Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 12 Лістапад 2015 10:56

20 верасня 2015 г. – 205 гадоў з дня нараджэння Плакіда (Плацыда) Гаўрылавіча Янкоўскага (1810–1872), беларускага і польскага пісьменніка-празаіка, паэта, публіцыста, перакладчыка, педагога, царкоўнага дзеяча, магістра тэалогіі

Плакід Янкоўскі – асоба творчая, адораная і неардынарная, належыць да дзеячаў, якія пакінулі значны след у грамадскім і рэлігійным жыцці Беларусі XIX ст.

Нарадзіўся Плакід Гаўрылавіч Янкоўскі 20 верасня 1810 года ў вёсцы Вайская Гродзенскай губерні (цяпер Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і ўніяцкага святара. Род Янкоўскіх паходзіў з Мазовіі. Бацька Плакіда займаў высокае духоўнае становішча, з’яўляўся кафедральным архіпрасвітарам Брэсцкай епархіі і служыў у Мікалаеўскай царкве. Нягледзячы на высокія тытулы бацькі, сям’я жыла даволі сціпла.

У васьмігадовым узросце Плакід Янкоўскі паступіў у Свіслацкую гімназію, затым у Брэсцкую школу базыльян (1818–1824). У 1826 годзе стаў выхаванцам Галоўнай семінарыі пры Віленскім універсітэце. Вучоба ва ўніверсітэце прыносіла П. Янкоўскаму вялікае задавальненне. Апрача багаслоўскіх дысцыплін, ён цікавіўся мовазнаўствам і літаратурай, вывучаў замежныя мовы.

У 1830 годзе П. Янкоўскі на выдатна скончыў універсітэт, атрымаў званне магістра багаслоўя і трапіў на пасаду выкладчыка польскай літаратуры і французскай мовы ў Літоўскую ўніяцкую духоўную семінарыю. Ён добра валодаў таксама італьянскай, нямецкай, англійскай, рускай і яўрэйскай мовамі. Але ў 1831 годзе з-за эпідэміі халеры заняткі ў семінарыі былі прыпынены і П. Янкоўскі ўладкаваўся хатнім настаўнікам дзяцей прадвадзіцеля дваранства Т. Чудоўскага ў маёнтак Нізы Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай губерніі. Адначасова ён рыхтаваўся да абароны доктарскай дысертацыі, якую абараніў 25 сакавіка 1833 года ў Віленскай Духоўнай акадэміі і атрымаў ступень доктара тэалогіі.

У жніўні 1833 года П. Янкоўскі атрымаў уніяцкі святарскі сан і быў прызначаны Прыходскім святаром у Вайской. У гэтым жа годзе ён ажаніўся на Алене Тупальскай, дачцы старшыні Літоўскай уніяцкай кансісторыі Антонія Тупальскага.

12 лютага 1839 года ў Полацку ўніяцкае духавенства падпісала саборны акт аб уз’яднанні з праваслаўнаю царквою. Разам з іншымі дзеячамі ўніяцкай царквы П. Янкоўскі выступіў актыўным прыхільнікам скасавання уніі. З гэтага часу ён стаў хутка рухацца ўверх па службовай лесвіцы. З 1835 года П. Янкоўскі выконваў абавязкі засядацеля Літоўскай кансісторыі, вёў будаўнічыя справы, курыраваў храмы Віленскай губерніі і Беластоцкай вобласці, затым – протапрасвітар (1837), саборны протаіерэй (1838), віцэ-старшыня кансісторыі (1840). Атрымаў узнагароды – залаты нагрудны крыж (1838), ордэны св. Ганны другой і трэцяй ступені, фіялетавую аксамітавую камілаўку па асабістаму распараджэнню Святога Сінода (1842).

У штодзённым жыцці Плакiд Янкоўскі імкнуўся да спакою ў асяроддзі родных і блізкіх. Ён шчыра любіў свой край, а ваколіцы Жыровічаў, з якімі была звязана значная частка яго жыцця, заўжды яго прыцягвалі. У 1845 годзе перанясенне Літоўскай кансісторыі і семінарыі вымусіла яго перабрацца ў Вільню, дзе ён быў прызначаны настаяцелем саборнай царквы св. Мікалая. Але ў 1847 годзе па стане здароўя ён быў пераведзены ў мястэчка Бялавічы Слонімскага павета (цяпер Івацэвіцкага раёна), дзе атрымаў невялікі прыход. У гэты час яго сям’я была вельмі вялікая: сваіх пяцёра дзяцей і шасцёра сірат памерлай яго сястры. У Белавічах П. Янкоўскі праслужыў дзесяць год.

У 1858 годзе, пасля адыходу на адпачынак, Плакід Гаўрылавіч набыў у Жыровічах дом побач з манастыром. На пакоі ён працягваў займацца літаратурнай дзейнасцю, цягу да якой вынес яшчэ са студэнцкіх гадоў. Сапраўднага літаратурнага росквіту пісьменнік дасягнуў у 1840–1850-я гады. Пісаў на польскай і рускай мовах. Аўтар кніг прозы «Засценак» (1841), «Хвіля» (1842), «Апавяданні» (1843), «Складзеная аповесць» (1843, з Ю. І. Крашэўскім), «Універсітэцкія ўспаміны» (1849), «Крыніцы» (1853), «Адась» (1856), «Фанабэрыя пана старасты Канеўскага» (1873), камедыі «Прадчуванне» (1842), нататкаў «Пра Ігната Шыдлоўскага» (1898) і інш. У газеце «Виленский вестник», альманаху «Rocznikliteracki», часопісах «Литовские епархиальные ведомости» надрукаваны яго працы «Пушкин на Елисейских полях» і «Розалия Шейнер» (1844), «Местные предрассудки и суеверия» (1863), «Крестьянская правда» (1865), «Корреспонденции из Слонима» (1867).

