Панядзелак, 09 Сакавік 2015 10:30

5 сакавіка 2015 г. – 85 гадоў з дня нараджэння (1930) Міхаіла Андрэевіча Карпука, мастака кіно і тэлебачання, графіка, жывапісца

Міхаіл Андрэевіч Карпук нарадзіўся 5 сакавіка 1930 года ў вёсцы Мыкшыцы Брэсцкага павета (цяпер Расненскага сельсавета Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці).

У 1948 годзе Міхаіл Карпук паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча. Адразу пасля яго заканчэння ў 1956 годзе паступіў у Маскоўскі паліграфічны інстытут, дзе сярод іншых дысцыплін, выкладалі малюнак. Вучыўся ў Л. М. Лейтмана, К. Касмачова. З удзячнасцю ўспамінае любімага педагога Андрэя Дзмітрыевіча Ганчарова, цудоўнага графіка, загадчыка кафедры графікі і малюнка.

У 1956–1970 гадах Міхаіл Карпук працаваў мастаком-пастаноўшчыкам на Беларускай студыі тэлебачання, дзе паставіў свае першыя спектаклі, працаваў над кінафільмамі, аснашчаў канцэртныя студыі. Ён аформіў тэлепастаноўкі: «Моцарт і Сальеры» (1956), «Суд» (1958), тэлеспектаклі «Сымон-музыка» (1958), «Сэрца на далоні» (1964), «Ткачы» (1969), «Песня музыканта» (1958), «Якаў Багамолаў» (1959), «Крах» (1966).

З 1961 года ўдзельнічаў у мастацкіх выстаўках. Аформіў літаратурна-мемарыяльны дом-музей Адама Міцкевіча ў г. Навагрудку (1970–1971).

З 1972-га па 1983 год Міхаіл Андрэевіч працаваў мастаком-пастаноўшчыкам на кінастудыі «Беларусьфільм». У 1978 годзе быў прыняты ў Беларускі саюз кінематаграфістаў. Аформіў значную колькасць тэлеперадач, пастановак, зрабіў мноства эскізаў дэкарацый да тэлеспектакляў і кінафільмаў. Яго прозвішча стаіць у тытрах фільмаў: «Уся каралеўская раць» (1970), «Парашуты на дрэвах» (1973), «Апошняе лета дзяцінства» (1974), «Тры вясёлыя змены» (1977), «Спытай сябе» (1976), «Жалезныя гульні» (1979), «Канец бабінага лета» (1983).

З 1980 года М. А. Карпук з’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў, уваходзіць у творчае аб’яднанне «Спадчына». Шырокую вядомасць прынеслі шматлікія графічныя і жывапісныя творы. У творчасці кожнага мастака ёсць свая самая галоўная тэма душы. Для графіка і жывапісца Міхаіла Карпука – гэта ўслаўленне прыгажосці роднай прыроды. Аблюбаваная тэма мастака – беларускі пейзаж. У дачыненні да яго Міхаіл Андрэевіч называе сябе адналюбам. Сапраўды, прыхільнасць мастака да краявідаў Бацькаўшчыны не можа не кранаць. Ён шмат разоў пісаў пейзажы Берасцейшчыны і многіх іншых куточкаў Беларусі. Нішто так не кранае душу, як прыгажосць «малой» радзімы мастака. Адзін з яго пейзажаў «Там маё дзяцінства» (1985) – пятляючая сярод палёў дарога – дарога яго дзяцінства, вядучая з роднай вёсачкі Мыкшыцы, адкуль ён пайшоў у вялікі свет мастацтва.

Мноства карцін Міхаіл Карпук прысвяціў порам года, тонка прымячаў нюансы прыродных з’яў: «Сонечны дзень» (1978), «Пахмурны дзень» (1977), «Слуцкі матыў» (1980), «Рака Бобр» (1981), «Матыў вясны» (1991), «Срэбраная зіма» (1993), «Подых вясны» (1995), «У родным краі» (1997) і інш. На многіх палотнах мастак выяўляў не толькі мясцовыя пейзажы, але і выдатныя мясціны роднага краю «Капліца Святой Барбары ў Высокім» (1967), «Высокаўскі Троіцкі касцёл» (1973).

