Чацвер, 19 Сакавік 2015 15:19

2015 г. – 405 гадоў з часу ўзвядзення (1610) Збіражскай царквы Святой Параскевы Пятніцы, помніка драўлянага дойлідства рэспубліканскага значэння

Царква Святой Параскевы Пятніцы ў вёсцы Збірагі Чэрнінскага сельсавета Брэсцкага раёна была пабудавана ў 1610 годзе на сродкі княгіні Агаты Сапегі як уніяцкая царква Прасвятой Троіцы.

 

Фундатарам выступіла прадстаўніца магутнага магнацкага роду Сапегаў – Соф’я Агата Сапега (каля 1555–1630), дачка дзяржаўнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага, ваяводы мінскага Багдана Паўлавіча Сапегі (1530–1593). Яе другім мужам быў падкаморый берасцейскі Мікалай Дамінікавіч Пац, які валодаў маёнткамі ў Берасцейскім павеце. Збірагі вядомы з 1502 года, з 1566 года – сяло, цэнтр Збіражскага войтаўства Берасцейскага ваяводства ВКЛ. З канца ХVІ ст. ва ўласнасці Пацаў.

Не простая гісторыя ў Збіражскай царквы, адной з самых старажытных на Брэстчыне, хоць за чатыры стагоддзі яна не гарэла, не рабавалася, перажыла шматлікія войны, у тым ліку дзве Сусветныя. Напачатку два з паловай стагоддзі яна была ўніяцкай святыняй. Пасля доўгай і ўпартай барацьбы Ватыкану ўдалося навязаць Брэсцкую унію 1596 года – пагадненне пра аб’яднанне каталіцкай і праваслаўнай цэркваў на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. У канцы ХVІ ст. Сапегі з праваслаўя перайшлі ў каталіцтва, будавалі каталіцкія і ўніяцкія храмы. Брэсцкая унія пасля ўз’яднання з Расіяй была ліквідавана на тэрыторыі Беларусі Полацкім саборам 1839 года. Збіражская царква пасля паўстання 1863–1864 гадоў, з 1865 года стала праваслаўным храмам.

У 1920 годзе, пасля ўстанаўлення польскай улады на Брэстчыне, будынак перададзены каталікам і адрэстаўраваны імі ў 1925 годзе. Пасля Вялікай Айчыннай вайны гэты храм зноў стаў праваслаўным, зарэгістраваны органамі ўлады 27 чэрвеня 1945 года. Тады храм наведвалі да 250-ці чалавек.

Царква Святой Параскевы Пятніцы асвечана ў гонар святой вялікамучаніцы, якой маліліся аб захаванні ад склону жывёлы, у асаблівасці ад падзежа каровы. Святая лічыцца таксама лекаркай хвароб чалавека, у асаблівасці д’ябальскага наслання, ліхаманкі, зубнога, галаўнога болю і іншых хвароб. У наш час святую лічаць сваёй ахоўніцай рукадзельніцы, швейнікі, усе, хто робіць аблачэнні свяшчэннікаў, царкоўныя ўпрыгожванні. У народзе Параскеву называюць “баб’яй заступніцай”.

Храм з’яўляецца ўнікальным помнікам драўлянай архітэктуры, які мае нацыянальна-народныя рысы. Традыцыі народнага дойлідства злучаныя ў ім з элементамі барока. Царква (агульная плошча 140 кв. м) мае прамавугольны ў плане асноўны зруб пад трохсхільным дахам, над якім узвышаецца гранёная цыбулепадобная галоўка з вальмай над галоўным фасадам. Да ўсходняй сцяны далучаецца больш вузкі зруб апсіды, з невысокімі рызніцамі па баках і накрыты таксама трохсхільным вальмавым дахам. Уваход у храм вырашаны невялікім прытворам пад двухсхільным дахам. Сцены з вертыкальнай шалёўкай, высока ўзнятымі прамавугольнымі аконнымі праёмамі надаюць аб’ёму храма вертыкальную накіраванасць і манументальнасць.

Унутрыасноўнае памяшканне зала, перакрытая плоскай столлю на бэльках. Сцены, складзеныя з брусоў, не ашаляваны, пафарбаваны алеем. Асноўнае памяшканне ад алтара аддзяляе драўляны разныіканастас 1830-х гадоў.У залу храма над уваходам на двух драўляных слупах выступаюць хоры з дугападобным парапетам. У інтэр’еры захаваліся творы іканапісу XVIII ст. Мастацкую каштоўнасць маюць абразы: «Параскева Пятніца», «Маці Божая Адзігітрыя», «Спас Пантакратар», складзень.

Перад уваходам у царкву– чацверыковая, вертыкальна ашаляваная званіца. Яна мае верхні адкрыты ярус-звон у выглядзе слуповай лучковай аркады, якая ўтрымлівае чатырохсхільны гонтавы шацёр з крыжом у завяршэнні. Гэты сціплы храм разам з асобнай званіцай складае прасторна развітую кампазіцыю, якая вылучаецца цэласнасцю, мастацкай выразнасцю архітэктурнага вырашэння.

