Чацвер, 27 Жнівень 2015 15:28

2015 г. – 250 гадоў з пачатку будаўніцтва (1765) Агінскага канала, які злучае рэкі Нёман, Шчару, Ясельду, Прыпяць

Агінскі канал – частка воднага шляху з Дняпра ў Нёман на тэрыторыі Пінскага, Івацэвіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Брэсцкай вобласці. Будаўніцтва канала пачалося ў 1765 годзе на сродкі магната Міхала Казіміра Агінскага (1729–1799), паводле ідэі, выказанай пінскім негацыянтам Мацеем Бутрымовічам. М. К. Агінскі выдзеліў з сваёй казны 12 мільёнаў злотых.

Канал адкрываў магчымасці для экспарту лесу і іншых тавараў праз балтыйскія парты, таму яго будаўніцтва было падтрымана Варшаўскім сеймам Рэчы Паспалітай 1768 года, які пастанавіў падараваць М. К. Агінскаму мястэчка Лагішын (цяпер у Пінскім раёне) і вёску Мышкаўцы з прылеглымі землямі і дазволіў з пачаткам сплаву спаганяць мыта «па 8 злотых з вясла ці ад спіцы».

Канал, што злучыў Шчару з прытокам Прыпяці – Ясельдай, капалі крыху больш як дзесяць гадоў, наогул канал будаваўся да 1783 года. Даўжыня канала склала 54 км, 5 з якіх – па возеры Выганашчанскае. Працягласць усёй воднай сістэмы ад вусця Ясельды да вусця Шчары – 324 км. Шырыня канала склала 18 м, а глыбіня 1 м. У сістэму канала ўваходзілі два возеры: Вулькаўскае і Выганашчанскае. Першае з іх выкарыстоўвалася для зімоўкі суднаў.

Тэмпы будаўніцтва канала замарудзіліся пасля ўдзелу Міхала Агінскага ў вайне з Расіяй і вымушанай эміграцыяй. Клопат па далейшай пракладцы воднага шляху часова ўзяла на сябе дзяржава: прыводзіліся ў парадак прылеглыя дарогі, ачышчаліся рэкі. Аднак ва ўмовах крызісу ў Рэчы Паспалітай каналу не ўдзялялася належнай фінансавай падтрымкі. У 1775 годзе сейм абвясціў пачатак сплаву, але канал яшчэ не быў поўнасцю добраўпарадкаваны. І толькі пасля вяртання Міхала Казіміра Агінскага на радзіму гідратэхнічныя працы працягнуліся.

На сейме 1786 года М. К. Агінскі паведаміў, што перадае завершаны канал Бацькаўшчыне. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай афіцэрамі Генеральнага штаба былі праведзены інструментальныя здымкі, рэкагнасцыровачныя работы, прамерана глыбіня канала і вызначана яго прапускная здольнасць. У 1802–1804 гадах аднаўленчымі і будаўнічымі работамі кіраваў інжынер гідралогіі генерал Франц Паўлавіч дэ Валан (1752–1818). У выніку ў пачатку XIX ст. канал істотна змяніўся: было пабудавана 10 шлюзаў (кожны даўжынёй 34 м і шырынёй 5 м). Да 1804 года добраўпарадкаванне было закончана і канал стаў поўнасцю суднаходным. Глыбіня канала дазваляла праходзіць судам з уляганнем да 70 см.

Транспарт па Агінскаму каналу ішоў у абодва бакі. Уніз па плыні сплаўляліся лес, хлеб і іншыя тавары; уверх было «ўзводнае» суднаходства. Па абодва бакі вяровачная цяга для буксіроўкі судоў – на шлейках уручную і на конях. Канал дазваляў ажыццяўляць пастаўкі хлеба для патрэб расійскай арміі. Прывезены такім чынам у Вільню ўкраінскі хлеб быў у тры разы танней мясцовага. Па Агінскім канале пераважна сплаўлялі лес з палескіх пушчаў; плыты выцягваліся «амаль бесперарыўна на 30 міль у даўжыню, ад Ясельды да Слоніма». Перавозілі таксама збожжа, сыравіну на вотчынныя мануфактуры ў Целяханах.

