Панядзелак, 16 Красавік 2012 10:03

20 лютага 2012 г. – 55 гадоў з дня нараджэння Мiколы (Мiкалая Іванавiча) Сянкевiча (1957, Драгічынскі р-н), паэта, празаіка

Мiкалай Iванавiч Сянкевiч нарадзiўся 20 лютага 1957 г. на хутары паблiзу вёскi Асiпавiчы Драгiчынскага раёна Брэсцкай вобласцi. Скончыў мясцовую сярэднюю школу, Пiнскае вучылiшча механiзацыi мелiярацыйных работ, Брэсцкi дзяржаўны педагагiчны iнстытут iмя А. С. Пушкiна.

{gcontent}У 1982–1995 гг. працаваў настаўнiкам пачатковых класаў у брэсцкiх школах. З 1995 г. – асiстэнт, а потым – старшы выкладчык кафедры рускай i беларускай моў з методыкай выкладання псiхолага-педагагiчнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўнiверсiтэта iмя А. С. Пушкiна. Даследуе методыку лiтаратурнага чытання ў пачатковых класах, развiццё творчых здольнасцей малодшых школьнiкаў.

З 1996 г. – кiраўнiк лiтаратурнага аб’яднання “Заранiца” пры газеце “Заря” i абласным аддзяленнi Саюза пiсьменнiкаў. Мiкола Сянкевiч – сябра Саюза беларускiх пісьменнікаў. У абласной газеце “Народная трыбуна” вядзе рубрыку “Матчына мова”.

Свой шлях у лiтаратуру М. Сянкевiч пачынаў з паэзii. Першы яго верш быў апублiкаваны ў 1982 г. у абласной газеце “Заря”. Потым вершы друкавалiся ў абласных i рэспублiканскiх выданнях, у зборнiках “Дзень паэзii”, “Берасцейскiя каранi”, “Паэзiя Берасцейшчыны” i iншых. У iх аўтар iдзе ад уласнага, зведанага, перажытага i ўзнiмае важныя надзённыя праблемы сучаснага жыцця.

Цяпер Мiкола Сянкевiч аддае перавагу прозе. У 1997 г. выйшла ў свет яго першая кнiга прозы “Усё як было”. У яе ўвайшлi мiнiяцюры i апавяданнi, якiя закранаюць няпростыя маральна-этычныя праблемы, звязаныя пераважна са школьным жыццём. А мiнiяцюры прысвечаны бацькоўскай зямлi, вёсцы, родным i знаёмым. Аўтара найперш хвалююць духоўнае багацее чалавека, яго ўнутраны свет i жыццёвыя пошукi. Менавiта гэта i з’яўляецца найбольш прыцягальным у прозе М. Сянкевiча.

У 2002 г. выйшла другая кнiга Мiколы Сянкевiча “Хутар Паянтрый”. Так звалася мясцiна, дзе нарадзiўся празаiк. Малая радзiма, дзяцiнства, бацькi i дзецi, школа i настаўнiкi – асноўныя тэмы твораў, што склалi змест кнiгi.

Трэцяя кнiжка М. Сянкевiча “Незваротны шлях” выйшла да яго 55-годдзя. У ёй аповесць, чатыры апавяданнi i 55 мiнiяцюр. Вытокi шчырых думак пiсьменнiка – чысцiня i краса роднай зямлi i яе насельнiкаў, якiя i сёння ткуць дзiвосы вуснае творчасцi, прасякнутай не скалечанымi канчаткова “цывiлiзацыяй” беларускiм вясковым менталiтэтам, дабром i сцiпласцю палешука; узброенасць не толькi пачуццём, а i тэорыяй лiтаратуразнаўства.

Першая кнiга вершаў М. Сянкевiча “Мае пракосы” выдадзена ў 2007 г. у Брэсце невялiкiм тыражом. У ёй змешчаны 50 вершаў, – колькi год было аўтару. Чалавечыя пачуццi, адчутыя шчырай душою, асэнсаваныя адметным розумам, усебаковая адукаванасць, жыццёвы вопыт, тонкi лiрызм, характэрныя i прозе, i паэзii Мiколы Сянкевiча.

Пiсьменнiка хвалюе праблема марнавання сучаснiкамi жыцця, імкненне палепшыць свой дабрабыт за кошт іншых, адчужэнне бацькоў і дзяцей. Апошнія не хочуць зразумець, што стары чалавек не можа быць шчаслівым, калі ён толькі накормлены, дагледжаны, жыве ў цяпле – яму трэба быць запатрабаваным, уключаным у сямейныя клопаты, праблемы і радасці блізкіх людзей. Ён гаворыць ад імя свайго пакалення хлопцаў, якія атрымалі прыстойную адукацыю і выехалі з вёскі ў горад. Ад імя гэтага пакалення аўтар у сваіх творах нібы просіць прабачэння ў вёскі і яе рупліўцаў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

