Чацвер, 10 Верасень 2015 10:42

2015 г. – 125 гадоў з дня нараджэння Піліпа Дзям’янавіча Мядзведзя (1890–1937), дзяржаўнага дзеяча БССР, удзельніка барацьбы за Савецкую ўладу ў Беларусі і Расіі

Піліп Дзям’янавічМядзведзь нарадзіўся ў 1890 годзе ў вёсцы Масева Пружанскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Пружанскага раёна Брэсцкай вобалсці) у сялянскай сям’і. Неўзабаве бацькі пераехалі ў Варшаву.

Піліп Мядзведзь вучыўся ў чыгуначным вучылішчы, быў прыняты вучнем слесара на завод. Затым вучыўся ў Варшаўскім механіка-тэхнічным вучылішчы Вавенберга і Ротвальда, скончыў тры курсы, але ў 1906 годзе быў выключаны за ўдзел у забастоўцы. Працаваў тэхнікам-будаўніком, цесляром, чарцёжнікам, землемерам.

У 1907 годзе па рэкамендацыі Фелікса Дзяржынскага прыняты ў Сацыял-дэмакратычную партыю Каралеўства Польскага і Літвы (з гэтага часу лічыцца яго стаж у бальшавіцкай партыі). Піліп Мядзведзь наведваў сходы марксісцкіх гурткоў, канспіратыўную кватэру, распаўсюджваў нелегальную літаратуру. Аднойчы ён трапіў у рукі паліцыі і быў арыштаваны, каля двух гадоў прасядзеў у турме. Калі выпусцілі, пакінуў Варшаву. У пошуках работы блукаў па розных гарадах Расіі, з пачаткам I Сусветнай вайны служыў у арміі, ваяваў у пяхоце і артылерыйскіх частках.

З сакавіка 1917 года Піліп Мядзведзь у Маскве. Працаваў раздатчыкам і бракоўшчыкам у Сакольніцкіх трамвайных майстэрнях. Удзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзенні Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года у Маскве. З лістапада 1917 года вучыўся на камандзірскіх курсах у Ляфортаве, служыў ваенным камісарам Сакольніцкага раёна г. Масквы. У пачатку 1918 года – камандзір Маскоўскага рэвалюцыйнага атрада, які змагаўся супраць нямецкіх акупантаў пад Гомелем.

З мая 1918 года ў органах Усерасійскай Надзвычайнай Каміссіі. Член Кантрольнай калегіі УНК (працаваў непасрэдна пад кіраўніцтвам Ф. Э. Дзяржынскага). Рэвалюцыйным метадам рашуча падаўляў мяцежы ў горадзе і на фортах Кранштадта. Арганізоўваў абарону Петраграда пры наступленні арміі Юдзеніча.Затым – старшыня Тульскай губернскай НК, Петраградскай губернскай НК. Вясной 1920 года Піліпу Дзям’янавічу прапанавалі пасаду начальніка Асобага аддзела Заходняга фронту. Тут ён знаёміцца з камандуючым фронтам М. Н. Тухачэўскім і іншымі ваеначальнікамі. З адступаючымі войскамі П. Д. Мядзведзь вяртаецца ў Мінск і ўсе свае сілы аддае абароне горада.

У Мінску ён сустрэў і сваю будучую жонку – Раісу Капылоўскую, якая працавала начальнікам аддзялення асабістага саставу Заходняга фронту. У канцы 1921 года Раіса Міхайлаўна стала жонкай Піліпа Дзям’янавіча, яго верным сябрам.

У 1924 годзе П. Д. Мядзведзь – член Калегіі УНК, намеснік старшыні Маскоўскай НК, начальнік Маскоўскага губпалітупраўлення. У 1924–1925 гадах – старшыня ДПУ БССР і адначасова паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК СССР па Заходнім краі, старшыня Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення БССР. Член Бюро ЦК КП(б)Б у 1924–1925 гадах. Удзельнічаў у аперацыі па арышце Б. В. Савінкава ў Мінску (1924), аднаго з лідараў баявой арганізацыі эсэраў. У 1926–1933 гадах – паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК СССР па Далёкаўсходнім краі, Петраградскай (адначасова начальнік Ленінградскага аблпалітупраўлення, з 1934 года – начальнік УНКУС СССР па Ленінградскай вобласці).

П. Д. Мядзведзь прымаў удзел у правядзенні кампаній раскулачвання, праследавання «палітычных праціўнікаў». У Ленінградзе пад яго кіраўніцтвам адбываліся арышты і высылкі прыхільнікаў левай апазіцыі, рэпрэсіі супраць «прадстаўнікоў эксплуататарскіх класаў». Карыстаўся падтрымкай ленінградскага кіраўніка, члена Палітбюро і сакратара ЦК УКП(б) Сяргея Міронавіча Кірава, быў яго блізкім сябрам. Яны разам хадзілі на паляванне, сябравалі сем’ямі. З успамінаў сучаснікаў, П. Д. Мядзведзь быў сімпатычным чалавекам, жыццялюбам. На прыёмах, якія наладжваў Піліп Дзям’янавіч, спяваў сам Леанід Уцёсаў. Пры П. Д. Мядзведзе ў Ленінградзе быў пабудаваны славуты Вялікі дом – будынак упраўлення НКУС на Ліцейным праспекце.