У 1900–1916 гадах настаяцелем храма быў Іакім Пісканоўскі. Яго сын Мікалай Пісканоўскі (1887–1935) стаў таксама свяшчэннікам, служыў у Свята-Мікалаеўскай гарнізоннай царкве ў Брэсцкай крэпасці ў 1913–1920 гадах. Затым апынуўся на Украіне, за рэлігійную дзейнасць праследаваўся Савецкай уладай, быў рэпрэсіраваны, памёр у турме пад час следства. Пра яго актыўны абаронца культуры, прапагандыст маральнасці і духоўнасці акадэмік Дзмітрый Сяргеевіч Ліхачоў сказаў: “Жизнь отца Николая была сплошным мучением, а может быть и мученичеством”. Руская замежная праваслаўная царква на саборы 14 лістапада 1981 года а. Мікалая Пісканоўскага праславіла ў ліку свяшчэннамучанікаў.

Цяпер Збіражская царква адносіцца да Брэсцкага раённага благачыння Брэсцкай епархіі. Да 1976 года тут служыў свяшчэннік Міхаіл Аляксандравіч Малашка. Потым нядоўга – Віталій Аляксандровіч. У 1977–1979 гадах – Алексій Рыбачук, у 1979–1980 гадах – Уладзімір Аляксееў, у 1980–1984 гадах – Уладзімір Карнялюк. З 1984 года тут служыць настаяцелем пратаіярэй а. Пётр. Пётр Бабіч – мясцовы жыхар, быў рукапаложаны ў сан у 1980 годзе ва ўзросце 52-х гадоў.

Збіражскі храм унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і з’яўляецца адметным аб’ектам для турызму. “Белпоштай” 15 кастрычніка 2010 года да 400-годдзя Збіражскай царквы была выпушчана паштовая картка (мастак Ганна Малаш).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Брэсцкай цэнтральнай раённай бiблiятэкай. Васiлюк Таццяна Іванаўна, бібліёграф

 

1.     Збірожская царква Параскевы Пятніцы // Культура Беларусі: энцыклапедыя. – Мінск : БелЭн, 2013. – Т. 4. С. 97–98 : іл.

2.     Збирожская церковь Параскевы Пятницы // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Мінск, 2009. Кн. 1. С. 397.: іл.

3.     Царква ў імя святой велікамучаніцы Параскевы Пятніцы // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск : БелЭН, 2007. С. 176.: іл.

4.     Збирожская церковь Параскевы Пятницы // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. Минск : БелЭН, 2006. Т. 3. С. 637–638: ил.

5.     Збірожская царква Параскевы Пятніцы// Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск : БелЭн, 2004. Т. 7. С. 94.

6.     Помнікі архітэктуры: цэрквы і касцёлы : Царква Святой Параскевы Пятніцы // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка / уклад. В. П. Россіхін. Мінск : БелТА, 1998. С. 519.

7.     Церковь Параскевы Пятницы и звонница / С. Ф. Самбук // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область / АН БССР, Ин-т искусствоведения, этнографии и фольклора. Минск : БелСЭ, 1990. С. 135–136. : ил.

8.     Збірожская царква / А. Я. Міцянін // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 510. : іл.

9.     Царква Параскевы Пятніцы // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Минск, 1984. С. 101. : іл.

10.                       Збироги // От Беловежской пущи до полесских болот : путеводитель по Брестской области / [ред. Н. Плыткевич ; фото: С. Плыткевич]. Минск : Рифтур, 2013. С. 50. : ил.

11.                       Збірагі // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Т. 3. Брэсцкая вобласць. Мінск, 2006. С. 112 с.: іл.

12.                       Брестский район // Брестчина, устремленная в будущее : фотоальбом / гл. ред. В. Шпарло. Брест : РИА Вечерний Брест, 2009. С. 112. : ил.

13.                       Брэсцкі раён // Рэспубліка Беларусь. Вобласці і раёны : энцыкл. даведнік / склад. Л. В. Календа. Мінск : Бел ЭН, 2004. С. 23. : іл.

14.                       Мараськевич, Я. Деревянная архитектура северной части Еврорегиона Буг : [зап. часть Брест. земли] / Я. Мараськевич, А. Башков ; фот.: Я. Мараськевич, Д. Мараськевич ; пер.: Э. Д. Пашкевич и др. – Бяла Подляска : Бяльско-подл. об-во регионального развития, 2006. 96 с. : ил. – Из содерж. : Деревяное зодчество Брестской земли. С. 87–94.

15.                       Якімовіч, Ю. А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся. ХVІІ–ХІХ стст. / Ю. А. Якімовіч. – Мінск, 1978. – 152 с. : іл. – Са зместу: Збіражская царква. С. 99–100, 103. : іл.

16.                       Самые старые «драўляныя будынкі» Беларуси : [в т. ч. Здитово (Жабинковский р-н), Збироги (Брестский р-н), Доропеевичи (Малоритский р-н), Давид-Городок (Столинский р-н) – церкви ХVI–ХVIII вв.] / подгот. Г. Лободенко // Комсомольская правда в Белоруссии. 2007. 13 янв. С. 14–15.

17.                       Кульбака, А. Все дороги ведут в Збироги : [о велосипедной экскурсии по Брестскому и Жабинковскому районах, в т. ч. в Збирожскую церковь] / Александр Кульбака // Вечерний Брест. 2012. 29 авг. С. 12–13.

18.                       Николай Пискановский. [Электронный ресурс]. Режим доступа: http://ikobrin.ru/kobrin-piskanovkij.php

19.                       Ольга Ролич. Пятенка. [Электронный ресурс]. Режим доступа: http://www.proza.ru/2005/12/23-101

Чытаць 1707 разоў Апошняя змена Панядзелак, 22 Люты 2021 16:05