Аўторак, 21 Ліпень 2015 15:52

24 чэрвеня 2015 г. – 100 гадоў з дня нараджэння Барыса Мікалаевіча Ласкорына (1915–1997), хіміка-тэхнолага, акадэміка РАН, заслужанага вынаходніка Расіі, лаўрэата прэміі Савета Міністраў СССР (1983, 1987), Ленінскай прэміі СССР (1968), Дзяржаўнай

Барыс Мікалаевіч Ласкорын нарадзіўся 24 чэрвеня 1915 года ў г. Брэст-Літоўску Гродзенскай губерні (цяпер Брэст). Яго бацька, Мікалай Лаўрэнцьевіч Ласкорын, быў чыноўнікам невысокага рангу. У хуткім часе, у сувязі з Першай сусветнай войной, Ласкорыны перабраліся ў Кіеў. Там, у Кіеве, Барыс у 1930 годзе скончыў сямігадовую школу.

Хлопчыка моцна захапіла хімія, таму пасля школы ён паступіў у тэхнікум каўчука і каўчуканосаў, які закончыў на выдатна. У тэхнікуме Барыс Ласкорын звярнуў на сябе ўвагу выкладчыкаў сваімі здольнасцямі, мэтанакіраванасцю і захопленасцю навукай. Да атэстата было прыкладзена накіраванне на хімічны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта, які малады чалавек у 1938 годзе скончыў таксама з адзнакай выдатна.

Пасля заканчэння ўніверсітэта маладога спецыяліста, які падаваў вялікія надзеі, накіравалі ў падмаскоўны гарадок Электрасталь у НДІ-26, дзе ў гэты час пачыналіся распрацоўкі па стварэнню новых сродкаў абароны ад магчымай хімічнай пагрозы. За тры гады Барыс Ласкорын прайшоў шлях ад навуковага супрацоўніка да загадчыка кафедры. Займаўся стварэннемматэрыялаў для фільтра, сарбентаў, каталізатараў для індывідуальных і калектыўных сродкаў хімічнай абароны. У гады Вялікай Айчыннай вайны, для патрэб арміі і флоту, ён наладзіў вытворчасць сродкаў хімабароны ў прамысловых маштабах. За свае распрацоўкі Барыс Мікалаевіч атрымаў першую высокую ўзнагароду – ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга (1851).

Пасля заканчэння вайны, у 1946 годзе Барыс Ласкорын абараніў кандыдацкую дысертацыю па асновах сарбцыйнай тэхналогіі. Малады кандыдат навук распрацаваў сарбцыйны метад ачысткі газаў ад радыёактыўнага ёду, які выкарыстоўваецца і зараз. Паралельна ён вёў распрацоўкі па пошуку арганічных «паглынальнікаў» для здабывання ўрану, торыя і іншых радыёактыўных элементаў.

Пачыналася ядзерная эра, перад лабараторыяй Б. М. Ласкорына была пастаўлена новая задача: у рамках ўранавага праекта – знайсці спосаб здабывання малой колькасці ўрану і торыя на розных паглынальніках. У красавіку 1951 года быў створаны НДІ-10 (цяпер Вядучы навукова-даследчы інстытут хімічнай тэхналогіі). Асноўнай тэматыкай гэтага навуковага цэнтра было стварэнне і развіццё хімічных тэхналогій уранавых і іншых рэдкамятальных руд, атрымання ядзерна-чыстых канструкцыйных матэрыялаў. Практычна з моманту стварэння НДІ-10, Б. М. Ласкорын працаваў тут і распрацоўваў тэхналогіі найбольш поўнага здабывання ўрану для патрэб абароннай прамысловасці і атамнай энергетыкі.

Акрамя ўрану, Барыс Мікалаевіч займаўся стварэннем экалагічна бяспечнай вытворчасці, малаадходных і іншых энергарэсурсаў. У распрацоўку ішло ўсё, што здабывалася, – торый, літый, такія каштоўныя матэрыялы, як малібдэн, вальфрам, рэдказямельныя металы – золата, срэбра, металы плацiнавай групы.

У 1956 годзе Барыс Мікалаевіч абараніў доктарскую дысертацыю і стаў начальнікам лабараторыі сорбцыі і экстракцыі. Адначасова ён атрымаў вучонае званне прафесара. У лабараторыю, якой загадваў, ён набіраў маладых перспектыўных вучоных і даводзіў іх, што называецца, да розуму. Пра сябе, жартам, яны гэтую лабараторыю так і называлі – «дзіцячы сад Ласкорына». «Дзіцячы сад» з часам вырас у цэлую навуковую школу – 8 прафесараў, 15 дактароў тэхнічных навук, больш за 100 кандыдатаў навук.

У 1968 годзе Ласкорын стаў намеснікам дырэктара НДІ-10 па навуковай рабоце. Людзі, якія працавалі з радыёактыўнымі элементамі, не маглі не думаць і пра тое, як абараніць, ці хаця б мінімізаваць шкоду ад выкарыстання гэтых элементаў. Вынікам гэтай працы стала ўкараненне сістэмы замкнёнага водаабарота ў тэхналагічных схемах прамысловых прадпрыемстваў. За распрацоўку гэтай сістэмы ўвесь калектыў лабараторыі Б. М. Ласкорына быў узганароджаны Ленінскай прэміяй.

