Аўторак, 20 Студзень 2015 15:49

27 сакавіка 2015 г. – 70 гадоў з часу прыняцця рашэння аб арганізацыі ў г. Брэсце краязнаўчага музея (Брэст; 1945; заснаваны 11 чэрвеня 1945 г., першая часовая выстава створана ў 1950 г.)

Рашэнне аб неабходнасці адкрыцця гістарычнага музея было прынята Брэсцкiм аблвыканкамам 27 сакавiка 1945 года, адпаведны запыт накіраваны ў Савет Народных Камісараў БССР. 11 чэрвеня 1945 года Пастановай СНК БССР было дазволена аднавіць абласныя гісторыка-краязнаўчыя музеі ў гарадах Беларусі, у тым ліку ў Брэсце. Брэсцкi абкам КП(б)Б 30 жнiўня 1945 года прыняў пастанову аб зборы i вывучэннi матэрыялаў пра Вялiкую Айчынную вайну на тэрыторыi вобласцi i стварэннi абласнога гiстарычнага музея.

14 верасня 1948 года Брэсцкі гарвыканкам вырашыў закрыць Крыжаўзвiжанскi касцёл (пабудаваны ў 1856 г.) па вул. Леніна, 34 i перадаць будынак пад музей. У красавiку 1950 года зацвердзiлi штаты, на працягу года вёўся рамонт будынка, было выраблена першае музейнае абсталяванне. Першым дырэктарам у 1950–1955 гадах была Ніна Піліпаўна Паўлоўская. У фонд былі сабраны 204 музейныя прадметы, у бiблiятэку музея паступiлі 155 кнiг. Першымi экспанатамi, запiсанымi ў асноўную кнiгу паступленняў 4 i 5 жнiўня 1950 года, былi фотаздымкi аднаўленчых работ i новабудоўляў ў Брэсце.

16 верасня 1950 года адкрылася першая выстава «Брэсцкая вобласць у пасляваеннай сталiнскай пяцiгодцы». Пастаянная музейная экспазiцыя пачала дзейнiчаць з 22 чэрвеня 1957 года i праiснавала да 1963 года. Былi прадстаўлены прырода краю i яго гісторыя са старажытных часоў да сучаснасці. Пасля капiтальнага рамонту музея (у будынку касцёла быў зроблены другі паверх для размяшчэння экспазіцыйных залаў) новая экспазiцыя адкрылася ў 1965 годзе.

У 1990 годзе будынак Крыжаўзвіжанскага касцёла вернуты вернікам, а для пастаяннага размяшчэння музея выдзелены будынак на вул. К. Маркса, 60, які ўзведзены ў пачатку ХХ ст. Часова музейшчыкі размясціліся ў будынку па вул. Пушкінскай, 10, дзе арганізоўваліся мастацкія выставы. Пасля рамонтна-рэстаўрацыйных работ 6 мая 1995 года адкрылася новая экспазіцыя “Рэліквіі Вялікай Айчыннай”, прысвечаная 50-годдзю Перамогі над фашысцкай Германіяй.

Усе гады iснавання музея вялася крапатлiвая праца па стварэннi фондавых калекцый. Асноўны фонд музея i яго фiлiялаў налiчвае больш за 160 тысяч адзiнак захоўвання, навукова-дапаможны – 55 тысяч адзiнак. Агульная экспазiцыйная плошча 510 кв. м, выставачная – 248,8 кв. м. На першым паверсе размешчана экспазiцыя «Родная прырода», у якой прадстаўлены асноўныя групы раслiн i жывёл, што насяляюць Брэсцкую вобласць. На другiм паверсе 18 верасня 2012 года адкрыта пастаянная экспазіцыя “Гісторыя Брэстчыны ад першабытна-абшчыннага ладу да першай чвэрці ХХ стагоддзя”.

Музейны збор налiчвае больш за 20 калекцый, частка якiх з’яўляецца ўнiкальнымi. Самая вялiкая i найстарэйшая калекцыя – археалагiчная, яе камплектаванне пачалося ў 1950 годзе. Нумiзматычная калекцыя ўключае больш за 14 тысяч прадметаў, яе фармiраванне пачалося ў 1950 годзе з манет Расiйскай iмперыi, выпушчаных у 1841–1911 гадах. У фондзе захоўваюцца 18 скарбаў, знойдзеных на тэрыторыi Брэсцкай вобласцi ў 1954–1990 гадах. Калекцыя этнаграфii i прадметаў побыту адлюстроўвае самабытнасць Берасцейшчыны, у ёй прадстаўлена адзенне сямі строяў, распаўсюджаных на тэрыторыi вобласцi ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стст.

Музей мае чатыры фiлiялы: «Камянецкая вежа» (адкрыты ў 1960 г. у г. Камянец), археалагiчны музей «Бярэсце» (адкрыты 2 сак. 1982 г.), музей «Выратаваныя мастацкiя каштоўнасцi» (адкрыты 4 лют. 1989 г.), Мастацкi музей (адкрыты 17 мая 2002 г.). 