{/gcontent}

Творы i артыкулы М. Сянкевiча

  1. Усё як было / М. Сянкевiч. Мiнск : Дом прэсы, 1997. 95 с. (Б-ка часоп. «Маладось». Вып. 2 (104)).
  2. Хутар Паянтрый : аповесць, апавяданнi, абразкi / М. Сянкевiч. Брэст, 2002. 207 с.
  3. Мае пракосы : вершы / М. Сянкевiч. Брэст : Альтэрнатыва, 2007. 60 с.
  4. В воскресном поезде; «В ту желанную пору…» : [стихи] / Микола Сенкевич // Белой вежи свет : сборник поэзии Брестчины в переводах Валерия Гришковца. Минск : Лiтаратура i Мастацтва, 2010. С. 167.
  5. Сустрэча : апавяданне / М. Сянкевіч // Народная трыбуна. 2008. 18 кастр. С. 11.
  6. Адзінота : карот. апавяданне / М. Сянкевіч // Народная трыбуна. 2008. 30 жн. С. 11.
  7. Была ў мяне такая шапка… : апавяданне / М. Сянкевіч // Заря. 2005. 16 авг.
  8. У вячэрнім тралейбусе : апавяданне / М. Сянкевіч // Заря. 2001. 18 авг. С. 6.
  9. Мутанты : [апавяданне] / М. Сянкевiч // Тэрмапiлы. Беласток, 2000. № 3. С. 34–38.
  10. Аднадзённы культ асобы : [артыкул пра юбiлеi] / М. Сянкевiч // Народная трыбуна. 2012. 17 лют. С. 11. (Матчына мова).
  11. Вобразы мiлыя роднага краю : вывучаем класiчныя вершы / М. I. Сянкевiч // Пачатковая школа. 2008. № 6. С. 6–8.
  12. «Нечаканая вобразнасць» Iвана Арабейкi / М. Сянкевiч // Жырандоля : лiтаратурны альманах Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза беларускiх пiсьменнiкаў, № 3, 2010. Брэст : ААТ «Брэсцкая друкарня», 2010. С. 277–284.
  13. Жанчыны : апавяданне / М. Сянкевiч // Жырандоля–2 : лiтаратурны альманах Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза беларускiх пiсьменнiкаў. Мiнск : Кнiгазборы, 2009. С. 77–91.
  14. Заступнiца; Умець патрапiць; Не прыдурвайся…; Калi ён ёсць…; Добрыя людзi : [абразкi] / М. Сянкевiч // Жырандоля : лiтаратурны альманах Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза беларускiх пiсьменнiкаў, № 1, 2008. Мiнск : Кнiгазборы, 2008. С. 134–137.
  15. Вучнi i вершы : вывучэнне класiчных вершаў на ўроках лiтаратурнага чытання ў пачатковых классах / М. I. Сянкевiч. Брэст : БрДУ iмя А. С. Пушкiна, 2007. 124 с.
  16. Да праблемы зместу лiтаратурнага чытання ў пачатковых класах / М. I. Сянкевiч // Рэспублiканскiя Купалаўскiя чытаннi. Гродна, 2002.

 

Аб жыццi i творчасцi М. Сянкевiча

  1. Мiкола Сянкевiч // Лiтаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзiч. Брэст : ААТ «Брэсцкая друкарня», 2008. С. 188–189.
  2. Сянкевiч Мiкалай Iванавiч // Прафесарска-выкладчыцкi калектыў Брэсцкага дзяржаўнага ўнiверсiтэта iмя А. С. Пушкiна : бiябiблiяграфiчны даведнiк. 1945–2005. Брэст, 2005. С. 207.
  3. Грышкевiч, С. Шчырая споведзь пiсьменнiка / С. Грышкевiч // Заря. 2002. 12 дек. С. 5.

Аб прэзентацыi кнiгi М. Сянкевiча «Хутар Паянтрый» у Брэсцкай ЦГБ iмя А. С. Пушкiна.

  1. Грышкевiч, С. З любоўю да чалавека / С. Грышкевiч // ЛiМ. 2004. 28 мая. С. 6. Пра кнiгу М. Сянкевiча «Хутар Паянтрый».
  2. Ляшук, В. Трывога і надзея : [пра кнігу М. Сянкевіча “Хутар Паянтрый”] / Вера Ляшук // Народная трыбуна. 2003. 15 сак.
  3. Фiлатаў, А. Каласы палескага паэтычнага поля : [да 55-годдзя пiсьменнiка М. Сянкевiча i 50-годдзя паэтэсы А. Iгнацюк] / Аляксей Фiлатаў // Брестский курьер. 2012. 17 февр. С. 11.
  4. Фiлатаў, А. Жывая яшчэ душа… : Да 50-годдзя пiсьменнiка М. Сянкевiча / Аляксей Фiлатаў // Брестский курьер. 2007. 15 февр. С. 32.
  5. Кобак, Н. Плён яго душы : [да 50-годдзя М. Сянкевiча] / Н. Кобак // Драгiчынскi веснiк. 2007. 14 сак. С. 7.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2077 разоў Апошняя змена Аўторак, 20 Красавік 2021 10:58