Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 24 Люты 2015 13:15

29 студзеня 2015 г. – 75 гадоў з дня нараджэння Івана Піліпавіча Лагвіновіч (1940–2011), паэта

Іван Піліпавіч Лагвіновіч нарадзіўся 29 студзеня 1940 года на хутары Запрапасць, за пяць кіламетараў ад сяла Малькавічы (цяпер у Ганцавіцкім раёне Брэсцкай вобласці), у вялікай (сямёра дзяцей) сялянскай сям’і.

Закончыў Малькавіцкую сямігодку. У сямнаццаць гадоў Іван Лагвіновіч паехаў на Данбас у пошуках працы і лепшай долі. Скончыў горнапрамысловае вучылішча ў г. Снежнае Данецкай вобласці і стаў шахцёрам. Пасля службы ў Савецкай арміі працаваў шахцёрам у г. Тарэзе, адным з цэнтраў вугальнай прамысловасці Украіны. У трыццаць сем гадоў па прычыне прафесійнага захворвання перавёўся з шахты на абагачальную фабрыку слесарам. Пасля выхаду на пенсію ў 1991 годзе вярнуўся на Радзіму.

Колькі месяцаў жыў у Паставах Віцебскай вобласці, з мая 1992 года Іван Піліпавіч жыў у г. Баранавічы Брэсцкай вобласці, каб быць бліжэй да родных мясцін. Часта наведваў Малькавічы, выступаў перад вучнямі мясцовай школы. Для паэта Івана Лагвіновіча гады жыцця ў Баранавічах былі вельмі плённымі.

Вершы Іван Лагвіновіч пісаў яшчэ з трэцяга класа. Першая публікацыя з’явілася ў газеце “Чырвоная змена” ў 1960 годзе. На Украіне працягваў пісаць вершы на беларускай і рускай мовах. Некаторыя з іх друкаваліся ў газеце “Горняк” і часопісе “Советский шахтер”, а таксама ў калектыўных зборніках: «Дорогие мои однополчане», «Зарницы», «Очень вовремя мы родились» (Донецк, 1968).

Пасля вяртання на Беларусь Іван Піліпавіч пісаў выключна па-беларуску. Яго светлыя вершы пра Беларусь, бясконцую любоў да яе друкаваліся на старонках рэспубліканскіх газет і часопісаў, уваходзілі ў зборнікі паэзіі «Агледзіны» (1998), «Дзядзінец» (1999), баранавіцкі літаратурны альманах «Святліца» (2000, 2006). Яго верш «Памірае паэт» надрукаваны ў калектыўным зборніку «Верш на Свабоду» (2002). Пяць вершаў Івана Лагвіновіча трапілі ў анаталогію выбранай беларускай паэзіі ХХ ст. “Краса і сіла” (2003).

Аўтар кніг паэзіі: «Разлукі выраёвыя» (2000), «Піліпаўка» (2001), «Ляда юдолі» (2003), «Далёкае і блізкае» (2004), «Палыновыя кветкі» (2007).

Заслугоўвае ўвагі філасофская і пейзажная лірыка Івана Лагвіновіча, роздумы паэта пра паэзію. Асабліва тонкім лірызмам прасякнута грамадзянская лірыка ­– у адрозненне ад многіх зусім не трыбунная па стылі. Характэрна, што нават напрыканцы жыцця паэт перажываў не толькі і не столькі за асабістую долю, хаця хвароба няшчадна адольвала яго, колькі за свой беларускі народ, для якога сам паэт быў народным. Усе тэмы, нават з самымі песімістычнымі матывамі, характарызуюцца святлом, такім самым святлом, якім быў надзелены паэт у паўсядзённым жыцці.

Актыўны ўдзельнік баранавіцкага творчага згуртавання “Святліца”, створанага ў 1996 годзе. З чэрвеня 2003 года – сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя У. А. Калесніка (2008) за кнігу “Палыновыя кветкі”.

Аднак да канца раскрыцца паэтычнаму таленту Івана Лагвіновіча не дала цяжкая хвароба, атрыманая ім за доўгія гады знясільваючай і рызыкоўнай працы пад зямлёй. 29 сакавіка 2011 года Івана Піліпавіча не стала. Па яго перадсмяротнай просьбе пахаваны ён на сваёй малой радзіме, у вёсцы Малькавічы, дзе знайшлі вечны супакой яго родныя і блізкія.