Не змянілася значэнне канала і пасля заканчэння напалеонаўскіх войнаў. У 1816 годзе, напрыклад, па ім прайшло 61 судна, даставілі 4664 чвэрці (у той час гэта была асноўная мера аб’ёму, роўная 209,91 л) пшаніцы і аўса, 49 тыс. пудоў солі, 2140 вёдраў віна і гарэлкі і 200 пудоў пянькі. Акрамя таго, у плытах і на плытах пераправілі 45 тыс. бярвенняў і брусаў, дубовыя дошкі і бочарную клепку.

З 1846 года канал неаднаразова падвяргаўся рэканструкцыі. Па абодва бакі водападзелу дадаткова пабудавалі 28 плацін, з іх 14 на рацэ Шчары, што падтрымлівала патрэбную глыбіню ў навігацыю. Максімальны грузаабарот на канале быў дасягнуты ў 1847–1848 гадах. Эканамічная карысць, якую канал прыносіў краю была каласальнай. Палепшыліся не толькі транспартныя умовы, але і гандаль, прамысловасць, сельская і лясная гаспадарка. Са з’яўленнем чыгуначных шляхоў значэнне Агінскага канала зменшылася.

У гады Першай сусветнай (1914–1918) і савецка-польскай (1920) войнаў канал апынуўся ў зоне актыўных ваенных дзеянняў, што прывяло да разбурэння гідратэхнічных збудаванняў. Пасля Рыжскага міру (1921) канал апынуўся на тэрыторыі Польшчы. Польскія ўлады ўзяліся за аднаўленне воднай артэрыі. Навігацыя пачала наладжвацца з 1926 года, поўнасцю канал адноўлены ў 1928 годзе. У 1939 годзе пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР былі рэпрэсіраваны інжынеры, якія працавалі на канале, гэта прывяло да заняпаду гідратэхнікі. Да 1941 года канал выкарыстоўваўся для лесасплаву, эпізадычна – для суднаходства. У Вялікую Айчынную вайну на канале адбыўся Агінскі бой (1942), шлюзы і плаціны былі часткова разбураны ці пашкоджаны.

Спробы аднавіць канал у пасляваенны час не мелі поспеху, у выніку рэчышча абмялела і стала зарастаць, канал страціў гаспадарчае значэнне. А зусім абяскровіла канал татальная меліярацыя. У 1960-я гады на канале Агінскага былі ўзарваныя ўсе шлюзы, акрамя апошняга 10-га, які і цяпер захаваўся ў працоўным стане і выконвае водарэгулюючую функцыю. Сам канал быў прыстасаваны для прыёму дрэнажных вод.

У 1990-я пачынаюцца спробы аднавіць канал і выкарыстоўваць яго пераважна у турыстычных мэтах. З 2005 года пачынаецца новы этап па аднаўленню Агінскага канала, які павінен стаць цэнтральным звяном воднага кола Беларусі. Цяпер завяршаюцца работы па рэканструкцыі Агінскага канала на тэрыторыі Пінскага раёна за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Працягласць адноўленай часткі складае 16,1 км. Па завяршэнні рэканструкцыі значна палепшыцца гідралагічная абстаноўка ў вадаскідзе Агінскага канала на плошчы каля 5 тыс. га. Пасля свайго аднаўлення канал набудзе былую славу.

 Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Янішчыц. Станкевіч Клаўдзія Аляксандраўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

1.    Огинский канал // Мешечко, Е. Н. Путешествие по Беларуси. В краю Немана, Западного Буга и Припяти : путеводитель / Е. Н. Мешечко. Брест, 2012. С. 18–19.

2.    Огинский канал // Природа Беларуси : энциклопедия в 3 т. Минск, 2010. Т. 2. С. 324.

3.    Огинский канал // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2007. Т. 5. С. 524.