Манументальная серыя краявідаў Міхаіла Карпука, што налічвае сотні твораў, – гэта не проста прыгожыя замалёўкі з натуры, яны даюць вялікую пазнавальную інфармацыю і складаюць графічную панараму роднай зямлі, вясковага жыцця, культурнай спадчыны народа: «Навагрудскае замчышча» (1981), «Мірскі замак» (1983), «Восеньская раніца» (1994), «Хутар» (1995), «Навальніца» (1996), серыя «Па месцах радзімы Хруцкага» (1997–1998), «Зіма прыйшла» (2007).

У старым куточку Мінска, у «Троіцкім прадмесці» знаходзіцца творчая майстэрня М. А. Карпука, утульная і светлая, як і яго творы, якія даруюць нам радасць і адчуванне вельмі сур’ёзнага, глыбокага, значнага – судакранання з роднай прыродай, з неўміручым вобразам Радзімы.

Яго творы неаднаразова экспанаваліся ў многіх гарадах Беларусі, у тым ліку г. Высокае Камянецкага раёна (2008). Лепшыя творы М. А. Карпука знаходзяцца ў мастацкіх музеях Беларусі і прыватных калекцыях у Расіі, Польшчы, Германіі, Бельгіі, Даніі, Велікабрытаніі, Італіі, ЗША, Канадзе, Турцыі, Ізраіля, Сірыі, Швецыі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,
гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Карпук Міхаіл Андрэевіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2013. Т. 4. С. 387.

  2. Карпук Міхаіл Андрэевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 8. С. 97.

  3. Карпук Михаил Андреевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Мінск, 2009. Т. 1, кн. 1. С.449.

  4. Карпук Міхаіл Андрэевіч // Беларускі саюз мастакоў. 1938–1998 : энцыкл. даведнік. Мінск, 1998. С. 248.

  5. Карпук Міхаіл Андрэевіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 695.

  6. Карпук Михаил Андреевич // Художники Советской Белоруссии. Минск, 1976. С. 165.

  7. Міхал Карпук = MikhalKarpuk : графіка, жывапіс, сцэнаграфія [каталог на бел. і англ. мовах] / БСМ ; [аўт. уступ. арт. В. Ф. Шматаў]. – Менск, 2001. – [43] с. : іл.

  8. Карпук Міхаіл Андрэевіч // Памяць : Камянецкі раён / рэд.-склад. Г. Парафянюк. Мінск, 1997. С. 509.

  9. Витченко, Л.Arslonga, vitabrevis / Людмила Витченко // Партер. 2012. № 5 (май). С. 46–47 : фот.

  10. Данилова, Е. Признание родной земле… : [о выставке М. Карпука в Высковском ГДК] / Елена Данилова // Заря. 2009. 17 января. С. 7.

  11. Бунеева, Л. «В искусство я проскочил на паровозе!» : [штрихи из жизни художника М. Карпука; о его выставке в Высоковском ГДК] / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 2008. 15 октября. С. 5.

  12. Рэзнічук, І. Мастак, які нарадзіўся ў Мыкшыцах : [пра мастака М. А. Карпука і яго выставу ў Высокаўскім ГДК] / Ірына Рэзнічук // Навіны Камянеччыны. 2008. 22 кастрычніка. С. 3.

  13. Валаховіч, А. З беларускіх дарог : [пра творчасць мастака М. Карпука] / А. Валаховіч // ЛіМ. 2007. 16 лістапада. С. 10.

  14. Валахановiч, А. Мастак ад Бога : [М. А. Карпук] / А. Валахановіч // Краязнаўчая газета. 2007. № 40. С. 2.

  15. Ядревский, Г. Высокая память детства : [о художнике М. А. Карпуке] / Г. Ядревский // Европейский перекресток (Брест). 1999. № 15–16. С. 1.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1556 разоў Апошняя змена Серада, 29 Красавік 2020 16:37