Слову Івана Лагвіновіча, відаць, суджана доўга жыць. У ліпені 2011 года, дзякуючы земляку, кандыдату філасофскіх навук Анатолю Сідарэвічу, пабачыў свет новы зборнік І. П. Лагвіновіча «Элегія палескага матыля». Ён стаў як бы нерукатворным помнікам паэту і зацвердзіў: чалавек памірае, а слова і справы яго жывуць вечна. У гэтай кнізе змешчаны яго апошні ім самім складзены зборнік “Свечкі трыпутніка”, а таксама два дзесяткі яго найлепшых вершаў.

Імем Івана Лагвіновіча напрыканцы 2012 года названа вуліца ў Баранавічах. Імя беларускага паэта ўвекавечана на Алеі пісьменства ў Ганцавічах. 29 студзеня 2015 года ў Малькавіцкім сельскім клубе адбыўся вечар памяці “Не прарос бы мой талент у мове другой…”, які арганізавалі работнікі Ганцавіцкай ЦРБ імя В. Праскурава да 75-годдзя з дня нараджэння паэта.



Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя В. Ф. Праскурава. Кулан Алена Юр’еўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі



Творы І. П. Лагвіновіча

  1. Разлукі выраёвыя : вершы / Іван Лагвіновіч. Брэст : Вежа, 2000. 72 с.

  2. Піліпаўка : вершы / Іван Лагвіновіч. Баранавічы : Творчае згуртаванне «Святліца», 2001. 50 с.

  3. Заряна / И. Ф. Логвинович ; Иероглиф улыбки / Р. И. Логвинович : стихи / И. Ф. Логвинович; Р. И. Логвинович. Барановичи : Творчае згуртаванне «Святліца», 2002. 60 с.

  4. Ляда юдолі : выбранае / Іван Лагвіновіч. Баранавічы : Творчае згуртаванне «Святліца», 2003. 75 с.

  5. Далёкае і блізкае : вершы / Іван Лагвіновіч. Баранавічы : Творчае згуртаванне «Святліца», 2004. 60 с.

  6. Палыновыя кветкі : вершатворы / Іван Лагвіновіч ; рэд. А. Каско ; мастак А. Фалей. Баранавічы : Творчае згуртаванне «Святліца», 2007. 85 с.

  7. Элегія палескага матыля : вершы / Іван Лагвіновіч ; прадмова Анатоля Сідарэвіча ; паслямова Леаніда Галубовіча. Мінск : Кнігазбор, 2011. 88 с. (Кнігарня пісьменніка).

  8. Каторы год, непадалёк ад Шчары…” ; Ліхтары ; Ведаю : [вершы] / Іван Лагвіновіч // ЛіМ. 2006. 17 ліст. С. 8.

  9. Безназоўная зорка ; Вярыгі ; Песня каласковая : [вершы] / Іван Лагвіновіч // Заря. 2007. 3 марта. С. 8.

  10. Канцона ; Рамансавы санет ; Трыялет : [вершы] / Іван Лагвіновіч // Жырандоля : літаратурны альманах. Брэст, 2010. Вып. 3. С. 62–63.

  11. Холад блізкага сьнегу…” ; “Я ў тлумным часе заблудзіўся…” ; Бо я спазнаў ; Цярновы вянок : [вершы] / Іван Лагвіновіч // Жырандоля : літаратурны альманах. Брэст, 2013. Вып. 5. С. 30–32.

  12. Засланяю далонямі твар…” ; “Берасцяным святлом…” ; Запавет : [вершы] / Іван Лагвіновіч // Валасюк, Л. Непрыдуманыя партрэты / Лявон Валасюк. Брэст : Брэсцкая друкарня, 2014. С. 183.



Аб жыцці і творчасці І. П. Лагвіновіча

  1. Валасюк, Л. Быў я сціплым паэтам // Валасюк, Л. Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны / Лявон Валасюк. Брэст : Брэсцкая друкарня, 2014. С. 182.

  2. Підэнка, С. Паэзія нараджаецца з любові / Сяргей Підэнка // Жырандоля : літаратурны альманах. Брэст, 2013. Вып. 5. С. 28–30.

  3. Іван Лагвіновіч // Ганцаўшчына – край легенд і талентаў народных / аўт. тэксту В. К. Гардзей. Мінск, 2011. С. 118.

  4. Іван Лагвіновіч // Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзіч. Брэст : Брэсцкая друкарня, 2008. С. 155.

