Сярэднюю адукацыю Сцяпан атрымаў у школе вёскі Краі, затым працаваў у калгасе. Пасля службы ў Савецкай арміі (1954–1957) Сцяпан Крываль працаваў у той жа школе выкладчыкам дапрызыўнай падрыхтоўкі і фізкультуры (1958–1960). У пачатку 1960-х перайшоў на працу ў маларыцкую раённую газету «Сельскае жыццё», у рэдакцыі ў той час працавалі Мікола Купрэеў, Аляксей Філатаў, Яраслаў Пархута, маладыя тады літаратары.
Працу ў рэдакцыі газеты ён спалучаў з завочнай вучобай на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. На трэцім курсе Сцяпан Крываль вымушаны быў прыпыніць вучобу. Па стану здароўя (інваліднасць другой групы па зроку) даводзілася часта мяняць месца працы: старшы рэдактар на Брэсцкай абласной тэлестудыі і абласным радыё, карэспандэнт-арганізатар Жабінкаўскага радыё (1966–1967), рабочы на чыгунцы ў Брэсце, супрацоўнік рэдакцыі талачынскай газеты «Сцяг Ільіча» (1968–1969) і інш.
У час службы ў арміі пісаў вершы, якія друкаваліся ў дывізійнай газеце. Першае апавяданне Сцяпана Крываля “Рэвізор” было апублікавана 29 красавіка 1962 года ў брэсцкай абласной газеце “Заря”. Пісьменнік шмат пісаў і актыўна друкаваўся ў часопісах «Полымя», «Маладосць», «Беларусь», «Вожык», газеце «Літаратура і мастацтва». Яго творы публікаваліся ў каллектыўных зборніках «Перасветы», «Осёл на именинах», у «Днях паэзіі», часта гучалі на рэспубліканскім радыё. Апавяданне “Медаль “За адвагу” было iнсцэніравана на тэлебачанні (1987).
У аснову многіх апавяданняў Сцяпана Крываля пакладзены анекдатычныя жыццёвыя выпадкі. Якую б тэму ні браў, на першым плане ў яго – маральна-псіхалагічны стан чаловека, яго ўнутранае жыццё з усімі супярэчнасцямі і падзеямі, падчас жахлівымі і непрадсказальнымі. Аўтар умела выкарыстоўвае багаты лексічны арсенал свайго палескага рэгіёна. Мова яго апавяданняў дасціпная, афарыстычная. Меркамі народнай маралі ў творах С. Крываля вымяраюцца дзеянні і ўчынкі герояў. Аўтар асуджае тых, у каго нячыстае сумленне, хто “вока чым-небудзь заткне, каб у душу не прасачыўся чалавечы сорам”.
Прыслухаўшыся да парады вядомага крытыка Уладзіміра Андрэевіча Калесніка, Сцяпан Крываль захапіўся прозай, стаў пісаць апавяданні, навелы. Пазней яны былі аб’яднаны ў два зборнікі – «Аднойчы летам» (1990) і «Чмяліная вясна» (1996). З 1993 года – член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Першая кніга апавяданняў «Аднойчы летам» была заўважана крытыкай і прыхільна сустрэта чытачамі, прычым не толькі ў Беларусі. Пасля яе выхаду, у 1991 годзе, пісьменнік атрымаў ліст ад супрацоўніка Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук Украіны з просьбай даслаць некалькі экзэмпляраў сваёй кнігі для выкладчыкаў і студэнтаў Кіеўскага ўніверсітэта, якія вывучаюць беларускую літаратуру. Сцяпан Антонавіч не мог адмовіць у такой просьбе і выслаў украінскім сябрам 12 кніг.
Другога зборніка апавяданняў пісьменнік, на жаль, не ўбачыў. 5 верасня 1996 года Сцяпан Антонавіч Крываль заўчасна памёр, калі яго кніга «Чмяліная вясна» рыхтавалася да выдання ў «Мастацкай літаратуры».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Івацэвіцкай раённай бібліятэкай
імя П. Пестрака. Вазнішчык Вольга Мікалаеўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі
Творы С. А. Крываля
-
Аднойчы летам : апавяданні / С. Крываль. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1990. – 189 с. – (Першая кніга празаіка).
