Чацвер, 04 Чэрвень 2015 17:01

24 красавіка 2012 г. – 65 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Сяргеевіча Дзямешкі (1947–2006), эстраднага артыста, выканаўцы на ўдарных інструментах, заслужанага артыста Беларусі (1979)

Аляксандр Сяргеевіч Дзямешка нарадзiўся 24 красавіка 1947 года ў г. Брэсце. Вучыўся ў Брэсцкім музычным вучылішчы ў 1964–1966 гадах.

У час тэрміновай службы ў Савецкай арміі іграў у аркестры пры штабе Беларускай ваеннай акругі, дзе і пазнаёміўся з музыкантамі Уладзімірам Мулявіным і Уладзіславам Місевічам. Разам з імі ў 1969 годзе стварыў вакальна-інструментальны ансамбль “Лявоны”.

На IV Усесаюзным конкурсе артыстаў эстрады (1970) “Лявоны” занялі другое месца, падзяліўшы яго са Львом Лешчанкам. Першае месца журы вырашыла не прысуджаць, а судзілі тады конкурс Леанід Уцёсаў і іншыя мэтры эстрады. “Лявоны” выканалі песні “Хатынь”, “Тёмная ночь” і “Ой, рана на Івана”. Пасля гэтага конкурсу ВІА перайменавалі ў “Песняры”.

У 1969–1988 гадах Аляксандр Дзямешка – ударнік ВІА “Песняры”, выконваў адказныя сола як ударнік (у тым ліку ў народных песнях “Забалела ты, мая галованька”, “Чарачка мая”, “Галава – два вухі”) і як вакаліст. Ён быў першым у Саюзе, хто пачаў іграць на двайным камплекце ўдарных. Яго ўнікальную манеру ігры перанялі многія барабаншчыкі. Акрамя таго, Аляксандр Дзямешка яшчэ быў харошым акцёрам.

Ансамбль “Песняры” Беларускай дзяржаўнай філармоніі вылучаўся экспрэсіўнасцю выканання, каларытнасцю гучання. Характэрны апора на нацыянальныя традцыі, творчы пошук, падпарадкаванасць мелодыцы і паэтычнаму сэнсу песеннага сказа, уменне перадаць фальклорныя песенныя інтанацыі сучаснымі сродкамі. Калектыў – лаўрэат многіх усесаюзных і міжнародных фестываляў.

У 1979 годзе Аляксандру Дзямешку было прысвоена званне “Заслужаны артыст БССР”. Гэта першы выпадак ў СССР, калі барабаншчыку далі званне заслужанага артыста. Таксама заслужанымi тады сталi іншыя члены ВІА “Песняры”: Леанид Тышко (бас-гiтара), Анатоль Кашапараў (вакал), Леанід Барткевіч (вакал) і Уладзіслаў Місевіч (духавыя), а кіраўнік калектыву Уладзімір Мулявін атрымаў званне “Народны артыст БССР”.

У складзе ансамбля “Песняры” Аляксандр Дзямешка шмат гастраліраваў па СССР і за мяжой: Венгрыя, Германія, Польшча, Чэхаславакія, Фінляндыя, Швейцарыя, ЗША і інш.

З 1989 года Аляксандр Сяргеевіч працаваў у Маскве ў артыстычных кааператывах, у тым ліку “Песня”, якi арганiзоўваў гастролі зорак замежнай эстрады па Расіі. Пасля смерці У. Мулявіна стварыў гурт “Лявоны”, большая частка рэпертуару якога ўяўляла сабой класічныя песні “Песняроў”. У сярэдзiне 1990-х сумесна з Валерыем Яшкіным падрыхтаваў і выдаў анталогію твораў “Песняроў” (“Мароз Рэкордз”) на 8 CD. З 1997 года – намеснік начальніка канцэртнага аддзела акцыянернага таварыства “Лужнікі”. З 2005 года – генеральны дырэктар ТАА “Песняры”, адначасова – кіраўнік ансамбля “Лявоны”.

Аляксандр Сяргеевіч Дзямешка пасля цяжкой працяглай хваробы памёр 8 мая 2006 года ў Маскве. Пахаваны на Міцінскіх могілках (участак № 45).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Дзямешка Аляксандр Сяргеевіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2012. Т. 3. С. 418.

  2. Дзямешка Аляксандр Сяргеевіч // Энцыклапедыя беларускай папулярнай музыкі. Мінск, 2008. С. 91–92.

  3. Дзямешка Аляксандр Сяргеевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мiнск, 1998. Т. 6. С. 139.

  4. Дзямешка Аляксандр Сяргеевич // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 307.

  5. Песняры” // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 6. С. 37–38.

  6. Песняры” / Г. М. Загародні // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 4. С. 272.

  7. Барабанный реквием по нашему «песняру» : [памяти музыканта Александра Демешко] // Брестский курьер. 2006. 11 мая (№ 19). С. 2.

  8. Песняр” Александр Демешко скончался в московской больнице [Электронный ресурс]. Режим доступа: http://news.tut.by/culture/67956.html

  9. Песняры” возвращаются! [Электронный ресурс]. Режим доступа: http://ekskluziv-smi.ru/pesnyaryi-vozvrashhayutsya/

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1293 разоў Апошняя змена Аўторак, 12 Май 2020 15:31