У 1976 годзе Б. М. Ласкорыну прысвоена званне акадэміка Акадэміі навук СССР, у 1991 годзе – Расійскай акадэміі навук. Барыс Мікалаевіч – ганаровы член Міжнароднай інжынернай Акадэміі.

У інстытуце хімічнай тэхналогіі ў агульнай складанасці Барыс Мікалаевіч прапрацаваў 45 гадоў. Ён з’яўляецца аўтарам і сааўтарам работ: «Фізіка-хімічныя асновы тэорыі флатацыі» (1983), «Хімія ўрану» (1981), «Гідраметалургія золата» (1980), «Іонаабменныя мембраны і іх прымяненне» (1961), «Безадходная тэхналогія перапрацоўкі мінеральнай сыравіны: сістэмны аналіз» (1984), «Сарбцыйная тэхналогія ў гідраметалургіі золата» (1980), «Безадходная вытворчасць у металургіі» (1988) і інш. Аўтар больш чым 600 вынаходак, заслужаны вынаходнік Расійскай Федэрацыі.

У 1978 годзе Б. М. Ласкорын стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР, у 1983 і 1987 гадах – лаўрэатам прэміі Савета Міністраў СССР. Барыс Мікалаевіч быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Залатым ордэнам Працы Народнай Рэспублікі Балгарыя, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі.

Актыўна ўдзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У апошнія гады жыцця акадэмік Б. М. Ласкорын шмат сіл і ўвагі надаваў ахове навакольнага асяроддзя, быў старшынёй Камітэта па абароне навакольнага асяроддзя Усесаюзнага навукова-тэхнічнага таварыства.

Б. М. Ласкорын памёр 22 лютага 1997 года ў Маскве, пахаваны на Траякураўскіх могілках.

1 ліпеня 2008 года адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі сапраўднаму члену Акадэміі навук СССР Б. М. Ласкорыну на сцяне дома 1/5 на Кацельніцкай набярэжнай, дзе ён жыў у 1976–1997 гадах.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, загадчыца інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела

 

  1. Ласкорин Борис Николаевич // Большая энциклопедия : в 62 т. Москва : Терра, 2006. Т. 25. С. 299.

  2. ЛаскорынБарыс Мікалаевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 9. С. 143

  3. Ласкорин Борис Николаевич // Волков, В. А. Химики : биографический справочник / В. А. Волков, Е. В. Вонский, Г. И. Кузнецова. Киев : Наукова думка, 1984. С. 285–286.

  4. Улица в Москве названа именем уроженца Бреста Бориса Ласкорина // Брестский курьер. 2015. 25 июня (№ 26). С. 3.

  5. Глазов, В. Академик Борис Ласкорин, родом из Брест-Литовска, развивал атомную энергетику СССР и защищал окружающую среду / Владимир Глазов // Брестский курьер. 2013. 24 января (№ 4). С. 20.

  6. Академик Борис Николаевич Ласкорин : К 90-летию со дня рождения // Атомная энергия. Москва, 2005. Т. 98, вып. 5. С. 395–398.

  7. Ласкорин, Б. Н. Безотходная технология переработки минерального сырья. Системный анализ / Б. Н. Ласкорин, Л. А. Барский, В. З. Персиц. – Москва : Недра, 1984. – 334 с. : ил.

  8. Охрана окружающей среды на предприятиях атомной промышленности / Ф. З. Ширяев, В. И. Карпов, В. М. Крупчатников [и др.] ; ред. Б. Н. Ласкорин. – Москва : Энергоиздат, 1982. – 200 с. : ил.

  9. Ласкорин, Б. Н. Сорбенты на основе силикагеля в радиохимии : Химические свойства. Применение / Б. Н. Ласкорин, В. В. Стрелко, Д. Н. Стражеско, В. И. Денисов ; общ. ред. Б. Н. Ласкорин. – Москва : Атомиздат, 1977. – 304 с.

  10. Ласкорин, Б. Н. Ионообменные мембраы и их применение / Б. Н. Ласкорин, Н. М. Смирнова, М. Н. Гантман. – Москва : Госатомиздат, 1961. – 163 с.

  11. Мемориальная доска на Котельнической набережной : [торжественное открытие мемориальной доски в Москве действительному члену Академии наук СССР Борису Николаевичу Ласкорину] // Еженедельник Объединенного института ядерных исследований. 2010. 1 октября. № 38. – Режим доступа: http://wwwinfo.jinr.ru/~jinrmag/win/2010/38/me38.htm

  12. Московские могилы : Ласкорин Б. Н. – Режим доступа: http://www.moscow-tombs.ru/1997/laskorin_bn.JPG

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1204 разоў Апошняя змена Чацвер, 22 Красавік 2021 11:06