Чацвер, 04 Чэрвень 2015 17:06

6 мая 2015 г. – 80 гадоў з дня нараджэння Пятра Васільевіча Зарэцкага (1935–2013), мастака ў вобласці станковага і манументальна-дэкаратыўнага жывапісу, плаката і графікі

Пётр Васільевіч Зарэцкі нарадзіўся 6 мая 1935 года ў вёсцы Навіцкавічы (цяпер Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці). З дзяцінства марыў стаць мастаком. Не хадзіў яшчэ ў школу, а ўжо маляваў. Калі не было алоўка, то замест яго выкарыстоўваў спаленую запалку. Школьнікам шмат маляваў, яго малюнкі бралі на раённыя і абласныя выставы. Калі заканчваў Камянецкую сярэднюю школу, то ўжо цвёрда ведаў: будзе толькі мастаком, самастойна рыхтаваўся да паступлення ў вучылішча.

У 1961 годзе Пётр Зарэцкі скончыў Кішынёўскае мастацкае вучылішча імя І. Рэпіна і адразу паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут на аддзяленне станковага жывапісу. Вычыўся ў У. П. Сухаверхава. У 1964 годзе ўладкаваўся на брэсцкі камбінат «Мастацтва». У 1969 годзе скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Вучыўся ў В. Зазерскай, І. Сталярова, Я. Красоўскага. Працяглы час быў старшынёй прафкама камбіната “Мастацтва”. Працаваў над афармленнем памяшканняў устаноў і арганізацый Брэста і паралельна займаўся творчасцю, сядзіўся да мальберта.

З 1966 года прымаў удзел ва ўсесаюзных, рэспубліканскіх выставах. Уплыў на творчасць Пятра Зарэцкага аказалі такія асобы, як Іван Рудчык, Пётр Данэлія, Мікалай Чураба, Эдуард Куфко, Іван Фяцісаў. У 1994 годзе прыняты ў Беларускі саюз мастакоў.

Пётр Зарэцкі працаваў у галіне станковага і манументальна-дэкаратыўнага жывапісу. У свае работы мастак укладваў усю сваю душу, талент, думкі, таму яго жывапісныя творы заўсёды выглядаюць свежымі, яскравымі, напоўненымі цёплым лірычным настроем: «Партрэт беларуса» (1964), «Лета, вадапой», «Агарод, капуста» (1970), «Ішоў атрад па беразе» (1977), «Вадаспад Ківач», «Малдаўская восень», «Цыганка», «Малдаўскі дворык», «Стары млын», «Жаночы партрэт» (1990), «Хата Яўгенні Янішчыц. Вёска Рудка Пінскага раёна» (2002), «Лістапад» (2005).

Пётр Васільевіч паходзіць з цудоўнага краю, які завецца Белавежскай пушчай. Таму так часта мастак звяртаўся да пушчанскай тэмы, да жывапіснай Камянеччыны: «Белавежская пушча», «Зубры. Сям’я» (2009), «Палессе майго дзяцінства» (1985), «Рака Лясная», «Купалле», «Бацькоўская хата», «Камянец. Царква Сімяона-столпніка». Мастак таксама выканаў шэраг плакатаў, паштовак.

Творы брэсцкага мастака знаходзяцца ў музеях Мінска, Брэста, Пінска і ў замежных прыватных калекцыях. За актыўную творчую дзейнасць і асабісты ўзнёсак у развіццё нацыянальнага мастацтва Пётр Зарэцкі ўзнагароджаны медалём Беларускага саюза мастакоў «За заслугі ў выяўленчым мастацтве».

Пётр Зарэцкі памёр 18 красавіка 2013 года. Пахаваны на малой радзіме – на могілках вёскі Шышова Камянецкага раёна.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна, гал. бібліёграф

 

  1. Зарецкий Пётр Васильевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 1. С. 393.

  2. Зарэцкі Пётр Васільевіч // Беларускі саюз мастакоў. 1938–1998 : энцыкл. даведнік. Мінск, 1998. С. 205.

  3. Зарэцкі Пётр Васільевіч // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 509.

  4. Валасюк, Л. Запатрабаванне душы мастака : [пра П. В. Зарэцкага] / Лявон Валасюк // Валасюк Л. Непрыдуманыя партрэты. Брэст, 2014. С. 72–75.

  5. Пётр Зарэцкі // Мастакі Брэстчыны : альбом-каталог / склад.: М. П. Кузьміч. Брэст, 2010. С. 52.

  6. Пётр Зарецкий // Художники Брестчины. 50 лет : альбом-каталог / авт.-сост. Б. Крепак [и др.]. Минск, 1997. С. 30.

  7. Мусевіч, Г.Мастакі Камянеччыны : [Зарэцкі Пётр] // Мусевіч, Г. Слоўнік Камянеччыны : [рукапіс] / Георгій Мусевіч. Камянец, 2010.

  8. Валасюк, Л. Вучыцца трэба ў прыроды” : [пра П. В. Зарэцкага]// Народная трыбуна. 2010. 15 мая. С. 11.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1429 разоў Апошняя змена Панядзелак, 11 Май 2020 11:49