-
Сенька-інвалід : [апавяданне] / С. Крываль // …І нараджалася Слова : зборнік літаратурных твораў супрацоўнікаў тэлерадыёкампаніі “Брэст” 1961–2011 гг. / укл. М. Пракаповіч. Брэст, 2012. С. 21–26.
-
Сенька-інвалід : апавяданне / С. Крываль // Жырандоля : літаратурны альманах. Брэст : Брэсцкая друкарня, 2010. С. 17–20.
-
Дзяржаўныя пазычнікі : апавяданне / С. Крываль // Берасцейскія карані : гісторыка-краязнаўчы і літаратурны зборнік. Брэст, 1993. С. 166–171.
-
Спраўляюць людзі шматгалоса… : [верш] / С. Крываль // Дзень паэзіі – 83. Мінск, 1983. С. 292.
-
Выручу радасць сам… : [верш] / С. Крываль // Дзень паэзіі – 81 / уклад. П. Макаль. Мінск : Мастацкая літаратура, 1981. С. 270.
Аб жыцці і творчасці С. А. Крываля
-
Сцяпан Крываль (1935-1996) // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч. Брэст : ААТ «Брэсцкая друкарня», 2008. С. 265–266.
-
Крываль Сцяпан Антонавіч // Памяць. Маларыцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск : Ураджай, 1998. С. 486–487.
-
Крываль Сцяпан // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1995. Т. 6. С. 625–626.
-
Сцяпан Крываль : [некралог] // ЛіМ. 1996. 27 верасня. С. 15.
-
70-гадоў з дня нараджэння (1935) Крываля Сцяпана Антонавіча // Полымя. 2005. № 7. С. 234.
-
Сцяпан Крываль // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Івацэвіцкага раёна. Мінск : БЕЛТА, 1997. С. 448.
-
Смаль, В. М. “Я б хацеў калыхаць эфір звонам песні” : Жыццёвымі пуцявінамі Сцяпана Крываля / В. М. Смаль // Гісторыка-тэарытычныя актуаліі сучаснай філалогіі : матэрыялы рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 70-годдзю з дня нараджэння вучонага-літаратуразнаўцы, педагога, прафесара А. А. Майсейчыка. Брэст, 2008. C. 114–118.
-
Фiлатаў, А. Страла жыцця : мініяцюры, апавяданні, народны гумар, аповесць, вершы / Аляксей Філатаў, Мікола Сянкевіч. – Брэст : Брэсцкая друкарня, 2007. – 247 с.
-
Кажадуб, С. “Я дасягну сваіх мар” : [пра жыццё і творчасць С. Крываля] / Святаслаў Кажадуб // ЛiМ. 2010. 13 жніўня (№ 32). С. 13.
-
Філатаў, А. “Бяры мае акуляры!..” : [пра журналіста і пісьменніка С. Крываля] / Аляксей Філатаў // Народная трыбуна. 2010. 20 лютага. С. 11.
-
Лубкова, М. Гутка моя – деревенька-красавица / М. Лубкова // Івацэвіцкі веснік. 2006. 22 жніўня.
-
Мошчык, С. “Я заўсёды пісаў праўду…” : Успаміны пра пісьменніка Сцяпана Крываля / Сяргей Мошчык // Голас часу (Маларыта). 2004. 20 верасня. С. 4; 24 верасня. С. 4.
-
Філатаў, А. Паднаўляць душу : Сцяпану Крывалю – 60 / Аляксей Філатаў // Заря. 1995. 29 июня.
-
Майсейчык, А. На вачах сумлення : [пра кнігу С. Крываля “Аднойчы летам”] / А. Майсейчык // Народная трыбуна. 1991. 16–22 верасня. С. 6.