  5. Іван Лагвіновіч // Паміж Бобрыкам і Ланню : Ганцаўшчына літаратурная : паэзія, проза, публіцыстыка / уклад. В. Гардзей, К. Мохар. Мінск, 2007. С. 411.

  6. Арэшка, М.Загарэлася зорка, каб ніколі не згаснуць : [пра вечар да 75-годдзя з дня нараджэння І. Лагвіновіча ў Малькавіцкім сельскім клубе] / Міхась Арэшка // Савецкае Палессе (Ганцавічы). 2015. 4 лют. С. 3.

  7. Маляўка, Т. Жыве твае слова ў народзе : [да 75-годдзя з дня нараджэння паэта І. Лагвіновіча] / Таццяна Маляўка // Савецкае Палессе (Ганцавічы). 2015. 28 студз. С. 4.

  8. Сідарэвіч, А. Эцюд пра Івана Лагвіновіча і яго родных : (да 75-годдзя з дня нараджэння паэта) / Анатоль Сідарэвіч // Ганцавіцкі час. 2015. 15 студз. (№ 2–3). С. 21.

  9. Дзямчук, Л. Успомнілі паэта-земляка : [пра вечар памяці І. П. Лагвіновіча ў Малькавіцкай бібліятэцы-музеі (26 ліст. 2011 г.)] / Л. Дзямчук // Савецкае Палессе (Ганцавічы). 2011. 3 снеж. С. 3.

  10. Лагвіновіч Іван Піліпавіч : [некралог] / Калектыў супрацоўнікаў газеты “Савецкае Палессе”, бібліятэкары РЦБС // Савецкае Палессе (Ганцавічы). 2011. 2 крас. С. 10.

  11. Шалахоўскі, А. Не стала Івана Лагвіновіча : [інфарм.] / Аляксей Шалахоўскі // Наша слова. 2011. 13 крас. (№ 15). С. 4.

  12. Руткоўская, І. Глыток духоўнасці : [пра вечарыну да 70-годдзя І. Лагвіновіча ў Малькавіцкай бібліятэцы-музеі] / Ірына Рудкоўская // ЛіМ. 2010. 25 чэрв. (№ 25). С. 16.

  13. Маляўка, Т. “Пра чыстую любоў да Беларусі…”: да 70-га юбілею Івана Лагвіновіча адбылася літаратурная вечарына ў Малькавічах // Таццяна Маляўка // Савецкае Палессе (Ганцавічы). 2010. 16 чэрв. С. 6.

  14. Маліноўскі, М. Равеснік раёна : паэту – земляку Івану Лагвіновічу – 70! / Міхась Маліноўскі // Савецкае Палессе (Ганцавічы). 2010. 15 студ. С. 10.

  15. Корнеў, А. Пасвячэнне юбіляру : верш [І. Лагвіновічу] / Алесь Корнеў // Савецкае Палессе (Ганцавічы). 2010. 15 студз. С. 10.

  16. Дамарацкая, І. “Самая балючая тэма – мова мая беларуская” : [пра вечар да 70-годдзя паэта І. П. Лагвіновіча ў Малькавіцкім СДК] / І. Дамарацкая // Ганцавіцкі час. 2010. 18 чэрв. С. 9.

  17. ЛеГАЛ. “Палыновыя кветкі” : [аб жыцці і творчасці І. Лагвіновіча] / ЛеГАЛ // ЛіМ. 2008. 15 жн. (№ 33). С. 16. (Кулуары).

  18. Гарэцкі, Я. Прымаць сэрцам жыццёвую праўду : [пра І. Лагвіновіча] / Яўген Гарэцкі // ЛіМ. 2008. 19 верас. (№ 38). С. 5.

  19. Савіч, Т. Іван Лагвіновіч атрымаў літаратурную прэмію : [імя У. А. Калесніка] / Т. Савіч // Intex-press (Барановичи). 2008. 11 сент. С. 7.

  20. Маліноўскі, М. “Палыновыя кветкі” Івана Лагвіновіча / Міхась Маліноўскі // Савецкае Палессе (Ганцавічы). 2007. 6 ліст. С. 3.

  21. Ільін, А. Ад смутку жыцця да кніжак : [аб прэзентацыі кнігі І. Лагвіновіча “Піліпаўка” ў Баранавіцкай бібліятэцы імя В. Таўлая] / А. Ільін // Intex-press (Барановичи). 2002. 14 февр. С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1425 разоў Апошняя змена Панядзелак, 13 Красавік 2020 11:27