Панядзелак, 31 Жнівень 2015 09:41

24 ліпеня 2015 г. – 195 гадоў з дня нараджэння Люцыяна Крашэўскага (1820–1892), мастака, фатографа, удзельніка паўстання 1863–1864 гг.

Люцыян Крашэўскі нарадзіўся 24 ліпеня 1820 года ў сям’і Пружанскага харунжага і земскага суддзі, уладальніка маёнтка Доўгае ў Пружанскім павеце Гродненскай губерніі Яна Крашэўскага і Соф’і Мальскай. У сям’і было пяцёра дзяцей: Юзаф Ігнацы, Люцыян, Каятан, Ганна і Іаанна. Браты Люцыяна аставілі адметны след у гісторыі культуры Польшчы: Юзаф Ігнацы Крашэўскі (1812–1887) – беларускі і польскі пісьменнік, гісторык і фалькларыст, Каятан Крашэўскі (1827–1896) – польскі пісьменнік, кампазітар, астраном-аматар.

Каятан Крашэўскі, які апісваў гісторыю свайго роду, успамінаў аб жыцці ў Доўгім і аб сваіх братах: «Как же блаженно прошли там мои детские годы. Это тихое существование оживлялось с приездом старших братьев из школ или университетов. Юзеф часто читал вслух свои произведения, играл на фортепиано и рисовал в основном пером; воодушевление в нём и жизнелюбие были невероятные; по его примеру и Люциан также рисовал, я начал учиться музыке и немного рисовать. Люциан был очень живым, всегда эксплуатировал меня, как младшего, посылал на дерево трясти плоды, а сам собирал самые лучшие; однажды хотел на мои именины сделать мне подарок, неожиданный (наломал многокусков своих акварельных красок, подобрал коробочку и, желая её украсить, что-то на ней рисовал), к несчастью, я подошёл и увидел это. Люциан рассердился и оттрепал меня за чуб, получилась настоящая большая неожиданность»(Гусева, Р. Н. В поисках Юзефа Крашевского : проза и переводы / Руслана Гусева. Брест, 2012. С. 46.).

Люцыян Крашэўскі вучыўся ў кляштарнай школе ў Лыскаве, затым у Свіслацкай гімназіі, якую таксама скончылі і браты Юзаф Ігнацы і Каятан. Л. Крашэўскі скончыў прыродазнаўчы факультэт Дэрпцкага ўніверсітэта. Пасля жыў у родавым маёнтку Доўгае на Пружаншчыне, якім валодаў у 1846(?)–1868 гадах. У 1857 годзе ажаніўся са Стэфаніяй Сулкоўскай, з якой меў дачку Казіміру.

У 1857 годзе падарожнічаў па Бельгіі, Галандыі, Германіі, наведваў мастацкія галерэі. Удасканальваў там свае веды ў мастацтве, працаваў у жанры малюнка, графікі, акварэлі. Аказваў дапамогу ўдзельнікам паўстання 1863–1864 гадоў, за што быў сасланы ў Кангур Пермскай губерні «з пазбаўленнем праў шляхецтва». Па сведчанню К. Крашэўскага яго брат Люцыян быў пасаджаны ў турму, а потым высланы ў Сібір толькі за тое, што ў яго па даносу ў стозе сена пры вобыску было знойдзена ложа ад двухстволкі, якое з-за добрай якасці работы ён пашкадаваў здаць уладам.

Як пісаў Г. А. Каханоўскі, пасля ссылкі на Урал, Люцыян Крашэўскі з сям’ёй прыбыў на Волгу ў Чувашыю, дзе ў Цывільску ён «прысягнуў» новаму начальніку – у форме падпіскі – аб сваёй неадлучцы з горада і аб выкананні рэжыму ссыльнага. У горадзе Кунгур Пермскай губерні Л. Крашэўскі прапанаваў арганізаваць фотасправу, але атрымаў адмову ад губернатара. Гэта не збянтэжыла Л. Крашэўскага, ён зноў і зноў пісаў прашэнні, пакуль не атрымаў дазвол на фотасправу. Ён зрабіў шмат натурных фотаздымкаў, якія пазней сталі неацэнным этнакультурным матэрыялам для вывучэння Чувашыі. Даваў першыя ўрокі жывапісу Генрыху Вейсянгофу (1859–1922), будучаму вядомаму польскаму мастаку.

