Чацвер, 04 Чэрвень 2015 17:13

2015 г. – 215 гадоў з дня нараджэння Ігната Рыгоравіча Кулакоўскага (1800–1870), беларускага дзяржаўнага дзеяча, асветніка, педагога, перакладчыка

гнат Рыгоравіч Кулакоўскі нарадзіўся ў 1800 годзе ў сям’і незаможнага шляхціца Рыгора Кулакоўскага, якому належаў маёнтак у вёсцы Янаўшчызна Пружанскага павета (цяпер хутар у Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці).

Пачатковую адукацыю Ігнат Кулакоўскі атрымаў у бацькоўскім доме. Потым навучаўся ў Свіслацкай гімназіі, у Варшаўскім ўніверсітэце.

У 1830–1840-я гадах Ігнат Кулакоўскі жыў у Гродне, працаваў у губернскай адміністрацыі, у дырэкцыі народных вучылішчаў, старшым наглядчыкам павятовых вучылішчаў. Быў грамадскім супрацоўнікам Віленскага музея старажытнасцей, членам Віленскай археалагічнай камісіі, членам навуковых таварыстваў у Вільні, Варшаве, Пецярбургу, Даніі. У 1850-я гадах пераехаў у маёнтак Крыштапарава (Хрыстапарава) Сакольскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Беластоцкае ваяводства, Польшча), настаўнічаў і ўзначальваў Інстытут шляхетных дзяўчат у Беластоку.

У 1834 годзе Ігнат Кулакоўскі прыцягнуў да сябе ўвагу вышэйшых урадавых і навуковых колаў сваёй вялікай «Запіскай» у Дэпартамент народнай асветы пра выкладанне гісторыі краю ў вучылішчах Беларусі і стварэнне спецыяльных падручнікаў для беларускага юнацтва. У «Запісцы» ён з горыччу нагадваў пра тое, як цяжка складваўся гістарычны лёс беларускага народа на працягу стагоддзяў у выніку настойлівага акаталічвання, дэнацыяналізацыі і паланізацыі. І. Кулакоўскі прапанаваў карэнным чынам змяніць змест выкладання гісторыі, літаратуры і мовы ў школах Беларусі, увесці «яснае, сістэматычнае выкладанне ў вучылішчах гісторыі Заходніх губерняў пад выключнай назвай «Гісторыя краю, выкладанне мовы і літаратуры славянскай». На думку І. Кулакоўскага, падручнікі па гэтых праблемах павінны знаёміць вучняў з уласнай гісторыяй беларусаў, на прыкладах тлумачыць ім падабенства говараў і звычаяў, гістарычную супольнасць з іншымі брацкімі славянскімі народамі. Вялікае выхаваўчае і пазнавальнае значэнне І. Кулакоўскі надаваў вывучэнню старажытнай мовы і літаратуры, якія ён разглядаў як сродак для аднаўлення ўласнай гісторыі Беларусі, вывучэння і развіцця мовы і літаратуры беларусаў. У будучым бачыў неабходнасць вывучэння ў школах беларускай мовы, а таксама выданне для краю перыядычнага літаратурнага органа на мове народа.

Адначасова з пазначанай запіскай ён перадаў у дэпартамент падрабязны праект рэарганізацыі жаночай адукацыі на Беларусі, лічыў, што існуючая на той час сістэма не толькі не адпавядае сваім мэтам, але і шкодная. Хоць прапанаваны ім праект быў крокам наперад у галіне жаночай адукацыі ў Расіі, царскія чыноўнікі пакінулі яго без увагі.

У 1855 годзе Ігнат Кулакоўскі едзе ў Пецярбург з візітам да міністра народнай адукацыі. Пасля ён быў пераведзены з губернскага ведамства простым настаўнікам у адну з вёсак пад Беластокам. Пазней ён пераязджае ў свой маёнтак у Крыштапарава.

Ігнат Рыгоравіч Кулакоўскі памёр у 1870 годзе і быў пахаваны ў в. Крыштапарава Беластоцкага ваяводства.

І. Р. Кулакоўскі пакінуў пасля сябе нашчадкам не толькі вялікія калекцыі кніг, антыкварныя скарбы, але і вялікую колькасць навуковых прац па гісторыі, педагогіцы, матэрыялы для будучага падручніка. Усім гэтым невядома як распарадзіўся яго сваяк Любамір Гасоўскі, які падманным шляхам прыхапіў маёмасць вучонага. Дочкі І. Кулакоўскага не цікавіліся працамі бацькі. Унучка ж Ігната Рыгоравіча Эмілія Людвікаўна Садоўская (Лявіцкая) у 1904 годзе адкрывае тайную школу для сялянскіх дзяцей, а праўнучка Людвіка Антонаўна Войцік становіцца вядомай паэткай Зоськай Верас.

Жыццёвы шлях І. Р. Кулакоўскага мала вывучаны. Кароткія артыкулы ў энцыклапедыях і нарыс «Асветнік з Палесся» ў кнізе «Адчыніся, таямніца часу» (1984) – усё гэта вынік шматгадовых намаганняў і пошукаў беларускага гісторыка, археолага, фалькларыста, літаратуразнаўца, краязнаўца Генадзя Каханоўскага па вяртанні ў беларускі культурны кантэкст забытага імя І. Р. Кулакоўскага.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Берднік Валянціна Іванаўна, гал. бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Кулакоўскі Ігнат Раманавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 293.

  2. Ігнат Раманавіч Кулакоўскі // Мысліцелі і асветнікі Беларусі XXIX стагоддзя : энцыкл. даведнік. Мінск, 1995. С. 469–470.

  3. Kołakowski (Kułakowski) Ignacy // Polski Słownik Biograficzny. Wrocław – Warzsawa – Kraków. T. XIII. S. 330.

  4. Каханоўскі, Г. Асветнік з Палесся // Каханоўскі, Г. Адчыніся, таямніца часу : гісторыка-літаратурныя нарысы / Генадзь Каханоўскі. Мінск : Мастацкая літаратура, 1984. С. 94–99.

  5. Нікалаеў, М. Беларускі Пецярбург / Мікола Нікалаеў. – Санкт-Пецярбург, 2009. – Са зместу: І. Кулакоўскі. – С. 106.

  6. Запартыка, Г. Гісторыя вяртання Ігната Кулакоўскага ў лістах Генадзя Каханоўскага да Зоські Верас / Ганна Запартыка // Роднае слова. 2009. № 12. С. 30–32.

  7. Пракаповіч, Н. Педагог-дэмакрат Ігнат Кулакоўскі, альбо “Запіска” ў Дэпартамент народнай асветы / Наталля Пракаповіч // Газета для вас (Івацэвічы). 2009. 3 красавіка. С. 15.

  8. Зялевіч, Ю. Асветнік свайго народа / Юрый Зялевіч // Раённыя будні (Пружаны). 2001. 13 студзеня.

  9. Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мінск, 1968. С. 157.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1336 разоў Апошняя змена Панядзелак, 11 Май 2020 12:36