4.    Агінскі канал // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. С. 35.

5.    Огинский канал // Белорусское Полесье. Туристические трансъевропейские водные магистрали / общ. ред. Л. А. Цуприка ; на русском, английском и польских языках. Минск, 2004. С. 30–33.

6.    Агінскі канал // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Пінскага раёна. Мінск, 2003. С. 18, 25, 28, 86, 87, 142, 143, 157, 185.

7.    Агінскі канал // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 1. С. 76.

8.    Агінскі канал // Блакітная кніга Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 1994. С. 30–31.

9.    Агінскі канал, Вялікі Пінскі канал // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 1. С. 32.

10.Агінскі канал // Геаграфія Беларусі : энцыкл. даведнік. Мінск, 1992. С. 105.

11.Агінскі канал // Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т. Мінск, 1983. Т. 1. С. 27.

12.Лабынцаў, Ю. А. Старая казка Палесся (Турава-Пінская земля) / Ю. А. Лабынцаў. – Мінск : Полымя, 1993. – 144 с.: іл. – Са зместу: Агінскі канал. – С. 133–136.

13.Вторая жизнь канала // Живая вода. 2015. 11 июля.

14.Ермоленко, В. История создания канала Огинского : (к 275-летию со дня рождения М. К. Огинского) / В. Ермоленко // Гiсторыя: праблемы выкладання. Серыя “У дапамогу педагогу”. 2009. № 6. С. 56–57.

15.Тоболич, А. По следам Огинского. Превратится ли знаменитый канал в привлекательный туристический объект? / Адам Тоболич // Заря. 2009. 17 октября.

16.Захаров, И. Пролёты – в стороны, трубы – вниз : [Огинский канал в памяти старожилов] / Игнат Захаров // Пінскі веснік. 2006. 15 верасня. С. 12.

17.Макарэвіч, Л. Радзівіл задумаў, Агінскі здзейсніў. Мы адновім? / Ларыса Макарэвіч // Культура. 2006. 8–14 красавіка. С. 14; Краязнаўчая газета. 2006. № 22, чэрвень.

18.Корбут, В. Полонез канала Огинского / Виктор Корбут // Советская Белоруссия. 2006. 23 мая. С. 11.

19.Каналу вернут былое величие : [реконструкция Огинского канала] // Заря. 2006. 25 марта. С. 2.

20.Чопко, М. Живи, канал Огинского! / Мария Чопко // Заря. 2005. 13 августа.

21.Гетман, Л. Улучшить экосреду – создать туристический рай : [Огинский канал] / Любовь Гетман // Родная прырода. 2005. № 6. С. 4–5.

22.Лукашевич, А. «Голубые кольца» Беларуси : [история создания Огинского канала, Днепро-Бугской системы] / Андрей Лукашевич // Беларуская думка. 2005. № 4. С. 184–191.

23.Ёсць на Палессі Агінскі канал // Народная газета. 1996. 5–7 кастрычніка. С. 6.

24.Цячэ канал Агінскага : сто артыкулаў з гісторыі Беларусі // Чырвоная змена. 1995. 14 лютага.

25.Клімковіч, М. Канал Агінскага / М. Клімковіч // Бярозка. 1994. № 9. С. 8–10.

26.Канал імя Агінскага: цікава ведаць // Пінскі веснік. 1994. 29 чэрвеня.

27.Асіноўскі, С. З «варагаў у грэкі»… Праз старую Перавалоку? : [гісторыя Агінскага канала] / С. Асіноўскі // Беларуская мінуўшчына. 1994. № 3. С. 45–47.

28.Міхайлаў, М. Канал Агінскага / М. Міхайлаў // Народная трыбуна. 1994. 6 студзеня.

29.Радзюк, Р. Ці быць Агінскаму каналу : Чалавек і прырода / Р. Радзюк // Белорусская нива. 1993. 17 декабря.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1629 разоў Апошняя змена Аўторак, 12 Май 2020 15:27