Люцыян Крашэўскі не раз афіцыйна звяртаўся ў Пецярбург, каб яму і яго сям’і дазволілі вярнуцца дадому. Нарэшце, у пачатку 1870-х гадоў Л. Крашэўскі вяртаецца ў родныя мясціны.

Вярнуўшыся на радзіму пасля ссылкі, прадаў свой маёнтак Доўгае брату Каятану. Жыў у Варшавеі ў маёнтку сваёй жонкі ў Ганятычах Грубешаўскага павета.

Галоўным заняткам Люцыяна Крашэўскага стала фотасправа – ён адзін з першых фатографаў-мастакоў і фотакарэспандэнтаў Польшчы. У яго фотакалекцыях сабралася шмат фотазамалёвак з натуры. На фатаграфіях былі Урал, Чувашыя, Гродзеншчына, Брэстчына, Любліншчына.

Люцыян Крашэўскі пакінуў і свае мастацкія акварэлі, малюнкі алоўкам, пяром. Ілюстраваў творы свайго брата Юзафа Ігнацы Крашэўскага. Адлюстроўваў асаблівасці жыцця Польшчы, Беларусі і Літвы напярэдадні паўстання. Рабіў замалёўкі помнікаў архітэктуры і народных тыпаў на Гродзеншчыне. У Нацыянальным музеі ў Варшаве знаходзяцца 34 малюнкі Л. Крашэўскага.

Памёр Люцыян Крашэўскі 2 лютага 1892 года ў Ганятычах. Пахаваны быў у Дубе пад Замосцем. У 1993 годзе яго астанкі былі перавезены ў Вішніцы на Падляшшы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Пружанскай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Берднік Валянціна Іванаўна, гал. бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

1.    Крашэўскі (Kraszewski) Люцыян // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 256.

2.    Kraszewski Lucjan (1820–1892)/ Antoni Trepiński// Polski Słownik Biograficny. Wrocław – Warszawa – Kraków, 1970. T. XV. S. 230–231.

3.    Мальдзіс, А. І. Браты Крашэўскія : [Юзаф Ігнацы, Каятан, Люцыян] / А. І. Мальдзіс ; Каханоўскі, Г. Па слядах Л. Крашэўскага / Г. А. Каханоўскі // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Пружанскага раёна. Мінск, 1992. С. 50–51.

4.    К Крашевскому в Романово и Долгое : стихи и проза / сост. Р. Н. Гусева. – Брест, 2009. – 160 с., [6] л. ил.

5.    Гусева, Р. В поисках Юзефа Крашевского : проза и переводы / Руслана Гусева. – Брест : Альтернатива, 2012. – 195 с.

6.    Поляки в Пермском крае : очерки истории и этнографии / ред. Александр Черных. [Б.м.] : Litres, 2012.

7.    Субтэльнік, А. Крашэўскія і Берасцейшчына / Алег Субтэльнік // Заря. 2012. 16 июля. С. 9.

8.    Сядова, І. Мае Крашэўскія : [гісторыя роду Крашэўскіх] / Ірына Сядова // Раённыя будні (Пружаны). 2012. 28 красавіка. С. 3; 11 мая. С. 11; 23 мая. С. 5.

9.    Бензярук, Р. Крашэўскія на Жабінкаўшчыне / Р. Бензярук // Сельская праўда (Жабiнка). 2007. 11 жніўня.

10. Люцыян Крашэўскі [Электронны рэсурс]. Рэжым доступа: https://be.wikipedia.org/wiki/Люцыян_Крашэўскі.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1558 разоў Апошняя змена Аўторак, 12 Май 2020 10:02