасцейшчыны” пастаянна аднаўляюцца больш за 30 раздзелаў.

8 красавіка 2010 года ў памяшканні абласнога грамадска-культурнага цэнтра адбыліся міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага – сацыякультурны і інфармацыйны цэнтр рэгіёна” і вечарына, прысвечаныя 70-годдзю бібліятэкі імя М. Горкага.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Брэсцкаяабласная бібліятэка імя М. Горкага // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2011. Т. 2. С. 56–57.

  2. Брестская областная библиотека имени М. Горького // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 1. С. 147.

  3. Брэсцкаяабласная бібліятэка імя М. Горкага // Памяць. Брэст : гісторыка-дакументальная хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 593–594.

  4. Брэсцкаяабласная бібліятэка імя М. Горкага // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 2. С. 92.

  5. Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага – сацыякультурны і інфармацыйны цэнтр рэгіёна. Да 70-годдзя з дня заснавання : матэрыялы нав.-практ. канф., Брэст, 7–8 красавіка 2010 г. / склад. А. М. Мяснянкіна ; пад агул. рэд. С. Р. Рачэўскага. Брэст, 2010. 152 с., [4] л. фот.

  6. Листая памяти страницы… : Брестской областной библиотеке имени М. Горького 70 лет / концепция, сост., лит. редактирование А. М. Суворов ; отв. за вып. Т. П. Данилюк. Брест : Полиграфика, 2009. 111 с. : ил. : фот.

  7. Бурина, Г. И. Очерк истории Брестской областной библиотеки им. М. Горького / Г. И. Бурина // Нарысы гісторыі бібліятэк Брэсцкай вобласці / Брэсц. абл. б-ка імя М. Горкага, Аддзел бібліятэказнаўства ; [склад. Л. І. Рачкоўская, А. М. Мяснянкіна]. Выд. 2-е, дап. і перапрац. Брэст, 2001. С. 108–109.

  8. Яцевич, А. В. Очерк истории Брестской областной библиотеки им. М. Горького / А. В. Яцевич // Очерки истории библиотек Брестской области / Брестская обл. биб. им. М. Горького. Брест, 1996. С. 65–71.

  9. 4 студзеня – 75 гадоў з пачатку дзейнасці (1940) ўстановы культуры “Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага” / Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага ; рэд. К. Д. Варанько // Новыя кнігі: па старонках беларускага друку. 2014. № 11. С. 26–29.

  10. Данилюк (Муха) Тамара Павловна // Кто есть кто в Республике Беларусь. 2009. Минск : Энциклопедикс, 2009. С. 67.

  11. Пристромская, Л. “Моя родина там, где моя библиотека” : [о деятельности библиотек рассказывает директор Брестской ОБ им. М. Горького Т. П. Данилюк] / Лилия Пристромская // Брестский вестник. 2015. 8 янв. (№ 2). С. 11.

  12. Свиридович, О. Свидание с книгой : [о работе библиотеки им. М. Горького] / Ольга Свиридович // Заря. 2014. 13 сент. С. 4.

  13. Рубашевский, Ю. Раритет возвратился на родину : Экземпляр Брестской Библии выкуплен за счет областного бюджета : [редкое издание передано в фонд библиотеки им. М. Горького] / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2014. 4 июня. С. 1, 3.

  14. Тулупава, І. Па-над зямной прасторай / Ірына Тулупава. У краі родным уваскрасіць гонар : [гутарка з дырэктарам] / Тамара Данілюк ; гутарыла Ярына Рытамінская. У кантэксце сусветнай культуры / Ірына Тулупава. Загадкавы Псалтыр / Ала Мяснянкіна. Берасцейскае вогнішча, альбо Што я ведаю? / Галіна Бурына // ЛіМ. 2010. 29 студз. (№ 4). С. 4–6.

  15. Митюков, А. История “храма знаний” : [о книге “Листая памяти страницы…”] / Александр Митюков // Заря. 2010. 27 февр. С. 16.

  16. Илларионова, Л. Храм знаний в загоне : Прихорошиться к юбилею не удалось : [о проблеме реконструкции здания библиотеки им. М. Горького] / Лара Илларионова // Вечерний Брест. 2010. 26 февр. С. 3.

  17. В память о коллеге : [памяти Зинаиды Николаевны Потловой (1928–2010)] // Заря. 2010. 23 янв. С. 15.

  18. Бунеева, Л. Здесь царит познанья культ : [о вечере к 70-летию областной библиотеки им. М. Горького] / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 2010. 16 апр. С. 8.

  19. «Горьковка» назвала своих героев : [об итогах конкурса журналистов «Лучшая публикация о «Горьковке»] // Брестский курьер. 2010. 30 дек. (№ 53). С. 3.

  20. Рубашевский, Ю. Архитектурная “оправа” для библиотеки / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2008. 8 февр. С. 5.

  21. Мяснянкина, А. Собрать страницы, унесенные ветрами истории : [о подготовке научно-практической конференции “Берасцейкія кнігазборы”] / Алла Мяснянкина // Вечерний Брест. 2008. 24 окт. С. 4.

  22. Литвинович, Е. Книга жизни Елизаветы Кухаревой : [о первом директоре Брестской областной детской библиотеки (1961–1974)] / Евгений Литвинович // Заря. 2006. 16 марта. С. 18.

  23. Чередниченко, С. Прогулка с Максимычем, или Как не заблудиться в “Горьковке” / Светлана Чередниченко // Брестский курьер. 2005. № 37. С. 22.

  24. Михаловский, Г. На пограничье культур : [о сотрудничестве Бяло-Подляской публичной библиотеки (Польша) и Брестской областной библиотеки им. М. Горького] / Гжегож Михаловский // Бібліятэчны свет. 2004. № 3. С. 30–31.

  25. Данилюк, Т. Средоточие культуры : [директор областной библиотеки им. М. Горького о деятельности и проблемах учреждения] / Тамара Данилюк // Брестский курьер. 2004. № 38. С. 22–23.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1168 разоў Апошняя змена Панядзелак, 06 Красавік 2020 11:59