У структуры абласнога краязнаўчага музея дзейнічалі і іншыя філіялы і асобныя экспазіцыі. У 1971 годзе быў створаны музей партызанскай славы ва ўрочышчы “Хаваншчына”, які ў 1998 годзе перададзены Івацэвіцкаму раённаму гісторыка-краязнаўчаму музею. У 1985–2003 гадах дзейнічаў музей “Космас”, які размяшчаўся ў самалёце “Ил–18” у мікрараёне “Усход” г. Брэста. У 1980-ыя вялася работа па стварэнні музея гісторыі рэлігіі і атэізма ў в. Гершоны пад Брэстам, але музей не быў адкрыты. 25 ліпеня 1989 года быў адкрыты філіял – музей гісторыі горада Брэста (вул. Леванеўскага, 3), які з 1 студзеня 2007 года перайшоў у гарадскую ўласнасць.

У розныя часы музеем кiравалi Iван Вікенцьевіч Бiруля (1955–1961), Наталля Мітрафанаўна Калашнiкава (1961–1964), Міра Маркаўна Слепакова (1964–1971), Тамара Адамаўна Слесарук (1972–1987), заслужаны работнік культуры БССР (1979), Таісія Мікалаеўна Новiкава (1987–2009), заслужаны дзеяч культуры РБ (1999). Са студзеня 2010 года дырэктар установы – Аляксей Уладзіміравіч Мiцюкоў.

Зарэгiстраваны ў 2001 годзе як установа культуры «Брэсцкi абласны краязнаўчы музей». Штогод абласны музей наведваюць больш за 300 тысяч чалавек. Калектыў музея i яго фiлiялаў арганiзуе выстаўкi, музейныя i музычныя вечары, днi краязнаўства, выязныя выставы. УК “Брэсцкі абласны краязнаўчы музей” таксама з’яўляецца метадычным цэнтрам як для раённых музеяў вобласцi, так i для тых, хто працуе на грамадскiх пачатках.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

1.Брэсцкi абласны краязнаўчы музей / В. І. Фядосік // Культура Беларусі : энціклапедыя. Мінск, 2011. Т. 2. С. 68.

2.Брестский областной краеведческий музей // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 1. С. 185–186.

3.Брэсцкi абласны краязнаўчы музей // Музеi Беларусi. Музеи Беларуси : даведнiк. Мiнск, 2008. С. 134–139.

4.Брестский областной краеведческий музей // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 2. С. 582.

5.Брэсцкi абласны краязнаўчы музей / Т. М. Новікава, В. І. Фядосік // Памяць. Брэст : гiст.-дакум. хронiка : у 2 кн. Мiнск : БЕЛТА, 2001. Кн. 2. С. 611–612.

6.Брэсцкi абласны краязнаўчы музей // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мiнск, 1996. Т. 3. С. 294.

7.Брэсцкi абласны краязнаўчы музей // Энцыклапедыя гiсторыi Беларусi : у 6 т. Мiнск, 1994. Т. 2. С. 99–100.

8.Брэсцкi абласны краязнаўчы музей // Энцыклапедыя лiтаратуры i мастацтва Беларусi : у 5 т. Мiнск, 1984. Т. 1. С. 493.

9.Малашевский, В. Ф. Брестский областной краеведческий музей / Владимир Фёдорович. Минск : Полымя, 1987. 62 с. : ил.

10.Брестский областной краеведческий музей : путеводитель / Обл. упр. культуры ; под общ. ред. И. В. Бируля. Брест, 1958. 109 с. : ил.

11.Щерба, С. П. Краеведческие музеи как научно-методические центры : [на примере областного краеведческого музея] / С. П. Щерба // Краязнаўства Берасцейшчыны: стан и перспектывы развiцця : матэрыялы «круглага стала» 12 снежня 2006 г. Брэст, 2007. С. 18–21.

12.Пристромская, Л. Прикоснуться к прошлому и… жить : [беседа с директором областного краеведческого музея Алексеем Владимировичем Митюковым] / Лилия Пристромская // Брестский вестник. 2014. 25 дек. (№ 52). С. 11.

13.Сацута, А. Юбілейны эксклюзіў : [аб дзейнасці абласнога краязнаўчага.  музея] / Алёна Сацута // Народная трыбуна. 2014. 28 ліст. (№ 48) дек. (№ . С. 1, 4.

14.Завадский, О. Краеведческий музей получил три диплома : [на 2-м Национальном форуме «Музеи Беларуси»] / Олег Завадский // Брестская газета. 2014. 3 окт. (№ 40). С. 27.

15.Егоров, К. Путешествие по Бресту во времени : [об экспозиции истории Брестчины в областном краеведческом музее] / Кирилл Егоров // Заря. 2012. 22 сент. С. 9.

16.Маркевич, И. Нумизматическая коллекция Брестского областного краеведческого музея / Ирина Маркевич // Банкаўскі веснік = Банковский вестник. 2012. № 7 (сакавік). С. 44–47.

17.Волынчук, Л. Не замахиваясь на мадам Тюссо… : Краеведческому музею – 60 / Лариса Волынчук // Вечерний Брест. 2010. 15 дек. С. 11.

18.Павлова, Л. Эти древности не старятся / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2010. 16 дек. (№ 51). С. 9.

19.Бойцов, Е. Из века в век / Егор Бойцов // Заря. 2010. 14 дек. С. 4.

20.Дзюрич, Э. Секреты музейной кладовой / Эмма Дзюрич // Заря. 2007. 10 нояб. С. 7.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1121 разоў Апошняя змена Чацвер, 16 Красавік 2020 11:49