У жанравым дачыненні творчасць пісьменніка даволі разнастайная – аповесці, апавяданні, вершы, нарысы, успаміны, нататкі, карэспандэнцыі для газет, якія ён публікаваў пад псеўданімам JohnofDycalp. Некаторыя апавяданні былі прысвечаны Брэсту, Гродна, Навагрудку, якія ён добра ведаў. Творы П. Янкоўскага прасякнуты спачуваннем простаму беларускаму селяніну, які быў залежны ад волі памешчыка.

У 1867 годзе пісьменнік перажыў смерць сына, затым жонкі. Гэтыя страты канчаткова падарвалі яго слабое здароўе. 11 сакавіка 1872 года Плакід Янкоўскі памёр. Пахаваны побач з жонкай у склепе на могілках пры Свята-Георгіеўскай царкве ў Жыровічах.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна, галоўны бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Янкоўскі Плакід // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2004. Т. 18, кн. 1. С. 272.

  2. Янкоўскі (Jankowski) Пляцыд // Асветнікі зямлі Беларускай : энцыкл. даведнік. Мінск, 2001. С. 486.

  3. Янкоўскі Плакід // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 687.

  4. Янковский, П. Записки сельского священника : [очерки, воспоминания] / Плакид Янковский; [вступительная статья и послесловие Владимира Киселева]. Минск : Свято-Петро-Павловский собор, 2004. 375 с., [4] л.ил.

  5. 20 верасня – 200 гадоў з дня нараджэння Плакіда Янкоўскага (1810–1872), беларускага і польскага пісьменніка, публіцыста, педагога, царкоўнага дзеяча // Новыя кнігі / НББ. Мінск, 2010. № 5. Дадатак. С. 26–27.

  6. Чыгрын, С. М. Пра аўтара «карэспандэнцый са Слоніма» / Сяргей Чыгрын // Пакліканыя на родны пораг : гіст.-краязн. артыкулы / Сяргей Чыгрын. Мінск, 2005. С. 61–64.

  7. Глазов, В. Плакид Янковский: обращение, уединение и литературный труд / Владимир Глазов // Брестский курьер. 2014. 4 декабря. С.20.

  8. Лаўранчук, Т. Пісьменнік і святар : [Плакід Янкоўскі] / Тамара Лаўранчук // Навіны Камянеччыны. 2014. 14 чэрвеня. С. 21.

  9. Бунеева, Л. «Приближалась Пасха, а освящать нечего было…»: [о периоде жизни П. Янковского в Белавичах] / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 2013. 3 мая. С.36.

  10. Кісялёў, У. Святар, прафесар і пісьменнік : адным з тых, хто падрыхтаваў акт уз’яднання Праваслаўнай царквы, быў і наш зямляк Плакід Янкоўскі / Уладзімір Кісялёў // Народная трыбуна. 2012. 13 ліпеня (№ 29). С. 9.

  11. Ролич, О. Священник, профессор, писатель, переводчик… : [Плакид Янковский] /Ольга Ролич // Заря. 2011. 5 мая. С.20.

  12. Кісялёў, У. Дылема Плакіда Янкоўскага / Уладзімір Кісялёў // Культура. 2010. 30 кастрычніка. С. 22.

  13. Покутник, Н. Из униатства – в православие / Н. Покутник // Свіслацкая газета. 2008. 8 снежня.

  14. Мусевiч, Г. У выгнанні : [Плакід Янкоўскі аб Міхаілу Баброўскім у “Запісках сельскага свяшчэнніка”] / Георгій Мусевіч // Навiны Камянеччыны. 2007. 5 мая.

  15. Носко, М. Протоиерей Плакид Янковский / Михаил Носко // Брестские Епархиальные Ведомости. 2007. № 1. С. 49–51.

  16. Мусевіч, Г. Свяшчэннік, пісьменнік з Вайской : [Плакід Янкоўскі] / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 2005. 12 студзеня.

  17. Мароз, В. Вясковая зорка каханай Літвы : да 195-годдзя з дня нараджэння славутага земляка – святара і пісьменніка Плакіда Янкоўскага / Валерый Мароз // Вечерний Брест. 2005. 21 сентября.

  18. Кiсялёў, У. Плакід Янкоўскі. Святар і пісьменнік / У. Кісялёў // ЛiМ. 2004. 6 жніўня. С. 12.

  19. Кэмпфі, А. Дарога Плакіда Янкоўскага да праваслаўя / Андрэй Кэмпфі // Праваслаўе. Мінск, 2002. № 11. С. 39–48.

  20. Маргінальнасць Плацыда Янкоўскага // ХІХ стагоддзе : навукова-літаратурны альманах : Кн. 2 / укл., уступ. артыкулы, падрыхтоўка тэкстаў, пераклад і каментар Міколы Хаўстовіча. Мінск : БДУ, 2000. С. 146–161.

  21. Янковский Плакид Гаврилович // Большая биографическая энциклопедия [Электронный ресурс]. Академик, 2009. Режим доступа: http://dic.academik.ru/dic.nsf/encbiographi/132625/Янковский

  22. Покутник, Н. Из униацтва в православие // УРГ «Свислочская газета» [Электронный ресурс]. 2008–2015. Режим доступа: http://www.svisloch.info/culture/299-iz-uniatstva-v-pravoslavie.html

  23. Плакид Янковский. Обращение, уединение и литературный труд // Брестский курьер [Электронный ресурс]. Режим доступа:http://www.bk-brest.by/2014/12/10231/

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1740 разоў Апошняя змена Серада, 03 Чэрвень 2020 10:46