Аўторак, 24 Люты 2015 12:50

1 верасня 2015 г. – 80 гадоў з дня нараджэння Лявонція Андрэевіча Доўбуша (1935–2002), мастака ў вобласці жывапісу, графікі, сцэнаграфіі

Лявонцій Андрэевіч Доўбуш нарадзіўся 1 верасня 1935 года ў сяле Папоўцы Барскага раёна Вінніцкай вобласці (Украіна) ў сям’і рабочых. Жаданне маляваць было ў Лявона з ранняга дзяцінства штодзённым патрабаваннем.

У Беларусі Лявонцій Доўбуш жыве з 1957 года, тут і сфарміраваўся як беларускі мастак. У 1957–1963 гадах працаваў настаўнікам чарчэння і малявання ў сярэдняй школе г. Кобрына Брэсцкай вобласці, кіраваў дзіцячай студыяй выяўленчага мастацтва ў Доме піянераў, удзельнічаў у гарадскіх выставах. У 1959–1962 гадах вучыўся на факультэце малюнка і жывапісу Усесаюзнага завочнага народнага ўніверсітэта імя Н. К. Крупской у Маскве.

З 1963 года жыў у Брэсце, працаваў старшым мастаком-дэкаратарам Брэсцкага абласнога драматычнага тэатра імя ЛКСМБ. У 1964–1971 гадах – галоўны мастак Брэсцкага абласнога тэатра лялек. З 1966 года – член Беларускага саюза тэатральных дзеячаў. Лявонцій Андрэевіч паставіў шэраг спектакляў ў якасці мастака-пастаноўшчыка ў тэатры лялек: “Выкраданне цыбулін” (1964), “РВС” (1966), “Дзед і Жораў” (1968), “Салдат Даніла” (1968), “Казка пра Івана-будаўніка” (1970); у драматычным тэатры: “Ты – гэта я” (1968).

Л. А. Доўбуш стварыў цэлую галерэю партрэтаў артыстаў тэатра, у тым ліку тых, хто выконваў гераічныя ролі ў знакамітым спектаклі “Брестская крепость”, пастаўленым паводле п’есы К. Губерэвіча. Партрэты цяпер знаходзяцца ў фондах Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

У 1993–1995 гадах Л. А. Доўбуш супрацоўнічаў у Люблінскім тэатры імя Юліуша Астэрвы (Польшча), з якім Брэсцкі тэатр драмы вядзе абмен гастролямі і пастаноўкамі.

З 1968 года Лявонцій Андрэевіч удзельнічаў у абласных, рэспубліканскім і ўсесаюзных мастакіх выставах. Таксама праведзена шмат персанальных выстаў твораў мастака ў розных гарадах. Напрыклад, у 1978 годзе персанальныя выставы былі ў Брэсце, Мінску, Слуцку, у 1981 годзе – у Мінску.

У 1978 годзе адбылася творчая паездка на Кубу, таксама мастак пабываў у Індыі, Мексіцы. У выніку такіх паездак у экзатычныя краіны з’явілася шмат акварэльных аркушаў: серыі “З кубінскіх уражанняў”, “Па Індыі”, “Мексіка”.

З 1991 года – член Беларускага саюза мастакоў. Працаваў у вобласці сцэнаграфіі, стаковага жывапісу, у жанрах карціны, партрэта і нацюрморта, а таксама ў графіцы. Асноўныя творы Л. Доўбуша: серыі акварэляў “Маё Палессе”, “Брэсцкая крэпасць-герой”, “Дамы старога Брэста”, “Польшча”. Варта заўважыць, што ў Брэсце традыцыйна моцная плеяда акварэлістаў, пераважна ў гэтай тэхніцы працавалі Г. Сурма, В. Міхайлаў, А. Алонцаў, І. Сычык, І. Рудчык, і іншыя мастакі розных пакаленняў. Так што Лявонцію Доўбушу было з кім сапернічаць.

Усё жыццё мастака хвалявала тэма ганімых, асуджаных на муку людзей, якія не ведалі, у чым іх віна. Лявонцій Андрэевіч успамінаў, як у гады нямецка-фашысцкай акупацыі Украіны, калі яму было сем гадоў, праз яго сяло ў Жмерынку гналі калону яўрэяў. Аднойчы ў іх доме паявіліся хлопец і дзяўчына, якія збеглі з калоны. Яны паўтара года хаваліся ў яме, якую спецыяльна выкапаў бацька. У памяць аб тых часах Л. А. Доўбуш стварыў серыю акварэляў “Жыві і памятай”, у якой адкрыў адну з самых драматычных старонак нашай гісторыі – знішчэнне нямецка-фашысцкімі захопнікамі брэсцкага яўрэйскага гета ў 1942 годзе. Творы гэтай серыі былі выстаўлены ў Празе (Чэхія) ў 1994 годзе, а так сама ў Майданэку (Польшча), Германіі, Ізраілі. Журналісты назвалі мастака “народным дыпламатам”, які сваімі творамі яшчэ раз напомніў людзям пра вышэйшыя каштоўнасці чалавечага жыцця.

