Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 04 Чэрвень 2015 17:23

19 лютага 2015 г. – 100 гадоў з дня нараджэння Мацвея (Мітрафана) Васільевіча Смаршчка (1915–2008), заслужанага доктара медыцыны, беларускага паэта (Анатоль Бярозка), культурнага і грамадскага дзеяча

Мацвей Васільевіч Смаршчок (Рэпкаў-Смаршчок) нарадзіўся 19 лютага 1915 года ў вёсцы Вялікае Падлессе (цяпер Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і.

Мацвей Смаршчок вучыўся ў пачатковай школе ў роднай вёсцы, а затым – у Ляхавіцкай школе і Баранавіцкай гімназіі імя Т. Рэйтана.

Вучнем упершыню выступіў са сваімі творамі пад уласным прозвішчам у друку. Яго вершы былі надрукаваны ў часопісе для дзяцей «Заранка», які выдавала Зоська Верас у 1927–1931 гадах у Вільні. У 1930-я гады публікаваў свае вершы ў віленскіх перыядычных выданнях, падпісваўся як Анатоль Бярозка. Рэдагаваў часопісы «Шлях моладзі», «Калоссе», рукапісны гумарыстычны часопіс «З-за плоту» (выйшлі тры нумары).

У 1934–1939 гадах М. Смаршчок вучыўся на медыцынскім факультэце Віленскага ўніверсітэта. Пасля заканчэння вучобы пераехаў у г. Івацэвічы. Працаваў урачом на Брэсцкай чыгунцы.

У 1941 годзе знаходзіўся на курсах павышэння кваліфікацыі ў Маскве, тут сустрэў пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Быў накіраваны на працу ў Пінск, але дабрацца туды ўжо не паспеў. Накіраваўся дадому, апынуўся ў Баранавічах, дзе стаў працаваць у шпіталі. Узначальваў тут медыцынскую школу, у якой і выкладаў. У 1944 годзе выехаў у Познань (Польшча) да сваякоў, дзе быў арыштаваны немцамі і адпраўлены ў канцлагер Нордгаўзен.

Пасля вызвалення М. Смаршчок застаўся ў Германіі, а ў 1948 годзе выехаў у Злучаныя Штаты Амерыкі, пасяліўся ў горадзе Мантысела (штат Мінесота). Англійскай мовы не ведаў, але давялося вывучыць, каб здаць экзамены на пацвярджэнне медыцынскага дыплома. У ЗША праславіўся як выдатны медык. Шмат гадоў кіраваў медыцынскім доглядам у доме для састарэлых. Яго імем названы адзін з карпусоў медыцынскага комплексу ў горадзе Мантысела. Адначасова з’яўляўся прафесарам Мінесотаўскага ўніверсітэта, займаўся доследамі хваробаў сэрца. У вольны час захапляўся фатаграфаваннем, шахматамі, электронікай.

У эміграцыі Анатоль Бярозка амаль не пісаўвершаў. Толькі ў 1989 годзе ён вырашыў выдаць кнігу за ўласны кошт. Так з’явіўся яго адзіны зборнік «Адзінаццаць вершаў» з паралельнымі перакладамі на англійскую мову. Мінскі клуб “Спадчына” выдаў у 2004 годзе кнігу А. Бярозкі “Выбранае” (тыраж 300 экз.). 18 лютага 2005 года ў Доме літаратара (Мiнск) адбылася вечарына, прысвечаная 90-годдзю паэта Анатоля Бярозкі.

Мацвей Васільевіч Смаршчок памёр 20 чэрвеня 2008 года ў г. Мантысела.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы. Брэус Ірына Леанідаўна, бібліёграф

 

  1. Бярозка Анатоль / А. Я. Белы // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 412.

  2. Анатоль Бярозка // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч. Брэст : ААТ «Брэсцкая друкарня», 2008. С. 370–373.

  3. Кіпель, В. Беларусы ў ЗША / В. Кіпель. Мінск, 1993. С. 300–304.

  4. Бярозка, А. Выбранае / Анатоль Бярозка ; [уклад. А. Белага ; прадм. А. Ліса]. – Мінск : Тэхнапрынт, 2004. – 193 с. : іл.

  5. Бярозка, А. Адлёт жураўлёў ; “Тысячай воч палымяных, распаленых цемрай начною…” ; “Абяздолены мой стромы шлях..” : [вершы] / Анатоль Бярозка // Полымя. 1991. № 6. С. 108–109.

  6. Бярозка, А. “Маё сэрца ўжо спынялася...” : [успаміны] / Анатоль Бярозка ; запісаў Аляксандр Адзінец // Дзеяслоў. 2007. № 2 (27). С. 280–284.

  7. Ліс, А. Анатоль Бярозка: Як малітва аб волі // Gloriavictis : збор твораў / Арсень Ліс. Мінск, 2010. C. 207–212.

  8. Мікуліч, М. У. [Творчасць Анатоля Бярозкі (сапр. Мацей Смаршчок (1915–2008))] / М. У. Мікуліч // Паэзія Заходняй Беларусі (1921–1939) / М. У. Мікуліч. Мінск, 2010. С. 393–403.

  9. Мікуліч, М. Паэзія Анатоля Бярозкі / Мікалай Мікуліч // Весцi Нацыянальнай Акадэмii Навук Беларусi. Серыя гуманітарных навук. 2008. № 1. С. 92–97.

  10. Ліс, А. Як малітва аб волі : [пра паэта А. Бярозку] / Арсень Ліс // Тэрмапілы : літ.-маст. і беларусазнаўчы часопіс. Беласток, 2007. № 11. C. 246–252.

  11. Мiкулiч, М. “Хай прападзе бяда й няшчасце...” / Мікалай Мікуліч // ЛiМ. 2007. 9 лютага. С. 7.

  12. Мікуліч, М. У. Духоўна-мастацкія пошукі Анатоля Бярозкі / М. У. Мікуліч // Веснік Брэсцкага універсітэта. Серыя філалагічных навук. 2006. № 2 (5). С. 3–8.

  13. Марціновіч, А. Журавы над пожняй : Патрыятычная лірыка Анатоля Бярозкі / А. Марціновіч // Роднае слова. 2005. № 6. С. 21–23.

  14. Савiк, Л. Вяртанне паэта / Л. Савік // Наша слова. 2004. 14 ліпеня. С. 3.

  15. Барыс, А. Вернутае імя / А. Барыс // Ляхавіцкі веснік. 2001. 26 верасня. С. 2.

  16. Пранчак, Л. Дзе моляцца сонцу разоры : Па слядах паэта А. Бярозкі / Леанід Пранчак // Маладосць. 2000. № 9. С. 228–234.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1265 разоў Апошняя змена Панядзелак, 11 Май 2020 12:49