П. Д. Мядзведзь быў узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонага Сцяга (1922, 1930), знакам «Ганаровы работнік УНК-ДПУ» (1932).

1 снежня 1934 года ў Смольным быў забіты С. М. Кіраў, гэта злачынства стала прычынай масавых палітычных рэпрэсій у СССР. У снежні 1934 года П. Д. Мядзведзь быў арыштаваны і 23 студзеня 1935 года Ваеннай Калегіяй Вярхоўнага суда СССР асуджаны на тры гады пазбаўлення волі за злачынна-халатныя адносіны да службовых абавязкаў, якія прывялі да гібелі С. М. Кірава. Адбываў пакаранне ў пасёлку Аратукан Магаданскай вобласці, дзе з’яўляўся намеснікам начальніка Горнага ўпраўлення.

Паўторна арыштаваны 7 верасня 1937 года. 27 лістапада 1937 года Пастановай Камісіі НКУС СССР, Пракуратуры СССР і старшыні Ваеннай Калегіі Вярхоўнага суда СССР П. Д. Мядзведзьпаўторна асуджаны і прыгавораны як удзельнік так званай «Польскай арганізацыі вайсковай» да вышэйшай меры пакарання. Жонка Раіса Міхайлаўна і чатырнаццацігадовы сын Міхаіл былі рэпрэсіраваны, падзялілі лёс мужа і бацькі.

Піліп Дзям’янавічМядзведзь рэабілітаваны 17 снежня 1957 года Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Сімвалічнае пахаванне-кенатаф П. Д. Мядзведзя і яго сям’і размешчана ў Маскве на Новых Данскіх могілках, каля магіл яго бацькоў, братоў і сястры.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Фядун Вера Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Медведь Филипп Демьянович // Корнилович, Э. А. Беларусь: созвездие политических имён : историко-биографический справочник / Э. А. Корнилович. Минск : ФУАинформ, 2010. С. 67.

  2. Медведь Филипп Демьянович // Регионы Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 2. С. 85–86.

  3. Медведь Филипп Демьянович // Архив ВЧК/ отв. ред. В. Виноградов, А. Литвин, В. Христофоров. Москва : Кучково поле, 2007. С. 692.

  4. Мядзведзь Піліп Дзям’янавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2000. Т. 11. С. 66.

  5. Мядзведзь Піліп Дзям’янавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 245.

  6. Глазов, В. Филипп Медведь – протеже Дзержинского и личный друг Кирова / Владимир Глазов // Брестский курьер. 2013. 19 декабря (№ 51). С. 20.

  7. Ермоленко, В. На службе Отечеству: [в т. ч. о Ф. Медведе]/ В. Ермоленко // Белорусская военная газета. 2008. 5 ноября. С. 3.

  8. Селеня, Е. Как звон натянутой струны…/ Е. Селеня // Маяк (Берёза). 2007. 7 июня. С. 4.

  9. Карніловіч, Э. А. Прыкрая трагедыя чэкіста // Карніловіч, Э. А. Імёны з небыцця / Э. А. Карніловіч. Мінск : Беларусь, 2003. С. 173–182.

  10. Прокофьев, В. И. Внешняя разведка: боевое содружество : [рассказ о сотрудниках рос. и бел. спецслужб на разных этапах истории] / В. И. Прокофьев. – Минск : Беларусь, 2002. – 238 с. – Из содерж.: Ф. Д. Медвель.

  11. Климец, М. Пощёчина Сталина : [Ф. Медведь, родился в д. Масеево Пружанского уезда] / Михаил Климец // Заря. 2000. 12 февраля. С. 4.

  12. Петров, Н. В. Кто руководил НКВД, 1934–1941 : справочник / Н. В. Петров, К. В. Скоркин ; под ред. Н. Г. Охотина и А. Б. Рогинского. – Москва : Звенья, 1999. – 502 с. – Из содерж.: Филипп Медведь.

  13. Корнилович, Э. Пощечина Сталина : [Филипп Медведь, родился в д. Масеево Пружанского уезда] / Эдуард Корнилович // Нёман. 1990. № 2. С. 173–175.

  14. Карніловіч, Э. А. Салдат нябачнага фронту :[Мядзведзь Піліп Дзям’янавіч – чэкіст] / Э. А. Карніловіч // Зара камунізму (Пружаны). 1990. 13 кастрычніка; 16 кастрычніка; 18 кастрычніка; 25 кастрычніка; 30 кастрычніка.

  15. Шаламов, В. Т. Собрание сочинений в 4-х т. Москва : Художественная литература; Вагриус, 1998. Т. 2. С. 227–236.

  16. Шрейдер, М. НКВД изнутри : записки чекиста / Михаил Павлович Шрейдер. – Москва : Возвращение, 1995. – 506 с. – Из содерж.: Ф. Д. Медведь.

  17. Рыбаков, А. Н. Дети Арбата : роман / А. Н. Рыбаков. – Минск : Вышэйшая школа, 1988. – 591, [2] с.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1200 разоў Апошняя змена Аўторак, 12 Май 2020 14:25