Лявонцій Андрэевіч шмат сваіх графічных твораў прысвяціў Брэсту – старым вулачкам, дварам, дамам, перадаючы дух пасляваеннага часу: “Двор па вуліцы Савецкай”, “На рагу вуліц Савецкай і Будзённага”, “Двор ля кінатэатра «1 Мая»”, “Дом на рагу вуліц Савецкая і Пушкінская”. Мастак стварыў рамантычны вобраз Брэста больш як на ста акварэльных аркушах. На адным з іх – сам аўтар, які дакладна вымалёўвае гарадскі дворык. Такім мы і памятаем Лявонція Доўбуша – мастака ў белым адзенні, з сівой акуратнай бародкаю і такімі ж сіва-белымі валасамі. Ён праходзіў па вулачках і дварах горада як анёл-вартаўнік, анёл-ахоўнік і сваёй прысутнасцю ўтвараў асаблівую аўру цэнтра горада.

Лявонцій Андрэевіч Доўбуш памёр 20 кастрычніка 2002 года.

Да 70-годдзя з дня нараджэння Л. А. Доўбуша ў Брэсцкім мастацкім музеі 18 лістапада 2005 года прайшоў вечар памяці. Вобраз па-дзіцячы адкрытага – і ў сталыя гады, з неўтаймаванай энергіяй і цікаўнасцю да жыцця – і ў той жа час далікатнага і ранімага чалавека і мастака захаваны ў памяці яго сучаснікаў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Лявонцій Доўбуш : [“Брэст, вуліца Міцкевіча”] // Мастакі Брэстчыны : альбом-каталог / аўтар-скл. М. П. Кузьміч. Брэст, 2010. С. 48–49.

  2. Леонтий Довбуш // Художники Брестчины : альбом-каталог / авт.-сост. М. Коньков, А. Жук, А. Грищук, Б. Крепак. Минск : А. Климов, 2002. С. 42–43.

  3. Доўбуш Лявонцій Андрэевіч // Беларускі саюз мастакоў. 1938–1998 : энцыкл. даведнік / аўтар-склад. Б. А. Крэпак і інш. Мінск : ВТАА “Кавалер Паблішэрс”, 1998. С. 174.

  4. Валасюк, Л. Барвовая рабіна Лявонція Доўбуша // Валасюк, Л. Непрыдуманныя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны / Лявон Валасюк. Брэст, 2014. С. 86–87.

  5. Бунеева, Л. Город в росчерках памяти : в Художественном музее прошёл вечер, посвященный Леонтию Довбушу / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 2005. 23 нояб. С. 9.

  6. Павлова, Л. Любимая пора Леонтия Довбуша : [к 70-летию со дня рождения] / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2005. № 40. С. 9.

  7. Юдицкий, А. Акварели звучат, как музыка… / Александр Юдицкий // Заря. 2003. 28 окт.

  8. Александров, Н. Ходил по городу художник / Николай Александров // Брестский курьер. 2002. № 45. С. 19.

  9. Логашева, Ю. Нарисованный город Мастера / Юлия Логашева // Вечерний Брест. 2001. 31 авг. С. 8.

  10. Корсаков, А. Прогулки с Добушем : [о выставке акварелей Л. Довбуша] / А. Корсаков // Брестский курьер. 2000. № 51. С. 12.

  11. Глущенко, Т. Доброе зеркало для старых стен / Тамара Глущенко // Вечерний Брест. 2000. 1 дек. С. 3.

  12. Фрындлендэр, Н. Прысвечана Брэсчыне : [пра выставу твораў Л. Доўбуша ў Кобрынскім ваенна-гістарычным музеі імя А. В. Суворава] / Н. Фрындлендэр // Кобрынскі веснік. 2000. 5 крас.

  13. Филанович, А. Лики истории : [о выставке Л. Довбуша «Лики истории, архитектуры и культуры»] / А. Филанович // СЭЗ Брест. 2000. № 1. С. 27.

  14. Самосевич, М. О чём молчат картины Леонтия Довбуша / Марина Самосевич // Заря над Бугом (Брест). 2000. 2 дек.

  15. Тиборовская, Т. Акварели Довбуша – символ добра и мира / Т. Тиборовская // Рэспубліка. 2000. 29 снеж. С. 3.

  16. Архипова, А. Гори, счева… : [о выставке акварелей Л. Довбуша в выставочном зале] / Ада Архипова // Заря. 2000. 2 дек. С. 6.

  17. Глущенко, Т. И кисть спасает от забвенья : [о выставке произведений Л. Довбуша в музее “Спасенные ценности”] / Тамара Глущенко // Вечерний Брест. 1999. 19 нояб. С. 4.

  18. Архипова, А. “Мы стоим на плечах предков…” : [о выставке Л. Довбуша “Лікі гісторыі, архітэктуры і культуры Берасцейшчыны” в музее “Спасенные ценности”] / Ада Архипова // Заря. 1999. 18 нояб.

  19. Архипова, А. “Если вокруг темно – зажги свою свечу…” : [о творчестве художника Л. Довбуша] / Ада Архипова // Заря. 1996. 28 марта.

  20. Александров, Н. Адрес счастья : размышления о мастере и мастерстве : [о творчестве художника Л. Довбуша] / Н. Александров // Заря. 1983. 1 нояб.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1156 разоў Апошняя змена Серада, 29 Красавік 2020 16:04